Споведзь
Шрифт:
Яшчэ адзін дзень нарадзінаў, але ён быў, здаецца, раней. Брыгады ў зоне, лета, цьвіце іван-чай. З раніцы йдуць віншуюць мяне ўсе амаль людзі, усе нацыі. Букетаў няма гдзе ставіць. Літовачкі нарысавалі Юру, які адзінока сядзіць над Нёманам. Ямо разам іх падаркі, пасьля беларускія, украінскія, рускія, латышскія і г.д. Так да вечара. Я ўчадзела ад добрых слоў, ад пачуцьцяў людзкіх. Элка напісала: «Паэт — паэту» — усе цытаты аб паэзіі, асабліва сваяго ўлюбёнага Маякоўскага, вялікія два аркушы. Прывітаньняў высокі стажок. Назаўтра ад сяброў цераз дзяўчат, яны ня ведалі, верш з загалоўкам «Нявольная маці нявольных сыноў» — як яны на руках панясуць мяне дамоў… О, мары сьветлыя патрыётаў, харошых маіх сыноў… Я хаваю гэта ў сваіх рэчах у капцёрцы. Ноччу на мяне нападаюць, валакуць у капцёрку. Я дастаю пакрысе свае рэчы, а запісачку тую дарагую адкідаю ў кут. Надзорка бярэ яе. Мяне выклікае страшны, дурны опер. «К каму пісаная гэтая запіска, каму?» — «Ня мне, — кажу, — але аба мне!» Ведай гад гэтыя словы Сыноў аба мне! Ён амаль усе аддае мне, але тое дарагой запіскі, ліста ад Элкі і інш. не дае. Добра, што хоць ня ў БУР… Нешта гаворыць
Я ўмею шапкі шыць і рукавіцы. Шыю іх з лахманоў для найбяднейшых бабак і так цешуся гэтым… А як там мой муж, мой сын, і ім, пэўна, холад?.. А ўся мая сям’я? Ад’яжджаючы, я пакінула ўдома бацькоў абаіх, трох братоў, трох сястрычак. Гэта было ў канцы 37-га года, я ехала ў Прагу да мужа. Яны ня плакалі, а мне плач разьдзіраў грудзі. Яны не паэты, гэта паэты ўсё чуюць наперад. Цяпер тата мой, мажны й харошы, арыштаваны ў 39-м годзе, забіты ў гродзенскай турме, мама памерла на высылцы ў Казахстане ў 1945 годзе. Каханы з братоў Расьціслаў, мэтар дзевяноста пяць см, высокі, з галавою, як залацісты сноп жыта, загінуў пад Бэрлінам 28 красавіка 1945 года. Маладзенькі Аркадзі, які разам з Аляксеем пайшоў з высылкі ў армію Андэрса, ляжыць у польскай братняй магіле ў Ларэта ля Рыма, маленькая Люся ў 1954 годзе загадкава памерла ў Вроцлаве, Аляксея велікадушна Англія прыгарнула, а Ксеня й Ніна выстаўленыя на ўсе правакацыі ў Польшчы, як і няшчасны мой сын… Муж зусім адзін у Варкуце недзе, як я ўжо пазьней даведалася, і я… Толькі я не адна, са мною заўседы людзі, асабліва ўкраінцы, якіх так нязьмерна цаню, і добры Бог са мною, а пасьля лагеру й мой муж…
А пакуль я ўваходжу ў новы лагер, у інвалідзкі Абезь. Яшчэ я ня ведаю аб сьмерці мае любімай наймалодшай Людмілы, ня ведаю яшчэ, напэўна (толькі са сноў), што сядзіць у польскай вязьніцы сын мой і яму цяжка… У Абезі выбеглі супраць нас калекі, розныя гарбуночкі, старушачкі. Тут ёсьць карпусы хворых тубэркулёзьнікаў, ёсьць болей за 40 хворых псыхічна, у іх агароджаны барак, і там нам уступу няма. Няма тут ні вала, ні каня, як на Інце. Бабкі самыя на сабе возяць і ваду, і вугаль, і прадукты, і ўсе нечыстоты. Найболей тут, як і ўсюды, украінак, яны ўжо сухенькія, пачарнелі, але як жа яны добрыя, ласкавыя да харошых людзей, як жа лютыя й злосныя да недругаў. Яны, здаецца мне, ведаюць усе на зямлі, гэта цярпеньне адчыніла ім вочы на ўсе праявы жыцьця іх цяпер.
Вось я ў Абезі, але думкамі ўсё яшчэ на Інце. Не магу забыцца, як падышла да мяне вельмі прыгожая расейская дзяўчына Аня Бандарэнка. На работу яна ўсе старалася так завязаць хустачку, каб чубік харошы было відно, бушлат свой падганяла па фігуры. Хацелася ёй падабацца, хоць сасонкам, хоць людзям, якія глядзяць на яе, а можа, сабе самой. Аднойчы прыйшла да мяне моўчкі, доўга стаяла, а пасьля папыталася ціхенька: ці я выслухаю яе, ці памагу, ці змагу палюбіць яе, нягледзячы на тое, што яна расейка? О, як жа сьмешна! Аня, мілая, харошае дзяўчо, ці ж ёсьць, ці ж можа быць тут розьніца між вамі ўсімі, такімі беднымі, такімі дарагімі… «Ты як дзіця мне, — кажу, — і будзеш заўсёды кусочкам сэрца маяго». Я заплакала, такія пытаньні былі не на месцы, у вачох доўга стаялі Стасяле Міляўскайце й Зося Будрыце — літоўскія студэнтачкі, якія лічылі мяне болей сваёй, як мае дзяўчаты. А Шатрыя… Падыдзе часам, калі хаджу адна, і скажа ўсё, аб чым я думаю, так мяне ведала, а другія… А полька Марыя, маладзенькая, высокая, сьветлая: «Пані Ларыса, ці праўда, што такія, як я, недзе цяпер „адоруюць“ [125] перад вобразам Божым у касьцёле. Яны, пэўна, як анёлы, і мне так хочацца быць з імі, ня буду, пэўна, ужо, вырасту вельмі… А мне так халадно бывае, і тады я плачу, і сьлёзы зьмярзаюцца, ці вытрываю 25 лет?» Мілыя вочы ўпіраюцца ў неба, і такі жаль на прыгожым тварыку… А Марыя-беларусачка, савецкая патрыётка, але чысты такі, ня лжывы чалавек. Ляціць да мяне з кожнаю сьветлаю весткай і сама зьзяе… А Нуся Зарэцкая, малая ўкраіначка, якая ледзь ня плача й пытаецца, ці сапраўды ў Амэрыцы так забіваюць неграў, як нам паказвалі ў фільме паводле сцэнарыя нейкай эстонкі? Успакойваю, паясьняю, дзіця верыць мне, і ёй лягчэй. Яна ўсе вучыць вершы на памяць, некалі хоча гаварыць іх людзям, і ёй 25 год пакараньня: сьледавацелем у яе быў сын Каўпака, а ёй было, мусіць, 18 годзікаў, а можа, і меней… Але былі і іншыя, напрыклад, прыехала нейкая медсястра з Варкуты, уходжаная (на агульных працах не працавала), усё нейчая любоўніца… Прэцца ў нашае таварыства. Вось імяніны пані Тэрэсы. Яна манэўруе словамі, нарэшце чытае цудоўныя вершы — нешта аб белых «пціцах». Мы захопленыя, перасказваю іх Элцы, якая ведае болей як дзьве тысячы вершаў, чым часта сагравае мяне на аб’ектах, і яна хахоча! Верш, здаецца, Цютчава… Ну й дрэнь баба!
125
Адораваць (польск. аdorwac) — пакланяцца.
Мы рамантуем другую вахту, носім пад падлогу жвір, палажылі дошку й па дошцы цераз вакно — гэта хутчэй і лягчэй. Адыходзячы, дошку нехта адкінуў на драты. Ноччу пярэпалах, будзяць нас, строяць, правяраюць сьпярша брыгаду, пасьля ўвесь лагер. Жарты — працавалі так блізка дроту і была дошка там, і была Геніюш там, во як хто пералез? Назаўтра яўляецца да мяне слаўная «дэкляматарка», прысела й пачала казаць: «Вось каб гэта ўцячы так праз дрот, зайсьці ў Інту ў нейкую хату, там забіць людзей, забраць ад іх адзеньне й пашпарты і ўцякаць на волю…» Слухала я, слухала й кажу: «Заткніся, бабо, і йдзі, скуль прыйшла! Мэтады, аб якіх гаворыш, вартыя цябе й тых, якія
На аб’екце правяраюць канвояў, нейкі маёр доўга ўсё круціцца ля нас, а пасьля пытаецца ў мяне, ці пазнаю, якое ён нацыі? А скуль я магу ведаць? «Я комі, — кажа, — бачыце, якія мы цяпер сталі, а якія былі!» — «Так, — кажу, — былі вы аленяводамі, людзьмі, і край ваш быў мілы вам і, можа, людзям, а цяпер вы адзіны страшны лагер, і вы куды горшыя, як былі, вы дзікія цяпер нелюдзі, якія прададуць за грошы ці муку любога няшчаснага, які б падумаў згэтуль уцячы…» Ён замоўк і адышоў… А мы часта іх бачылі, комі, надта нечаму яны не любілі, калі ім сказаць «зыране». Езьдзілі яны ў маліцах, такіх скураных балахонах да зямлі, і доўгімі пугамі паганялі аленяў. Былі там і дзяўчаты ў белых вышытых шапках, з косамі. Найчасьцей езьдзілі гурбой і крывіліся, убачыўшы нас, адварочваліся з агідай. Так ужо іх звучылі. Ну, а яны для нас былі дзікай экзотыкай. Нейк вывелі нас многа брыгад на Інту. Працуем, а начальства так і круціцца ля нас. «Вот сделали преступление, и работать надо», — кажа мне нейкі тып у афіцэрскім шынялі да пят. «Нічога, — кажу, — калясо гісторыі круціцца, сяньня мы, заўтра вы…» Ён і скочыў: «Вы знаете, что делают американцы, напалмом Корею жгут». — «Я не знаю, что где-то делают, я вижу, что здесь жгут морозом и мерзлотой миллионы людей, и это не лучше…» Загадаў мне павярнуцца плячыма, запісаў нумар Прозьвішчаў тады ў нас не пыталіся. Хлопцы нешта робяць ля шурфоў каля нашай зоны, выкручваецца там і Слаўка Прыстаўка здалёк. Кінулі мы запіскі і іх забралі, а там мой верш! Які ж перапалох! Наехала начальства, мяне ў БУР «Вот что она наделала, контрреволюция!» А там было пра тое, што ў нас у траўні цьвет вішнёвы асыпаецца гэтак, як сьнег тут у гэтую пору, і як бы добра было быць цяпер у роднай Беларусі і т. п. Я там добра прагаладалася, але нехта ім перавёў, відавочна, верш, і паглядалі на мяне ўжо бяз лаянак, моўчкі…
Мы на аб’екце чысьцім сьнег, а побач за загародаю нашыя з 3-га ОЛПа. Мы ачысьцім пляц, зробім вытарфоўку, а яны будуць строіць па нас. Хлопцы пазналі мяне. Не працуюць, выйдуць, пастануць і ўсё глядзяць. Канвой раве на іх, страляе, а яны крычаць: «Ня бойся, мама, ён ня сьмее ў працоўнай зоне забіць нас». А я лекачу ўся, баюся за іх. Ляцяць запіскі… «Мама, мы шчасьлівыя, што мы маем сям’ю, нам лягчэй. Вось другія крадуць, нізка падаюць маральна. Учора адзін напаў на канвоя ў страі, яго падстрэлілі, гэта ён здурэў з гора, з адзіноты, а мы трымаемся, маці…» і г.д. Запіска была пісаная лацінкай, такая цбплая, добрая, я схавала яе. Лоўкія пальцы шманалак абмацалі і яе. Кузьняцова, загадчыца БУРу, строгая, страшная. Прыдуркі перад ёю становяцца на калені, калі правіняцца, яна не дароўвае. Выклікае мяне, што ж, я-то прасіць ня буду, дый гутарыць, як захачу… «Ну, что?» — пытаецца. Маўчу. «Что делать?» — кажа. «Што ж, — кажу, — парушыла рэжым, давайце кару!» Худы зацяты твар усьміхаецца. «Слухайце, Геніюш, а каб вы напісалі жалабу, можа, вас пусьцілі б дамоў?» — «Начальніца, а многа вы каго пусьцілі? Людзі пішуць і пішуць, а што атрымоўваюць?» — «Гэта яны, а вось паспрабуйце вы…» Так яна мяне й адпусьцiла. Ніхто ня мог паверыць, што яна магла так зрабіць. Яна сказала мне, што ёй перавялі зьмест запіскі. Нас з таго месца работы забралі.
А лекаркі былі злыя, асабліва нейкая Глафіра. Вывіхнула я нагу, і нага спухла, у войлак ня ўлазiць, ну й далі мне бюлецень. Што ж, трэба прадоўжваць бюлецень, нага не адыходзіць. Глафіра дурэе: «Я бачыла, як вы стройна йдзеце па зоне, вы ня хворая.» — «А я заўсёды стройная і ўпаду толькі раз, каб болей ня ўстаць, а пакуль нагі ў войлак не ўсаджу, вы дасьцё мне той бюлецень!» Сядзіць такая качарга за марлячкамі ў санчасьці, мае сабе яшчэ днявальную й горшая, куды горшая яшчэ за надзоркаў… А тую Кузьняцову, кажуць, што пару разоў прадалі прыдуркі, і яна мсьцілася пасьля на людзях, я, відно, крыху ёй вярнула давера.
Адзін раз чысьцілі сьнег ля зоны, ля дратоў. Людзей расставілі. У мяне была гара сьнегу, і, калі ўсе разышліся і ў зону не было відна, падышоў канвой, сказаў, што ён з Магілёўшчыны й мяне ведае. Пасьля схапіў лапату й пачаў хутка адкідаць сьнег. Спацеў. Пачуў, што падыходзіць другі канвой, і адышоў памалу…
Быў велькі этап. Усіх маладзенькіх кудысьці адвозілі, маіх дзяўчат. Былі гэта пераважна літоўкі, украінкі й між імі такая мілая Лена, Эліце, літовачка. Ёй было 19 лет. Забралі яе й мужа Ігнася, якога яна вельмі кахала й толькі пра яго й гутарыла. Мілае дзіця было зьбітае на сьледстве, і найгорай было лётаць, казала. «Як лётаць, дарагая Эліце?» — я пыталася. «А вось ставіць сьледавацель табурэтку на табурэтку й так аж да столі, а наверх саджае мяне, а пасьля вырве апошнюю пры зямлі, і я лячу…» Пасьля мы сустрэліся. «О, поне Ларыса, — як казалі яны, — нас завязьлі ў лес, гдзе сосны пад неба, далі пілку, сякеру й норму, і хоць плач, але мы пасьля налаўчыліся, толькі раней быў там лагер блатных мужчын, якія ніколі не выконвалі сваіх нормаў, і мы мусялі выканаць за іх недароблены плян бясплатна. Нас замучылі, і мы ўжо зусім дайшлі, але нехта данёс гэта вышэйшаму начальству, і нас выратавалі. Што яны з намі чаўплі, што чаўплі…» — з вялікіх вачэй прыгожай Эліце толькі ліліся сьлёзы…
Часам былі добрыя прыдуркі. Адна такая Наташа мела нават свой куточак, куды мы прыходзілі грэцца, памыцца. У яе было заўсёдый крыху хлеба. Там я сустрэлася й з Соняй Сьвідай, была яна нейкая сваячка жонкі Тарашкевіча, гулялі мы з ёю часта ў шахматы, але аднойчы яна папыталася ў мяне, ці СБМ і Самапомач — гэта тое самае? Гэта мяне настарожыла, каму ж да гэтага была справа? I я ўжо баялася яе… Доўга былі мы й з Люсяй Васількоўскай, з якой сустрэліся ў Горкім. На жаль, мае падазрэньне, што яна стукачка, пацьвердзілася. Але яна не была паганай. Раз ледзь ня ўдарыла мяне, бо я даказвала, што й тут капіталізм, толькі капітал у адных руках і ніхто яго не кантралюе… Яна спалохалася за мяне й сілай змусіла замоўкнуць.