Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Споведзь

Геніюш Ларыса Антонаўна

Шрифт:

Час поўз, прыйшла восень, нас вадзілі на розныя аб’екты, часам за 12 кіламэтраў. Тады я «пісала» ў памяці свае вершы Памяць ніяк нельга было прашманаць надзоркам, сэрцы нашыя й душы таксама. Адзінае шчасьце. Калі мне траплялася папера й алавік ды такая зацішная ад начальства й стукачоў хвіліна, я тады перапісвала свае вершы-думы й рассылала сябрам. Частка душы мае — глюкоза для іх. А як жа жудасна за мною сачылі! Запісачкі пісаліся дробненька. Сшываліся малюсенькія й хаваліся ў валасы, у вату бушлатаў, у боты, чаравікі і т. п. Адчайныя дзяўчаты клалі поўную рукавіцу запісак і, расшпіляючы шырака для шмону бушлат, так манэўравалі, каб рукавіца ня трапіла гадаўкам на вочы. Калі ж разувалі, дык умудраліся два разы зьняць з нагі той самы чаравік, каб у другім якраз перанесьці запіскі. На аб’ектах, калі недалёка працавалі мужчыны, дык мы, напрыклад, выносячы торф пры вытарфоўцы, ламалі свае насілкі ці тачкі. Работа стаяла, тады адзін з канваіраў валок да іх мужчынаў. Тыя ўмудраліся гіпсам замацаваць у кутку жменю запісак альбо прыбіць іх дошчачкай. Мы лёгка кіркой адбівалі дарагі груз і разьбіралі што каму. Рэшту адносілі ў зону другім. Дзень без запіскі быў сумны дзень. Калі б нашая нянавісьць не выбівалася ў змаганьні, яна ўзарвала б нас, як дынаміт. У нас дэвіз: «Кіп смайлінг» — з ангельскага. Мы ведалі, што, плачучы, загінем хутчэй. Мы вынаходзілі прычыны для сьмеху, для забыцьця таго, што нас акружала. Што магло нас няшчасных чакаць, каб ня сьмерць таго найстрашнейшага з усіх грузінаў ва ўсіх вяках. Воля пахла нам цеплыней хаты, хлебам, толькі не парфумамі. Мы іх ненавідзелі, уздрыгаліся, калі іх пранюхалі. Справа ў тым, што ўсе чакісты, сьледавацелі і ўся іх парода вельмі намагаліся пахнуць рознымі гвазьдзікамі, ружамі і т. п. Яны заглушалі гэтым смурод сваяго сумленьня ці такім чынам хацелі выдзяляцца сярод іншых, што сьмярдзелі потам, — гэтага я не магла разгадаць. I вось доўга для мяне асабіста парфумы нагіаміналі мне нелюдзяў, як і сабакі. Усе добрыя, мілыя сабакі напаміналі мне тых аўчарак,

з якімі сустрэлі нас на менскім вакзале, якія акружалі ў будках нашыя зоны й дружна з канваірамі суправаджалі нас на аб’екты работы.

I так восень, разыходзяцца брыгады раніцай, даўгі іх шнур, пахмурныя, як дажджлівае неба, канваіры. Нас павялі недалёка. Мы ўжо ў час работы адчулі, што нешта здарылася, канваіры нашыя азьвярэлі. Калі нас прывялі ў зону, мы даведаліся, што ля Інты застрэлілі Галю Готэс. Гэта была полька. Да сроку дзесяць год ёй дабавілі яшчэ тры за нейкую лагерную справу раней, але яна ўжо й гэты срок дапрацоўвала… Які ж жаль… Была ў яе цудоўная дзяўчынка Ната. Жыцьцё і інстынкты куды сільнейшыя за нашыя ідэі, калі цярпеньні цягнуцца дзесяцігодзьдзі, і вось у лагеры быді дзеці, і нямала. Гэта былі дзеці жанчын, якіх цяжарнымі забралі з волі, і дзеці з мімалётных сустрэч з шаферамі пад час пагрузкі пяску на аб’ектах, пры разгрузцы вугалю і т. п. Такое дзецятка ад украінца было і ў Галі. Лагер наш грозна замоўк. Нянавісьць, прага помсты й жах з нашае бездапаможнасьці проста пырскалі слязьмі з кожных вачэй. Першымі прыйшлі да мяне полькі: «Што рабіць, пані Ларысо, што рабіць?» Галю кінулі на вахту, а так як яна была прахадная й цесная, дык цераз труп хадзілі. Харошай дзяўчынай была Зося Андрушкевіч, вось і пайшлі мы з ёю прасіць, каб далі нам Галіну. Надзоры думалі, а пасьля папыталіся ў мяне, ці магу заручыцца за спакой у зоне? Я сказала, што магу. Труп нам выдалі. Хутка мы назначылі, што каму рабіць. Былі нейкія кветкі, у зоне хутка паявіліся вянкі і т. п. Мы з Зосяю мылі цела. Маленькая ранка ніжэй жывата, і ўсё. Іх брыгада выбірала бульбу, тую вадзяную, рэдзенькую… Машына, куды яе зсыпалі, стаяла за агароджаю з вяроўкі, якімі мы самых сябе мусялі заўседы апярэзваць. Дзяўчаты туды сыпалі бульбу. Пайшла яе высыпаць і Галя, вось і застрэлілі — выйшла за агароджу… [122] Дзяўчаты прыходзілі, клалі пальцы на ранку, шайталі нешта, прысягалі. Масквічка Рэгіна Тарасава, якой маці была францужанкай, прынясла з пасылкі вялікі кусок батысту. Наташа нічога ня ведала, але ўсё пыталася пра маму, яе нейк суцяшалі, абманвалі. Вечарам мы палажылі ўсю ў белым Галіну на лагерны брудны возік, прыкрылі яе батыстам і вянкамі і ўсе праважалі да вахты. Дзіка крыкнула нам надзорка, калі мы апошні раз цалавалі нежывы тварык: «Мы завтра другую пристрелим…» Мы горда й моўчкі ўзялі гэта пад увагу з разьлікам некалі ім адпомсьціць. На вахце, паводле лагерных правілаў, малатком яшчэ ўдарылі труп па галаве (а можа, жывая?) альбо пракалолі штыком. Пасьля павязьлі яе на мужчынскі ОЛП для ўскрыцьця. У саветаў усё «панавучнаму». Зося Андрушкевіч хацела ўдачарыць Галіну Наташу, ёй не дазволілі…

122

Пра смерць Галі Готэс з ліста М. С. Ласціўкі да сям’і Канашаў (з украінскай):

«…Што да „Споведзі“ Л. Геніюш, дзе яна апісвае пра Інту і пра забойства Галі Готэс — усе правільна… Адно толькі недакладна, дзе яе забілі… Я сама была пры гэтым злачынстве… Не магу спакойна пісаць… Проста рукі дрыжаць… Я да сёння яшчэ памятаю і кожны дзень малюся за яе душу… А было вось як. 17 верасня, у панядзелак, вось толькі год крыху забылася, здаецца, 53-ці. Нашу брыгаду павялі капаць бульбу на поле „ім. Казлова“, так мы яго называлі… Расставілі нас на барознах з рыдлеўкамі. Крайняй была Галя, а я адразу каля яе другая. Не пакапалі мы яшчэ і паўгадзіны, як раптам, ні з таго ні з сяго, пачуўся выстрал. I адразу Галя з крыкам: „Ой, сястру, сястру!“ — схапілася за жывот і ўпала. Усё гэта я бачыла. Я кінулася да яе, але сам забойца, малады ахоўнік, прыбег, схапіў мяне за каўнер і адкінуў з крыкам: „Уходи, а то и тебя убью!“ — і адагнаў да гурту, што сабраўся каля надзоркі. Моцна сталі мы ўсе крычаць і зваць на дапамогу лекара. Але нас яна і ахоўнікі акружылі і нікуды не пускалі. А Галя за той час поўзала па зямлі, а за ёю цякла кроў нават праз ватныя штаны. Так яна, пакутваючы, сапраўды адпаўзла за так званую зону… I калі з горада прыехалі опер і лекар, то яна ўжо была мертвай, і яе забралі і павезлі. Нас, так як мы моцна крычалі, што не будзем з забойцам працаваць, пагналі ў зону і адразу ў сталовую на абед. Але мы ад яго адмовіліся і ў знак жалобы нічога не елі, і нас распусцілi па бараках. На другі дзень на вахце, калі ўбачылі, што той забойца зноў будзе нас канваіраваць, то мы запратэставалі, што не пойдзем з ім на працу. Нас спачатку „уговаривали“, а потым дзве першыя пяцёркі забралі ў БУР, а нас прымусам вывелі, але, праўда, ужо без забойцы… Вось так Галя ні за што загінула. А надзоры апраўданне забойцы склалі версію, што яна выйшла за забароненую зону, але гэта чыстая хлусня!»

На наступны год усіх вывелі за зону, але нейк нас пакінулі з Елізаветай Радзіонавай. Яна была жонкай прэм’ер-міністра РСФСР. Яе мужа расстралялі пасьля вайны, а ёй, таму што яна жонка расстралянага, далі 10 год лагероў. З ёю была і Аксана Кубаткіна, яе муж быў, здаецца, нейкім генералам ад КГБ. Аксана Кубаткіна была вялікай прыхільніцай бацькі Сталіна, нягледзячы на тое, што ён пакараў сьмерцю яе мужа (аднаго з ініцыятараў 25-гадовага пакараньня для сваіх землякоў) і параскідаў па лагерох рэшту сям’і. Яна старалася шчырай працай даказаць сваю прыхільнасьць ураду. Праца яе заключалася пераважна ў падсьцёбваньні другіх, бо яна была брыгадзірам. Спраўлялася яна з гэтым выдатна, як на погляд начальства, з іншымі поглядамі яна мала лічылася. Адумыслова крыла матам, каб даказаць сваю духовую прыналежнасьць да пралетарыяту, але скрыгітала зубамі, чытаючы лісты ад сына, які таксама быў у лагерох. Меншы быў пры старой бабцы, і іх абое называлі ворагамі народу. «Я ня думала, ня ведала, што ў нас творыцца падобнае», — часта стагнала Кубаткіна. Радзіонава была вельмі тактоўнай і талковай жанчынай. Мела тры дачкі. Старшую яе нарачоны не пабаяўся ўзяць за жонку сабе пасьля ўсіх рэпрэсіяў, а дзьве малодшыя жылі ў сястры. «Лариса Антоновна, меня вызывали по поводу вас, и я сказала им, что Люция Антоновна — это мещанка, а вот вы — это глубокий, подлинный ум…» — «Вы мне дрэнна прыслужыліся», — засьмяялася я.

I так мы з ёю ў зоне, а сяньня маюць забіраць з зоны дзяцей, якім два ці болей двух годзікаў. Маюць іх адвозіць у розныя дзетдомы. Большасьць мамак вывелі за зону, але ня ўсіх. У адным кутку нашага лагеру быў другі лагер, таксама аплецены калючым дротам і з вахтаю. Там жылі т. зв. вольныя дзеці. Імі загадвала вольнае начальства й болей давераныя прыдуркі. Дзяцей гэтых нарадзілі цяжарныя ўжо з волі жанчыны ці якія сталі цяжарнымі ў лагеры. Толькі на час хваробы дазвалялася мець рожаніцы дзіця пры сабе, пасьля яго забіралі, і маці пускалі толькі да дзіцяці ў час кармленьня. Калі ж кармленьне кончылася, дык толькі раз на тыдзень, калі ня выдумалі якой эпідэміі. Мамкі бегалі ў адчаі ля калючага дроту й часта проста кідаліся на яго. Вечнае сьвятое мацярынства, яго натуральныя праявы караліся тут і асьмейваліся. А бедныя маці ляцяць з работы туды, гдзе дзіця. З маленькага прыдзелу цукру, які атрымоўваюць, вараць нейкія немагчымыя цукеркі, хаваюць кусочкі рыбы, пячэньні ці што могуць выпрасіць у тых, якія маюць пасылкі, а то і ўкрасьці… Каля дзіцячай зоны вечны плач, а дзеці, бы ціначкі, бледныя, запалоханыя, рвуцца толькі да мамаў, хоць бачаць іх так рэдка, аднак пазнаюць і кахаюць толькі іх адных. Маці нямеюць ад шчасьця ля іх. Вось сяньня забяруць гэтых дзетак. Мы глядзімо з жахам, як над лагер прыляцелі й хмарай закружыліся грачы. Стала цёмна ад іх, закракалі, закрычалі, і нам пайшоў мароз па скуры. У зону ўехалі аўтобусы, забрахалі сабакі, залаяліся матам канваіры, і пачаўся плач, крык, разьдзіраючае душу выцьцё, быццам людзкія прадсьмяротныя мукі. Такое галашэньне не бывае нават па памершых. Мы зьледзянелі, падысьці бліжэй было нельга, раз’юшаныя канваіры стралялі б. А грачы ўсё кружылі, кракалі, не сьціхалі нямыя птушкі, якія адчулі жудасны чалавечы боль. «Я не знала, не знала, что у нас такое быть может», — шаптала, зьбялеўшы, Радзіонава. «А за што вашага мужа забілі?» — спыталася я. «Жалел свой народ, хотел добра ему», — ціха прашаптала яна. Аўтобусы паехалі, крык ставаўся хрыплым, прыдушаным. Калі я падышла да бараку бліжэй, дык яшчэ адлівалі гдзе каторых памлелых, чуцілі. На нарах ляжала амаль нежывая Соня Сьвіда. Яна працавала ў лагернай аптэцы, і чорненькую сваю Кацюшу ўдалося ёй затрымаць пры сабе даўжэй. Бацька Каці быў лекар, нейкі нацмен. Соня часта казала: «У Каці цудоўныя валасы, але ёй трэба сорак касічак заплятаць, так, як у народзе яе бацькі». Соня рысавала кніжачкі для яе, пісала казкі. На сьвеце мела толькі яе адну. Цяпер ляжала амаль нежывая. Яна ня выла, яна некалі была дамай, ёю й засталася, толькі стагнала жудасна, нечалавеча… Яшчэ горай было, калі ў зону вярнулася рэшта мамак. Галашэньне доўга не сьціхала. Радзіонава й Кубаткіна так абураліся, што можна было думаць, што яны там наверсе сапраўды ня ведалі аб колькасьці зьняволеных і аб іх муках. Між іншым, абедзьве, калі са мною прашчаліся, дык мелі аднолькавую просьбу да мяне: «Лариса Антоновна, прошу вас, останьтесь всегда такой, какая вы есть». Я ім гэта ахвотна абяцала. А дзетак гэтых папуталі ў дзетдомах. Калі сваякі забіралі іх дамоў, дык часта давалі ім ня тое дзіця. Прысылалі здымачак з хаты, і пачынаўся плач. Дзіця нейкай рускай мамы завезьлі аж у Галіччыну й наадварот. Куды падзелі Нату, нічога ня ведама. Зусім магчыма, што й не жыве… Яшчэ полькі зьвярнуліся да мяне, каб напісаць ім верш пра Галіну Готэс. Прасілі, каб па-расейску, каб прачыталі ўсе. Павезьлі яго з сабою ў Польшчу. Я яго добра ня памятаю, вось толькі ўсяго:

День
осенний с утра заливался от слёз
пред начальства прижмуренным взглядом. Один на посёлок, другие в колхоз — проходили все молча бригады. Конвоиры привычным движеньем руки с суровостью нечеловечьей направляли спокойно нагие штык в беззащитные женские плечи. И каждый почти с них «молитву» изрек, роняя слова с наслаждением: «Шаг вправо, шаг влево — считаю побег, стреляю без предупреждения». Шли серые, мрачные, часто без сил, под раскаты сурового мата, и дождь проливной лишь уныло звонил ударами слёз по бушлатам.
Галю застрелили. Возможно, что где-то те, из-за морей, в половине двадцатого века стреляют так в прериях диких зверей, здесь можно стрелять в человека. Спокойно «актировал» жизнь эту враг, пайку лишнюю списывал хлеба. Стонал лишь от горя бессильный «Минлаг», с ним плакало чёрное небо… Давали девчата суровый обет отомстить эту жизнь молодую. Нам крикнула дико надзорка в ответ: «Мы завтра пристрелим другую!» Но руки над трупом пожав среди тьмы, мы сказали: «Так завтра не будет, что завтра ведь наше, что завтра ведь мы, что завтра ведь лучшие люди…»

Пра гэта цяжка пісаць, а ахвяраў былі тысячы, магільнік па іх вялікі.

Яшчэ адна зона была ў нашым лагеры для сьвіней. Яны таксама карміліся па норме, але яна ў іх была сытая, нармальная, і жылі яны, у параўнаньні з намі, як паны. У кожнай сьвіньні свая клетка і ўсе сьвінскія выгоды, культурна, як тут кажуць, і паказацельна. Ня ведаю, хто еў мяса з тых сьвіней, мы елі камсу й сьмярдзячыя трыбухі з аленяў. «Оленина (О, Ленина), о, сталина», — казалі мы. Яшчэ мы елі квашаныя ніжнія чорныя лісты капусты інцінскай, з пяском, дарэчы. Галоўкі былі для начальства. Гэтую капусту да немагчымасьці насольвала Камбала, адна нашая гора-суродзічка, нейкая Новік. Камбала таму, што вока адно навыкаце (Бог шэльму меціць). Яшчэ была адна такая Раіса Новікава й Марыя Мельнік, некалі адумысловая нямецкая прыслужніца і кат, і Іуда для нас у лагеры. Дзеля справядлівасьці нельга скрываць сваіх, вось гэтыя й запамяталіся найстрашней, кожная на розны спосаб… А яшчэ мы елі суп з рэдзькавеньня з гнілой рыбаю. Можна спрабаваць яго зварыць, каб пераканацца, які мае смак… Ды чаго мы ўрэшце ні елі… Але давалі нам і па аладцы на алеі, якую шумна называлі «пончык», і гэта падкрэсьлівалі. А рэшта пайка не заўсёды падобная на чалавечы хлеб, ну, і жуй-плюй, гэта авёс з шалухою, з якога суп, каша, а ў сьвята дык і катлеты. Мы дзівам дзівіліся, як тыя англічане ядуць гэта ўсе жыцьцё. Праўда, яны пэўна ядуць яго не сухама й ня посны. Можа, нам чаго й болей пападала б, але жывілася ля лагероў шмат начальства, ля прадуктаў дык асабліва. Сьвінскае нормы яны ня елі, і тут выйгравалі сьвіньні…

Горам для нас былі этапы. Прыяжджалі купцы. Гэта былі звычайна босы з нейкіх лагероў, гдзе стройкі. Кожны начальнік лагеру прагнуў збыць старых і набраць маладзейшых. Нас заганялі брыгадамі. Спачатку лагерныя лекаркі ці лекары (пераважна апошнія — сьцервы) глядзелі нас на цяжарнасьць, ня мыючы рук… Пасьля мы йшлі голыя да пояса да стала, гдзе засядалі лекары, купцы й начальнікі. Нам заглядалі ў зубы, мацалі, круцілі голавы й бралі нас на ўлік этапны альбо, крывячыся, адкідалі. «Хадавы тавар» быў тады: «З трыццатага года нараджэньня». Часам везьлі аж у Караганду. Усюды тое самае! Да нас прыбывала папаўненьне з волі, прыбывала шчодра… На Інце доўга была з намі Соня Радэк. Яна рабіла прыдуркам. Была францужанка Пірэт, якая дзеля «славы Францыі» старалася працаваць разам з усімі. Была яна нейкай вечна надутай, а можа, ганаровай, што яна ня мы… З ёю гутарыла нейкая Угрымава (здаецца, так), якая разам з мужам з патрыятычных меркаваньняў вярнулася на «родину» з Францыі. Іх з Адэсы, здаецца, проста з парахода далі на Інту. Працавала яна художніцай. Малявала карыкатуры на розныя лагерныя парушэньні, напрыклад, як мамкі лезуць праз вузенькае вакноў калючым дроце да сваіх дзяцей. Ну, гэта, як і другое, нас не сьмяшыла… Была з ёю і яе сястра Волкава, якая старалася мне давесьці, што сталінская «эпоха» найслаўнейшы час расейскай гісторыі. Дык аб чым было з дурнем болей гутарыць? Я цесна дружыла з Люцынкаю, а калі яе адвезьлі ў Абезь, дык з харошаю жанчынай Ольгай Фоцюк, з Ольгай Мароз, са сваімі дзяўчатамі, якіх, прызнацца, пабойвалася за малымі выняткамі. На іх быў асаблівы націск, а мы — як каты ў мяшку. Часта каторая з дзяўчатак гаварыла мне: «А цяпер „пасварымся“ з вамі, ня будзем гутарыць, ні сустрачацца…» Я за гэта дзякавала, ведала, што застаўляюць на мяне даносіць, і нам выгадней было «пасварыцца».

Тактыка не зьмянілася, так робяць са мною й цяпер. I цяпер ходзяць да людзей і рознае на мяне выдумоўваюць, падобнае было і ў лагеры. I тут, і там мала гэтаму верылі.

Было розна, але ў лагеры мяне даволі слухалі. У нас ладзілі канцэрты вельмі харошыя: балеты, мантажы з опэраў, эстраду. Аднойчы запрапанавалі даць нешта ўкраінскае, думалі што, але адна з масквічак так непрыгожа выразілася аб менейцэннасьці беларусоў і ўкраінцаў, што вас заела. Канцэрт гатовы, але на яго ніхто ня йдзе! Сцэна пустая, брыгады ня рухаюцца з месца… На гэта трэба было толькі сказаць: «Калі так, дзяўчаткі, дык нам там ня месца…» Гэта была цудоўная зьяднанасьць, нават прыдуркі ня йшлі… Пасьля давалі і ўкраінскія намяры: песьні, нешта з «Запарожца за Дунаем» і, здаецца, нават «Шэльменку».

Нашую брыгаду назначылі ў воінскую часьць. Там мы нешта вычышчалі, наводзілі парадкі, а малодшых дзяўчат узялі мыць салдацкую сталовую. Звычайна туды йшлі неахвотна, хіба што на двары была сьцюжа. Дзяўчаткі выбеглі нейкія неспакойныя, вочы ім аж блішчалі, і адразу пачалі шаптаць нам, што чулі па радые — захварэў Сталін. Наша групка — украінкі, я й дзяўчаты з Прыбалтыкі — так і зьбегліся, ня ведалі, як стрымаць сваю радасьць. «Кровоизлияние в мозг». Божа, Божа, ці хоць добра памятаю? Гэта ж, здаецца, сьмяртэльна, няўжо канец зьдзекам, няўжо пачуў нас Бог? Кубаткіна пачала заводзіць, другія дурніцы — крывіцца, а мы ажылі! Падышла да мяне Афанасьева, стукач ад’яўлены, і кажа: «Он был гений, как вы находите?» I што тут сказаць, ану ж яшчэ ажыве нехрыст… Кажу: «Ёсьць розныя геніі, светлыя ёсьць і чорныя, гэты быў найчарнейшы…» Ідзем у зону, а йдзецца лёгка, надзея малюе ўжо волю, сына, мужа і ўсе чалавечае. У зоне марафонскім бегам у санчасьць да першае лекаркі: «Ці выжываюць з кроваізліяньня?» Амаль не!!! Божа мой, знача, «кат всех времен» ужо ня ўстане. Сьвята для нас, о, як жа добра, што нелюдзю няма ратунку. Кубаткіна ў чамадане з рэчамі хавала яго партрэт, якіх навалам было ва ўсіх газэтах. Дастала яго й плача. Няшчасны, бедны ліцамер, які звучыў усе самыя хітрыя ходы, каб выжыць, хоць мёртвы ня ўстане. «Кінь к чорту яго, — кажам, — ён ужо ня страшны…» Яна сьмяецца, пачынае верыць у тое, у што ёй, Кубаткінай, паверыць трудна…

I вось яго няма. Недзе хаваюць у Маскве, а нам загадалі на працы стаяць і маўчаць хвіліну. Цяжка выстаяць, цяжка маўчаць, калі Бог адчыніў справядлівасьць. Паглядаем на канваірскія морды, пасьмейваемся, што ж сіроткі без сваяго «тата», вам ня сорам за ўсе?.. Нас яшчэ пусьцяць ня хутка, але вецер павеяў цяплейшы, ад аднаго факту той сьмерці людзям стала дыхаць лягчэй.

Мяне часта выклікалі, то пытаюць, напрыклад, ці Натальля Арсеньнева камсамолка, ці ведаю Клімовіча і т. п. Вось пакінулі ў зоне, знача, зноў нечага хочуць, чаго цяпер? Выклікаюць з абеду да опера. Уваходжу, сядзіць невысокі сьціплы чалавек у ваенным і кажа: «Сядзьце, у мяне справа да вас. Я так шкадаваў вас, што пакінуў, каб хоць дзень адпачылі». Выглядае, што ня лжэ. Уваходзіць опер і як зараве: «Устаць, чаму не ўстаеце, калі я ўваходжу!» — «Я прыехала, лепш сказаць — вы мяне прывалаклі сюды з Эўропы, а там жанчыны, нават зьняволеныя, перад мужчынамі не ўстаюць». Мяне трасе, а малы чалавечак у ваенным лапоча: «I ў нас культурна, і ў нас вельмі культурна…» Пытаўся, здаецца, пра Калошу, і ўсё лагодна, ніякай грубасьці. Там ужо недзе пачынаўся новы хрушчоўскі дух, але ўсе гэта яшчэ вельмі абманчывае, верыць тут ніколі й нікому нельга. Людзкасьці тут не было й ня будзе, тут хітрасьць. Пасьля зноў прыехаў нейкі рыжы «таварышч», я так і не пыталася, хто ён. Гэты пытаўся, ці я пасьпела палюбіць савецкіх людзей? «Якіх? — пытаю. — Прасьветава?» Яму сказалі, хто Прасьветаў. Гэты «дазволіў» пісаць мне — толькі не пра кірку, не пра лапату, проста пра «любоў» да савецкае родзіны… О іронія, о жах… «Вам блішчаць яшчэ вочы», — кажа той рыжы. О так, яны мне будуць век гэтак блішчэць нянавісьцю й помстай на адзін успамін аб такіх дыпляматах. Я яму на гаварыла, што ён аж пазапісваў. Кубаткіну й Радзіонаву ён адпусьціў у Маскву. Мне толькі парадзіў карыстацца бібліятэкаю, тады калі не было ў мяне акуляраў і нават найменшай надзеі на іх. Ня ведаю, хто быў гэты чалавек, але я мела ўражаньне, што яны нарэшце сьцямілі, што сяджу дарма. I яшчэ адно я зразумела, што калі пыгаецца, нехрыст, ці я пасьпела палюбіць савецкіх людзей, знача, мяне згэтуль ня пусьцяць… Я даўно выйшла б з лагеру, калі б гэта было ў Эўропе нават камуністычнай, там была нейкая логіка ў людзей, законы й пасьлядоўнасьць, тут Сталін і мера пачуцьцяў да яго вырашалі людзкія лёсы. Не, гэта было ніяк не для мяне. Мая мілая сяброўка Галіна Уолэс, жонка некага з амэрыканскага пасольства, прасіла мяне: «А ты хоць маўчы й пабачыш — будзе табе лепей, прашу, не высказвайся». Калі нейкі канваір, якога мы празвалі за нялюдзкасьць Гітлерам, зьдзекаваўся нада мной, кажучы: «Вось графіня…» — дык Галіна падыходзіла да мяне й сама высказвалася на ўвесь голас: «Да, он прав, всё же ты среди них выделяешься…» Навучылася яна рабіць печы, што давала ёй магчымасьць быць у зоне, як-ніяк — цяплей.

Поделиться:
Популярные книги

Толян и его команда

Иванов Дмитрий
6. Девяностые
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
7.17
рейтинг книги
Толян и его команда

Пистоль и шпага

Дроздов Анатолий Федорович
2. Штуцер и тесак
Фантастика:
альтернативная история
8.28
рейтинг книги
Пистоль и шпага

Самый богатый человек в Вавилоне

Клейсон Джордж
Документальная литература:
публицистика
9.29
рейтинг книги
Самый богатый человек в Вавилоне

Восхождение Примарха 5

Дубов Дмитрий
5. Восхождение Примарха
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Восхождение Примарха 5

Смертельно влюблён

Громова Лиза
Любовные романы:
современные любовные романы
4.67
рейтинг книги
Смертельно влюблён

Эволюционер из трущоб. Том 7

Панарин Антон
7. Эволюционер из трущоб
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Эволюционер из трущоб. Том 7

Держать удар

Иванов Дмитрий
11. Девяностые
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Держать удар

Пробуждение. Пятый пояс

Игнатов Михаил Павлович
15. Путь
Фантастика:
фэнтези
уся
5.00
рейтинг книги
Пробуждение. Пятый пояс

Отморозок 2

Поповский Андрей Владимирович
2. Отморозок
Фантастика:
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Отморозок 2

Сын Тишайшего 2

Яманов Александр
2. Царь Федя
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Сын Тишайшего 2

Доктора вызывали? или Трудовые будни попаданки

Марей Соня
Фантастика:
юмористическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Доктора вызывали? или Трудовые будни попаданки

Инженер Петра Великого 2

Гросов Виктор
2. Инженер Петра Великого
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Инженер Петра Великого 2

Идеальный мир для Лекаря 27

Сапфир Олег
27. Лекарь
Фантастика:
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 27

Журналист

Константинов Андрей Дмитриевич
3. Бандитский Петербург
Детективы:
боевики
8.41
рейтинг книги
Журналист