Чтение онлайн

на главную

Жанры

Споведзь

Геніюш Ларыса Антонаўна

Шрифт:

Пасьля байкоту канцэрту мне зноў прыгразілі «сухарыкамі» й заперлі ў такую брыгаду, гдзе ні дыхнуць. Вярнуўшыся з працы, я заставала свае нары як пасьля землятрусу. Усякая нечысьць зьдзекавалася нада мною ў вочы, во прыдуркі. Нарэшце я ня вытрымала й пайшла да начальства. Быў там нейкі беларус, так і перла з яго нашая мова. Вось я яму й вылажыла свае погляды. «Лепш вы ўжо раз мяне забеця й не дазваляйце кожнаму мучыць мяне, гэта ж так нізка…» Рэзультат быў той, што далі мяне ў брыгаду штукатураў Марыі Мельнік — шкуры, не чалавека. Я гэта ведала, стала хітрэйшай. А сябры пісалі, і вершы пісаліся й палілі мае далоні, іх трэба было рассылаць, каб жылі й думалі так, як я. Бяліць і папраўляць печы нічога, але вось паставілі мяне тынкаваць столь. Кіну раствор на столь, а ён мне ляп назад у вочы… З вапнаю жа й ніяк мне не атрымоўваецца. Нарэшце сябры прыслалі мне шахцёрскія акуляры, ды я крыху падвучылася гэтай мудрай штуцы, і ўжо было лягчэй. Мельнік мяне ад сябе не адпускала, а яе падружка нейкая Надзя Карава папярэдзіла мяне, што Мельнік так і працягваюцца рукі, каб мяне задушыць уначы за тое, што я супраць «любімае родзіны».

Можна думаць, як я там чулася, ведаючы ўсё яе выслужваньне немцам… Розум тут ня дзейнічаў, усё залежала ад шчасьця.

З Ольгай Мароз была ў нас адна доля й адна папулярнасьць у добрых людзей. Была ў лагеры й англічанка Кэтты,

жонка нейкага важнага таварыша. Мела двох сыноў на волі, мужа, які ад яе, здаецца, адрокся, і, як сапраўдная камуністка, непрахадзячую любоў, якую ад Сталіна перанесла цяпер на Леніна. Яна ўсё брала на розум, але я ёй аднойчы расказала ангельскі фільм «Дзьве тысячы жанчын», які я ўбачыла ў Празе, і гэта кранула яе не на жарты. Кэтты была худая, тонкая, рыжанькая й не благая. Як і мы ўсе, чысьціла ўборныя, а чысьціць было што й кіркаваць… Уборная — гэта таксама нейкі падыход да камунізму, вялікі рад дзіраў, і там «калектыўная творчасьць» з раніцы пачынаючы, і чарга, і погляд на гэтае ўсе, і роздум…

У Менску яшчэ нейкая Болбат, мянчанка, цьвярдзіла, што ў лагерах пачнецца яе сапраўдны камунізм, у які яна вельмі верыла, і вось пачынаўся ад супольных нараў, гдзе з-за цеснаты ўсе па камандзе паварочваліся на той ці іншы бок, з супольнай кармілкі, бані, працы, да тае жудаснай уборнай, успомніць якую страх… А недзе ў сьвеце ўсе ж жылі жанчыны, капрызілі, апраналіся ў розныя моднасьці і, можа, наракалі… О, калі б яны бачылі гэтае хоць у сьне, яны, напэўна, ня ведалі б межаў асабістаму сваяму шчасьцю. Быць пры сваіх дзецях, быць з мужам, мець сваю хатку, гдзе хлеба ўволю на стале і ціха, ціха, як у храме…

Хрысьціяне сябе нейк узаемна пазнавалі. Нягледзячы на веравызнаньне, кожны, хто верыў, хіліўся да такіх, як ён. Усюды на поўначы панаваў аўтамат, як і ў літаратуры, як і ў гульнях дзяцей да сяньняшніх дзён. Так, аўтамат гэта сіла: кожны тупы елуп можа трымаць сотні найлепшых безабаронных людзей і рабіць з імі, што сам хоча. Змушаць іх, напрыклад, пераносіць горы сьнегу з месца на месца да абсалютнага ўпадку сілаў ці проста страляць ля нас, а калi мелі неасьцярожнасьць адысьці ўбок, дык і ў нас. Гэтыя аўтаматы так доўга заглядалі нам у вочы, што сяньня яны здаюцца нам сімвалам камунізму, супраць якога ў нас заставаўся — крыж. Адзіны, беззаганны й бясстрашны, які не пакінуў нас у нашых суровых выпрабаваньнях — нашая мужнасьць і нашая сіла. I вось у гэты жудасны час мы думалі сабе — ніводнага. кроку ў бок ад вучэньня Хрыста й ніводнага слова іначай! Ёсьць жа нейкая чалавечнасьць на сьвеце, на якую мы спадзяемся, бо мы толькі да канца пазнавалі жудасны твар джынгісханаў і нам з імі не па дарозе.

Аднойчы начальства загадала выбраць прыдуркам саракалетніх жанчын і асобна іх вывесьці за зону ў Інту, бо на маладых там заглядаюцца. Нас выбралі, але ня проста так. Сабралі ля вахты ўсіх прыдуркаў і ўсё шумавеньне, якога нідзе не бракуе. Яны паднялі нас на сьмех агідны, брудны, з непрыстойнымі каментарыямі. Начальнікі паціралі рукі, а адна латышка, мілая, спакойная жанчына, плакала й шаптала мне, што такога прыніжэньня нават на жудасным сьледстве не адчувала. Тады я, злосна глянуўшы на адну бяззубую дзяўчыну, сказала: «Паглядзі на сябе ў люстэрка й на гэтых, чужых табе жанчын, яны як дзяўчаты ў параўнаньні з табою, а ты — бяззубы й гнілы пень пры іх». Цкаваньне змоўкла, і толькі т. зв. нарадчыца са зьняволеных, нейкая рабая і агідная Галя Цярэшчанка, доўга душылася са сьмеху, схаваўшы свой рабы твар у рабыя далоні. А побач стаяла Тамара Аляхновіч, дваццаціпяцілетніца таксама, і худы даўгі яе нос трэсься ад хохату.

У лагеры была адна амэрыканка Аліса Алекс Максімава. Была яна зусім маладая, але зусім сівая. З яе пасьмейваліся, бо яна, напрыклад, сваю сьціплую пайку ўмела яшчэ падзяліць з галоднымі варонамі, якія кружылі над лагерам, гаворачы, што ў Амэрыцы любяць жывёлу й птушак так, як і людзей. Аліса была вельмі інтэлігентнай, цудоўна апавядала. На этапах і ў Абезі ў нас была маленькая група, мы сэпараваліся крыху ад іншых, шчыра гутарылі й стараліся, каб у нас быў заўсёды харошы настрой. Часта Аліса, якую прадала яе ўласная мачыха, так сумавала, што прыходзіла да мяне, каб сказаць, што пакончыць пэўна самагубствам. На гэта была ў мяне адна рада. Я даставала кусочак хлеба, калі было, дык яшчэ што, мы крыху елі, і Аліса зноў магла жыць. З ёю было мне вельмі бясьпечна й лёгка, а на этапах мы не разлучаліся, бо вельмі не давяралі іншым. Вязьлі нас разам — як «інастранкі». Была ў лагеры й нейкая каханка Бэрыі, якая ўсімі сіламі старалася заўсёды даказаць нам, што яна, толькі яна адна, тут нешта значыць і зусім без віны. Калі ў яе быў добры настрой, дык расказвала, як цалаваўся Сталін і як пахлі яго вусы. Пра Бэрыю яна нечаму маўчала. Была гэта жудасная качарга, і як паслухаць было, якія машыны з маскоўскімі прыгажунямі шмыгалі пад маркай дыпляматычных у Крэмль, дык дзіўна было, што і яна там выкручвалася ля тых крывавых бэстыяў. Некаторыя жанчыны, як, напрыклад, Тарасенка Соня, якая ўсё жыцьцё недзе правяла толькі ў лагерох, зусім ужо не была падобна на сваіх сёстраў. Хадзіла толькі ў нагавіцах, голас мела грубы й твар нейк зморшчаны не па-жаночаму. Было такіх некалькі, і гэта нейк было сумна. Самай страшнай была немка, шпіенка Кацька. Гэта была прыгожая дзяўчына, але страх браў на вярсту ад яе. Працавала толькі ў партноўскай. Кажуць, што яна прадавала і канваіраў, і нават начальства, ня кажучы ўжо аб зьняволеных. Яна выехала ў Германію разам з іншымі харошымі й горшымі дзяўчатамі з Аўстрыі й Нямеччыны. У апошні час немкі пачалі атрымоўваць пасылкі праз Чырвоны Крыж, лісты й здымкі й жылі толькі надзеяю ад’езду дамоў. Апакоўкі іх пакетаў мы разглядалі, як якія ўпрыгажэньні кватэр.

Пасьля сьмерці Сталіна пачаўся абмен канцэртнымі трупамі па лагерох. Атракцыяй была жаночая трупа. Дзяўчаткі пачалі езьдзіць па ОЛПах. Мне гэта было выгадна тым, што сябры мае пасылалі глюкозу сапраўдную й цукеркі. Часам і грошы для нас усіх, а часам які матэрыял. Аднойчы купіў такога многа мэтраў сам Косьця Шышэя. Гэта быў жоўты, як яешня, паркаль у вялікія чырвоныя кветкі. Мы падзялілі гэта між сабою й шылі хто што мог. Я зрабіла з гэтага верх для коўдры, бо Маці Марта прыслала мне ваты. Пад лагерным коцам [123] я вельмі замярзала. Косьця пытаўся, ці падабаецца падарак? Я ўсім загадала падзякаваць і напісаць, што падабаецца, а сама выразіла вялікую ўдзячнасьць, што каб мой родны сын купляў мне нешта, дык купіў бы, напэўна, падобнае, бо ў мужчын ужо такі густ. Мая гэта коўдра вельмі падабалася жонцы Пракоф’ева. Яна была іспанкай і казала, што ў іх такі сьцяг — чырвоны й жоўты. Была гэта старшая, але яшчэ прыгожая жанчына, сыны ёй пісалі, а сам Пракоф’еў, здаецца, з ёю разьвёўся. Увосень мы яшчэ будавалі дамбу ля Інты на некалькі мэтраў, высокую. Былі разам лёд і балота, мы з насілкамі валаклі зямлю наверх дамбы, сьлізгаліся, падалі ў балота. Лайма не магла злапаць паветра, другіх калаціла

эпілепсія ці сардэчныя прыступы. Вельмі стараліся толькі літоўкі. Казлоў раздаваў усім па папяросе.

123

Коц (дыял.) — баваўняная або шарсцяная коўдра.

Часам былі ўзварушлівыя хвіліны. Мы працуем на базе ОРСа [124] , а што гэта, я й сяньня добра ня ведаю. Бліжыцца Новы год, і мы ачышчаем зону ад неймавернай колькасьці сьнегу. Здаецца, што гэта база засабляе Інту, галоўнае яе начальства прадуктамі. Бліжыцца вечар, неба зрабілася чырвоным, ліловым, жоўтым, наагул несказана прыгожым, але мароз пранізвае бушлаты, мы дрыжымо. Адкідаць сьнег гэта не кіркаваць, пры ломе й кірцы нават у 40 спацееш, а тут мы зьбіліся ў групку, грэемся словамі, хочам у зону, бо зьмерзьлі. Каля нас шмыгаюць вальняшкі й бытавікі, якія, расканваіраваныя, працуюць на гэтай базе. Іх мы пазнаем па тым, што яны, як і мы, у бушлатах. Здалёк узіраецца на нас высокі стройны юнак, твар у яго нейкі няроўны, але вельмі прыемны, рашучы, нейкі інтэлігентны. Ён зьнік недзе, пасьля зноў паказаўся й вось падыходзіць. да нас, хоць збліжацца да нас нельга. Падышоўшы, ён расшпіліў ля нас сваю целагрэйку, і на паўночны зьледзянелы сьнег пасыпаліся самыя сапраўдныя паўдзённыя мандарыны. Мы анямелі спачатку, а пасьля, як дзікуны, накінуліся на іх, рвалі іх са сьнегу, тапталі, вырывалі сабе з рук гэты цуд на поўначы. Юнак, які для нас украў у сытага начальства гэтую радасьць, зьнік, і добра, што ён ня бачыў нашых паводзінаў. Аднак мала хто зьеў тую мандарынку, мы іх прынесьлі ў зону, аддалі дзецям у іх зоне, падзялілі па долечцы паміж сабою. Мы здолелі на Вялікдзень падзяліць адно яечка на 30 частак, каб разгавелася ўся брыгада. Зноў перад Вялікаднем у Вялікую Пятніцу раз нас павялі чысьціць Інту, яе ўскраіны. Яшчэ былі горы сьнегу, але сонца крыху прыгравала. Мы ўсе амаль посьцілі, было нам сьветла нейк ад надыходзячага вялікага сьвята. Хрыстос, Ён адзін быў вечна з намі, і мы адчувалі гэта. Калі нам было найгорай на сьледстве ці ў другіх страшных выпадках, мы з даверам шапталі: «Цела й Кроў Ісуса Хрыста, ратуй мяне». Дапамога адчувалася. Бог мог перамяніць душы нашых мучыцеляў, мы ў гэта верылі. Вось мы, замучаныя, селі на сьнег, бы тыя курапаткі, нешта гаворым. Да нас падышоў, пагаварыўшы з канвоем раней, нейкі чалавек, ён нёс нам вялікі скрутак! Там былі селядцы, хлеб і, можа, два кілаграмы каўбасы. Аказалася, мы працавалі ля нейкага каўбаснага цэху ў Інце й нашыя быўшыя зэкі, работнікі цэху, так хацелі парадаваць нас. Дзяўчаткі ўсё прынесьлі мне, каб разьдзяліла. Селядцы я разьдзяліла роўненька ўсім, а каўбасу мы перанесьлі ў зону й пасьля спраўлялі разам Вялікдзень…

124

Аддзел раеннага забеспячэння.

Часам было жудасна. Нас павялі вясной капаць канавы там, куды вывозілі нечыстоты. Лагер быў тут адвечны, аднагодак, пэўна, савецкай улады, і гэта ўжо было трансава з аднаго бруду. Толькі ў гэтыя дні мы не хацелі есьці, не маглі. Усё пырскала нам у твар і на вусны, мы прасьмярдлі, і нельга было адмыцца. Пасьля зноў вялі нас капаць траншэі, і гэта было так цяжка, але ўжо лепш…

А хлопцы нам кідалі свае запіскі, мы іх прагна лавілі. Літоўкі пераносілі іх адчайна. Ды за любоў ня так і каралі. Наагул, калі трэба было нешта зрабіць, дык толькі пад гэтым прыкрыцьцём. Савецкія сьледавацелі з надзвычайнай радасьцю капаюцца менавіта ў розных пачуцьцях і авантурах. Хлебам іх не кармі, а дай магчымасьць пазьдзекавацца з нечыіх любоўных спраў. Вось мы й вывучылі іх псыхіку й пад гэтай маркаю трымалі кантакты. Яшчэ адну слабасьць мелі тыя сьцервы — арыгінальна арыштоўваць свае ахвяры. Гэта яны лічылі сваім майстэрствам. Жанчыну, за якой яны палявалі, заганялі ў неймаверныя сытуацыі. Спачатку ўпіваліся яе страхам і болем, бо ж беднай куды ўцячы? Тады недзе ў кіно, на вакзале, на спацыры яе падманвалі ў летняй сукеначцы й тады ўжо душылі за горла… Выхваляліся пасьля, такое знушчаньне называлі подзьвігамі разьведчыкаў…

Пасьля сьмерці «самага мудрага» паявілася ў нас болей яўрэяў. Гэта былі ленінцы. Яны стараліся мне давесьці «веліч» гэтых ідэяў… О неба, я жа іх бачыла на практыцы й хіба ж паверу сваім вачам, ня іх словам! Але калі я даходзіла, яны мне давалі глюкозу, пасьля якой я ажывала. Раз грузінкі і яўрэйкі зрабілі мне нават такі сюрпрыз. На мой дзень нарадзінаў, аб якім ніхто ня ведаў, яны падаравалі мне алавіка й некалькі сшыткаў (во скарб), а калі я вярнулася з працы, завялі мяне на кухню, гдзе быў накрыты стол з яўрэйскіх і грузінскіх пасылак і быў нават бісквітны сапраўдны торт. Мне было дзіўна. Другія гады мяне віталі ўсе нацыянальнасьці, а раз свае беларускія дзяўчаты рана перад разводам прынесьлі мне «торт» і свае ўпамінкі: хустачкі да носа, алавічкі, зубную шчотачку і т. п. Торт быў тыпічна лагерны. Жанчынам так хацелася нешта кулінарыць… Гэта быў торт са зьмеленых, высушаных паек хлеба, разьмешаны салодкай вадою й пераложаны павідлам з сухіх яблыкаў з нейкай украінскай пасылкі, пасмараваны маргарынам зьверху, пасыпаны цукрам. Гэта быў надзвычайны прысмак, але сяньня я яго ня ела б… Дзяўчаткі былі так узрушаныя, сьлёзкі ў вачох… Я хацела дзяліць той торт між усімі, але яны сказалі, каб перахаваць яго нейк і вечарам мы яго разам зьямо. Што ж, наша брыгада працавала ў зоне, рамантаваліся печкі. Я паставіла торт на верхнія нары, прыкрыла ручніком. I тут шмон, ды які! Начальства з Інты! Спачатку прыбег з крывавымі вачыма Кір’янаў, падыме нары і як лясьне імі, гэта ці пасыплюцца з іх блашчыцы. Падыходзе да маіх нараў. Як падняў іх, так торт і падскочыў, як ляснуў — торт і прысеў! О Божа, я ж цяпер з БУРу ня вылезу, але ён нейк са злосьці гэтага не заўважыў, шукаў блашчыцаў. За ім жа ідзе хмара надзорак, і во будзе шмон… Я за торт, у сушылку з ім, а там быў у карыце раствор, бо рамантавалі печ мы. Я той торт у ручнік, зьверху ў папер, папер аблажыла цэгламі, а на цэглы — раствор. Свае ложкі паставіла ў кветкі, бо на стале стаяў букет з іван-чаю, так я іх выратавала… Сама стаю з масьцярком ля карыта й працую. Усё ператрусілі сьцервы, але ў карыта не дадумаліся… Вечарам прыйшлі мае дзеці… Хоць плач, яны, бедныя, тры дні ня елі сваіх «пончыкаў», свае рыбы, цукру. Усё гэта зьбіралі, хавалі на гэты дзень, мае харошыя, такія шчасьлівыя, і вось мы разам, нават Люцыю Антонаўну паклікалі. Нас так многа. Маўчым, гутарым, крыху сьпяваем, але найбольшае ў сэрцы й назаўсёды. Так мы той год спатыкалі й сваю Каляду. Болей 30 беларусак, стол свой у сталовай (Сталіна ж няма!), ля кожнай нарысованая віншавальная картка са словамі з Евангельля ці іншай вечнай мудрасьцю й поўны стол! Надзорка пытаецца: «Чыя брыгада?» — «Ларысы Геніюш», — адказваюць дзяўчаты нейк бязбоязна, горда й глядзяць на мяне, штрафніка, якога маюць адвезьці, а радыё ў сталовай грае якраз «Радзіма мая дарагая». Першы раз чую гэтую песьню, ледзь ня плачу. Знача, недзе хоць крыху яшчэ жывем, яшчэ нехта так моцна, так шчыра адчувае нашую Беларусь…

Поделиться:
Популярные книги

Толян и его команда

Иванов Дмитрий
6. Девяностые
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
7.17
рейтинг книги
Толян и его команда

Пистоль и шпага

Дроздов Анатолий Федорович
2. Штуцер и тесак
Фантастика:
альтернативная история
8.28
рейтинг книги
Пистоль и шпага

Самый богатый человек в Вавилоне

Клейсон Джордж
Документальная литература:
публицистика
9.29
рейтинг книги
Самый богатый человек в Вавилоне

Восхождение Примарха 5

Дубов Дмитрий
5. Восхождение Примарха
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Восхождение Примарха 5

Смертельно влюблён

Громова Лиза
Любовные романы:
современные любовные романы
4.67
рейтинг книги
Смертельно влюблён

Эволюционер из трущоб. Том 7

Панарин Антон
7. Эволюционер из трущоб
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Эволюционер из трущоб. Том 7

Держать удар

Иванов Дмитрий
11. Девяностые
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Держать удар

Пробуждение. Пятый пояс

Игнатов Михаил Павлович
15. Путь
Фантастика:
фэнтези
уся
5.00
рейтинг книги
Пробуждение. Пятый пояс

Отморозок 2

Поповский Андрей Владимирович
2. Отморозок
Фантастика:
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Отморозок 2

Сын Тишайшего 2

Яманов Александр
2. Царь Федя
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Сын Тишайшего 2

Доктора вызывали? или Трудовые будни попаданки

Марей Соня
Фантастика:
юмористическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Доктора вызывали? или Трудовые будни попаданки

Инженер Петра Великого 2

Гросов Виктор
2. Инженер Петра Великого
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Инженер Петра Великого 2

Идеальный мир для Лекаря 27

Сапфир Олег
27. Лекарь
Фантастика:
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 27

Журналист

Константинов Андрей Дмитриевич
3. Бандитский Петербург
Детективы:
боевики
8.41
рейтинг книги
Журналист