Споведзь
Шрифт:
Мае вершы, дарэчы, казалі мне пасьля, усе нехта перадаў чакістам, але, відно, і сярод іх былі людзі, якія чыталі іх нездарма, як гэтыя канваіры.
I так справа Раманчука, гэты суд. Я й сяньня пра гэта амаль нічога ня ведаю. Калі мы спрабавалі каго аб гэтым пытацца, людзі сінелі са страху, нават у лагеры. Хведар Вялёнда, якому да 10 гадоў кары прыдалі яшчэ 15, выжыў, казалі, і жыве цяпер недзе ў раёне Баранавіч. Казалі, што моцна п’е. Тут няма дзіва. Некалі, памятую, на тым ДОКу гэты хударлявы ад пакутаў і голаду чалавек, падышоўшы, сказаў мне, што калі чытае мае вершы, дык яго постаць мімавольна стае на «зважай» [113] , Гаварылі, што ўсіх разам было 60 чалавек у гэтым і з жанчынаў я адна. Мяне ўсё ж затуліў, засланіў нехта. Казалі мне, што мяне ўжо далі б у лагерную псіхбольніцу, каб толькі выратаваць на выпадак суду, але мяне не судзілі. Мне сказалі, што хлопцаў расстралялі на Інце, а пасьля адкопвалі, каб ім павырываць залатыя зубы. Гэта расказалі мне яшчэ ў лагеры. Яшчэ казалі, што я наймацней трымалася на допыце, гэта тады ў гутарцы з тым палкоўнікам. Усе гэта некалі некаму яшчэ належыць дасьледаваць, каб ведалі людзі.
113
Беларуская вайсковая каманда «смірна».
А годы йшлі: зіма — лета, зіма — лета… Аднолькавыя да атупеньня годы. Інта была цэнтрам т. зв. «Мінлагу». Вакол яе былі т. зв. ОЛПы — 1, 2, 3, 4-ты і г.д. Адзін з іх быў наш, жаночы. Стаялі й адкрываліся новыя шахты, разбудоўвалася Інта. Відавочна, не адна зьмена зэкаў загінула на
Найгоршыя былі канваіры з навабранцаў. Ідуць Інтою такія недарасьлі, плачуць, на іх гледзячы, нашыя жанчыны, у якіх удома сыны, махаюць ім рукою шэрым, быле як апранутым з волі. Але вось іх апранаюць па-ваеннаму, муштруюць і так ужо «перавыхаваюць у камуністычным духу», што яны з абыякавых хлопцаў становяцца нелюдзямі, катамі, вяротнымі [114] гітлерамі на нас. Чаго толькі ні чаўпуць, які рэжым, а правакацыі? Выводзячы на работу, безумоўна, кожны доўга паўтарае нешта: «Шаг вправо, шаг влево — считаю побег и стреляю без предупреждения». Часта, калі хоча канвой на некім помсьціць, дык крычыць: «Выйди со строя!» Мы ведалі, што гэта нельга, бо крок ступіш і застрэліць і скажа: пабег, і толькі яму павераць. Часам трымалі да ночы нас у тундры, зьдзекаваліся, стралялі ўгору, убок, а мы стаялі, як сьцяна, і сьпявалі. Сьпявалі ўкраінкі свае песьні з паўстаньня, адчайныя, гнеўныя як: «Хлопцы б’юцца, не здаюцца, ідуць да бою й сьмяюцца. Хлопцы, підэмо, змагатыся будэмо за Украіну, за рідны наш Край!» Калі мы ўжо ўволю насьпяваліся, ды намерзьліся і мы, і яны, дык тады толькі ноччу вялі нас дамоў. Часам стралялі й забівалі. На Інце аднойчы, разгружаючы вугаль, дала нейкая жанчына ліста машыністу, каб кінуў (так рабілі мы часам). Грузін-канваір убачыў гэта й зьбялеў, схапіў аўтамат. Жанчына ўпала на калені і ўзняла рукі благальна [115] ўгору. Застрэліў. Жаль, удома ў яе было пяцёра дзяцей. Нелюдзь дастаў нагароду й два месяцы водпуску ў сваю Грузію, якая, як бачна, дала з сябе беднай Расеі ня толькі Сталіна… Што ж, «земля наша широка и обильна»… Але час ішоў, і нашыя дзяўчаты памаленьку перавыхоўвалі нават канваіраў. Убачаць правяраючага, папярэдзяць, выясьняць усю хлусьню, якое вучылі, каб нас нішчыць. Паглянуць хлопцы, пераканаюцца, гдзе няшчасныя людзі, а гдзе нелюдзі, і тады толькі пачынаюць нас разумець і шкадаваць і тое, што і яны пакутуюць тут, на канцы сьвету, і мерзнуць разам з намі, але канчаецца срок іх службы, і нас чакаюць новыя, дзікія й ярасныя зьдзекі. Я з імі гутарыла мала. Часам скажу што, калі пытаюцца, дык аж зубамі са злосьці заскрыгочуць і болей баяцца зьвяртацца, а калі па-добраму пачнуць прасіць пару радкоў, дык скажу ім:
114
Вяротны (дыял.) — вельмі падобны.
115
Благальна (польск. blagalny) — умольна.
Мне здавалася, што такія ўжо ў нас страляць ня здольныя. Даўгі час перашэптваліся канваіры ля вогнішчаў (для іх былі вогнішчы), паглядаючы ў мой бок пасьля таго страшнага суда над нашымі хлопцамі. Канваіравалі, відавочна, іх бедных і многае ведалі.
А час поўз. Дні былі страшна даўгія й цяжкія, але годы праляталі хутка. Кожны дзень цяжкія работы, прогаладзь і дакучлівыя маразы. Часам так зьмерзьнеш, што здаецца табе — ты ледзяная сасулька. Жаночы гладкі твар робіцца ад інсю хлюпаты, быццам шэрсьць нарасла на ім. Плачам тады, як перад скананьнем, саграваемся сьлязьмі. Калі трэба выйсьці, дык часта канвой загадвае рабіць гэта пры ім. Мёрзлыя рукі ня здолеюць расшпіліць ватніх нагавіцаў, а зашпіліць іх тым больш… Адна адной памагаем, ратуем сябе, і рукі нашыя робяцца як нежывыя калоды. Гэта калі халадно. Паўночным кароткім летам зноў вытарфоўка, карчоўка пнёў ці гоняць нас на рэчку Інту, гдзе баграмі выцягаем сплаўлены лес, альбо заганяюць нас у ваду, і так мы часамі па шыі ў ледзяной вадзе папіхаем наперад нагрувашчаны лес, кіламэтрамі йдучы па вадзе. Тады ў нас адна толькі думка, вось: гнаць бы так гэтай рэчкаю клятага «айца» тае савецкай Расеі й страляць гарохам яму ў патыліцу і так, пакуль здох бы. Няволя, і калі падумаеш, што так мучыцца сорак мільёнаў людзей (так мне казалі кампэтэнтныя: 40–45), то здаецца, сьвет ня той. Як жа могуць жыць спакойна тыя культурныя людзі ў высокацывілізаваных краінах, як жа могуць яны спаць і есьці, калі голас столькіх мільёнаў людзей моўкне ў бясконцых прасторах краю, які ня мае права на існаваньне, бо ніколі ня ведаў людзкасьці ў адносінах да людзей, толькі мучэньні й нагайкі, якія цяпер замяніў аўтамат, які стаўся сымбалем гэтай сыстэмы. 45 мільёнаў маладых найлепшых людзей, мозг і сумленьне гэтага краю, яго сіла. Калі ўзяць усю колькасьць насельніцтва СССР і адкінуць якіх 100 мільёнаў усякіх нацменаў, якія лагероў, як правіла, не засялялі, то знача, што гэта з Украіны, з Беларусі, з Прыбалтыкі й самой Расеі столькі найлепшых сілаў. А што засталося? У лагерох армія, вышкаленая прытым, і камандны састаў, але ўсё маўчыць, ніхто яе не падымае, яна чэзьне, раскладаецца, гібне й ратуецца тым, што, як некалі, падае на жывот перад Джынгісханам і безапеляцыйна прымае ўсе яго несуразнасьці. Няма сьвятасьцяў, быць адно — суцэльная хлусьня, і ў гэтым трэба трэніравацца, хто гэта можа. Шмат што тут нагадвае змрочныя часы й парадкі Джынгісхана. Тут прызнаюць толькі рамесьленьнікаў, лекараў, тых, хто можа працаваць на гэты «гэршэндэ фольк» [116] , як казалі немцы. Іншыя могуць гінуць. Важны той, хто з 30-га года (былі 50-я гады), яго яшчэ хваляць, даюць большую пайку, пакуль глуміць кіркой мерзлату, а калі заняможа — на звалку. Страх з думкі: сьляпая паслухмянасьць сьляпой тыраніі, а не, дык голаў далоў.
116
Гэршэндэ фольк (ням. herrschende Volk) — пануючы народ.
Божа мой, Ты з дзяцінства ўліў у маю душу літасьць, праўду і пачуцьце справядлівасьці, даў сумленьне й розум, як жа я, чалавек, які ведае законы чалавечыя й Божыя, магу згадзіцца з джынгісханамі пасьля Масарыка, Абрагама Лінкальна, Талстога, Рабіндраната Тагора? Не, не, я чалавек, гдзе б мяне ні закінулі, і ў гэтым мне памажы, Божа! Я прыпадала душой да ўкраінскае стыхіі простых дзяўчат і жанчын, якіх адарвалі жыўцом ад зямлі і іх сем’яў. Яны былі шчырыя, стойкія, чыстыя, як вада карпацкіх крыніцаў, і гэтым непаканана сільныя. Яны не стараліся зразумець, разгадаць, гаварыць з ворагам, яны яго раз пазналі й раз назаўсёды адкінулі як нешта супрацьжыцьцёвае, агіднае й згубнае для жыцьця й людзкасьці. Сьмяяцца з
Беларусак у параўнаньні з украінкамі было ў нас на ОЛПе няшмат. Апрача Таісы, думаю, усіх іх запалохалі й купілі. Трымаліся яны са мною, але ніводнай з іх нельга было верыць. Я загадала ім пісаць сябрам і адказваць на іх запіскі, а хлопцам — апекавацца выбранымі. Многія з такіх «параў» пасьля пажаніліся. Гэта было з мэтай, каб не забываліся роднае мовы й адчувалі нейкія абавязкі адносна сваіх і цеплыню на поўначы. Экспэрымэнт вельмі асьведчыўся. Усе лісты мы сабе чыталі калектыўна й часта калектыўна на іх адказвалі. Гэта рабіла з нас адну сям’ю. Вельмі многа хто пісаў мне. Часам гэта былі запіскі, поўныя пачуцьця, і мы тады хахаталі. Адказвалі, каб падтрымоўваць, ня раніць, галоўнае, вытрымаць, усб перажыць. Сьмешна было тое, што цяжка было закахацца ў бясформеннае шэрае стварэньне ў старых ватніх нагавіцах, жудасных вайлаках абодвух на тую самую нагу, закручаных немагчымымі хустамі, засмэрканых, пасінелых, часта з завязанымі ад марозу насамі няшчасных ахвярах марксізму-ленінізму. Але ва ўяве нашых сяброў мы былі анёламі, мучаніцамі крыху. Мы бедавалі, што цяжэнька ім у шахтах, а яны — што мы на адкрытым лютым марозе па 10 гадзін. У шахтах хоць затульней. Правіла было — не выводзіць людзей, калі тэмпэратура ніжэй 40°, але нас выводзілі, і тады хоць сканай у адкрытай тундры.
Пасьля пачалася правакацыя. Калі ўбачылі арганізаванасьць беларусаў, супраць мяне настроілі цэлы батальен стукачоў і правакатараў. Дайшло да таго, што я пачала атрымоўваць запіскі пад уплывам нейкага Гінька, што беларусам не патрэбныя арыстакраты, памешчыкі, як я, і т. п. Асабліва пазьбівалі нашую, як мы казалі, Беларускую сям’ю нейкі обэрстукач Шапавал [117] , Канвега, С., які быў падстаўлены да нас як правакатар. Ён належаў да арганізацыі «Чайка». Была гэта арганізацыя моладзі на Слонімшчыне. С, як пасьля я даведалася, здрадзіў яе ўжо на сьледстве. Было іх 20 асоб, здаецца, хацелі беларускай мовы ў школах. Загналі іх, нават шаснаццацілетніх, «да белых мядзьведзяў». Кажуць, што на сьледстве яны трымаліся выдатна, зьдзіўлялі стойкасьцю й патрыятызмам.
117
З ліста Міколы Канаша (Жлобін):
«…У пятым і шостым нумарах часопіса „Маладосць“ Ларыса Антонаўна ўспамінае прозвішча стукача Шапавала. З такім прозвішчам працаваў у нашым лагеры ў ППЧ (производственно-плановая часть) наш зямляк. Жывы ён сёння і дзе знаходзіцца, цяжка адказаць, і ўсе ж хочацца сказаць некалькі добрых слоў аб ім. Я доўгі час працаваў у шахце на адбойным малатку, гэта адна з самых цяжкіх прац. На такіх работах пераважна выкарыстоўвалі людзей, якія мелі па 25 год зняволення. Напрыклад, у брыгадзе са мной працавалі літовец Пяткявічус, латыш Дэрмакс, вядомы ў Эстоніі ў саракавыя гады баксер Агур і г.д. I вось аднойчы мяне ў шахце цяжка пакалечыла, я прахварэў больш месяца і калі паправіўся, зноў накіравалі на малаток дзяўбці вугаль, але нормы выпрацоўкі я выконваць ужо не мог. Тады накіравалі да мяне нарміроўшчыка В. Яблонскага, які цэлы тыдзень вёў нада мною хронаметраж маей працы. Памятаю, гэта была трэцяя змена (начная). Вярнуўшыся ў лагер, я хутка заснуў і чую, раптам мяне нехта будзіць: „Хлопча, уставай. Кепскія твае справы. Прыйшла папера з шахты, дакладная, у якой абвіняюць цябе ў сабатажы. Пайшлі са мною да лекара“. У кабінеце хірурга аказаўся на прыеме ўкраінец лекар Дзячук. I вось яму кажа Шапавал: „Трэба спасці хлопца. Зрабі гэта, я прашу цябе, доктар“. Не ведаю, што Дзячук напісаў там, але я, прыйшоўшы ўжо на мрацу на шахту, больш не працаваў на малатку. Дзякую за гэта толькі Шапавалу, якога я нават ніколі больш не сустракаў і нічым яго нават не аддзячыў.
У „Споведзі“ яшчэ есць шмат прозвішчаў, якія вядомы мне, але яны ўпамінаюцца там двума, трыма словамі, хаця многія варты большага».
Магчыма, Ларыса Антонаўна каго і без нейкіх асаблівых падстаў залічыла да стукачоў. Але жывыя і нябожчыкі няхай прабачаць яе за лішнюю падазронасць, бо і сапраўды паўжыцця яна была шчыльна акружана даносчыкамі і правакатарамі.
Усе мы былі для саветаў нявольнай ненавіснай масаю. Працаваў хто з немцамі, ці толькі ў Бога верыў, ці толькі хацеў гаварыць на роднай мове, ці здуру расказаў страшны сон пра Сталіна — усе разглядаліся аднолькава, за выняткам тых, незалежна ад іх віны, якія верай і праўдаю кляліся ў вернасьці «бацьку Сталіну» і ў лютай нянавісьці да ўсяго іншага сьвету. Такія былі пераважна лагернымі прыдуркамі, і іх рукамі часта нас нямала мучылі. Прыдуркамі, безумоўна, былі пераважна расейкі, але здараліся і іншыя.
Была такая фінка, гадкая дзеўка Ліля Бірклан. Аднойчы нешта завялі ў лагеры новае. Узялі многа дзяўчат дваццаціпяцілетніцаў і далі іх у асобны барак пад яшчэ стражэйшы надзор, у такі штрафбарак. Іх вадзілі асобна на самыя цяжкія працы, закрывалі і ўдзень, і нанач і наагул чаўплі, што хацелі. Мяне не забралі. У час гэтых цяжкіх работ найболей над імі зьдзекавалася менавіта тая клятая фінка. Штрафбарак нарэшце распусьцілі, было ўжо пад весну. Дзяўчаты столькі нацярпеліся ад прыдуркаў, што пастанавілі ахвяраваць сабою й хоць адной адпомсьціць. Згаварыліся яны яшчэ ў штрафбараку тоўчаным шклом сыпнуць у вочы Бірклан, як гэта рабілі блатныя, каб болей, гадзіна, ня бачыла сьвету. У кожнай важнейшай справе амаль усе радзіліся са мною. Вось і явілася «дэлегацыя». Я іх выслухала. Сказала, каб мне прынесьлі тое тоўчанае шкло. Яго прынесьлі, добрую жменю ў хустачцы. Трэба было сьпяшацца, пакуль не надьтдуць каротшыя ночы. Тады я кажу: «Дзеці, а ці варта гінуць нам за такую дрэнь?» — «Трэба, — кажуць, — рады ад іх няма». Трэба — ведала гэта і я. Але такі мне жаль стаў дарагіх дзяўчатак, асабліва харошай, любай літовачкі Ядзяле, што я пачала іх спыняць. «Рэч страшная, — кажу. — А вы спрабавалі словам? Трэба спачатку словам спыняць іх». — «Ды што вы, Ларыса Антонаўна, яны, гэтыя гіены — і словы, ды хто адважыцца гутарыць з дрэнямі, прададуць як міленькіх». — «Я, — кажу, — сама буду гутарыць». Замерлі дзяўчаткі, калі аднойчы я выклікала Бірклан на лагерную дарогу і ўсе ёй сказала, а яшчэ й тое, як яна ў сушылцы радзіла надзорам трымаць мяне ў БУРы, далей ад людзей. Бірклан зьбялела, яна клялася й бажылася, што не вінаватая. Я ёй парадзіла не трымаць дзяўчат ля кіркі, калі сам канвой іх здымае, не даваць ім зьвярыных нормаў, не даносіць, іначай будзе тое, што мела стацца цяпер. Мяне яна не ўдала й год, гадзіна, была як чалавек, але пасьля ізноў за сваё ўзялася. Мяне вывезьлі ў штрафны лагер, і калі пасьля двух гадоў зноў вярнулі ў Інту, дык першай абняла мяне й расцалавала Ядзяле. У Інце ўжо пакрысе пускалі на волю людзей, і яна, стройная, высокая, мілая, сказала мне: «Як вам дзякую, што вы не дапусьцілі, каб я чалавеку высмаліла вочы. Як я тады змагла б глядзець у вочы сваяму дзецятку, якое, можа, некалі Бог мне дасьць»… Гдзе яна сяньня, гэта мая Шатрыя, такі быў яе псэўдонім.
Літоўцы нейк асабліва добра да мяне адносіліся. Часам, калі ляжала мая торбачка з кусочкам хлеба, яны падкрадалiся й між хлеба клалі кусочак «лашэнюкас», сала па-іхняму, і я толькі заўважала гэта на рабоце, мне тады хацелася плакаць.
Дні міналі трывожныя, безнадзейна прыгнечаныя. Начальства прыдумвала штораз то новыя, вышуканыя мэтады маральнага зьдзеку. Нарэшце начапілі нам на плечы нумары. Чорныя цыфры на белай ганучы. Мой нумар быў «0–287». Калі быў крыху лепшы канвой, а пачыналася пурга, нельга было працаваць і зараньне яшчэ было вясьці нас у зону, дык мы рознае прыдумвалі, а калі перамерзьлі, як тыя дзікары, барукаліся, качаліся па сьнезе. Зусім не дзіўлюся, калі глядзелі на нас як на дурняў. А часам чапляліся, каб я гаварыла ім нейкую імправізацыю, і так аднойчы аб намярох я сказала вершык на кожны номер. На свой яшчэ памятую сяньня: