Стамбульскі экспрэс
Шрифт:
Майет пачуваў сябе стомленым. Напярэдадні яму давялося да гадзіны ночы абмяркоўваць з бацькам, Джэйкабам Майетам, справы Стэйна, і, калі ён убачыў, як трасецца ў бацькі сівая барада, ён зразумеў, як ніколі раней, што кіраўніцтва фірмай выпадае з аздобленых пярсцёнкамі старэчых пальцаў, якім цяжка было трымаць нават шклянку з цёплым малаком. «Пенку ніколі не здымуць», — паскардзіўся Джэйкаб Майет, дазваляючы сыну лыжкай зняць пенку з малака. Цяпер ён шмат чаго дазваляў рабіць сыну, не звяртаючы ніякай увагі на Пейджа — пасада дырэктара была проста ўзнагародай за яго дваццацігадовую службу старшым клеркам у фірме. «Майет, Майет і Пейдж» — гэта я», — думаў Майет, не адчуваючы ніякага хвалявання ад вялікай адказнасці, якая легла на яго плечы:
Учора ўвечары паміж імі ўзніклі спрэчкі наконт Экмана. Джэйкаб Майет быў упэўнены, што Стэйн ашукаў Экмана, а яго сын лічыў, што іх агент быў у змове са Стэйнам. «Вы ўбачыце самі», — гаварыў ён, перакананы ў сваёй праніклівасці, але Джэйкаб Майет увесь час паўтараў: «Экман разумны. Нам трэба мець там разумнага чалавека».
Майет ведаў, што не варта ўладкоўвацца спаць да граніцы ў Герберштале. Ён дастаў разлікі, прапанаваныя Экманам як аснова перагавораў са Стэйнам: велічыня асноўнага капіталу аднаго ўладальніка, кошт перадачы права на фірму, сума, якую, паводле яго меркаванняў, прапанаваў Стэйну другі пакупнік. Праўда, Экман у сваім шматслоўным паведамленні не назваў прозвішча Моўлта, ён толькі намякнуў на яго, каб пакінуць сабе магчымасць потым адмовіцца ад гэтага. Моўлты да гэтага часу ніколі не цікавіліся разынкамі, толькі раз яны нядоўга пайгралі на рынку фінікаў. Майет думаў: «Я не магу даверыцца гэтым лічбам. Справа Стэйна нам вельмі каштоўная, нават калі б мы патапілі ў Басфоры ўсе яго акцыі: нам важна заваяваць манаполію, а іншым фірмам гэта было б набыццём стратнай справы, якая збанкрутавала ў канкурэнтнай барацьбе з намі».
Лічбы нібыта ў тумане паплылі ў яго перад вачыма, яго хіліла на сон. Адзінкі, сямёркі, дзесяткі ператварыліся ў дробныя вострыя зубы Экмана. Шасцёркі, пяцёркі, тройкі, нібыта ў фантастычным фільме, ператварыліся ў чорныя бліскучыя вочы Экмана. Камісійныя аддзякі ў выглядзе каляровых паветраных шарыкаў лёталі ўздоўж вагона, памеры іх усё павялічваліся, і Майет шукаў шпільку, каб пракалоць іх адзін за адным. Ён поўнасцю прачнуўся ад тупату ног — нехта хадзіў туды-сюды на калідоры. «Бедалага», — падумаў ён, убачыўшы, як карычневы плашч і сашчэпленыя за спіной рукі зніклі за акном.
Аднак у яго не было літасці да Экмана, у думках ён ішоў следам за ім з канторы ў кватэру ў сучасным будынку, у зіхатлівы туалет, у серабрыстую з пазалотай ванную, у залітую святлом, застаўленую моднай мяккай мэбляю гасцёўню, дзе яго жонка бесперапынна шые куртачкі, штонікі, каптурыкі і вяжа шкарпэткі англіканскай місіі: Экман — узорны хрысціянін.
Шкляныя сцены купэ дрэнна захоўвалі цеплыню. Быў страшэнны холад, красавіцкая ноч нагадвала старамодную калядную віншавальную паштоўку, якая зіхаціць інеем. Майет зняў з кручка футру і выйшаў на калідор. Цягнік стаіць у Кёльне амаль сорак пяць хвілін — даволі часу, каб выпіць кубачак гарачай кавы ці келіх каньяку. А пакуль што ён можа, як і чалавек у плашчы, пагуляць па калідоры.
Пакуль знешні свет не адцягнуў яго ўвагу, Майет ведаў, што ў шпацыры па калідоры з ім будуць нябачныя прывіды Экмана і Стэйна. «У Экмана, — думаў ён, абмываючы гарачай вадой брудны ўмывальнік, — да ўнітаза ланцужком прыкавана Біблія». Так, прынамсі, яму казалі. «Вялікая, пашарпаная і па-сапраўднаму сямейная кніга сярод срэбных з пазалотай кранаў і затычак, і гэтая Біблія сведчыла кожнаму, хто абедаў у Экманаў, што гаспадар — добры хрысціянін. Не трэба было рабіць ускосных намёкаў пра наведванне царквы, на пасольскага святара, варта было толькі яго жонцы спытаць: «Можа, вы хочаце памыць рукі, дарагая?» — ці яму самому па-сяброўску задаць тое самае пытанне мужчынам пасля кавы з каньяком. Аднак пра Стэйна Майет нічога не ведаў.
— Вельмі шкада, што вы не выходзіце ў Будзе, калі вы так цікавіцеся крыкетам. Мне надта цяжка набраць адзінаццаць ігракоў на дзве каманды ў нашым пасольстве, — гаварыў чалавек, ківаючы галавой
Ён ішоў міма купэ з сядзячымі месцамі ў вагоне другога класа. Мужчыны, зняўшы камізэлькі, ляжалі на лавах, шчокі ў іх абраслі шчэццю. Жанчыны з лінялымі валасамі, пакрытымі вязанымі сеткамі, такімі самымі, як вязаныя з саломы карзіны на паліцах, раскінуліся ў нязграбных позах: поўныя грудзі і вузкія клубы, шырокія клубы і худыя грудзі — усё безнадзейна пераблыталася. Высокая хударлявая жанчына прачнулася на імгненне і жаласна паскардзілася: «Піва, якім ты мяне пачаставаў, было проста жахлівае. Страўнік у мяне буркоча — ладу няма як». Насупраць сядзеў яе муж, з ухмылкай сачыў за яе заплюшчанымі ў сне вачамі, кідаючы зрэдку позірк на дзяўчыну ў белым плашчы, якая ляжала на лаўцы побач з ім. Адной рукой ён паціраў няголеную шчаку, а другую крадком паклаў каля ног дзяўчыны. Майет запаволіў крок і запаліў цыгарэту. Яму падабалася зграбная постаць і твар дзяўчыны, крыху падфарбаваныя губы. Не скажаш, каб яна выглядала нейкай незвычайнай прыгажуняй, аднак тонкія рысы твару, маленькая галоўка, вытанчаныя нос і вушы надавалі ёй асаблівую вясёлую прывабнасць, якая нагадвае вітрыну вясковай крамы на Каляды, поўную бліскучай мішуры і немудрагелістых квяцістых сувеніраў. Майет успомніў, як яна ўважліва глядзела на яго з другога канца калідора, і яму захацелася даведацца, каго ён ёй нагадаў. Ён быў удзячны дзяўчыне за тое, што ў яе позірку не было ніякай варожасці — яна не здагадвалася, як няёмка пачуваў ён сябе ў шыкоўнай вопратцы, якую можна купіць толькі ў самых дарагіх крамах.
Мужчына, які сядзеў побач з дзяўчынай, употай паклаў руку на яе шчыкалатку і пачаў вельмі асцярожна перамяшчаць яе да калена. Адначасова ён сачыў за жонкай. Дзяўчына прачнулася і расплюшчыла вочы. Майет пачуў, як яна сказала: «Надта холадна», — і зразумеў па яе знешне ветлівым, але насцярожаным тоне, што яна заўважыла толькі што адхопленую руку. Потым яна ўзняла вочы і ўбачыла, што Майет назірае за ёй. Дзяўчына была тактоўная і цярплівая, але, на думку Майета, ёй не ставала хітрасці. Ён разумеў, што цяпер яна ацэньвае ў думках яго якасці і параўноўвае яго са сваім спадарожнікам, як бы прыкідваючы, з кім бы ёй было лепей: яна хацела пазбегнуць непрыемнасцей, — гэта прачытаў у яе на твары. І яго прывялі ў захапленне яе смеласць, кемлівасць і рашучасць.
— Бадай што, пайду папалю цыгарэту, — сказала дзяўчына, шукаючы ў сумачцы пачак. Потым яна апынулася каля яго.
— Запалку?
— Дзякуй.
І адышоўшы крыху далей, каб іх не было чутно з яе купэ, яны пачалі ўглядацца ў цемрадзь, запоўненую прыглушанымі гукамі.
— Мне не падабаецца ваш сусед.
— Выбіраць не даводзілася. Не такі ўжо ён і благі. Яго завуць Пітэрс.
Пасля кароткай паўзы Майет азваўся:
— А мяне — Майет.
— Смешнае прозвішча. Мяне завуць Корал. Корал Маскер.
— Танцуеце?
— Так. У вар'етэ.
— Амерыканка?
— Не. Чаму вы так падумалі?
— Па вашым вымаўленні. Адчуваецца амерыканскі акцэнт. Бывалі там калі-небудзь?
— Ці бывала я там? Вядома, была. Шэсць прадстаўленняў на тыдзень і два ранішнікі. Сад Загараднага клуба, Лонг-Айлэнд, Палм-Біч, Клуб халасцякоў на Рыверсайд-Драйв. Разумееце, калі не гаворыш па-амерыканску, няма ніякіх шанцаў удзельнічаць у ангельскай музычнай камедыі.
— Вы — разумная дзяўчына, — сказаў Майет сур'ёзна, кінуўшы думкі пра Экмана і Стэйна.