Стамбульскі экспрэс
Шрифт:
Ён глянуў на яе вачыма, поўнымі маўклівага спачування.
— Вядома ж, такіх грошай у вас няма.
— Што мне рабіць? Я хворая?
— Хіба я магу даваць вам парады? Калі б у вас былі грошы, я мусіў бы сказаць вам: вазьміце адпачынак на шэсць месяцаў, едзьце ў Паўночную Афрыку. Вы страцілі прытомнасць, бо вельмі стаміліся і замерзлі. Вядома, я ўсё гэта магу вам параіць, але ж якая ад гэтага карысць? У вас хворае сэрца. Шмат гадоў вы яго перанапружвалі.
Крыху спалоханая, яна разгублена спытала ў яго:
— Дык што ж мне рабіць?
Яму засталося толькі бездапаможна развесці рукамі:
— Нічога. Жывіце, як жылі. Старайцеся як мага болей адпачываць. Апранайцеся цёпла. Вы занадта лёгка апрануты.
Прагучаў свісток, і цягнік, уздрыгнуўшы, пачаў
— Калі я вам яшчэ спатрэблюся, знойдзеце мяне ў трэцім вагоне. Маё прозвішча Джон. Доктар Джон.
— А мяне завуць Корал Маскер, — з нясмелай ветласцю сказала яна.
Ён злёгку схіліў галаву, цырымонна, як робяць чужынцы, і пайшоў прэч. У яе ў памяці засталіся яго вочы, якія ўжо былі затуманеныя адчужанасцю, нібыта асеннім дажджом. Ніколі раней ёй не даводзілася сутыкацца з тым, што пра яе так хутка забываліся. «Такую дзяўчыну мужчыны хутка забываюць», — праспявала яна ціхенька, каб крыху падбадзёрыць сябе.
Але не паспеў доктар адысці некалькі крокаў ад яе, як нехта яго спыніў. Гэта быў невысокі бледны чалавечак, які пракраўся ціха і асцярожна, трымаючыся за парэнчы калідора. Корал пачула, як ён звярнуўся да доктара:
— Што тут здарылася? Можа, патрэбна мая дапамога? — ён быў на цэлы фут ніжэйшы за доктара, і яна ўголас засмяялася, убачыўшы, як, закінуўшы галаву, ён пільна ўглядаецца ў твар субяседніку. — Не думайце, што гэта простая цікаўнасць, — гаварыў ён, ухапіўшы доктара за рукаў. — Святар у маім купэ вырашыў, што нехта захварэў. Я паабяцаў яму пайсці і ўсё высветліць, — горача дадаў ён.
Яшчэ раней Корал заўважыла, што доктар увесь час шпацыраваў сам-насам па калідоры вагона, замест таго каб сядзець у кампаніі іншых пасажыраў у сваім купэ. Цяпер жа, насуперак яго волі, ён апынуўся ў цэнтры ўвагі: дакучлівыя пытанні і просьбы назалялі яму, як калючкі дзядоўніку. Таму яна чакала, што доктар выбухне, накінецца на гэтага назойлівага тыпа з пракляццямі і той, зганьбаваны, ні з чым вернецца ў сваё купэ. Аднак доктар адказаў яму ветліва і далікатна, і гэта яе ўразіла.
— Вы сказалі — каталіцкі святар?
— Не, не, — пачаў апраўдвацца чалавечак. — Я не ведаю дакладна, якога ён веравызнання, да якой царквы належыць. Што ж тут усё-такі здарылася? Нехта памірае?
Доктар Джон, відаць, зразумеў, што апошнія словы напалохалі Корал, і крыкнуў ёй з канца калідора, каб яна не звяртала на іх увагі, а потым вырваўся з рук незнаёмага, які затрымліваў яго. Маленькі чалавечак на нейкі момант заставаўся шчаслівым гаспадаром становішча. Атрымаўшы з гэтага поўнае задавальненне, ён падышоў да дзяўчыны і запытаўся ў яе:
— Што тут здарылася?
Яна нават не глянула на яго, а звярнулася да чалавека, які зычліва паставіўся да яе:
— Я ж не такая ўжо хворая, праўда?
— Што мяне асабліва ўразіла, дык гэта яго акцэнт, — працягваў незнаёмы. — Адразу відаць, што ён чужынец, хоць і назваў сябе нейкім ангельскім прозвішчам. Бадай што, пайду і пагавару з ім.
Розум у яе зусім праясніўся з таго моманту, калі яна прыйшла да памяці: перакулены з ног на галаву свет, дзе не доктар, як на самой справе, а яна нахілілася над ім, і яму патрэбная была нібыта яе спагада і клопат, — крута перавярнуў яе ўяўленне пра жыццё.
— Не трэба яго турбаваць, — папрасіла яна незнаёмага, але таго ўжо не было побач, і ён не пачуў яе просьбы.
— Як вы думаеце? — спытаў Майет. — Можа, ён мае рацыю? Можа, сапраўды тут крыецца нейкая таямніца?
— У кожнага з нас ёсць свае асабістыя тайны.
— Магчыма, ён хаваецца ад паліцыі?
— Ён добры, — сказала яна з абсалютнай упэўненасцю ў справядлівасці гэтага сцвярджэння.
Майет пагадзіўся з ёю — гэта дазволіла ім болей не думаць пра доктара.
— Вам трэба легчы, — сказаў ён, — і пастарацца заснуць.
Яна адказала няпэўна:
— Я не змагу заснуць, калі побач тая жанчына з яе страўнікам.
Ён адразу прыгадаў містэра Пітэрса, які сядзіць у сваім кутку і чакае, калі яна вернецца, каб узнавіць на дармаўшчыну бязвіннае
— Вы павінны пайсці ў маё спальнае купэ.
— Як? У вагоне першага класа?
Тое, што яна не паверыла яму, хоць і вельмі хацела гэтага, вызначыла ўсё: Майет вырашыў зрабіць шырокі жэст у духу ўсходніх багацеяў — паднесці дарагі падарунак, не чакаючы і не патрабуючы нічога ўзамен. Скнарлівасць — традыцыйны папрок людзям яго нацыянальнасці, аднак ён пераканае адну з хрысціянак у тым, што гэта зусім не так. Сорак гадоў жыцця ў пустыні, далёка ад урадлівых земляў Егіпта, выпрацавалі ў яго продкаў суровую звычку — абыходзіцца некалькімі фінікамі і глытком вады. Дый і тысячагоддзі, праведзеныя ў пустэчы хрысціянскага свету, дзе даводзілася дзеля бяспекі хаваць свае скарбы, не заахвочвала да шчодрасці. Аднак свет змяніўся, пустыня расквітнела, у розных месцах свету, асабліва ў Заходняй Эўропе, жыд можа выявіць іншыя якасці характару, раней уласцівыя толькі арабам, — якасці па-царску шчодрага гаспадара, які здатны абмыць ногі жабраку і накарміць яго са сваёй талеркі; часам ён можа з ворага багатых хрысціян ператварыцца ў сябра любога самага апошняга жабрака, што імем госпада бога папросіць прытулку. Спакваля грукат цягніка аціхаў у яго галаве, святло ў вачах тухла, калі ён дзеля задавальнення пачуцця сваёй чалавечай годнасці паставіў у аазісе намёт і выкапаў у пустыні калодзеж. Ён развёў перад дзяўчынай рукі:
— Так, вам трэба адпачыць, і вы будзеце спаць у маім купэ. Я дамоўлюся з кандуктарам. І маё футра — вы павінны яго ўзяць. Яно вас сагрэе. У Кёльне я прынясу вам кавы, а зараз вам лепей паспаць.
— Я не змагу заснуць, пакуль не даведаюся, дзе вы самі будзеце спаць.
— Знайду дзе-небудзь. У цягніку гэтым разам шмат свабодных месцаў.
Ізноў Корал адчула бязмежную пяшчоту, якая цяпер ужо не палохала яе, — здавалася, што яе падхапіла цёплая хваля, і здарылася гэта непадалёк ад берага, і нават калі страх агорне яе, яна зможа стаць нагамі на пясчанае дно, — і гэтая хваля нясе яе, без ніякіх намаганняў з яе боку, туды, куды ёй хочацца, — да ложка, да падушкі, да свежых прасцін, дзе яна зможа залезці пад цёплую коўдру і заснуць. Яна сэрцам адчула, як да Майета разам з упэўненасцю вярнуліся міласэрнасць, літасць, дабрыня, і замест таго каб прасіць прабачэння і нешта гаварыць суцяшальнае, ён проста ператварыўся ва ўвасабленне дабрыні і зычлівасці.
Майет не стаў шукаць кандуктара, а прыткнуўся на адкідным сядзенні ў калідоры, склаў накрыж рукі і ўладкаваўся падрамаць да Кёльна. Але без футры было вельмі холадна. Хоць усе вокны на калідоры былі зачынены, усё адно цягнула скразняком з дзвярэй на пляцоўку паміж вагонамі. Дый грукатанне цягніка цяпер было не такое аднастайнае, каб да яго прызвычаіцца: паміж Гербершталем і Кёльнам было шмат тунеляў, а ў кожным з іх грукат узмацняўся. Майет спаў неспакойна: імклівы напор выпушчанай пары і скразняк з дзвярэй, які халадзіў яму твар, ублытваліся ў яго трывожны сон. Калідор ператварыўся ў Спаніердз-роўд [8] , абапал якой цягнуліся зараснікі верасу. Ісаак павольна вёз яго ў сваім «бэнтлі» [9] , яны разглядвалі дзяўчат, якія шпацыравалі парамі ўздоўж асветленага ліхтарамі ўсходняга боку вуліцы, — гэта былі прадаўшчыцы, якія рызыкоўна прапаноўвалі сябе за келіх віна ў гатэлі, прагулку ў аўтамабілі і за магчымасць павясяліцца на дармаўшчыну; на другім баку вуліцы ў прыцемках сядзелі на лаўках прастытуткі, азызлыя, знябытыя і старыя; спіны ў іх былі павернуты да пясчаных адхонаў і кустоў верасу, яны чакалі якога-небудзь нямога ці сляпога мужчыну, зусім лядачага, які б прапанаваў ім дзесяць шылінгаў.
8
Вуліца ў Лондане.
9
Марка дарагога аўтамабіля кампаніі «Ролс-ройс».