Стамбульскі экспрэс
Шрифт:
Каля ліхтара Ісаак прытармазіў «бэнтлі», міма праплывалі незнаёмыя, маладыя, прыгожыя твары дзяўчат. Ісааку чамусьці хацелася пухленькую бландзінку, а Майету — стройную брунетку, аднак падчапіць якраз такіх было нялёгка: уздоўж усходняга боку вуліцы цягнулася чарада машын іх супернікаў, а дзяўчаты палілі цыгарэты і пасміхаліся, прыхіліўшыся да адчыненых дзвярэй; на другім баку вуліцы цярпліва вяла назіранне толькі іх адзіная двухмесная машына. Майета пачалі ўжо злаваць бескампрамісныя дамаганні Ісаака, у «бэнтлі» было холадна, у твар дзьмуў скразняк, — і ўбачыўшы, што міма праходзіць Корал Маскер, ён выскачыў з машыны, прапанаваў ёй спачатку цыгарэту, потым выпіўку і, нарэшце, паездку ў машыне. «Такія дзяўчаты маюць, зрэшты, адну добрую якасць, — думаў Майет, —
Корал Маскер у адчаі адкінула руку з коўдры: яна танцавала, танцавала і танцавала ў асляпляльных промнях тэатральных пражэктараў, а бязлітасны рэжысёр усё біў яе палкай па голых нагах, прыгаворваючы, што яна дрэнна танцуе, што спазнілася на месяц і парушыла кантракт. А яна ўсё танцавала, танцавала і танцавала, не звяртаючы на яго ніякай увагі, а ён усё біў яе палкай па нагах.
Місіс Пітэрс павярнула галаву і сказала мужу:
— Гэтае піва. Мой страўнік ніяк не сціхае. Усё бурчыць і бурчыць. Не магу заснуць.
Містэру Оўпі прыснілася, што ён — апрануты ў стыхар, з крыкетнай бітай пад пахай і спартыўнай пальчаткай на запясці — узыходзіць па агромністай мармуровай лесвіцы да святога прастола ў божым храме.
Доктар Джон, які нарэшце заснуў з горкай пілюляй пад языком, раптам загаварыў па-нямецку. Яму не дасталася спальнага месца: ён сядзеў, выпрастаўшыся ў куточку купэ, і скрозь дрымоту пачуў, як за вокнамі загучала павольнае і распеўнае: «Кёльн, Кёльн, Кёльн».
Частка другая
Кёльн
1
— Ну, вядома ж, любая, я не супраць таго, што ты п'яная, — сказала Джанет Пардаў. На вежы вакзала ў Кёльне гадзіннік прабіў адзін раз, і афіцыянт на тэрасе «Эксцельсіёра» пачаў выключаць святло. — Пачакай, любая, давай я прывяду ў парадак твой гальштук. — Яна нахілілася праз столік і паправіла гальштук у Мейбл Уорэн.
— Мы жывём разам тры гады, — сказала міс Уорэн нізкім маркотным тонам, — і я ніколі не дазваляла сабе павышаць на цябе голас.
Джанет Пардаў пакратала пальцам з парфумай за вушамі.
— Напрамілы бог, дарагая, паглядзі на гадзіннік. Цягнік адыходзіць праз паўгадзіны, мне трэба ўзяць багаж, а табе — інтэрв'ю. Дапівай свой джын, і пойдзем.
Мейбл Уорэн дапіла джын. Потым паднялася з крэсла, і яе мажная постаць злёгку хіснулася. На ёй быў гальштук, крухмальны каўнерык і спартыўнага крою гарнітур з цвіду. Бровы ў яе былі цёмныя, вочы карыя і рашучыя, а цяпер — чырвоныя ад слёз.
— Ты ж ведаеш, чаму я п'ю, — запярэчыла яна.
— Усё гэта глупства, любая, — сказала Джанет Пардаў, глянуўшы ў люстэрка пудраніцы, каб канчаткова пераканацца, што прыгожая. — Ты добра напівалася яшчэ да сустрэчы са мной. Хоць трошачкі ведай меру. Я ж пакідаю цябе толькі на тыдзень.
— Трымайся далей ад мужчын! — пахмурна сказала міс Уорэн, а калі Джанет Пардаў паднялася, каб перайсці вуліцу, яна моцна ўчапілася
— Ох, напрамілы бог, пойдзем хутчэй, Мейбл, — сказала Джанет.
Настрой у міс Уорэн змяніўся. Яна выпрасталася і заступіла Джанет дарогу.
— Ты кажаш, я п'яная. Так, сапраўды, я п'яная. Але я нап'юся яшчэ болей.
— Лепей пойдзем хутчэй.
— Не, ты вып'еш са мной яшчэ крыху, альбо я не пушчу цябе на платформу.
Джанет Пардаў саступіла:
— Адну шклянку, толькі адну, май на ўвазе.
Яна правяла Мейбл Уорэн цераз велізарны, прасторны, бліскучы, чорны вестыбюль у пакой, дзе некалькі стомленых мужчын і жанчын паспешліва глыталі кубачкі кавы.
— Яшчэ адзін джын, — папрасіла міс Уорэн, і Джанет заказала ёй шклянку джыну.
У люстры на супрацьлеглай сцяне міс Уорэн убачыла сваю постаць: барвяна-чырвоны твар, валасы ўскалмачаныя, — даволі агіднае стварэнне, а побач з ёй другая, такая знаёмая і дарагая істота — зграбная, цёмнавалосая, цудоўная, прыгожая. «Чаго я вартая? — з маркотай, уласцівай п'яніцам, падумала яна. — Я яе стварыла, я нясу за яе адказнасць, — а потым з цынічнай жорсткасцю дадала ў думках: — Яна ў мяне на ўтрыманні. Усё, у што яна апранутая, аплачана мною, маімі крывёю і потам (хоць батарэі ў рэстаране не ратавалі яе ад пранізлівага холаду), падымаюся на досвітку, бяру інтэрв'ю ў гаспадынь бардэляў у іхніх логавах, у матак забітых дзяцей, «асвятляю» тое, «асвятляю» гэтае. Яна ведала і нават ганарылася тым, што пра яе гаварылі ў рэдакцыях лонданскіх газет: «Калі вам трэба прымусіць чытачоў загаласіць, такі матэрыял зробіць вам толькі Незвычайная Мейбл». Яе ўладанні — ажно да самага Рэйна, паміж Кёльнам і Майнцам не знойдзецца ніводнага мястэчка, вялікага ці малога, дзе ёй не ўдалося выцягнуць шчырых чалавечых пачуццяў у людзей, зусім ёй не знаёмых, яна насільна выцягвала з вуснаў самых змрочных мужчын драматычныя прызнанні, прыдумвала кранальныя словы за анямелых ад гора жанчын. Ніводзін самазабойца, ніводная забітая жанчына, ніводная згвалчаная дзяўчына не закраналі яе пачуццяў, не выклікалі ў яе шкадавання. Яна — мастак, і яе задача — крытычна даследаваць, назіраць, прыслухоўвацца, а слёзы — яны выпадаюць чытачам газеты. Аднак цяпер яна сядзела і плакала ўголас, з агіднымі ўсхліпамі, бо яе Джанет не будзе побач цэлы тыдзень.
— У каго ты будзеш браць інтэрв'ю? — спытала Джанет Пардаў. Яе гэта зусім не цікавіла, але яна хацела адцягнуць Мейбл Уорэн ад думак пра разлуку: яе слёзы выклікалі агульную ўвагу. — Табе трэба прычасацца.
Яна была проставалосая, і яе чорныя, каротка, па-мужчынску падстрыжаныя валасы зусім раскудлаціліся.
— У Сейвары, — адказала міс Уорэн. — Прадаў сотню тысяч экземпляраў кнігі «Развясёлае жыццё». Паўмільёна слоў. Дзве сотні персанажаў. Геніяльны кокні [10] . Выдатна валодае жывой гаворкай лонданцаў.
10
Карэнны жыхар Лондана.
— А куды ён едзе ў гэтым экспрэсе?
— Едзе на Ўсход збіраць матэрыял на новую кнігу. Праўда, гэта не зусім мая работа, аднак, калі выпала мне цябе праводзіць, выкарыстаю магчымасць і вазьму ў яго інтэрв'ю. Заказалі мне артыкул на чвэрць газетнай калонкі, але, відаць, у Лондане скароцяць да пары абзацаў. Зараз яшчэ не час на такія матэрыялы, а вось улетку яму б абавязкова адвялі паўслупка сярод паведамленняў пра русалак і марскіх канькоў.
Раптоўны ўсплеск прафесійнай цікаўнасці схлынуў, як толькі яна зноў глянула на Джанет Пардаў: раніцай яна не ўбачыць, як Джанет у піжаме налівае ў кубачкі каву, а ўвечары, вярнуўшыся дадому, не ўбачыць, як Джанет у піжаме размешвае кактэйль.