Страчаная спадчына
Шрифт:
На мяжы XVIII–XIX стст. у Юсцініянаве сфармавалася вялізная сядзіба з цудоўным мураваным палацам. Праект палаца і нагляд за яго будаўніцтвам ажыццяўляў архітэктар К. Спампані. Па кантракту, заключанаму паміж ім і Юсцініянам Шчытам 28 верасня 1779 г., дойлід быў абавязаны збудаваць палац і флігелі да яго, а таксама спланаваць парк. З дагавора відаць, што фундатар унікаў ва ўсе бакі праектавання будынка, абгаварваў усе дэталі, патрабаваў, каб архітэктар узгадняў свае дзеянні з яго густам. Усе работы па кантракту мусілі быць завершаны ў тры гады, але хвароба і хуткая смерць Спампані ў 1783 г. спыняе будаўніцтва. У вядомай меры гэта пацвярджаюць мемуары Яна Вейсенгофа (1791–1878). Наведаўшы Юсцініяна Шчыта ў 1804 г., ён успамінае аб пабудаваным на беразе Дзвіны «палацы
Як выглядаў палац, бачна на акварэлі Н. Орды 1875–1876 гг. Двухпавярховы, простакутны ў плане, адзінаццацівосевы будынак пад высокім чатырохсхільным дахам стаіць у атачэнні парка на даволі стромкім беразе Дзвіны. Дваровы фасад з рызалітам у цэнтры завяршаецца трохкутным франтонам. На рызаліце выступае балкон на чатырох калонах. Галоўны фасад афармляе калонны порцік, які Спампані выкарыстоўваў амаль ва ўсіх сваіх класіцыстычных будынках. Побач з палацам знаходзіцца крыты чатырохсхільным дахам свіран, а побач з ім — капліца.
Янавіцкая сядзіба
Маёнтак Янавічы (Віцебскі р-н) з'яўляўся часткай аграмадных латыфундзій Сапегаў у Віцебскім княстве. Праз невядомы час ён дастаўся Дварэцкім-Багдановічам. У другой палове XIX ст. маёнтак атрымаў у спадчыну павятовы маршалак Юзаф Дварэцкі-Багдановіч, сын маршалка Суражскага павета Рафаіла. Пасля яго маёнтак у 4000 дзесяцін з броварам і тартаком пераходзіць у спадчыну яго чатыром сыпам. Існаваў да 1917 г.
У сядзібе меўся цудоўны драўляны дом, пабудаваны ў стылі позняга класіцызму ў першай палове XIX ст. Будынак стаяў на высокім фундаменце ў плане падковы, звернутай у тыльны бок дома. Уваход афармляў ганак з двума крайнімі пілонамі і дзвюма сярэднімі калонамі, якія неслі антаблемент з трохкутным франтонам. Злева і справа ад ганка знаходзіліся калонныя лоджыі. Двухкалонны сціплы ганак змяшчаўся і пасярэдзіне тыльнага фасада. На натуральным фоне драўлянага зруба вылучаліся пабеленыя калоны і ліштвы вокнаў. Унутры дом налічваў больш за дзесяць прасторных пакояў і залу, з якой адкрываўся цудоўны краявід на возера і яго берагі. Памяшканні былі абсталяваны мэбляй у стылі Луі Філіпа і дэкарыраваны творамі жывапісу.
Сядзіба размяшчалася на беразе маляўнічага возера сярод прыгожага англійскага парку, праз які праходзіла працяглая ўязная алея. Дом патанаў у атачэнні дэкаратыўных дрэў і кустовых пасадак.
Анатоль Кулагін
Гарады і час
У гісторыі матэрыяльнай культуры народа горад — з'ява асаблівая. Ён служыць асяроддзем жыццядзейнасці, у якім выразна адлюстраваны комплекс сацыяльных, эканамічных, палітычных, прыродных, ідэалагічных фактараў жыцця грамадства. Горад сінтэзуе ў сабе творы дойлідства розных гістарычных перыядаў, уключае розныя па сваёй сутнасці часткі: прыродныя элементы, злучаныя з імі прасторавую сістэму вуліц і плошчаў, культавыя, грамадскія, жылыя, вытворчыя будынкі, абарончыя ўмацаванні, малыя архітэктурныя формы. Гэтыя аб'екты знаходзяцца ў функцыянальным і мастацкім адзінстве і ствараюць новую ўласцівую пэўнаму гораду культурна-эстэтычную якасць. Страта асобных, на першы погляд нязначных элементаў заўжды істотна зніжала мастацкую каштоўнасць гарадскога комплексу ў цэлым.
Гарадскія пасяленні пераемна фармаваліся на працягу многіх стагоддзяў, убіраючы дасягненні розных культур. У гістарычных частках многіх сучасных гарадоў Беларусі відавочныя планіровачныя элементы перыядаў Полацкай Русі і Вялікага Княства Літоўскага. Захаваліся асобныя ўнікальныя збудаванні альбо іх фрагменты XI–XIII стст., гатычныя і рэнесансныя пабудовы XIV–XVI стст. Рэгулярныя
Гістарычна абумоўлены працэс страты нерухомых культурных каштоўнасцей гарадоў з'яўляецца важнай сацыяльнай праблемай. Існуюць дзве групы прычын, якія вызначалі разбурэнне архітэктурнай спадчыны ва ўсе гістарычныя перыяды: ваенныя дзеянні і неадпаведнасць старых архітэктурных форм функцыянальным і ідэалагічным запатрабаванням грамадства.
У гісторыі архітэктуры Беларусі выразна выявіліся абедзве групы прычын. Многія гарады і мястэчкі неаднаразова знішчаліся: у XVI ст. падчас вайны Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства з Маскоўскай дзяржавай і набегаў крымскіх татар, у сярэдзіне XVII ст. у перыяд вайны Расеі з Рэччу Паспалітай, у Паўночную вайну пачатку XVIII ст., а таксама ў вайну 1812 г. Панесены страты ў першую сусветную вайну, а разбурэнні выдатных помнікаў дойлідства і асабліва масавай гарадской забудовы ў Другую сусветную вайну агульнавядомыя.
Другая група прычын існавала ва ўсе эпохі. Выдатныя для свайго часу творы дойлідства перабудоўваліся адпаведна новым функцыянальным, ідэалагічным і эстэтычным патрабаванням. Абнаўленне гарадскога асяроддзя заўсёды мела ўстойлівы характар. Аднак важна падкрэсліць, што асаблівасцю сучаснай эпохі з'яўляецца культуралагічны падыход да архітэктурнай творчасці і фармавання асяроддзя жыццядзейнасці, неабходнасць і магчымасць захавання, візуальнага выяўлення і выкарыстання ўсяго духоўнага і матэрыяльнага патэнцыялу, што назапашаны ў розныя гістарычныя эпохі. Да нядаўняга часу, у савецкі перыяд, на гэтую групу прычын уплываў канфлікт паміж ідэалагічнымі запатрабаваннямі грамадства і мэтамі развіцця гарадоў, з аднаго боку, і існуючымі архітэктурнымі каштоўнасцямі, з другога, які ў шматлікіх выпадках не знаходзіў аб'ектыўнага і абгрунтаванага вырашэння.
Аналіз абедзвюх груп прычын можа быць тэмай асабістага сацыяльна-палітычнага і архітэктуразнаўчага даследавання. Мэтай дадзенага раздзела з'яўляецца выяўленне і аналіз багатай горадабудаўнічай спадчыны, што па розных абставінах не дайшла да нашага часу і можа служыць прадметам пераважна тэарэтычных рэканструкцый. Не ставяцца задачы ахарактарызаваць нерухомую культурную спадчыну, якая захавалася, метадалогію альбо немалы станоўчы вопыт рэалізацыі рэканструкцыі гістарычных раёнаў гарадоў, чаму прысвечана вялікае кола іншых крыніц.
Пры гэтым адзначым некаторыя найбольш важныя прычыны, якія абумовілі знішчэнне ці скажэнне гістарычнай планіровачнай структуры, забудовы і кампазіцыі гарадоў у 1950-1970-ых гг. і пазней. Да іх адносяцца: нізкі ўзровень развіцця тэорыі рэканструкцыі гарадоў; шкодныя для нацыянальнай культуры ідэалагічныя прынцыпы, галоўным чынам у адносінах да культавага дойлідства; слабая даследаванасць спадчыны многіх населеных месцаў; недахопы горадабудаўнічых і архітэктурных праектаў; нізкі ўзровень развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы рэстаўрацыі і рэканструкцыі забудовы; недастатковае фінансаванне работ па ахове спадчыны; арыентацыя будаўнічай базы рэспублікі пераважна на зборнае домабудаванне з абмежаванай тыпалогіяй шматпавярховай забудовы, не адпаведнай гістарычным раёнам; суб'ектывізм прыняцця горадабудаўнічых рашэнняў, паводле якіх ажыццяўляўся неабгрунтаваны знос гістарычнай забудовы пры размяшчэнні новых комплексаў.