Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Сутарэнні Ромула

Рублевская Людмила

Шрифт:

– А ты, Ася? – звярнуўся Скрыніч да дзяўчыны нібыта абыякава.

– Мы пазней, – адказала Арсенія, якой дужа не хацелася зноў апынацца поруч з двума “пераклінутымі” мужчынамі.

– Як хочаш… – Вячка зачыніў дзверы і скрануў з месца сваё “Рэно” так злосна, што тармазы віскатнулі, як коткі.

Ася і яе леў няспешна ішлі за іншымі, якія далікатна перагналі парачку. Пад нагамі было ўжо не поле, а гравійка, час ад часу замест каменьчыкаў траплялася патрушчаная на друз керамічная плітка – стракатая, як крыллі матылёў. А ля дома з белымі калонамі пачыналася знаёмая мітусня. Патрыятычны фільм пра вайну працягваў нараджацца, пакутліва і натхнёна. Масоўка віравала, як патрывожаны мурашнік. Узмоцненыя мікрафонамі галасы аддавалі

загады зрабіць устрывожныя твары, азірацца на гукі выбухаў і ні ў якім разе не глядзець у камеру. Адзін раз пачуўся і вісклівы голас Калантая, ад якога Корб-Варановіч скрывіўся, як ад няспелай ажыны ў роце. А потым гісторык бы спатыкнуўся, пачаў ліхаманкава корпацца ў заплечніку.

– Слухай, мы там кубак пакінулі… Вось я асёл… А раптам ноччу ўсё-ткі хто залезе! Мы ж і драбіны не дасталі. Ты ідзі з усімі, а я збегаю… Хутка даганю.

Ася незадаволена паморшчылася. Цалавацца над княскімі магіламі не трэба, тады й правалаў у памяці менш здарацца будзе. Праўда, было… хвалююча…

– Не затрымлівайся толькі.

Даніла сунуў ёй цяжкі заплечнік, лёгка пацалаваў у лоб і пабег… Паколькі вячэрняя і ранішняя прабежкі ад часоў вундэркіндства заставаліся для яго святым рытуалам, гісторык быў у добрай бягунскай форме і мусіў справіцца сапраўды хутка. Ася трохі паглядзела яму ўслед і пацягнулася даганяць археолагаў.

Над галавой пачуліся хрыплыя крыкі, якія нібыта сыпаліся на зямлю бруднымі камякамі. Вяжэвіч задрала галаву: у небе кружлялі сотні… а можа, тысячы чорных сілуэтаў, быццам камары… Выпісвалі адным ім вядомыя руны між зямлёю і аблокамі, нібыта рабілі замову на гэтую няшчасную краіну… Гракі? Крумкачы? Галкі? Вароны? Як гарадская дзеўчынёха, Арсенія ў такіх тонкасцях не разбіралася.

Метраў праз сто яна азірнулася: Корб-Варановіч, ейны патомны вораг, знікаў у зямлі… Потым азірнулася яшчэ раз: роўнае поле, як нікога не было. Аж неяк непамысна… Ды што граф так заваждаўся пад зямлёй, на магілу продка медытуе?

– Увага! Матор! – данеслася ад сядзібы, і раптам пачуўся моцны выбух… Ася не давала веры вачам: непадалёк ад таго месца, дзе знаходзіўся падземны храм, асядаў фантан зямлі. І зноў падняўся такі ж фантан… Нешта глуха грукнула… Яшчэ і яшчэ… Пад нагамі скаланулася зямля.

Вядома, гэта была бутафорыя… Вядома, ніхто ні ў кога тут насамрэч не страляў… Але сэрца сціснула ільдзяная рука жаху. Учора ж ад такіх бутафорскіх выбухаў абваліўся купал царквы! Відаць, устрывожылася не толькі Ася. Барадаты археолаг у ватоўцы сарваўся з месца і пабег, як шалёны, да сядзібы, зрываючы голас крыкам:

– Стойце! Спыніцеся! Там чалавек!

А Ася ірванула туды, дзе застаўся Даніла.

За ёй таксама нехта бег, абганяючы, благаючы… Вось зараз, зараз насустрач выйдзе плячытая постаць, іранічны нізкі голас папытаецца, што за паніку ўчынілі?

Каб яе не ўтрымалі за куртку, Ася б кульнулася ўніз. Там, дзе хавалася падземная царква, зямля прасела, утварыўшы вялізную яміну. Акуратны такі кратэр. На рыхлай паверхні ні знаку – толькі там-сям раскіданыя кавалкі цэглы.

Нехта побач пачаў разгублена, са слязьмі, лаяцца… І гэта было горш за смяротны прысуд.

Арсенія проста ўпала на калені і глядзела на свежую магілу свайго новага, няспраўджанага жыцця.

Чорныя птушкі раіліся ў небе, як пякельныя пчолы.

Раздзел 13. Агонь навагодняга балю

Колькі разоў гэты горад знішчаўся амаль цалкам… Яго нішчылі татары, шведы і маскоўцы, пажары, паводкі і пошасці… А ён аднаўляўся.

Аднаўляўся ён і цяпер, пасля чарговай ваеннай навалы… Людзі, як мурашкі, карпатліва разбіралі па каменьчыку завалы, ладзілі трамвайныя шляхі і лініі электраперадач… Ніякая галеча не магла зменшыць радасці ад таго, што настала Вялікая Перамога, што вайна скончаная, і жыццё чалавечае нарэшце набывае каштоўнасць… Вярталіся надзеі і святы.

Новы, 1946,

год рыхтаваліся адзначыць як мага пышна… Толькі старыя памяталі, што калісьці ў праваслаўных гэта быў час каляднага посту, і да Раства Хрыстова, каляднай вячэры і падарункаў ад Святога Мікалая заставаўся цэлы тыдзень, а каталікі ўжо тыдзень як тую калядную вячэру з’елі… Цяпер ёлкі, прыкрашаныя на вершалінах чырвонымі зоркамі, ставіліся па ўсёй краіне менавіта ў гонар Новага Году. У вызваленай сталіцы Беларусі самы пышны, самы вялікі баль мусіў адбыцца ў клубе магутнай арганізацыі, якая аддана змагалася з ворагамі народу, нямецкімі шпіёнамі і імперыялістычнымі дыверсантамі ўсіх масцей. 3 студзеня ў клуб імя Дзяржынскага на плошчы Свабоды былі запрошаныя паўтысячы лепшых вучняў горада і лепшыя настаўнікі. Якая бойка адбывалася за тыя запрашальнікі! Колькі інтрыгаў закруцілася, колькі слёзаў пралілося! Расказвалі легенды пра незвычайныя падарункі і пачастункі, якія чакаюць шчасліўчыкаў. Па ўсім Мінску шылі пышныя сукенкі – хто з атласу і крэпдэшыну, а хто й з парцьераў ці накрухмаленай марлі… Нехта здабываў для танцаў на паркеце лакавыя лодачкі з саюзніцкай дапамогі, а нехта падфарбоўваў самаробныя парусінавыя туфлі на пяньковых падэшвах…

Гэта мусіла быць адмысловае савецкае свята.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры мінскай сярэдняй школы нумар тры не атрымала запрашэння на гэтую вечарыну. Не таму, што яна была не самай лепшай настаўніцай, але акрамя педагагічных якасцяў улічвалася шмат што… Членства ў партыі, удзел у грамадскім жыцці… А яшчэ – ці быў пад акупацыяй, ці ўдзельнічаў у партызанскім і падпольным руху, ці няма падазроных сувязяў…

Пад акупацыяй жанчыне давялося пабыць, але нічым яна сябе не запляміла. У вёсцы ў цёткі давялося перажыць нашэсце карнікаў, ледзь уратавала сябе і малую дачку ад смерці ў падпаленай адрыне, у якую фашысты сагналі жыхароў. Потым – партызанскі атрад, праца настаўніцай у лясной школцы, удзел у баявых дзеяннях… Гэта дало права пасля вызвалення атрымаць пакой у камуналцы падвальнага паверху шыкоўнага дома на вуліцы Горкага, дзе жылі вядомыя пісьменнікі, толькі тыя, зразумела, не ў падвале, і выкладаць у прэстыжнай гарадской школе. Але жанчына мела пляму ў біяграфіі – яе муж яшчэ да вайны быў расстраляны як нацыянал-фашыст і агент польскай дэфензівы… Таму настаўніцу ніколі не пасылалі на злёты і з’езды перадавікоў адукацыі, і білетаў на імпрэзы, падобныя да гэтай, у клубе Дзяржынскага, ён не прызначалася.

А яна не пайшла б і сама. Не хацела сустракаць людзей з магутнай канторы, увогуле зноў мець хоць нейкае дачыненне з НКУСам… І дачку сваю яна б не пусціла.

Але Ірынка – лепшая вучаніца харэаграфічнай вучэльні, якая адчынілася ў Мінску ў год Перамогі, будучая зорка савецкага балета. Каму трэба, ведаюць, хто яе бацька, якога яна сама не памятае, але паблажліва дазволілі станьчыць разам з іншымі навучэнкамі на ўрачыстым навагоднім балі… А сукенку, пышную, як дзявочы сон, Ірынка сшыла сабе сама – так ужо любіць уборы майстраваць, відаць, намарылася ў сваім страшным дзяцінстве пра прыгожыя сукенкі…

Настаўніца стамлёна адсунула стос сшыткаў… Магла б не правяраць – вакацыі. Але хацела наступную чвэрць пачаць з разбору хатніх сачыненняў пра любімага героя беларускай літаратуры, якія папрасіла здаць на апошнім уроку. Дзеці стараліся, прыкрашалі аркушыкі малюнкамі, адзін хлопчык напісаў нават у вершах – пра героя Змітрака Бядулі, прыгоннага генія Салаўя. Да таго ж звыклая праца дапамагае скараціць чаканне, прыцішыць незразумелую трывогу…

Жанчына вызірнула ў вакно, дзеля чаго давялося стаць на зэдлік, бо ў падвальным паверсе яно месцілася пад самай столлю. Настаўніца была яшчэ дастаткова маладая і прыгожая: зграбная постаць, твар з правільнымі рысамі, цёмныя бровы ўразлёт, вялізныя блакітныя вочы, вакол якіх толькі зблізку можа было ўгледзець сетку дробных зморшчын. Ды й сівізна ў залатых косах, укладзеных каронай вакол галавы, незаўважная…

Поделиться:
Популярные книги

Убивать чтобы жить 6

Бор Жорж
6. УЧЖ
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Убивать чтобы жить 6

На границе империй. Том 7

INDIGO
7. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
попаданцы
6.75
рейтинг книги
На границе империй. Том 7

Её (мой) ребенок

Рам Янка
Любовные романы:
современные любовные романы
6.91
рейтинг книги
Её (мой) ребенок

Интернет-журнал "Домашняя лаборатория", 2007 №8

Журнал «Домашняя лаборатория»
Дом и Семья:
хобби и ремесла
сделай сам
5.00
рейтинг книги
Интернет-журнал Домашняя лаборатория, 2007 №8

Тактик

Земляной Андрей Борисович
2. Офицер
Фантастика:
альтернативная история
7.70
рейтинг книги
Тактик

Стражи душ

Кас Маркус
4. Артефактор
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Стражи душ

Его нежеланная истинная

Кушкина Милена
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Его нежеланная истинная

Русь. Строительство империи

Гросов Виктор
1. Вежа. Русь
Фантастика:
альтернативная история
рпг
5.00
рейтинг книги
Русь. Строительство империи

Кодекс Крови. Книга V

Борзых М.
5. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга V

Батальоны тьмы. Трилогия

Болл Брайан Н.
18. Фантастический боевик
Фантастика:
боевая фантастика
5.00
рейтинг книги
Батальоны тьмы. Трилогия

Кротовский, не начинайте

Парсиев Дмитрий
2. РОС: Изнанка Империи
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Кротовский, не начинайте

Саженец

Ланцов Михаил Алексеевич
3. Хозяин дубравы
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Саженец

Крещение огнем

Сапковский Анджей
5. Ведьмак
Фантастика:
фэнтези
9.40
рейтинг книги
Крещение огнем

Черный Маг Императора 12

Герда Александр
12. Черный маг императора
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
сказочная фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Черный Маг Императора 12