Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Безумное проявление злобы и преступности наполняло собой столбцы газет левых и еврействующих партий. К счастью, весь этот поток грязи и инсинуаций по адресу ко всему русскому не коснулся корпуса, и если расшатанность дисциплины среди кадет и замечалась, то их патриотические чувства не были поколеблены, и они остались верными доброй славе полочан».
«Расшатанность дисциплины» выяўлялася ў «массовых заявлениях неудовольствия», дзёрзкіх размовах з выкладчыкамі. «Кадеты целыми группами позволяли себе частые отлучки в город, на Двину и даже на другой ее берег, где устраивались настоящие кутежи». Незвычайную папулярнасць набыло старое захапленне кадэтаў — вылазкі ў падземныя хады, што пачыналіся з корпусных будынкаў і з Мікалаеўскага сабора. У лёхах можна было цікава бавіць час, шукаючы скарбы, распіваючы побач са шкілетам далёкага продка віно
Наводзячы парадак, дырэкцыя зрабіла стаўку на «смягчающее и облагораживающее влияние искусств». У корпусе ладзіліся літаратурнамузычныя вечарыны і спектаклі, у якіх дазвалялася ўдзельнічаць дамам і паненкам. Пад старажытнымі скляпеннямі спявалі вядомыя капэлы Славянскага і Архангельскага, выступалі гастралёры з пецярбургскіх тэатраў Падтрымліваць баявы дух і традыцыі закліканы быў рукапісны кадэцкі часопіс «Полочанин», тры нумары якога выйшлі ў 1906–1907 гадах.
Мноства яскравых фактаў і дэталяў тагачаснага кадэцкага жыцця можна знайсці ва ўспамінах Барыса Вержбаловіча, які вучыўся ў Полацкім корпусе ў 1901–1909 гадах.
Тады ў горадзе яшчэ жыў апошні сведка напалеонаўскага паходу, што памятаў сустрэчу французаў і штурм Полацка расійскімі войскамі Вітгенштэйна. Гэты сівенькі згорблены стары ў ірваным палітончыку і ў атопках з анучамі, якога ўвесь Полацк называў Напалеонам (на іншае імя ён проста не адгукаўся), штодня прыходзіў на пляц да корпуснай брамы. Кадэты па чарзе аддавалі яму сваё сняданне — катлету з трохкапеечнай французскай булкай.
Аб падзеях 1812 года нагадвалі і экспедыцыі ў лёхі. Адно з сутарэнняў пад корпусам было, згодна з прыгадамі Вержбаловіча, запоўненае чалавечымі чарапамі і косткамі, сярод якіх кадэты знаходзілі медныя вайсковыя гузікі з двухгаловымі арламі. У другім сутарэнні з такім самым вусцішным змесцівам часта трапляліся пляскатыя гузікі з вензелем Напалеона і каронаю. На думку былога кадэта, у гэтых замураваных (каб не разносіўся трупны пах) скляпах пасля штурму былі пахаваныя целы расійскіх і французскіх ваяроў.
«Хотя окна в подвалах собора, — піша Б. Вержбаловіч, — были заделаны так же, как и все наши окна, железными peшётками, но умелые руки кадет так искусно научились подпиливать в окнах прутья, что для непосвященного человека они выглядели совершенно целыми. Во время прогулок на кадетском плацу надо было выждать, когда дежурный офицер-воспитатель пройдет в дальний от собора угол плаца, успеть около самого собора затеять какую-нибудь игру, образуя целую толпу кадет и, под прикрытием играющих, незаметно раздвинуть решетки и нырнуть в соборный подвал. Затем решетка закрывалась, и обследователи подземелий имели возможность побродить по этим тайным ходам. С такими же мерами предосторожности приходилось и возвращаться на плац. За такую прогулку карцер был обеспечен, а главное — лишение отпуска на несколько воскресных дней».
Кадэты нярэдка спрабавалі прайсці па лёхах у бок Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Праўда, перад цяжкімі экзаменамі яны на нейкі час забываліся пра небяспечныя падземныя вылазкі, выпраўляліся ў манастыр па гарадскіх вуліцах і, хоць не вылучаліся набожнасцю, як «истые христиане» вымольвалі ў святой Еўфрасінні высокія балы.
Узімку на корпусным пляцы залівалі каток, дзе граў мясцовы яўрэйскі аркестр. Кадэт Вержбаловіч браў удзел у першых футбольных матчах. Адмысловай формы гульцы не мелі, і адна з камандаў каб адрознівацца ад другой, завязвала цераз плячо белыя ручнікі. Зрэшты, футбол яшчэ не вытрымліваў канкурэнцыі з гарадкамі і лаптой. У час звальненняў у горад кадэты ўжо маглі паглядзець кіно. Сталага кінатэатра ў Полацку пакуль не было, і гастралёры паказвалі фільмы ў якой-небудзь пустой краме, беручы па 10 капеек за паўгадзінны сеанс.
Аўтар мемуараў з цеплынёю апісвае кадэцкую традыцыю імянінаў ядра, што засталося ў сцяне корпуса з часоў вайны з Напалеонам. Штогод 7 кастрычніка кадэты ўрачыста, з аркестрам чыталі «бомбе» віншаванне з яе «днём анёла», а потым усе падыходзілі і цалавалі імянінніцу. Корпусная адміністрацыя на гэтых святах дыпламатычна адсутнічала, бо там абавязкова дэкламаваліся новыя раздзелы з «засакрэчанай» паэмы-песні «Звериада», у якіх зазвычай перападала начальству. Пачынаўся
Выкладчык спеваў Мацісон, напрыклад, заслужыў у сваіх выхаванцаў гэткі вось куплет:
Бедный мальчик Матиссон. Все его имение — Три цепочки, камертон Да медаль за пение.Між іншым, кадэт Вержбаловіч захапляўся піратэхнікай, у прыватнасці, рабіў бутафорскія бомбы, якія разам з сябрамі выпрабоўваў у блізкім лесе. Аднойчы ён змайстраваў такую бомбу на просьбу кадэта Пятроўскага. Праз колькі дзён яна выбухнула ў пакоі дзяжурнага па роце афіцэра, што ад страху залез пад пісьмовы стол. Паколькі ў тыя гады ледзь не штодня эсэры кідалі ў міністраў, сенатараў і ў простых гарадавых не бутафорскія, а зусім сапраўдныя бомбы, здарэнне прызналі надзвычайным. Дырэктар корпуса генерал Ваулін перад шыхтом кадэтаў паабяцаў, што калі праз паўгадзіны яму не назавуць імя «тэрарыста», кожны дзесяты выхаванец будзе звольнены. Юнакі вырашылі не выдаваць таварыша, аднак з правага фланга выйшаў кадэт сёмага класа віцэ-фельдфебель Грушвіцкі і адрапартаваў дырэктару, хто кінуў бомбу. Такі ўчынак быў яшчэ больш надзвычайны за сам выбух. Здраднік атрымаў найганебнейшую мянушку — «стараха» і мусіў да самага выпуску жыць ва ўмовах усеагульнага байкоту: з Грушвіцкім кадэты не толькі не размаўлялі, але нават рабілі выгляд, што яго наогул не існуе.
Яшчэ крыху пра традыцыі «палачанаў».
У час навучання Вержбаловіча (ён быў дарэчы, сцяганосцам) на корпусным сцягу не хапала ўжо каля чвэрці палотнішча: кадэты таемна прабіраліся ў сваю царкву, дзе стаяў штандар, і адрывалі сабе на памяць па кавалачку ядвабнай тканіны. Адразу пасля паступлення ў корпус падлеткі абавязкова атрымлівалі мянушку. Афіцыйна кадэтаў называлі па прозвішчы, неафіцыйна ж усе сем гадоў навучання яны звярталіся адзін да аднаго толькі па мянушках — часам трапных, а часам даволі недарэчных. Выхаванца корпуса Глеба Аляхновіча, які потым стане адным з першых пілотаў чатырохматорных расійскіх самалётаў «Ілья Мурамец», за малы рост ахрысцілі Асьмушкам, а вось высокі стройны Вержбаловіч усе кадэцкія гады пакутаваў праз сваю мянушку Жаба.
Адрозна ад усіх астатніх расійскіх карпусоў, дзе кадэты старэйшых класаў звярталіся да малодшых на «ты», а тыя абавязаныя былі адказваць ім «вы», у Полацкім корпусе ўсе казалі адзін аднаму «ты», прычым гэтае правіла дзейнічала ўсё жыццё. Падчас агульнай святочнай бяседы ў дзень гадавіны корпуса можна было пачуць, як карантыш-першакласнік казаў генералу: «Ваше превосходительство, передай мне, пожалуйста, солонку». Гэтая, так бы мовіць, дэмакратычная традыцыя пярэчыла субардынацыі, бо, паводле правілаў выкладчыкі павінны былі звяртацца на «вы» да ўсіх кадэтаў пачынаючы з першага класа. Калі верыць Б. Вержбаловічу, сярод педагогаў і выхавальнікаў Полацкага корпуса — каб не парушаць ні субардынацыі, ні традыцыі — не было ніводнага «палачаніна».
3 мемуараў былога кадэта можна даведацца і пра апошнія гады гісторыі корпуса. Калі пачалася сусветная вайна, першая корпусная рота з дырэктарам і сцягам была, па сведчаннях Вержбаловіча, эвакуяваная ва Уладзікаўказ, другая — у Маскву (Ляфортава), трэцяя — у Сумы, а ў старадаўніх мурах размясціўся вялікі вайсковы шпіталь. У 1919 годзе Дзянікін сабраў на Каўказе полацкіх і ўладзікаўказскіх кадэтаў і аднавіў змешаны корпус, які на пачатку 1920-га перавялі ў Крым.
Калі генерал Урангель праводзіў эвакуацыю сваіх войскаў, пра кадэтаў неяк забыліся. Праз колькі дзён да борта расійскага карабля «Рыён», што стаяў у канстанцінопальскай гавані, падышлі дзве вялікія баркі з полацкімі і ўладзікаўказскімі кадэтамі. У штармавое восеньскае надвор’е яны прыйшлі на вёслах з Севастопаля. Корпус аднавіў заняткі ў Югаславіі, аднак фінансавая дапамога былых хаўруснікаў царскай Расіі хутка скончылася, а разам з гэтым завяршылася і гісторыя навучальнай установы. Сёй-той з былых «палачанаў» рознымі шляхамі вярнуўся на радзіму, а большасць закончыла жыццё на чужыне.