Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Паўстанцы з’явіліся і ў Зябкаўскіх лясах і лясных урочышчах, што падступалі да полацкіх вёсак Рабчонкі, Заполле, Вуглы і Бабынавічы.
Гарнізона горад не меў і кадэцкае начальства зрабіла захады на выпадак штурму. Аднаго красавіцкага дня палачане ўбачылі, як на пляц выкочваюць з корпуснай брамы гарматы. Іх паставілі так, каб трымаць пад абстрэлам Віцебскую і Пецярбургскую вуліцы. Выкладчыкі артылерыі рыхтавалі карцеч. Салдатаў «служыцельнай» роты ўзброілі кадэтавымі стрэльбамі. Даверу да саміх выхаванцаў не было. Некаторыя не вярнуліся з калядных вакацый і, як казалі, далучыліся да інсургентаў. Шмат хто меў сярод паўстанцаў блізкіх сваякоў.
Як вядома, падманутыя ўладамі (маўляў, паны хочуць вярнуць скасаваны царом прыгон) беларускія сяляне падтрымлівалі змагароў без
Захопленага ў палон графа Плятэра ў траўні расстралялі ў Дынабургскай фартэцы. Прабіты васьмю кулямі, упаў на рукі баявых таварышаў камісар Дзісненскага павета таленавіты скульптар Генрык Дмахоўскі, родам з-пад Мёраў які ў маладосці быў удзельнікам паўстання 1831 года. (Жывучы ў ЗША, ён зрабіў для Кангрэса бюсты Тадэвуша Касцюшкі і Томаса Джэферсана, аўтара Дэкларацыі незалежнасці Злучаных Штатаў). Застрэліўся, каб пазбегнуць палону, паручнік Баляслаў Кульчыцкі. У Юхнавіцкіх лясах, што на поўнач ад Полацка, ён камандаваў адзелам, дзе змагаліся пераважна полацкая ды себежекая шляхта і тутэйшыя студэнты Пецярбургскага універсітэта.
Быў рассеяны і паўстанцкі адзел Отана Грабніцкага, дзе ваяваў будучы беларускі паэт Фелікс Тапчэўскі, з якім мы яшчэ сустрэнемся. Сам Грабніцкі будзе засуджаны на шэсць гадоў катаргі і памрэ па дарозе ва ўжо знаёмую яму Сібір.
У Зябкаўскіх лясах царскія карнікі схапілі васемнаццацігадовага сына шляхціча з Дрысенскага павета Яна Чэрскага (1845–1892), якому наканавана будзе стаць даследчыкам сібірскай Поўначы і пакінуць нашчадкам сваё імя ў назвах горных хрыбтоў і вяршыняў, далін, гарадоў і вулканаў.
Царызм жорстка расправіўся з беларускімі паўстанцамі. Агульная колькасць палеглых у баях у «Северо-Западном крае» невядомая. Пакараных вайскова-палявымі судамі і ў «адміністрацыйным парадку» (без суда) было васемнаццаць з паловаю тысяч: 128 інсургентаў былі засуджаныя да расстрэлу і шыбеніцы, 853 — да катаргі, 11 502 чакала ссылка. Сярод высланых быў шляхціч Дзісненскага павета Стэфан Грынеўскі, бацька будучага пісьменніка Аляксандра Грына.
У Полацк увайшлі роты рэзервовага Галіцкага палка. Корпусныя гарматы адкацілі з пляца за браму. Уладальнікі канфедэратак пахавалі іх на дне фамільных куфраў. Калі верыць падпалкоўніку Вікенцьеву, пад канец лета 1863 года размовы пра паўстанне зусім заціхлі, і яно зрабілася для горада гісторыяй. У сваёй кнізе ён піша, што да «мятежа в Северо-Западном крае» з ліку полацкіх кадэтаў далучылася, «к счастью, всего человека четыре». Здаецца, гэтая лічба, узятая з рэляцыі дырэктара корпуса душыцелю паўстання Мураўёву-«вешальніку», моцна заніжаная. За 1863/64 навучальны год з Полацка выбыў 171 кадэт пры агульнай іх колькасці 289. Большая частка, мяркуючы па афіцыйных справаздачах, пакінула корпус з прычыны пераводу ў іншыя ўстановы або «по домашним обстоятельствам», «за неуспехи» і «за дурное поведение». Безумоўна, за гэтымі словамі найчасцей хавалася сувязь с паўстаннем.
Не, крывіць душой Вікенцьеў сцвярджаючы, што Прыдзвінне гэтак хутка супакоілася. Наўрад ён мог, напрыклад, не ведаць, што ў лютым 1864 года за правоз зброі быў арыштаваны ў Дынабургу (цяпер Даўгаўпілс) выпускнік Полацкай духоўнай семінарыі Аляксандр Будзіловіч, што адмовіўся ад кар’еры святара і стаў актыўным дзеячам падпольнага «Камітэта рускіх афіцэраў у Польшчы».
Невыпадкова ў траўні 1864 года ў Полацк наведаўся з інспекцыяй сталічны генерал Корсакаў. Апрача ўсяго іншага ён павінен быў далажыць наверх сваё меркаванне наконт таго, ці не заслугоўвае кадэцкі корпус расфармавання. «Генерал, — асцярожна піша В. Вікенцьеў — нашел заведение в большом порядке, но замеченные у воспитанников длинные волосы сильно испортили впечатление. Вообще говоря, заметно было среди молодежи желание выйти из рамок законности во всяких пустяках. Только педантичная требовательность даже к мелочам будничного обихода сдерживала массу кадет». Відаць, усё ж не даўгія валасы выхаванцаў сталі прычынаю таго, што ў Пецярбургу было пастаўленае пытанне
У 1865-м Полацкі кадэцкі корпус быў пераўтвораны ў ваенную гімназію, якая праіснавала да 1882 года. Выпускнікі такіх гімназій працягвалі навучанне ў вайсковых вучэльнях. Разам з агульнаадукацыйнымі дысцыплінамі ў пералік абавязковых заняткаў уваходзілі шыхтовая падрыхтоўка, плаванне, танцы, спевы, музыка і розныя рамёствы, «полезные в смысле педагогическом». У апошнім, сёмым класе гімназістам выдавалі стрэльбы. Перад выпускам іх чакаў летні вайсковы лагер.
Паводле матэрыялаў рэвізіі, у першы навучальны год гімназія налічвала 351 выхаванца ва ўзросце ад дзевяці да васемнаццаці гадоў (221 праваслаўны, 109 католікаў, 18 лютэранаў, двое армянаў і адзін мусульманін). Шмат вучняў, нават у малодшых класах, курылі. Як найцяжэйшае парушэнне дысцыпліны рэвізоры адзначылі спяванне чатырма хлапчукамі рэвалюцыйнага гімна, за што «злачынцаў» бязлітасна адлічылі.
Рэвізоры цікавіліся харчаваннем гімназістаў. Уранні тыя атрымлівалі збіцень або аўсяны суп з булкай, аб адзінаццатай гадзіне — па пірагу. Пасля абеду з трох страваў перад вячэраю быў яшчэ падвячорак — кавалак жытняга хлеба.
Корпус і гімназія ведалі тое, што ў наш час называюць «дзедаўшчынай». У снежні 1868 года вучні выпускнога класа на горкі яблык збілі пяцікласніка. Расследаванне выявіла, што «они считали себя вправе так расправиться с младшим товарищем, нарушившим, по их понятиям, правило товарищества и забывшимся перед ними до непочтительности, а право это они основывают на памятных им примерах прошлого времени, когда они сами безропотно несли весь гнет старших товарищей».
Тым не менш, успамінаючы дзяцінства, я часам трохі шкадую, што вучыўся ў 1-й сярэдняй школе, а не ў Полацкай ваеннай гімназіі. Мы, напрыклад, ніколі не грузіліся ўлетку са сваімі настаўнікамі і з дырэктарам у лайбу і не выпраўляліся па Дзвіне на экскурсію ў Бешанковічы — якраз той парою, калі там шумеў конскі кірмаш са скачкамі. А ў рэкрэацыйнай зале ў нас віселі не рыцарскія панцыры і калекцыі старадаўняй зброі, а маральны кодэкс будаўніка камунізму.
Гімназісты — шмат хто быў з афіцэрскіх сем’яў — уважліва сачылі за падзеямі расійска-турэцкай вайны 1877–1878 гадоў. Жалобны спіс на мармуровых дошках корпуснага храма папоўніўся імёнамі полацкіх гадаванцаў падпалкоўніка Канстанціна Чарнова (загінуў у баі расійскага карабля «Веста» з турэцкім браняносцам), палеглых на балгарскай зямлі капітана Паўла Базілеўскага, штабс-ротмістра Васіля Ліцвінава і паручніка Іосіфа Ясовіча.
Натхнёныя перамогай пад Плеўнаю і здачаю ў палон войска Асман-пашы, гімназісты замовілі ў сваю царкву ікону ў гонар святых Стэфана і Андрэя. Выкладчыкі ўтрымлівалі на сабраныя сродкі лазарэт на дзесяць параненых і хворых афіцэраў. Шасцёра «палачанаў» сталі ў той вайне георгіеўскімі кавалерамі. Палкоўнік Мікалай Кутневіч атрымаў крыж святога Георгія за бой пад Шыпкай. Генерал-маёр Васіль Бунакоў у дадатак да ордэна быў узнагароджаны залатой зброяй.
Гэты баявы генерал 6 снежня 1885 года прымаў парад на святкаванні 50-годдзя корпуса. Кадэты запомнілі ўрачыстасць яшчэ і сваімі страўнікамі. Меню юбілейнага абеду, здаецца, задаволіла б і пераборлівых гурманаў:
1. Суп з фрыкадэлькамі.
2. Слаёныя піражкі з ялавічынай і яйкамі.
3. Заліўное з дзічыны і цяляціны пад соусам правансаль.
4. Смажаныя індычкі з брусніцамі і печанымі яблыкамі.
5. Бісквітны торт з варэннем.
6. Мёд.
7. Цукеркі, яблыкі і вінаград.
Дзевяты дырэктар генерал-маёр Канстанцін Анчуцін застаўся ў гісторыі корпуса як тонкі знаўца мастацтва і апякун музаў. Ён запрасіў выпускніка Брусельскай кансерваторыі Маршала выкладаць кадэтам ігру на струнных інструментах. Тады, у 1888–1891 гадах, у корпусе існаваў прыстойны аркестр з сарака выканаўцаў. Да ліку гадаванцаў дырэктара-мецэната належыць вядомы ў свой час кампазітар С. Траілін, аўтар балетаў «Чароўная карона» і «Востраў фантазіі», оперы «Хаджы Абрэк» і сімфанічнай паэмы «Рыцар і Фея».