Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
1839 год — першы выпуск у сталічны Дваранскі полк, дзе кадэты праходзілі адмысловы курс і атрымлівалі афіцэрскі чын. У сувязі з гэтым выхаванцы не раз’ехаліся на летнія вакацыі, а жылі ў лагеры за Віцебскай заставай і правялі манеўры: паходным маршам прайшлі праз вёску Гараны і фарсіравалі раку Обаль. Услед за гэтым восем вялікіх тарантасаў павезлі выпускнікоў у Санкт-Пецярбург.
У траўні 1845 года Полацк наведаў Мікалай I. Агледзеўшы Мікалаеўскі сабор, ён накіраваўся да кадэтаў. Тых развялі па ротах і паставілі пры ложках. Яго вялікасць зазірнуў у класы і ў рэкрэацыйную залу грэнадзёрскай роты, прайшоўся па спальнях. Выхаванцу Нагорнаву ён загадаў распрануцца і зняць шкарпэткі. Паглядзеўшы на кадэтавы ногі і бялізну, цар, павярнуўшыся да генерал-ад’ютанта графа Арлова, зазначыў: «А они почище нас с тобой». У спальні мушкецёрскай роты Мікалай пытаўся ў кадэтаў
Пасля адбыліся паказальныя выступленні: «Во время ученья было произведено 36 перестроений, и, несмотря на нестерпимый зной и на усталость, кадеты, одушевленные присутствием обожаемого Монарха, были бодры, внимательны, и ни один из них не оставил строя». Задаволены імператар узнагародзіў дырэктара корпуса Фёдара Арэўса ордэнам святой Ганны першай ступені.
1848 год. У Полацк прыйшла збіраць свой страшны ўраджай халера. Гадаванцаў пасялілі ў намётах у корпусным садзе. Поўная ізаляцыя ад горада дапамагла выратаваць усіх падлеткаў, а вось паручнік князь Пуцяцін і некалькі ніжніх чыноў сталі ахвярамі паморка.
1850-ы запомніўся корпусу ўдзелам у адкрыцці помніка героям вайны з Напалеонам. Праз чатыры гады кадэты аплаквалі Мікалая I і прысягалі новаму цару Аляксандру II.
Ішла Крымская вайна. На чорных мармуровых дошках у корпуснай царкве з’явіліся імёны выпускнікоў, што загінулі на севастопальскіх валах: капітан Мікалай Фядотаў, паручнікі артылерыі Васіль Маркевіч, Андрэй Пісарэўскі і Аляксандр Бушкоўскі. Кадэты сабралі на патрэбы параненых і знявечаных маракоў чарнаморскай эскадры 163 руб. 80 кап.
Гэтым часам дырэктарам стаў генерал-маёр Павел Кіновіч, нястомны змагар за дысцыпліну і маральнасць. Ён забараніў выхады ў горад без суправаджэння, загадаў пакараць розкамі кадэта, які залез у сялянскі гарод па рэпу і моркву. Адначасова генерал клапаціўся і пра «пернік» — запрашаў заезджых артыстаў, на масленку кадэтаў каталі на тройках.
У корпусе адчынілі адмысловыя класы, выпускнікі якіх адразу паступалі на вайсковую службу прапаршчыкамі. Тут разам з агульнаадукацыйнымі дысцыплінамі выкладаліся ваенныя: тактыка, артылерыя, вайсковая гісторыя і фартыфікацыя. На лагерных зборах праводзіліся практычныя заняткі ў тактыцы, тапаграфіі, інжынернай справе і асвойваўся грунтоўны курс стральбы. Дваране з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй, а таксама юнакі нешляхецкага паходжання з дыпломам універсітэта або інстытута маглі атрымаць афіцэрскае званне экстэрнам. Такім чынам, з 1859 да 1861 года корпус даў расійскай арміі 172 афіцэры.
Надышоў 1863-і — год, калі ўслед за Польшчаю Літва-Беларусь зноў паднялася супроць іншаземнага прыгнёту.
Першымі звестунамі паўстання сталі нумары нелегальнае газеты «Мужыцкая праўда», што з’явіліся ў полацкіх ваколіцах. Найбольшы страх ва ўладаў выклікала тое, што газета ўжо сваёй назваю была звернутая да сялянаў і друкавалася лацінскімі літарамі, але на «местном наречии», якое русіфікатары ў сваіх планах даўно асудзілі на смерць. Колькі нумароў апынулася і ў сценах корпуса. Можна ўявіць, з якімі пачуццямі чытала іх кадэцкае кіраўніцтва, якімі эпітэтамі ўзнагароджвала таямнічага Яську-гаспадара з-пад Вільні [24] , што ставіў пад газетаю свой подпіс.
24
Псеўданім К. Каліноўскага.
А пісаў гэты Яська і сапраўды страшныя рэчы: «Глум, здзерства і несправядлівасць выходзяць ад самога цара, — ён то з нас выбірае войска, ён то з нас выдзірае грошы нібы на патрэбы народу, а, узяўшыся з усімі гіцлямі за рукі, адно нас цяменжыць, трымае ў няволі. Но прыходзіць яму ўжо канец, бо мужык пачуў вольнасць, а мужыцкая вольнасць — гэта ўсё роўна, што шыбеніца для ўсіх здзерцаў і глуміцеляў народу!..
Помняць яшчэ нашы дзяды, паказваюць яны, што з іх часоў мужыкі рэкрута і не зналі. Было войска, то праўда; но войска было ўсё са шляхты, а калі мужыкі часам і захацелі ісці на вайну, так зараз з іх знімалі мужыцтва да і паншчыну: давалі зямлю, а ўсю вёску рабілі шляхтаю. Стуль то ў нас і парабіліся гэтыя аколіцы шляхецкія. Так за тое, што чалавек ішоў на вайну, бараніў сваю бацькаўшчыну, то ронд (урад. — У. А.) даваў зямлю, даваў вольнасць, даваў шляхецтва, а маскаль чы так робіць? За тое, што мы яму 25 лет на войнах служым, без людскай стравы і адзежы, мала таго, што не дае шляхецтва,
Гэта цар маскоўскі, перакупіўшы многа папоў, вялеў нас у сызму загнаці, ён то плаціў грошы, каб толькі пераходзілі на праваслаўе, і, як гэты антыхрыст, адабраў ад нас нашу справядлівую уніяцкую веру і пагубіў нас перад Богам навекі; а зрабіў гэта для таго, каб мог нас без канца драці…
Падумайце добра да, памаліўшыся Богу, станьма дружна разам за нашую вольнасць! Нас цар ніц не падмане — не падвядуць маскалі: няма дпя іх у нашых сёлах ні вады, ні хлеба, для іх мы глухія і нямыя — нічога не бачылі і не чулі. А пакуль яшчэ пара, трэба нашым хлопцам спяшаць з віламі ды з косамі там, гдзе дабіваюцца волі да праўды, а мы, іх бацькі да жонкі нашы, сцерагчы будзем да ўведамляць, адкуль на іх сягне нячыстая маскоўская сіла, да ад душы памагаць усялякімі спосабамі дзецюкам нашым, што за нас пойдуць біцца. А будзе ў нас вольнасць, якой не было нашым дзядам ды бацькам».
Паўстанне 1863–1864 гадоў застанецца адным з нешматлікіх у гісторыі XIX стагоддзя прыкладаў, калі, па сутнасці, купка ўзброеных людзей, баронячы сваю чалавечую і нацыянальную годнасць, выступіла супроць велізарнай імперыі.
Тры еўрапейскія народы — беларусы, палякі і літоўцы — коштам жыццяў сваіх найлепшых сыноў выказалі пратэст расійскаму феадалізму, абсалютызму і дэспатызму, засведчыўшы прыхільнасць да канстытуцыйнасці і дэмакратыі.
Баі паўстанцаў з царскімі карнікамі грымелі яшчэ далёка на захадзе. Прынамсі, з вонку ў Полацку ўсё было ціха, але ўвесну на вуліцах з’явіліся людзі, дэманстратыўна апранутыя ў даўнейшыя шляхецкія строі з чатырохвугольнымі шапкамі-канфедэраткамі. У дамініканскім касцёле распачаліся палітычныя маніфестацыі: гучалі патрыятычныя казанні, вернікі спявалі пад арганы рэвалюцыйныя гімны. Горад напоўніўся чуткамі пра арышты навакольных паноў, якія спачувалі інсургентам. То ў карчме, то ў краме ці нават у казённым прысутным месцы знаходзілі «подмётные письма» з паведамленнямі, што пад Полацкам збіраюцца ў лясах вялікія сілы паўстанцаў і горад будзе ўзяты. У рукі паліцыі траплялі перапісаныя ад рукі песні накшталт вось гэтай:
Гэй жа, хлопцы, досыць спаць! Пара косы прыбіраць! Косы, косы і сякеры — Бараніці сваю веру. Пара! Ірад нашы дзеткі б’е, А кроў нашу, як вуж, п ’е. Лепей быці мучанікам, Як цэсарскім невальнікам. Пара! Вы за печкаю на полу, Мы ў лесе зямлю голу Прытулілі б, як пярынку, Бы заснулі хоць гадзінку. Пара!Хто са страхам, а хто з захапленнем казаў пра маладога графа Лявона Плятэра, чый атрад захапіў каля Краслаўкі царскі транспарт са зброяй. Палачане яшчэ памяталі сваячку адважнага інсургента — графіню Эмілію Плятэр, збіральніцу фальклору, паэтку і рэвалюцыянерку. У 1831 годзе, у час папярэдняга вызваленчага паўстання, яна стварыла на памежжы Віцебскай і Віленскай губерняў баявы адзел, была прызначаная ганаровым камандзірам роты паўстанцкага войска і напрыканцы таго самага года ў дваццаціпяцігадовым веку памерла, як быццам сімвалізуючы сваёй смерцю скон паўстання.
Да кадэтаў даходзілі звесткі, што ў блізкіх полацкіх ваколіцах, каля Янова і Бікульнічаў знаходзяцца базы паўстанцкага адзела Отана Грабніцкага. Сёй-той з асабліва дасведчаных ведаў, што камандзір інсургентаў нарадзіўся ў маёнтку Арэхаўна пад Лепелем, што Грабніцкі-бацька быў віцебскім губернскім маршалкам шляхты, а сын-паўстанец служыў у Крыме юнкерам уланскага палка, але за «шкодны склад думак» і за сувязь з антыцарскім татарскім падполлем быў на два гады кінуты ў Петрапаўлаўскую цытадэль, а потым адпраўлены шараговым у Сібірскі корпус.