Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Праз два гады царызм патушыў яшчэ адзін агмень навукі і імкнення да свабоды — Віленскі універсітэт. Новы міністр асветы Увараў і Мікалай I былі вартыя адзін аднаго. Першы казаў: «Чым меней людзі ведаюць, тым лягчэй імі кіраваць». Другі любіў паўтараць: «Мне не трэба разумных падданых, мне трэба верныя і паслухмяныя». Улады пераходзілі да мэтанакіраванай палітыкі канчатковага выключэння Беларусі з еўрапейскага цывілізацыйнага кантэксту.
Услед за выгнаннем піяраў уся колішняя маёмасць езуітаў перайшла ў казну. Музейныя зборы і лепшыя творы карціннай галерэі паехалі ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў. Паштовы рэестр зафіксаваў дзве велізарныя скрыні, на 160 перагародак кожная, з полацкімі калекцыямі,
Горад развітаўся з бясцэннай акадэмічнай бібліятэкай. Каланізатары пагрузілі на фурманкі 256 пудоў кніг. Публічная бібліятэка ў сталіцы прысабечыла «все редкие и роскошные издания, коих она не имеет и, следовательно, могущие служить ее украшением» — 177 кніг і 106 рукапісаў. Пецярбургскі універсітэт папоўніў свае зборы на 6274 тамы, Маскоўскі — на 454 (пераважна з медыцыны). Галоўнае імперскае ўпраўленне духоўных справаў «иностранных вероисповеданий» атрымала 3056. Дзве тысячы тамоў пакінулі для будучага кадэцкага корпуса. У сталіцу імперыі трапіў і згаданы вышэй сонечны гадзіннік, вакол якога нязменна стаяў натоўп пецярбуржцаў.
Ішла варварская дзяльба абсталявання навучальных кабінетаў. 3 фізічнага большую частку прыладаў адправілі ў сталіцу. Царская камісія знішчыла патайное памяшканне з сістэмаю правадоў, адкуль механікі кіравалі сваімі робатамі. Галаву, якая давала мудрыя парады «на всех употребительных языках», відаць, проста выкінулі на сметнік. Калі верыць Яну Баршчэўскаму, яна вандравала з дому ў дом, палохаючы гаспадароў, што імкнуліся як найхутчэй збыць яе суседзям. Падрабязней пра гэта можна даведацца з казачна-філасофскай аповесці «Драўляны Дзядок і кабета Інсекта», якая ўвайшла ў кніжку Баршчэўскага «Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях».
На ўсход царскія рабаўнікі павезлі і архіў акадэміі з манускрыптамі, дзе, магчыма, быў Полацкі летапіс ці яго копія. У Першую сусветную вайну частку архіва знайшоў у Сімбірску расійскі генерал А. Жыркевіч. Некаторыя рукапісы яму ўдалося выкупіць і перадаць мясцовым архіварыусам, астатняе інтэнданты адправілі з цэйхгаўза на рынак і прадалі на пуды як абгортачную паперу.
Трагічна склаўся лёс храма святога Стэфана. Новыя гаспадары похапкам пераабсталявалі яго і перахрысцілі ў Мікалаеўскі сабор. Перабудова, паводле праекта, «более приспособленного к стилю греческой архитектуры», каштавала болей за паўмільёна рублёў. Архімандрыт Богаяўленскага манастыра Паісій выправіўся ў Маскву з наказам «обозреть в столице православные храмы новой постройки и приобрести паникадило, подсвечники и лампады новейшего образца и величины соответственно всей массы Николаевского собора». Акадэмікі імператарскай Акадэміі мастацтваў Якаўлеў і Васільеў атрымалі выгодны заказ на 12 тысяч рублёў — маляваць «истинно православные» іконы.
Тым часам капітанам Елістратавым (храм спачатку належаў кадэцкаму корпусу) быў зроблены вопіс сабора: «Кафедра перенесена с правой стороны на левую, где у первого столба имеется резная фигура изображения Веры. В обеих половинках царских врат находятся образа с изображениями Девы Марии и Ангела, благовествующего о Рождестве Христовом, а в нижней части этих же врат образа с изображениями четырех евангелистов; местные образа Христа Спасителя и Девы Марии, царицы Александры и Николая Чудотворца; на северных и южных дверях помещены изображения архангела Гавриила и архистратига Михаила, на горнем месте главного алтаря — большой образ в резной раме, озолоченной червонным золотом, с изображением убиения святого архидиакона Стефана; над главным карнизом вверху — образ в такой же раме с изображением целования Марии и Елизаветы. Над куполами обеих колокольных башен утверждены кресты, как
23 скрынкі з іконамі і царкоўнымі рэчамі, што засталіся ад езуітаў паручнік Вішнякоў у 1843 годзе завёз у Варшаву і здаў памочніку інтэнданта былога каралеўскага замка.
Разбіраць саборныя арганы камандзіравалі чамусьці не каго-небудзь, а кансерватара заалагічнага кабінета Віленскай медычна-хірургічнай акадэміі магістра Брунэра. (Міжволі згадваецца показка пра тое, як адзін з папулярных герояў савецкага фальклору марыў набудаваць паболей кансерваторый, каб у краіне не было праблемаў з кансервамі.) Здаецца, само неба не хацела разлучаць Полацк з яго гонарам: у час працы магістр памёр.
Калі захочаце ўбачыць полацкія арганы святога Стэфана сёння, давядзецца з’ездзіць у Вільню і наведаць Святаянаўскі сабор, што на тэрыторыі ўніверсітэта. 3 1840 года там амаль два дзесяцігоддзі быў арганістам Станіслаў Манюшка, на ўспамін аб чым пад арганамі ўстаноўлены бюст кампазітара.
Перахрышчаны сабор быў корпусным, затым гарадскім кафедральным, бачыў расійскіх імператараў, сустракаў вернутыя на радзіму мошчы найпадобнейшай Еўфрасінні, а потым зазнаў здзекі бальшавіцкіх варвараў. «Па просьбах працоўных палачанаў» яго зачынілі і абезгалосілі — скінулі і адправілі на пераплаўку званы. Косці пахаваных у саборных сутарэннях людзей паскідалі ў адно месца, а ў падвалах зрабілі склад гародніны.
У 1936-м быў знішчаны унікальны старадаўні гадзіннік з боем, створаны віленскім майстрам Густавам Мундзі. (Званы знялі яшчэ на пачатку 1930-х.) Потым улады вырашылі выкарыстаць знявечаны сабор у якасці… «тэатральнай дэкарацыі». А ў 1963-м у выканкаме гарсавета нарадзілася рашэнне № 328 «О мероприятиях по сносу церкви и правого крыла бывшего кадетского корпуса». Пасля выбуху з гарадскога бюджэту было выдаткавана 40 тысяч рублёў — «на вывоз мусора».
У сярэдзіне XIX стагоддзя ў Беларусі не засталося ніводнай вышэйшай навучальнай установы. Каланізатары зачынялі іх, баючыся росту нацыянальнага руху. Вышэйшая школа піяраў у Полацку, Віленскі універсітэт, ГорыГорацкі земляробчы інстытут…
Першай ахвяраю была Полацкая акадэмія.
Сёння яе лепшыя традыцыі аднаўляе Полацкі дзяржаўны універсітэт, гістарычна-філалагічны факультэт якога нядаўна пераехаў у старадаўнія акадэмічныя муры.
КАДЭЦКІ КОРПУС
Калі загаворыш з сярэднестатыстычным палачанінам пра кадэцкі корпус, звычайна пачуеш адно тое, што яго ўзарвалі. Знішчаючы старыя езуіцкія муры, сучасныя вандалы амаль дазвання зруйнавалі і памяць пра навучальную ўстанову, гісторыя якой налічвае ні многа ні мала — без чвэрці стагоддзе.
Яна пачынаецца ў 1830 годзе, калі Мікалай I зацвердзіў «Положение о губернских кадетских корпусах», што прадугледжвала стварыць корпус на чатырыста кадэтаў і ў Полацку. Вялікіх праблем з будаўніцтвам і абсталяваннем не ўзнікала, бо, як мы ведаем, якраз тады царскія ўлады зачынілі Вышэйшую піярскую вучэльню і прысабечылі ўсю былую маёмасць акадэміі. Корпусу дасталіся будынак кляштара, дзесяць ордэнскіх дамоў і шэсць дамоў скарбовых. Прызначаны архітэктарам Антоні Порта дакладваў начальству, што ўсю неабходную перабудову езуіцкай рэзідэнцыі можна закончыць за тры гады. Урад выдаткаваў на гэта 580 тысяч рублёў.