Трэцяя ракета
Шрифт:
А Лук'янаў? Вядома, у яго смерці ёсць нейкая мая ўскосная віна, бо, калі б я пабег да кукурузы хвілінаю раней, не чакаючы загаду, ён бы, мабыць, быў цэлы, а так вось канае на тым месцы, дзе мог ляжаць я. І ўжо не замінае яму ніхто — ні Лёшка, ні цяжкі яго лёс, ні клопаты аб бацьку. І тут раптам я прыпамінаю Люсю. Эх, Люся, Люся! Дзе ты цяпер і ці ведаеш ты, што гэтак нечакана сталася ў нас? Пэўна, ужо ніколі не прыйдзеш ты, як раней, на нашу агнявую, ніколі болей не павітаеш нас звычайным сваім «Добры дзень, хлопчыкі». Няма ўжо хлопчыкаў, пагінулі, адны раней, другія, відаць, пагінуць пазней.
Гаротна скурчыўшыся, наводчык сядзіць ля Жаўтыха, і я прыпамінаю, што ў камандзіравай пілотцы — яго неадпраўленае кароценькае пісьмо. Яно настойлівай недарэчнасцю пачынае турбаваць мяне, і я дастаю гэты шматок паперы. «Дарка, я жывы, чаго і табе жадаю…» Колькі ж мінула часу з тае пары, як пісаліся гэтыя словы, а як усё непапраўна змянілася! А пісьмы ж дадому ідуць доўгія тыдні, і колькі падзей на фронце адбываецца за той час! Як можна пісаць такое, калі, атрымаўшы яго, людзі радуюцца, а ўжо трэба, бывае, плакаць. Недарэчна гэта дзіўна.
«Ну вот, камандзір, засталіся без бацькі твае дзеці… А ў чацвер камісія…» — няўцямна думаю я і папраўляю адкінутую ўбок Жаўтыхову руку. Але яна, сагнуўшыся ў локці, зноў памалу разгінаецца, і на запясці, бы нічога ў цэлым свеце не здарылася, па-ранейшаму рупна цікае трафейны Жаўтыхоў гадзіннічак. Камандзіраў твар, здаецца, ніколькі не змяніўся, можа, толькі больш пасінела парахавое рабацінне на сківіцах ды неяк натапырылася-вырасла шчэць. Павекі яго напалову прыплюшчаны, і з-пад іх ледзьве свецяцца нерухомыя бялкі вачэй.
— Закрый мала-мала вока, — кажа Папоў. — Навошта глядзі? Хай спіць…
Беражным дотыкам я назаўжды закрываю камандзіру павекі і, здаецца, не стрымліваюся. Нешта прарываецца ва мне, поўнае неспатольнай злосці, і я дзіка лаюся, так, што аж сам раблюся ненавісным сабе.
— Нічога! Не трэба… — кажа Папоў. — Вайна!..
Так, вайна! Няхай яна будзе тройчы і сотні разоў праклята, гэта вайна. Яна кожнага дня вісела над намі ўсе нядоўгія гады нашага жыцця, яна спела, накоплівалася з самай калыскі, якую, прыйшоўшы з папярэдняй вайны, ладзілі нам нашы бацькі. Пад яе чорным крыллем гушкаліся, раслі і вучыліся мы — салдацкія сыны і самі будучыя салдаты. Нашыя маці думалі, што мы — іхнія дзеці, народжаныя імі для ўцехі ў маладосці і апоры ў старасці, а на справе аказалася, што ненадоўга былі мы ўцехай і рэдка — апорай.
Кожны год дзе-небудзь на свеце ішла вайна, дзяржавы, што не ваявалі, з усяе сілы рыхтаваліся да таго, і гады нашае сталасці былі кароценькім перапынкам паміж дзвюма войнамі, у які кавалася зброя, фарміравалася ўсялюдская злосць, рыхтавалася навуковае абгрунтаванне будучай бойні і раслі салдаты будучых рот, батальёнаў, палкоў. Мы адчувалі гэта, але ўсё ж цешылі сябе думкаю, што ўсё як-небудзь абыдзецца, што кіраўнічая мудрасць, пакты, праўда нашае мірнай справы не дапусцяць вайны. Ды нам у дзяцінстве яна і не здавалася чымсь ненатуральным — наадварот, самымі ўлюбёнымі нашымі цацкамі была зброя, самыя цікавыя кніжкі былі пра вайну. Яна была прываблівай нам, гэтая вайна, і вабіла яна нас да таго часу, пакуль была выдумкай,
У галаве маёй тлум. Вочы засцілае туманам крыўды і нянавісці. У душы ўсё апала, усё рашучае, гордае, дужае, што за цяжкі пакутны год разраслося ў намер, раскрышылася за адзін дзень. Застаўся толькі ранейшы боль і бяздумная няпэўная ўпартасць. Я няўцямна кручу ў руках Жаўтыхова пісьмо і стараюся нешта вызначыць раз назаўсёды.
— Папоў, — кажу я, пазіраючы наводчыку ў вочы. — Што рабіць? Стаяць да канца?
У рудых вачах Папова з'яўляецца здзіўленне, пасля ціхі сяброўскі дакор. Ён уздыхае і кажа:
— Нашто так кажы: да канца? Не трэба канца. Не трэба прападай. Прападай дурань! Трус прападай! Лазняк — нашто прападай? Многа-многа ваяваць трэба. Жыві трэба.
— Думаеш, Папоў лёгка? — памаўчаўшы, пытаецца наводчык. — Ой, як Папоў дрэнна! Жаўты — камандыр, даўно мой камандыр, харош друг… На Дняпро мы прападал, ой, дрэнна прападал. Якут Папоў цалавал руска Жаўты. Жаўты цалавал якут Папоў. Казалі: бывай! Немец гранаты кідай. Папоў нет гранаты, Папоў — дваццаць два патроны, Жаўты — чатыры патроны. Адын дзень страляй — сапсэм прападай.
Летняе неба — у дымнай смузе. Сонца пячэ-смаліць нашыя лбы, горкі салёны пот раз'ядае твары. Над Жаўтыхом і Лук'янавым круцяцца, лезуць у іхнія вочы мухі. Я раз за разам махаю пілоткай і адганяю іх ад нерухомых нашых таварышаў. А Папоў, не вельмі складна, блытаючы расейскія і якуцкія словы, расказвае трохі ўжо чуты мною выпадак, калі меней года назад для доўгіх крывавых баёў сышліся разам двое розных людзей, сышліся, каб вось сёння расстацца навек.
13
— Цікава! От цікава, дакуль мы тут выседзім? Пакуль у палон пабяруць, ці як? — падае ад гарматы паспакайнелы ўжо голас Задарожны. Засцярожліва сагнуўшыся за шчытком, ён пільна азірае абшар, але скрозь пуста. За вёскаю ж тысяччу перуноў грыміць бой, і па выбухах-стрэлах чутно, што ён на адным месцы і не цішэе, а нарастае. Недзе па-над дарогаю, вылятаючы з-за пагоркаў, выюць нямецкія міны, але рвуцца яны далёка за вёскай. Папоў моршчыцца, ціхенька вохкае і ўсё не знойдзе ніяк мясціны для сваёй рукі — то туліць яе да грудзей, то кладзе на калені, то выцягвае ў цяньку пад сцяной. Лёшку ён не адказвае.
— Было б геройства, — бурчыць Задарожны. — А то дурнота адна. Пазабіваюць, і ніхто не даведаецца. Напішуць — прапаў без весткі. Або яшчэ лепш — у палон здаўся.
Папову напэўна непрыемна чуць гэта, і ён цвердзіць сваё:
— Камандыр Жаўты не адступай — і Папоў не адступай. Трус адступай.
— Жаўты, Жаўты! Што мне Жаўты! Жаўтому цяпер усё роўна. А мы жывыя яшчэ.
— Эх, Лошка, Лошка! — ківае галавой Папоў. — Дрэнны твой галава. Малы галава…
— Што галава! — агрызаецца Задарожны. — Вось глядзі: хоць бы ты! Геройства, можна сказаць, праявіў — танк падбіў, — а толку што? І ведаць ніхто не будзе. Зноў жа Лук'янаў — чым не герой? Пад агонь лез. А яго ледзь не злачынцам лічаць.