Восень пасярод вясны
Шрифт:
— Глядзіце, цёцю, тут нейкія старыя кнігі… — паставіўшы свечку на мармуровую кансольку, Марыся ўзяла з адчыненай пакі тоўсты фаліянт у цісненай скураной вокладцы, ледзь адшпіліла жоўтую засцежку. — Ого, ад рукі пісаная. Толькі пажаўцела ўсё, нічога не разабраць.
— Вазьмі з сабой. Можа, пану Сыракомлі прыгодзіцца на што… А дзе ж тая кісляціна? У гэтым куце не відаць, тут — таксама… А, мусіць, тут. Нешта за абразам чарнее. — Галена адставіла ўбок перакулены партрэт вусатага мужчыны з сабакам, а за карцінай ці, дакладней, пад карцінай аказалася цэлая купа наваленых навалам бутэлек. Зверху яны былі пакрыты аслізглай
Галена грэбліва выхапіла пальцамі доўгую чорную пляшку, узняла бліжэй да свечкі, перакруціла да сябе наклейкай.
— Цуда, ды і толькі! — усклікнула яна. — Бургун! Ды яшчэ ўраджаю 1789 года! Равеснік Французскай рэспублікі! Ты ведаеш, колькі Венк дзярэ ў Вільні за такую бутэльку? Хаця што ты ведаеш, ты і віна, пэўна, ніколі не каштавала.
— Не каштавала, цёцю…
— Сёння пакаштуеш!.. О, дык тут і бардо ёсць, і арак!.. Няшчасце — арак увесь выцек, пустая бутэлька. Зрэшты, няхай гэтым Яцак зоймецца, калі вернецца, ён лешпы знаўца напояў, чым мы з табой. Вось толькі гэтага бургуна захопім з сабой. Няхай Людвік падзівуецца, калі прыедзе… Пайшлі назад!
Калі Галена з Марысяй вылезлі, замурзаныя, наверх, Мальвіна асцярожна здымала скурку з абскубанага індыка.
— Пабойся бога, Мальвіна! Індыка — у вялікім посце, у пёнтак?!
— Не палохайцеся, вашэця, — Талоччыха задаволена заўсміхалася. — Мы яго рыбай нафаршыруем. Ото будзе здзіўленне!.. Ну што — знайшлі ў склепе віно?
— Знайшлі. А як жа, знайшлі! — Галена паказала бутэльку. — Там яшчэ ёсць. І многа. Толькі ты, каханая Мальвінка, раскажы мне, адкуль яно? І люстэркі, і партрэты?
— Як тут шаноўнай вашэці вытлумачыць… Прывезлі ўсё з Нясвіжа. Маці пана Яцака загадала прывезці, калі радзівілаўскае менне па руках пайшло. А паколькі стары палацык ужо развальваўся, а новы яшчэ толькі будавалі, то склалі ўсё тут, у свірне. Свіран гэты, да ведама вашэці, стары вельмі, Яшчэ пры Дзядулі пана Яцака будаваны.
— Чаму ж потым дабро не перанеслі ў палацык? Чаму дапусцілі, каб струхнела, стлела, змарнела?
— Стары пан так загадаў, бацька пана Яцака. Ён сам сюды не хадзіў і ўсім іншым забараняў.
— Але ж па якой прычыне?
— Няхай вашэця лепей спытае ў пана Яцака. А то, — Мальвіна не прамінула мажлівасці адпомсціць Галене, — можа, пра тое мне і расказваць няможна. Бо хто вашэця для яго — чужы чалавек. Госця!
Апошняе слова, дакладна разлічанае, падзейнічала на Галену, як аплявуха. Хаця — што яна магла запярэчыць? Фармальна так яно ўсё і было.
— Хадзем, Марыська! — клікнула яна дзяўчыну. — Не будзем перашкаджаць пані Мальвіне ў яе высакародным занятку! Завялікі для нас гонар!
— Чаго яна, цёцю, так? — спытала Марыся, калі яны выйшлі за дзверы і спусціліся на сцежку.
— Ад няпэўнасці. Не ведае, што Яцак зробіць з маёнткам, ці даруе за лес. Нервуецца, а таму і колецца…
— Даруем ёй, як і Хрыстус дараваў сваім крыўдзіцелям!
— Даруем! Бо яна сапраўды не ведае, што чыніць. — Галена ўважліва паглядзела на дзяўчыну. — А ты нездарма хлеб у кляштары ела. Сяму-таму цябе там навучылі… Толькі за сабой глядзець не прывучылі. Ну што гэта за валасы, што за прычоска! Пра пекнасць сваю трэба дбаць. Пялегаваць яе!
— Пекнасць? Але ж, цёцю, я не пекная. Законніцы мне гэта не раз казалі. Адно плячо ў мяне вышэй за другое, і шыя набок звернута.
— Выкінь, дзіцятка, з галавы
— Выходзіць, цёця лічыць, што нельга мяне назваць непрыгожай? — яны ўжо былі ў салоне, дзе, стоячы на каленях, той дзіўны мужык памешваў качаргой паленні ў вагністым жэрале круглай кафлянай печкі.
— Вядома, нельга, дурненькая, — кінуўшы на крэсла паўсалопу, Галена цяпер сама ўглядалася ў люстэрка. — Вось убачыш вечарам: усе мужчыны вытрашчаць на цябе вочы.
— А можа, так ніхто і не прыедзе…
— Прыедуць! Калі даведаюцца, што сам Сыракомля тут будзе, — лётам прылятуць! Дзе яны знойдуць іншую аказію яго пабачыць?! А там, глядзіш, сасватаюць цябе. Пан Яцак, — вочы Галены па-змоўніцку бліснулі, — калі захоча, вядома, табе, як краўнячцы, Анелін апіша, і станеш жыць ты тут, нібы ў пана бога за пазухай, насельніцтва Расійскай імперыі памнажаць.
Марыся ўся запаланела:
— Тэж цёця скажа!
— О, з такім румянцам табе яшчэ болей да твару! А то нейкая бледная ты — як з крэйды… Каб мне ружу вечарам на шчокі наклала! І валасы на папільёткі накруціла! У спальні вазьмі.
— У якой спальні, цёцю?
— Ах, мілае дзіця маё, няшчасце маё, вечна ты пакоі блытаеш. Да адной цэлі ў сваёй кляшторнай турме прызвычаілася… Глядзі вось, — Галена павяла вокам па салоне, але, не знайшоўшы паперы, падышла да Марысі. — Дай сюды сярнічкі… Так мне растлумачыў усё пан Яцак. — Галена паклала на стале ў рад пяць палачак. — Гэта адна сцяна, ад уезду. А вось такая ж другая, ад гарода. Цяпер пакладзём па дзве сярнічкі замест бакавых сцен. Бачыш, выйшла скрыначка, прамавугольнічкам называецца. Та-ак, пасярэдзіне пазначым сені, яны ідуць наскрозь, ад адной веранды да другой. Зважай: па баках атрымаліся дзве роўныя скрыначкі, квадрацікамі называюцца яны. Цяпер разгародзім іх крыж-накрыж… Злева… Справа… Што атрымалася?
— Восем роўных скрыначак! Акурат у нашым доме, — усцешылася Марыся. — А пасярэдзіне сені.
— Разумніца! Усе пакоі тут аднолькавыя. Усе злучаны паміж сабой, усе маюць выйсце — на веранду або ў сені. Толькі ў левай палавіне, ну, дзе твая спальня, унутраныя дзверы забіты. А там, дзе крыжыкам сходзяцца сценкі, пастаўлены гэтыя круглыя печкі, Адна печка — а грэе на чатыры пакоі. На ўсякі выпадак ёсць яшчэ і бакавыя печкі, якія выходзяць у сені.
— Разумна прыдумана.
— Разумна і проста. Гэта бацька пана Яцака так намудраваў. Намаляваў два крыжыкі, падзяліў іх сенямі — і ўвесь план. Кожны пакой загадаў ён пафарбаваць у свой колер. Вось гэты салон, дзе мы цяпер, называецца белым. Прама — кабінет пана Яцака, ён жоўты. За ім, у нарожным пакоі, наша спальня, ну, значыць, пана Яцака… Яна памалявана ў зялёны колер. Значыць, папільёткі ты ў зялёным пакоі знойдзеш… Направа ад салона — кухня, ці, як выражаецца Мальвіна, буфетная. Так-с, цяпер адправімся на тую палавіну. Твой пакой які?