Восень пасярод вясны
Шрифт:
— Але ж…
— Болей таго, мітрапаліт Сямашка ўсім даказвае, што Назімаў звязаны з самім Герцэнам, што толькі ён і ніхто іншы паслаў у «Колокол» копію яго пісьма да обер-пракурора сінода. Тая копія пісьма, дужа гнюснага, ляжала ў патаемнай шуфлядзе генерал-губернатарскага стала.
— Няўжо — сам Назімаў? Звяждоўскі весела засмяяўся:
— Я-то ўжо дакладна ведаю, што не сам Назімаў! Але мяне здзівіла іншае. Даведаўшыся пра інсінуацыю, Назімаў не абурыўся, а задумаўся. Разумееш, задумаўся! І ціханька папрасіў дастаць яму той нумар «Колокола».
— Т-так. Што ж тады: загадаеш мне дзякаваць Назімаву, ц-цалаваць руку, якая накрэсліла: «Аб’явіць аб адсутнасці вакансіі»?
— Цалаваць не трэба. Але і катам яго называць не трэба. Я дзеля чаго ўсё гэта табе, Канстанціне, расказваю.
Шэрая постаць між тым не знікала. Шпацыруючы, нехаця аддалялася, шпарка вярталася — усё бліжэй і бліжэй. Прыкрасць перадалася ўжо і Каліноўскаму:
— Давай, Людвік, лепш пойдзем адсюль. Кудысьці ў горад, дзе болей людзей. І — бліжэй да справы!
— Сапраўды, лепей выбрацца адсюль на праменад, на Вялікую вуліцу. Можа, зойдзем дзе ў кавярню… Справа ж такая. Я не магу сёння пакінуць Вільню. І нікога пад рукой свабоднага ды надзейнага няма. Францішак Далеўскі ў ад’ездзе… Між тым на Літву прыбыў сувязны. Пошта з Варшавы прымчалася, што рэдка з ёй бывае, раней свайго часу. Сувязны нікога не дачакаўся і, даўшы нам знаць, паехаў на вёску. Чакае там ужо каторы дзень.
— Далёка адсюль?
— Вёрст трыццаць з гакам у бок Мінска па Чорнаму, разбойніцкаму тракту. Не даязджаючы да моста, праз Лошу трэба павярнуць налева, на Астравец. Каля развілкі можна спытаць у карчме.
— Ч-чаму ж ён, эмісар, значыць, не застаўся ў Вільні? Не дачакаўся к-каго?
— Не ён, а яна, — паправіў Звяждоўскі. — Не магла, выходзіць. Занадта яна вядомая асоба, каб заставацца навідавоку ў Вільні. Тут яе кожны ведае. Мог бы ўзнікнуць скандал.
— Хто ж яна? М-маю я права ведаць асобу, да якой ты мяне хочаш скіраваць, ці не маю?! Сітуацыя дужа цьмяная.
— Маеш, безумоўна маеш! — заспакоіў спадарожніка Звяждоўскі. Паварочваючы каля гары Гедыміна да катэдры, кінуў позірк назад: шэрая постаць плялася ззаду, але на вельмі пачцівай адлегласці. — Гэта сама Галена Маеўская!
Але названае прозвішча не зрабіла асаблівага ўражання.
— Не в-ведаю. А хто яна такая?
— Адразу відаць, што ты не ў Вільні вырас. Таму і віленскіх плётак не ведаеш. — Звяждоўскі нехаця аддаў гонары знаёмаму паручыку, што рабіў па Цялятніку ранішні мацыён з дамай у цёмна-зялёнай салопе, з-пад якой віднеўся падол такой жа па колеру крыналіны.
— Бач ты, — ціха звярнуў увагу Звяждоўскі. — І яна надзяваць светлае не наважваецца. Анагдайчы дочкам Назімава за тое, што яны выйшлі на праменад у светлых сукенках, усё адзенне ззаду сернай кіслатой папсавалі. І, уяві сабе, Назімаў не шукаў вінаватых. А дочкі цяпер у цямнейшым з’яўляюцца. Выходзіць, і іх прымусілі насіць жалобу па тых, каго расстралялі ў Варшаве!
— Бог з імі, з губернатарскімі дочкамі, — зморшчыўся Каліноўскі. — Дык ч-чым жа праславілася пані Галена Маеўская?
— Тым… Цяпер магу і гучна гаварыць. Я ж толькі пераказваю табе тое, што ва ўсёй Вільні было на языку гады чатыры назад… Тым, што яна была жонкай Адама Кіркора, цяперашняга рэдактара…
— Пра гэтага ч-чуў. Рознае чуў. І нават адзін раз бачыў у Пецярбургу — паказалі ў тэатры як гарачага патрыёта Літвы.
— …А потым кінула яго, стала каханкай нашага салаўя Уладзіслава Сыракомлі.
— Што ж тут асаблівага? Гэта іх справа. Ну, я разумею: з аднаго боку — рэдактар, з другога — паэт! Сенсацыя для правінцыяльнага паспольства!
— Не толькі ў гэтым соль. Тут, мусіць, самае важнае — падрабязнасці. Істотныя падрабязнасці. Галена Маеўская — не толькі няверная жонка і няверная каханка, але яшчэ і здольная артыстка, фаварытка віленскай публікі. Прыехала яна ў Вільню… Зрэшты, гэта досыць доўгая гісторыя. Давай зойдзем у рэйнскі склеп Венка, сагрэемся хаця б глінтвейнам.
— …Значыць, прыехала яна ў Вільню… — нагадаў, сеўшы за столік, Каліноўскі. Гаспадар, пабачыўшы на грудзях штабс-капітана ордэн святога Станіслава і медаль у памяць Крымскай вайны, уласнаручна прынёс ім дзве шкляніцы гарачага пахучага пітва.
— Прывезлі яе сюды з Варшавы недзе ў пачатку саракавых гадоў. Разам з сяброўкай Аміляй Маркоўскай.
— Цяпер разумею, чаму шляхцянкі ў Свіслачы забараняюць сваім дочкам браць у рукі гэту паэму… Ну так, цікава. Што далей?
— А далей было тое, што Вільня паўстала супраць Галены. Не маглі ёй дараваць ні рагатага мужа, ні кінутых Сыракомлем дзяцей. Праўда, Паўліна Кандратовічава трымала сябе годна: не жалілася, не плакала. Разумела, што найлепшы тут лекар — сам час. Але Галена мусіла пакінуць Вільню. Сыракомля звярнуўся да варшаўскіх сяброў, нават кланяўся кракаўскім кансерватарам. І Галену прынялі ў кракаўскі тэатр Пфайфера. Калі той выязджаў на гастролі ў Познань, туды, пазычыўшы грошай, паехаў і Сыракомля. Здаецца, гэта была яго першая вандроўка за рубеж… Публіка авацыйна вітала і Маеўскую, якая іграла галоўную ролю ў сыракомлеўскай п’есе «Хатка ў лесе», і самога аўтара. Вітала не толькі як паэта, але і як пасланца Літвы. Пасля нейкага там акта публіка патрабавала выканаць «Мазурку» Дамброўскага. Пфайфер, натуральна, супрацівіўся. Тады адзін мужчына выскачыў з залы, узяў дырыжора за горла і прымусіў яго іграць! Скандал! Умяшалася паліцыя, ледзь не спыніла гастролі… І вось набліжалася развітанне. Тэатр павінен быў паехаць у адзін бок, Сыракомля — у другі. Тады ў апошнім спектаклі, не помню ўжо ў якім, помню толькі, што Галена іграла там дачку валошскага гаспадара, у сцэне самазабойства яна ўторкнула сабе штылет у грудзі глыбей, чым патрабавалася па ролі — і з-пад адзення выступіла кроў. Сыракомля спалохаўся, кінуўся за кулісы… Адным словам, закаханыя засталіся разам у Познані яшчэ на некалькі дзён.
Тут да іх нячутна падышоў Венк. Прапанаваў яшчэ па шкляніцы. Але яны адмовіліся. Звяждоўскі разлічыўся і першым узняўся з крэсла.
— То ч-чым скончылася ўся рамантычная гісторыя?
— А нічым! Сыракомля вярнуўся ў Вільню. Блуднага бацьку, здаецца, прынялі ва ўлонне сям’і. Галену Пфайфер урэшце прапаў з тэатра, і яна пераехала ў Варшаву, зноў выступала на сцэне. З Кіркорам рассталася. І самае дзіўнае ў гэтай гісторыі… — выйшаўшы на вуліцу, Звяждоўскі непрыкметна паглядзеў па баках: шэрай постаці ўжо не было. — Самае дзіўнае ва ўсёй гэтай гісторыі, што Кіркор не затаіў на Сыракомлю ніякай крыўды. Дапамог прыстроіць яго сына ў шляхецкі інстытут. Мусіць, лічыць, што абодва яны сталі ахвярай пекнай, але пранырлівай камедыянткі, якая выкарыстала іх уплывы для дасягнення сваёй мэты. Цяпер Кіркор знайшоў суцяшэнне з былой жонкай Карэвы, ну таго, што «Віленскую губернию» падрыхтаваў. У адрозненне ад Галены яна не артыстка, а паэтка. Галвіяй падпісваецца — ёсць такое возера ці рэчка на яе радзіме, каля Нарачы. У апошнія гады Кіркор стаў уплывовым чалавекам. Яго «Кур’ер Віленьскі» мае ўжо каля трох тысяч падпісчыкаў. На Літву гэта многа.