Восень пасярод вясны
Шрифт:
— Ого! Піскляты ўжо вучаць курэй, а куры злуюцца, — Галена зноў узяла на сябе ролю анёла-прымірыцеля. І тут жа перавяла гаворку на іншае: — Шчупакі ладныя. Але што мы з іх зробім?
— Два засмажым у алеі, а два нафаршыруем і падамо цэлымі. З пёркамі па баках, каб на птушак былі падобны.
— Хіба наша кухарка ўсё гэта зможа?
— А нашто я тут існую? — зноў пакрыўджана засапла Мальвіна. — Я любую страву магу прыгатаваць, нават пеўніка, цалкам зваранага ў бутліку. Або шчупака, засмажанага ў хвасце, варанага ўсярэдзіне і печанага ў галаве… Можа, я вучылася ў кухара, які падаваў на стол самім Радзівілам!
— Ну
— А колькі іх будзе? Колькі? Наш вялікі стол — толькі на дванаццаць асоб. Ад сілы можна паставіць яшчэ дзве талеркі для паноў Загорокіх, як у нас кажуць. Ну, для людзей, што могуць заехаць нечакана.
— Пачакай. Давай разам падлічым: нас — трое, пан Сыракомля. наш галоўны госць, — чацвёрты, свецкі леў з Лап — пяты. Яцак сказаў, што будзе шасцёра яго крэўных, — гэта ўжо адзінаццаць. Ага, яшчэ ксёндз. Разам — дванаццаць. Ну і пані Мальвіна з панам Баніфацым. Якраз камплект!
— Мой не пойдзе! — адрэзала аканомка. — Пакрыўдзіўся на пана за той крык. Служыў, служыў — і дачакаўся! Чорнай няўдзячнасцю яму адплацілі за тое, што рабіў, як вол.
— Але і Яцка можна зразумець, — захвалявалася Галена. — Казаў, валокі з дзве лесу знішчана…
Марысі надакучыла слухаць гэтую не дужа зразумелую ёй сварку, і яна адышла ўбок, дзе ў драўляных засеках жаўцела збожжа. Многа збожжа, рознага і невядомага. Марыся засунула руку ў зерне. Яно падатліва рассувалася, пяшчотна халадзіла пальцы. І гэты халадок зноў здаўся ёй знаёмы. Адкуль? І як называлі такое зерне? Жыта?
— …І няхай вашэця не кажа, што мы запусцілі гаспадарку, што няма чаго есці, — Мальвіна цяпер яўна хацела прымірэння. — Вунь колькі каўбасаў на жэрдках вісіць! Колькі вяндліны ў кашах! Колькі саланіны ў збожжы закапана! Колькі тварагу ў кадушках насолена! І не я вінавата, Што паны зваліліся як снег на галаву ды прыдумалі ўчыніць гэты баль у самы вялікі пост. На грэх людскі!
— Але ж Яцак ужо казаў Мальвіне, што болей тут чакаць мы не можам. Яго на службе чакаюць, на рабоце. А прыняць свайго госця яму трэба! І крыж пасвенціць да ад’езду! Калі б я тое ведала, — узарвалася Галена, — я дала б свае грошы, паслалі б каго ў Вільню — і завезлі б што, каб перад людзьмі не чырванець ад сораму.
— Чырванець пані не прыйдзецца, — Марысі здалося, што Талоччыха зараз заплача. — Да шчупакоў ёсць яшчэ бабровыя хвасты, яны таксама поснымі лічацца. Ёсць асятровай ікры бочачка. Ёсць селядцы і вэнджаныя ўюны. Ёсць соленыя рыжыкі. Марцыпаны на салодкае падамо. І цукар-мароз.
— А піць, піць што людзі будуць? На піццё ж посту няма.
— Сівухі вунь у бровары — цэлыя бочкі. Пі, хоць захлыніся.
— Пані Мальвіна разумее, што кажа?! — голас Галены ўзвышаўся да істэрыкі. — Сівуху — найпершаму паэту краю? Сівуху — найбольш імянітаму і грашавітаму пану Падляшша? На ганьбу і смех людскі!
— Дзядзя ўчора казаў пра нейкае старое віно, — нечакана ўмяшалася Марыся. — Нібыта недзе ў зямлі павінна быць. Учора я стаяла на верандзе і чула, як яны з панам Баніфацым гаварылі.
— А, тая кісляціна! — успомніла Талоччыха. — Калі яна на нешта прыдасца, то магу паказаць. Адзін раз пакаштавала — і нават ворагу не раю… То чаму ж не паказаць, проша! — Мальвіна падышла
— Няхай Мальвіна не кажа абы-чаго. Хто можа страшыць у звычайным склепе?! Трэба толькі свечкі ўзяць. Ёсць тут свечкі?
— Не, толькі ў палацыку, — буркнула Талоччыха.
— Я збегаю, я зараз! — падахвоцілася Марыся. Усё невядомае, таямнічае прываблівала яе — аж да замірання сэрца.
Марыся бягом пусцілася паўз хату для чэлядзі і домік, дзе жыў аканом, пераскокваючы прыступкі, узляцела на веранду, што цягнулася ўздоўж усяго дома, які тут усе называлі палацыкам, і ў дзвярах ледзь не збіла з ног таго мужыка з дзіўным поглядам.
— Прашу прабачэння! Я не хацела…
— Не шкодзіць, нічога не шкодзіць, паненка… Ці можна мне спытаць, як паненцы на імя?
— Чаму ж, Марыся. Марысяй мяне завуць.
— А родам, родам паненка скуль? — стары нібы заступіў дарогу.
— Прашу прабачэння, але мяне там чакаюць, — дзяўчына далікатна адхінула старога. — На размовы не маю зусім часу.
Ухапіўшы ў кухаркі дзве стэарынавыя свечкі і бляшаны карабок з шведскімі сярнічкамі, Марыся хуценька вярнулася ў свіран. Абедзве жанчыны ўжо мірна сядзелі на скрыні і падсілкоўваліся жоўтым сырам, сушаным у маку. Кавалачак далі і дзяўчыне.
— Смачна! — пахваліла яна. — Ніколі такога не ела.
— Можна і на стол паставіць, — падхапіла Галена.
— Што вы, што вы, вашэця, — абурылася Талоччыха. — Адзін раз паставіла на стол — ніхто не пакаштаваў. Думалі, мыдла, парэзанае кавалкамі… Засмяюць, асабліва пані Дайнаровічыха з Дравянік, цётка пана Яцака. Я ж іх ведаю, у сябе будуць па поўніцы есці такі сыр, а на людзях — ім толькі швейцарскі падавай.
— Бож-жа мой! — уздыхнула Галена. — Касмапалітызм ужо і да гэтай глушэчы дайшоў. Колькі яго ні высмейвалі — і Людвік, і Адам — а дайшоў… Ну, пойдзем, Марыська, калі не баішся. Глянем на тую кісляціну.
Марыся няўмела пацерла серніком аб жалезнае вечка — нічога не выходзіла. Тады Галена нецярпліва ўзяла карабок, размашыста чыркнула — і, смуродзячы навокал, загарэлася дрыготкае полымя. Запаліўшы ад яго свечкі, абедзве яны, узнімаючы падалы сукенак, пачалі асцярожна спускацца па хісткіх прыступках.
— Вы як сабе хочаце, — кінула ім услед Мальвіна. — А я ногі ламаць не збіраюся…
Але прыступак аказалася не так ужо і многа. Сышоўшы з апошняй на цвёрдую зямлю, Галена ўзняла свечку ўверх, каб асвятліць склеп. І раптам полымя свечкі, цьмяна адбіўшыся ад адной сцяны, паўтарылася на другой. Здавалася, што свечак тых ужо дзесяткі і вядуць яны ў бясконцую далечыню. Галена не адразу зразумела, што гэта люстэркі, некалькі вялікіх люстэрак. Падышоўшы да аднаго, павяла пальцам па жаўтаватаму шклу, чорнай разной раме, пакрытай шэра-зялёным налётам. Сумненняў не было: гэта ўрэцкія вырабы. Калі Кіркор пачаў у Вільні збіраць рэчы для музея старажытнасцей, то паказваў Галене такія, Казаў, што зроблены яны год са сто назад на мануфактуры Радзівілаў — ва Урэччы, недзе за Слуцкам, зроблены рукамі прыгонных сялян і што цаны ім цяпер няма. Але чаму гэтыя люстэркі стаяць тут, а не ў палацыку? Чаму яны такія занядбаныя?