Восень пасярод вясны
Шрифт:
З задумення вывеў яе лёгкі скрып дзвярэй. На парозе стаяла цётка Галена — яшчэ з папяровымі папільёткамі на галаве, але ўжо не ў квяцістым шляфроку, а ў доўгай шэрай сукенцы, якая добра скрадвала яе паўнату.
— Уставай, Марыська. Сёння цяжкі дзень наперадзе. Спраў многа.
— Зараз, цёцю, — дзяўчына паслухмяна спусціла з ложка ногі, спавітыя доўгай паркалёвай кашуляй. — А што мне трэба рабіць?
— Найперш памыцца і адзецца, а потым пойдзем з табой аддаваць распараджэнні Мальвіне. У нас сёння будзе многа чужых людзей, і мы павінны
— Распараджэнні? Я ў гэтым, цёцю, зусім не разбіраюся. Няхай лепей дзядзя распараджаецца. Ён усё ўмее.
— Твой дзядзя… — засмяялася Галена, і смех яе прагучаў напята. — Твой дзядзя — ранні пташак. Узяў стрэльбу і сказаў, што пойдзе на паляванне, а потым некуды загляне, каб запрасіць сваіх крэўных. На хлапечыя сцежкі яго пацягнула…
— А што я магу…
— Ты? Ты павінна да ўсяго прыглядацца і прыслухоўвацца. І ўсё ў сябе ўбіраць, усмоктваць разам з тутэйшым паветрам.
— Але ж — навошта?
— Такі ўжо наш жаночы лёс. Гэта толькі твае законніцы лічаць, што нам наканавана ўсё жыццё хадзіць бясплоднымі смакоўніцамі. Аднак мы мусім раней або пазней, — тут твар Галены злёгку перасмыкнуўся, — стаць гаспадынямі і маці. Хаця б таму, што іначай супыніцца род чалавечы. Хаця б таму, што гэта, ну, як бы тут табе сказаць, дае нам некаторае задавальненне, сатысфакцыю… Зрэшты, што тут гаварыць — з часам усё зразумееш сама.
— То добра, я зараз буду гатова…
Калі Галена з Марысяй, акрыўшыся ад ранішняга холаду ватаванымі паўсалопамі, спусціліся з веранды на двор, яны адразу ж пачулі вэрхал каля паветкі. Упёршыся рукамі ў клубы, Мальвіна, жонка анелінскага аканома Талочкі, бэсціла старога мужыка ў паношаным кажуху і шапцы-аблавушцы, які стаяў ля кучы дроў і маўкліва набіраў сабе ў бярэма тоўстыя сукаватыя паленні.
— То якое ж ты меў, хаме, права без ведама пана Талочкі памяняцца з гэтым лайдаком?! Панстронкаў вам абодвум захацелася! Бізун па вас, пся юха, даўно не хадзіў!
— Няма чаго, пані, пужаць мяне пастронкамі, — зацята абараняўся мужык. — Не панскі я, не панскі! Я палушанскі, скарбовы, значыць! І цар нас у крыўду не дасць! — Мужык рашуча павярнуўся да Мальвіны, і цяпер яны стаялі амаль упрытык.
— Ах ты, пес, яшчэ адбрэхвацца ўздумаў… — Мальвініна рука з заціснутым у ёй вялізным драўляным апалонікам узнялася ўгору, але тут жа апусцілася, бо побач пачуўся голас Галены:
— Кіньце, Мальвіна, з самай раніцы гнявіць пана бога. Вунь і паненка слухае… Ды і завошта крыўдзіць беднага хлопа?!
— Крыўдзіць! Быдла яны, разбэсціліся, рабіць нічога не жадаюць. Толькі ў карчме мокнуць…
— Але ж, Мальвіна, ён работу збіраецца рабіць, дровы несці.
— Дровы! Дровы загадана насіць Гармашу, а не яму. Ён не наш, а з суседняй вёскі. Дзяржаўны.
— А дзе Гармаш?
— Вось гэтая старая падлоціна кажа, што захварэў. Ведаю я тую хваробу! Я яму памяняюся!
— Дык што ж тут благога, калі адзін чалавек дапамагае другому? Добрая, міласэрная справа! Ты,
Але Грыва нічога не чуў, стаяў скамянела, утаропіўшы вочы ў тую, маладзейшую, што пацепвалася ад золкага ветру. На нейкае імгненне іх позіркі сустрэліся, і стары тут жа спалохана адвёў свой убок, на свіран. Верхнія паленні пачалі з бярэма глуха сыпацца на зямлю, каб падняць іх, Грыва прысеў.
— Хам’ё — яно хам’ё і ёсць! — сплюнула ўбок Мальвіна. — Нават падзякаваць пані за ласку не можа…
— Хадзем, Мальвіна, нам трэба ў свіран! Работа стаіць, — Галена пацягнула Талоччыху за рукаў.
— Ці ведаеш хоць, дзе тыя печкі? — кінула Мальвіна наўздагон мужыку, які паволі аддаляўся, ледзь перастаўляючы здранцвелыя ногі.
— Ведаю, пані. Я іх клаў… Разам з братам.
— І глядзі, каб нічога-ніякага. Ведаю я вас! Кухарка прасочыць! Я сама кішэні выверну!
— Ну за што вы, пані, яго так! — нечакана для сябе самой уступілася за мужыка Марыся. Погляд старога здаўся ёй бездапаможным і нейкім пяшчотным. — Яго ж твар дабром свеціцца.
— Ва ўсіх іх свеціцца! — перадражніла Мальвіна. Аддаўшы Галене патрымаць апалонік, яна дастала з кішэні пук ключоў, выбрала самы вялікі і адчыніла ім заржаўлены замок, які злучаў два прабоі. З-за прыадчыненых дзвярэй, шаляваных у елачку, патыхнула нечым духмяным і кіслым.
— Асцярожна, вашэці, тут за парогам правалілася дошка. Колькі казала Касінскаму, каб уставіў новую, а ён…
Маеўская, а ўслед за ёй і Марыся шырокім крокам перажэргалі парог і спыніліся, не ведаючы, куды ісці далей. З паўзмроку ледзь выступалі высокія бочкі, саламяныя кадоўбчыкі, ступы, маслабойкі. Са столі на дратах звешваліся кашы з валакнянымі пасмамі-бародамі ўнізе.
— Гэта каты, — адчуўшы неўразуменне сваіх спадарожніц, растлумачыла Мальвіна. — Залазяць сюды на пах вяндліны. Скачуць угору і кіпцюрамі касмацяць кашы. Халеры на іх няма.
— І ім хочацца вэнджанага, — усміхнулася Галена.
— Каму не хочацца, — уздыхнула Мальвіна. — І чалавеку, і зверу. Толькі нельга сёння падаваць вяндліну. Вялікі пост!
— Вядома, пост! — ухваліла Галена. — І ксёндз, пабачыўшы яе на стале, нас асудзіць. Сёння павінна быць усё поснае. Што мы можам падаць з поснага?
— Вось! — Мальвіна падвяла Галену да начоўкі, у якой ляжалі ў нечым белым чатыры доўгія шчупакі. — Пазаўчора Гармаш у Расалоўцы вылавіў.
— Не сапсуліся?
— У кіслым малацэ не сапсуюцца! Толькі яго трэба часта мяняць. — Мальвіна пачала збіраць апалонікам і зліваць у даёнку загусцелую вадкасць.
— Лепш шчупакоў выняць і ўсё выліць разам, — засумнявалася Марыся.
— Выліць! — чамусьці занадта абразілася Талоччыха. — Стане паненка сама гаспадыняй — тады і будзе сабе выліваць. Што захоча і куды захоча!