Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Вялікі Шан Ян

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— З чаго мы пачнем, вучонейшы? Мне цікава ўсё. Ты ж ведаеш "Шан"?

— Я шмат ведаю. Зашмат для нашага часу.

— Можа, пачнем з прынцыпу дзесяцёх паразітаў?

Вучоны прыўзняў бровы:

— О, у цябе прыродна-жывы розум. З цябе мог бы… Ты ўзяў самую сутнасць. Тое, з чаго пачынаецца ўсё і чым вучэнне Шана "фацзя" імкнецца забіць канфуцыянства і навуку.

Ён засяродзіўся і павольна, змейкаю, пацягнуў па траве ружанец з ляпіс-лазуры. Пасля пачаў нараспеў, але інтанацыя была такая, што ясна было: яму брыдка да нудоты:

— "У дзяржаве бываюць дзесяць паразітаў: лі [11] , музыка, Шыцзін і Шуцзін [12] , дабрадзейнасць з дабрачыннасцю і давер'е, успрыняцце вайныя як чагосьці ганебнага і, адсюль, нежаданне ваяваць, павага да бацькоў, пачытанне старых парадкаў і звычаяў, братні доўг, бескарыслівасць, красамоўства… Калі ў дзяржаве ёсць гэтыя

дзесяць паразітаў, то валадар не здолее прымусіць народ ваяваць, дзяржава будзе неадменна расчлянёная і, у канцы канцоў, загіне. Калі ж у краіне няма гэтых дзесяцёх "шы", вошаў, правіцель можа прымусіць народ ваяваць, а дзяржава неадменна даб'ецца ўладання ў Паднябеснай". І яшчэ: "Красамоўнасць і востры розум садзейнічаюць беспарадкам… дабрыня і чалавекалюбства — "маці праступкаў" [13] .

11

Лі — сістэма маральна-этычных прынцыпаў і нормаў паводзін: чалавекалюбства і сваякалюбства, павага да старэйшых, сумленне, шчырасць, імкненне да ўнутранага самаўдасканалення.

12

Старажытныя кнігі з легендамі, гімнамі вольных абшчыннікаў, песнямі, мудрасцю і паэзіяй.

13

"Шан", р. 5.

— Але ж ён за Паднябесную, — горача ўставіў купец. — Хіба нельга дзеля такога ахвяраваць чымсьці?

— О, ублюдкі і сыны чарапахі, — раптам застагнаў вучоны. — Косці людскія на дарогах, а ім падавай Паднябесную.

— Слухай, высокавучоны, — з раптоўнай зацікаўленасцю спытаў купец. — Ты часам не з кола Мэн-цзы? [14] Ты ж супраць Шана.

— Я ведаю Мэн-цзы, але я не з яго кола. І не з кола яго ворагаў.

— Хто ж ты, такі рэдкі?

— Я за народ. Усе, хто карае яго за розум і праўду, — шум на супе.

14

Мэн-цзы (372–289) — філосаф, вораг сістэмы "фацзя" (легізму), створанай Шан Янам.

— Як імя тваё?

— Жун Лун… Але Цзы казаў: "Хто служыць цераз пасрэднiцтва дао, не скарае другiя народы сiлаю войскаў, бо гэта можа звярнуцца супраць яго, бо там, дзе пабывалi войскi, — там цернi i калючка"… бо "вышэйшага пакарання заслугоўваюць тыя, што любяць вайну, а затым тыя, хто арэ пусткi, бо яшчэ i старая зямля не дае таго, што можа, i запушчана нядбальствам, бо ворыва новай зямлi па загаду Шан Яна — ёсць толькi пагроза суровых пакаранняў, а па нашай думцы — абкраданне капiлкi сыноў i ўнукаў".

— Адкуль ты так ведаеш гэты трактат?

— Трэба ведаць ворага ўсёй сваёй памяццю, — адказаў той. — Ты памятаеш, калі трактат распаўсюдзілі, Шан забараніў абмяркоўваць яго і, на знак таго, што не жартуе, саслаў на вёску тых, што насмеліліся яго хваліць. Значыць, выключалася будзь якая крытыка цара.

— Ты з тых?

— Не. Я проста ўцёк тады. Таму і ўцёк, што мне хацелася не хваліць, а крычаць ад жаху і гневу. Ад таго, куды вядзе гэты нягоднік мой народ, вялікую зямлю маю. Ад таго, што ён забараніў на ёй думаць, што ён выбіў лепшых, мозг і сумленне краіны.

Купец маўчаў. Мабыць, чакаў, пакуль субяседнік выкажа сябе да канца. Таму пакуль атрымоўвалася не размова і не спрэчка, а маналог з рэплікамі.

— Памятаеш, што ён сказаў? "Калі веды заахвочваюцца… немагчыма кіраваць краінай". А хто сказаў, што краінай павінен кіраваць адзін, а не ўсе? І вось падтрымліваюць хлуслівыя веды. "Калі людзі дурныя, іх лёгка прывучыць дя цяжкай працы, а калі разумныя, то нялёгка" [15] . І вось знішчаюць цвет народны. "Як атрутную траву" [16] . "З гэтых людзей — моцных трэба зламіць, красамоўных — прымусіць прыкусіць языкі". Разбэсціць іх кармушкай, бо, "імкнучыся да выгады, людзі забываюць пра "лі", імкнучыся да славы, губляюць у сабе чалавека… Таму яны пойдуць на ўсё, што скажа правіцель, калі гэта абяцае ім выгаду?" [17] Які цынізм! Як гэта сумна!.. Ніякіх лі, музыкі, абавязку, ніякіх нацыянальных традыцый. Бо ад іх паўсюль пракрадзецца нараканне… Застаецца толькі адно рабскае земляробства, і тупыя тысячнікі, і крывавыя сымы [18] , і кіраўнікі армій, і вайна. Зямля і вайна.

15

Шан", р. 8.

16

Кніга "Даодэцзін".

17

"Шан", р. 17

18

Кіраўнікі

конніцы.

— Аднак не будзеш жа ты, о высоканавучаны, адмаўляць неабходнасць войска.

— Я адкажу табе словамі кнігі "Даодэцзін": "Войска — зброя няшчасця, яно не з'яўляецца зброяй высакароднага. Ён ужывае яго толькі тады, калі яго да гэтага вымушаюць. Праслаўляць сябе перамогамі — значыць радавацца забойству людзей. Якое ж такому спачуванне ў краіне? Калі забіваюць многіх, дык аб гэтым трэба горка плакаць. Перамогу трэба адзначаць жалобнай цырымоніяй".

У купца непрыкметна нарастаў цень раздражнення. Злёгку паторгваліся краёчкі вуснаў. Проста ён ніколі не чуў іншага за "Шан-цзюнь шу". Асабліва ў такой стройнай сістэме, якая ламіла ўсё.

— Але ж ён змагаўся супраць вярхушкі за аднаго моцнага цара.

— Адзін ці другія — усе яны вартыя адзін аднаго.

— І ты ж не будзеш адмаўляць, што ён быў супраць прыватнага рабаўласніцтва.

— Ясна чаму. Не з дабрыні ж да рабоў. Проста тады рабы не плоцяць налогаў дзяржаве. А рабам усё адно, каму плаціць, арыстакрату ці цару. І ён скараціў колькасць вольных абшчын, забыўшы, што ўсе мы — людзі на зямлі. Я ведаю, чаму ён рабіў гэта. Вось раздзел "Аб аслабленні народа". "Калі народ слабы — дзяржава моцная, калі дзяржава моцная — народ слабы… Таму аслабляй народ". І што такое цар, дзеля якога ён стараўся? "Калі гасудар праводзіць палітыку, ненавісную народу, народ слабее" [19] . Няпраўда. Гэта часовая моц. Тады дзяржава моцная, калі моцны ўвесь люд, да апошняга чалавека. Іначай, калі моцны адзін цар ды купка ягоных сянаў [20] , тады рана ці позна дзяржава грыміць дагары глінянымі нагамі. Калі вучоны і годны не знаходзяць месца — сорам кіраўніку. Калі на яго месцы падлюга — сорам правіцелю. Дай простаму народу тое, што ён жадае; пазбаў таго, што адвяргае, — іначай шчасце табе здрадзіць. А адзін над усімі — гэта смешна. Адзін — ці дзесяць, — выходзіць, працуе, а краіна лайдачыць.

19

"Шан", р. 20.

20

Дарадцаў цара.

Яны маўчалі. Купец відавочна злаваўся, не знаходзячы аргументаў.

— Ты гаворыш аб годных — урэшце сказаў ён. — Усе вы так. Ну а што б ты адказаў, каб табе прапанавалі быць першым сярод сянаў. Абедзвюма рукамі б…

— Тое, што сказаў Чжуан Чжоў паслам: "Вы абяцаеце тысячы залатых, высокі пост… Але хіба вы ніколі не бачылі, як прыносяць у ахвяру быкоў?…Іх шмат год гадуюць, прыбіраюць у парчу і так вядуць у храм. Каб у такі момант бык захацеў зрабіцца мізэрным парсючком, хіба гэта яму ўдалося б? Ідзіце адсюль і не апаганьвайце мяне! Лепей качацца ў гразнай канаве, чым пастаянна знаходзіцца пад ярмом правіцеля. Да канца дзён не служыць нікому — вось маё запаветнае жаданне. Я не хачу служыць валадарам. Цяперашнім, без сораму і сумлення." [21] .

21

Гэты факт прыводзіцца ў кнізе Сыма Цяня "Шыцзі" ("Гістарычныя запіскі") у "Жыццеапісанні Лао-цзы і Хань Фэй-цзы". Сыма Цянь (II–I стст. да н. э.), "бацька кітайскай гісторыі", апісаў, між іншым, гісторыю Шан Яна і асудзіў яго. За праўду і смелае заступніцтва за несправядліва асуджанага Сыма Цянь быў вылегчаны імператарам У-Дзі.

Купцова рука непрыкметна слізнула пад плашч. У гэты момант, пралятаючы над галовымі іхнімі, пранізліва і трывожна енкнула нейкая вялізная раскрыленая птушка. Купец уздрыгнуў і вытаргнуў руку. Жун Лун быў па-ранейшаму непарушны і глядзеў убок.

— Чыясьці душа, — сказаў ён. — Нехта памёр і папярэджвае пра гэта мяне. А можа, і цябе.

Купец сядзеў зніклы, нібы з яго выпусцілі паветра. А вучоны снаваў сваю думку далей, хаця яго трэслі ліхаманкавыя дрыжыкі.

— Не служыў, нават каб не забівалі кліна ў галаву, нават каб не закопвалі варожых палонных, такіх жа кітайцаў, не, проста гэткіх жа людзей у зямлю. Нават каб не вешалі за праўду, а проста садзілі ў турмы на месяц або знявольвалі ва ўласным доме — і тое гэта было б бессаромнае і аблуднае злачынства. Што ж казаць пра тое, што цяпер?.. І заўваж, за дробныя праступкі — вялікія кары. Караюць усіх. Але калі высакародны і подлы аднолькавыя перад законам — падае павага да таго, каго трэба паважаць. І, перш за ўсё, да цара, які слухае Шана і яго "фацзя", тэорыю самага ашалелага дэспатызму. Непасільны прыгнёт на зямлі, праца на ўсіх — ад цара да дробнай мясцовай чыноўніцкай сволачы. І вайна з-за крыважэрнасці, з-за жадання давесці, што вы лепшыя, адзіныя ў Паднябеснай, самыя разумныя на зямлі. Косткі мерцвякоў на дарогах, а гнілыя, разадзетыя, як пеўні, дзяды ядуць ластаўчыны гнёзды і суп з вярблюджага капыта. Чым заплоціць Шан за тое, што пасеяў? За тое, што ў нас не тое, што няма права на праўду, няма правоў, а няма нават някранутага разумення, што такія правы могуць быць.

Поделиться:
Популярные книги

Отверженный III: Вызов

Опсокополос Алексис
3. Отверженный
Фантастика:
фэнтези
альтернативная история
7.73
рейтинг книги
Отверженный III: Вызов

Мастер 5

Чащин Валерий
5. Мастер
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Мастер 5

Княжна. Тихоня. Прачка

Красовская Марианна
5. Хозяюшки
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Княжна. Тихоня. Прачка

Крещение огнем

Сапковский Анджей
5. Ведьмак
Фантастика:
фэнтези
9.40
рейтинг книги
Крещение огнем

ЧОП "ЗАРЯ". Книга вторая

Гарцевич Евгений Александрович
2. ЧОП ’ЗАРЯ’
Фантастика:
фэнтези
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
ЧОП ЗАРЯ. Книга вторая

Истинная со скидкой для дракона

Жарова Анита
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Истинная со скидкой для дракона

Два лика Ирэн

Ром Полина
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.08
рейтинг книги
Два лика Ирэн

Барон Дубов 3

Карелин Сергей Витальевич
3. Его Дубейшество
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
сказочная фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Барон Дубов 3

Дочь моего друга

Тоцка Тала
2. Айдаровы
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Дочь моего друга

Бывшие. Война в академии магии

Берг Александра
2. Измены
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.00
рейтинг книги
Бывшие. Война в академии магии

Элита элит

Злотников Роман Валерьевич
1. Элита элит
Фантастика:
боевая фантастика
8.93
рейтинг книги
Элита элит

Предатель. Цена ошибки

Кучер Ая
Измена
Любовные романы:
современные любовные романы
5.75
рейтинг книги
Предатель. Цена ошибки

Внешники такие разные

Кожевников Павел
Вселенная S-T-I-K-S
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Внешники такие разные

Секретарша генерального

Зайцева Мария
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
короткие любовные романы
8.46
рейтинг книги
Секретарша генерального