Зачараваныя смерцю
Шрифт:
Напіліся.
Паехаў бы далёка-далёка, дзе няма ні белых, ні чырвоных, ні чырвона-карычневых…
А ці не праўду кажа Ніцшэ, упэўнены, што «вера» была ва ўсе часы, як у Лютэра, толькі мантыяй, прычынай, заслонай, за якой інстынкты разыгрывалі сваю ігру?
Дзіўна кранаць рэчы і думаць, што яны будуць, а цябе не будзе. Гэты пісьмовы стол, нават пластмасавая аўтаручка…
Хачу паехаць у сваю вёску. Гэта цяжка паддаецца вытлумачэнню… Ты быў хлапчук,
А ў яе пяцёра дзяцей і муж — п'яніца.
З размоў з В.Н. З чалавекам, у якога сотні мільёнаў у кішэні.
Суседзі пішуць на яго ананімкі ў міліцыю і кэдэбэ (а гэта, напэўна, па звычцы ўжо), адкуль, маўляў, у яго гэтыя мільёны? У нас няма, а ў яго ёсць, мы ж вось толькі-толькі ўсе былі роўныя.
Камунізм не пабудавалі, але камуністычную свядомасць выхавалі…
Не будзе ў нас сапраўднай работы! Не дадуць! І В.Н. гэта адчувае…
Утопія… Нельга яе ператвараць у жыццё. Але мы ўсё адно любім і будзем любіць не гэтае рэальнае жыццё, а тое… Жыццё, якое наперадзе…
Памёр сябра. Што засталося? Дзеці і жонка, якія перасварыліся з-за летніка і новенькіх «Жыгулёў»?
Застаўся цень…
У. Маякоўскі: «Адзінка — глупства, адзінка — нуль». Я яго баюся. Я вынес ягоныя кнігі са свайго кабінета…
Пясняр гвалту. Я здольны гэта сказаць… Я, хто вырас на Маякоўскім… Ён быў маім любімым паэтам…
Шматкамі здзіраю з сябе старую скуру… Мука…
Аніякага жадання ісці на вуліцу, штосьці рабіць. Лепш нічога не рабіць. Ні дабра, ні зла. Тое, што сёння — дабро, заўтра выявіцца — зло.
Думаў пра нашы наіўныя і шчаслівыя 60-ыя гады. Мы — страчанае пакаленне. Спадзяваліся на нешта. Не выйшла. Мы гэта ўжо не дагонім…
Што рабіць? Нічога. Бо «гэты замысел звыш чалавечых сіл».
Бацька В. Н. адбыў пятнаццаць гадоў у калымскіх лагерах. Я стаміўся, а ён хоча жыць. Уранку робіць фіззарадку, увечары бегае ўздоўж рэчкі, зімой — на лыжах. Стары хоча жыць! Як жа пасля ўсяго, што з ім было, ён хоча жыць? Ды яшчэ з такой звышнатуральнай сілай хоча жыць?!!
— Чаму ты вырашыла, што мы павінны быць шчаслівыя? — спытаў я ў Н.
— Бо я гэтага хачу, — адказала яна.
З газеты:
«…жаданне схавацца ў смерць, як у кокан, як у мацярынскае ўлонне (Фрэйд), як у вызваленне ад пакутлівай неабходнасці рашаць праблему сэнсу свайго чалавечага існавання».
Учора зноў у мяне была маці, у якой адзіны сын загінуў у Афганістане. Той краіны, якая іх туды пасылала, ужо няма. Куды ёй ісці са сваімі паперкамі? Са сваімі хваробамі? Яго ордэнамі…
Надзея ўкрадзена…
Я нібы ўсё памятаю. Адкуль? На каленях у маці… Перадаецца гэта блізка-блізка, быццам бачыў…
Я сядзеў на
Дзед Яўхім вадзіў травінкай па вывернутым плугам чэрапе і гаварыў: «Некалі гэта чалавек быў… Чалавек згніў, а боты зберагліся… Добрыя нямецкія боты з падковамі…»
Дзед пасвіў каровы… І я зімой і летам спатыкаў яго ў гэтых ботах.
Людзі любяць фатаграфавацца. Любяць, калі малююць іх партрэт.
Чалавек сам для сябе таямніца. Загадка. Ён больш за ўсё цікавы самому сабе. Ён хоча сябе разгадаць…
У дзяцінстве. У юнацтве. Я думаў, што ніколі не памру. Хоць жыў сярод «царства смерці». Мы выкопвалі з зямлі, збіралі ў лесе патроны, снарады, гранаты. Страляць я навучыўся раней, чым пісаць.
Памятаю мёртвых. Нямецкія і нашы салдаты. Яны ляжалі, стаялі, прыхінуўшыся да акопа, сядзелі… Цэлыя, разарваныя на часткі ці напалам… Мы поўзалі наўкол… Здымалі гадзіннікі… Шукалі што-небудзь з'есці…
А зімой я катаўся на мёртвым немцы… Ён ашклянеў ад марозу… Мы сядалі на яго верхам і несліся ўніз… Як на санках… Пералякаліся вясною, калі ён растаў… І зрабіўся мяккі… Як жывы…
Але я ўсё роўна думаў, што ніколі не памру…
У І.Буніна знайшоў думку аб тым, якое велізарнае месца займае смерць і ў без таго малюсенькім чалавечым існаванні.
У мяне знікла мяжа паміж жывёлінамі і мною. Сабакам. Канём. Як жахліва крычыць паранены заяц…
Чалавек не можа быць шчаслівым…
У Пушкіна — «Застолле ў часе чумы»:
Усё, што нябытам пагражае, Для сэрца нашага хавае Неўразумелую нам слодыч…Заўважаю: хаджу ў тэатр, хаджу ў кіно. Хаджу глядзець на смерць.
Ці ёсць хто-небудзь з нас, хто хоць бы раз у сваім жыцці не падумаў пра самагубства?
Кірылаў у «Бесах» Дастаеўскага наклаў на сябе рукі, здзіўляючыся: «Чаму не ўсе людзі канчаюць самагубствам?»
Сёння я выйшаў — увесь начны, з начнымі думкамі, а людзі — ранішнія. Яны спяшаліся са сваім клопатам у розныя бакі…
Праходзіў міма фотастудыі. А што, калі мяне не будзе і фатаграфіі апошняй не застанецца? Сфатаграфаваўся.
Увечары забраў фатаграфіі. Дзіўна глядзець на свой партрэт. Быццам гэта я сам сфатаграфаваў незнаёмага чалавека…
Сталін. Нейкая ўсё ж загадка ёсць.
Што памятаю я?
Радыё перадае бюлетэні — пра стан здароўя таварыша Сталіна.
— Мама, як жа так? Няўжо ён можа памерці?
— Ну і што ж тут такога? — адказвае мама. — Ён ужо стары чалавек.
— Чаму ўсе жывуць, быццам нічога не здарылася? Усё павінна спыніцца. Маўчаць.
А назаўтра ён памёр. Нас паслалі па вянок. Па вянок для Сталіна…