Зачараваныя смерцю
Шрифт:
Напэўна, галоўная прычына там… У ім… (Маўчыць.)
Я ведала пра яго некалькі рэчаў, якія стваралі для мяне вобраз майго бацькі. (Маўчыць.) Ён нарадзіўся ў вайну… Яго прыгняталі нейкія прывіды адтуль… Але ён ніколі пра іх не распавядаў… (Маўчыць.) А мы любілі з ім гаварыць пра сны. Пра дзівацтвы начной фантазіі. Ён жа пісаў вершы… Сам сабе… Пісаў усё жыццё… Гэта другое, што я пра яго ведала. Чамусьці ўсе свае вершы ён спаліў. Вершы не засталіся… (Маўчыць.)
Ён кахаў другую жанчыну. Не маю маму. Калісьці ён кахаў маю маму. Мама цяпер успамінае, як ён закідваў яе кветкамі. І казаў: «Мне ўсё ў табе падабаецца! Мне ўсё ў табе падабаецца!»
Я
Насустрач яму ішла маладая дзяўчына… Бегла… (Маўчыць.)
Я не запомніла яе твару. Я запомніла толькі, што гэты твар быў вельмі радасны. Шчаслівы.
Я пабегла ў іншы бок… (Маўчыць.)
Калі я прыгадвала яе твар… Яе твар шмат разоў усплываў у маёй памяці… Калі я яго прыгадвала, мяне не пакідала адчуванне, што гэтая гісторыя будзе камусьці з іх каштаваць жыцця. (Маўчыць.)
Без стану любові ён жыць не мог, можа, нават не любові, а ўлюбёнасці ён заўсёды жадаў. Ён фізічна не мог інакш існаваць. (Маўчыць.) Хоць выдавала заўсёды, што ён заклапочаны іншым. Фатаграфіямі. Камандзіроўкамі. Сваёй газетай. Чарговай выстаўкай.
Маці ведала, як яму можа быць добра. Як ім будзе добра! Яна яго ніколі б не адпусціла… (Маўчыць.)
Яна кахае яго… Яна цяпер яго кахае яшчэ мацней… Пасля смерці… Яна дагэтуль не здагадваецца, я ёй не прызналася ні тады, ні пасля, што я іх бачыла. Удваіх. Мая мама… Яна пісала лісты ў ягоную рэдакцыю, у цэка партыі. У інстытут, дзе вучылася гэтая дзяўчына. Яе бацькам. Яна патрабавала, каб ёй вярнулі мужа. Каб дзяржава, каб партыя (а бацька быў сябрам партыі) вярнулі ёй мужа і каханне. Вар'яцкае пакаленне! Але бацька быў лепшы за ўсіх іх, ён быў лепшы з іх… (Маўчыць.) Мы пра гэта цяпер з ёй не ўспамінаем. Часам мама нават прысніцца мне і ў сне пачынае груба, жорстка са мною гаварыць. Просіць зноў падпісаць нейкія паперы… А я не падпісваю… (Маўчыць.) У жыцці… Пры сустрэчах мы пра гэта з ёй не загаворваем. Яна цяпер усім расказвае, як бацька закідваў яе кветкамі… І гаварыў: «Мне ўсё ў табе падабаецца! Мне ўсё ў табе падабаецца!» І быў у вайсковай форме. Афіцэр. І ўсе дзяўчаткі на пошце ёй зайздросцілі, яна рабіла тэлефаністкай. (Маўчыць.)
Навошта ён гэта зрабіў? З паляўнічай стрэльбы… Я яму цяпер увесь час кудысьці званю… Я па начах кручу тэлефон… Дыск зрываецца… Пракручваецца… Ніяк не набяру патрэбную лічбу… Я набіраю-набіраю да бясконцасці… Мне здаецца, што раніцай у мяне баляць пальцы…
Я ў яго прачытала… У запісных кніжках… Ён пісаў: «Цяпер мне больш за ўсё хочацца любіць сваю дачку».
Дзіўны сон… Дзіўны сон быў… Мы бяжым-бяжым з бацькам, уцякаем… А пасля кудысьці падаем… Правальваемся… Ён то нечакана мёртвы, то нечакана жывы… (Маўчыць.)
Гэта спалучанасць нашых жыццяў… Я хачу вызваліцца… Я расказала сон свайму мужу. Я прасіла яго памагчы: «Ты павінен мяне мацней любіць». Мне здаецца, я гэтак адчуваю, што мёртвы бацька мяне вельмі любіць. Ён любіць мяне больш за ўсіх.
Я таксама яго не хацела аддаваць той дзяўчыне… Я не аддала б… (Маўчыць.)
Гэта асабістае… Таемнае… Не называйце яго сапраўднага прозвішча… Мая мама… Яна ўсім расказвае, як ён прыносіў ёй кветкі… Мне яе шкада… Яна як ненармальная… Зноў піша лісты… Той дзяўчыне… Я не ведаю, што яна ёй зараз піша, нават уявіць не магу. Ёй хочацца бясконца з кім-небудзь гаварыць пра бацьку… Успамінаць… (Паўза.)
Гэта асабістае… Таемнае… Я аб чымсьці толькі здагадваюся… Мне здаецца… яму трэба было прыдумаць новую версію жыцця… (Маўчыць.)
Дзіцячыя ўспаміны пра бацьку ў мяне спалучаны заўсёды з вышынёй, палётам —
Напэўна, пасля гэта робіцца марай? Неабходнасць? (Маўчыць.) Неба мяняе псіхіку людзей… Вышыня… Я ведаю яго сяброў, былых ваенных лётчыкаў. Яны заўсёды былі трошкі ганарыстымі да ўсіх астатніх: яны — ляталі!!
Я любіла свайго бацьку. Але я не любіла ягонае пакаленне. І я не баюся гэтых слоў. Бацька быў лепшым з іх. Але і яго зламалі: ён стаў, як усе. Пакутаваў. Ён пакутаваў ад гэтага. (Паўза.) Збіраючыся разам, яны шмат гаварылі пра вайну. Пераможцы! Перамога ў вайне — гэта нібы знойдзены сэнс іх жыцця. Хай самі яны не ваявалі, але яны адчувалі сябе дзецьмі перамогі. Яны перамаглі… Яны асвоілі цалінныя землі… Яны паляцелі ў космас… Яны будавалі камунізм… Яны жартавалі з гэтага, складалі анекдоты. Але яны верылі ў гэтыя папяровыя ідэалы. Хлуслівыя і наіўныя ідэалы. Я гэта для сябе вызначаю як эмацыянальны сацыялізм. Усе яны былі эмацыянальнымі сацыялістамі. Ідэалісты! Слепакі! Але гэта было іхнім жыццём, сэнсам іхняга жыцця. Сэнс жыцця, як асабістая праблема, для іх не існаваў. Я памятаю, я добра памятаю, што нават за сталом у свята яны гаварылі аб Расеі, а не аб сваім жыцці… Такое гэта пакаленне… Такія людзі… (Маўчыць.) Трагедыя гэтага пакалення ў тым, што яно жыло ў прыдуманым свеце. І ўрэшце рэальнасць уварвалася ў іхняе жыццё… З цягніка, што імчаўся ў сацыялізм, у цудоўную далеч, ім трэба было перасесці ў цягнік з курсам — на капіталізм. У спустошаную рэальнасць… У канкурэнцыю… У іншыя чалавечыя стасункі… Без ілюзій… На хаду ўскочыць у новы састаў… Імгненна… У маім жыцці гэта магло ўкласціся, а ў ягоным — не. Занадта імкліва ўсё адбылося, занадта нечакана. А яны ж рамантыкі!! А тут трэба было прыдумваць новую версію жыцця… Жорсткую, рацыянальную. Жыццё заклікала, крычала: «Мяняй! Мяняй!» А ён да гэтай новай ролі быў не гатовы. (Маўчыць.) Яны ўсе не гатовыя… Яны не гатовыя розумам, сэрцам… Яны не гатовыя на фізіялагічным узроўні… Ім бы ваяваць на барыкадах… Моцна сябраваць… Спяваць адны песні, марыць пра «блакітныя гарады» і сумаваць па нязробленым, піць… А тут трэба не ваяваць, а змагацца. Змагацца ж трэба з самім сабой: са сваім няўмельствам, са сваёй лянотай, са сваёй псіхалогіяй…
Яны гэта не ўмеюць… (Паўза.)
У бацькі ўжо былі два жыцці: спачатку ён — ваенны лётчык, пасля — журналіст. Гэта шмат для аднаго чалавека. Дастаткова. (Маўчыць.) Гэта асабістае… Таемнае…
Я незадаволена сабой… Сумбурна… Блытана… Я нічога не вытлумачыла… Гэта ж — жыццё… І смерць…
А што я ведаю?
Я любіла бацьку. У нас розныя прафесіі. Я — эканаміст, я ўсё жыццё лічу, а ён сузіраў жыццё, марыў… Ён з таго пакалення, якое занадта шмат значэння надавала словам. Занадта шмат сэнсу. (Маўчыць.)
Нехта штодня прыносіць на яго магілу адну кветачку… Чаму — белую? Ці белую ружу… Ці рамонак… Напэўна, гэта яна. (Маўчыць.)
Ён пісаў вершы. Ён усё жыццё пісаў наіўныя, хлапечыя вершы… І любіў фатаграфаваць птушак і звяроў… Мой бацька… (Замаўкае і далей адмаўляецца доўжыць гаворку.)
З запісных кніжак бацькі:
Дзе ж ты, цвярозы гісторык?Вось думка А. Платонава, што смерць неаднойчы нас наведвае…