Званы Віцебска
Шрифт:
Ропат. Раўнялі. Бо разумелі – гвалтам з намі нічога не зробіш.
Абдзярыха. А цяперашнія, відаць, розум страцілі. “Цёсечка-цёсечка, а потым – стой, воўк цябе рэж”.
Мамка. Лабідуды нейкія, хай бы вам гарэць.
Палікар. Змоўч, бабы.
Дарафей. Куражацца. Цану сабе набіваюць перад намі.
Абдзярыха. Цана нам такая, што ты з усім сваім майном толькі й купіш тую ваду, у якой мы ногі мылі.
Мамка. Для піцця.
Неўсця. Бедныя яны, няшчасныя
Ропат. Нас пагубіце, але тады і дзяржава веры загіне. Канец! Не быці ёй ужо сярод першых у храме сусвету.
Матыс. Мякінныя... вы... галовы.
Дарафей. Гэта вашы папы мякінныя галовы. Схлапелі, амужычыліся. У распусту ўпалі. Жэняцца. Халера на іх!
Iля. Твая тут праўда, браток. (Тон яго слоў прынізлівы.) Гэта ясна. Ты ведаеш, хто за ўсіх разумней, хто за ўсіх весялей і хто за ўсіх дурней?
Палікар. Ну?
Iля. Вялікія вы і мудрыя людзі. Разумней за ўсіх, сапраўды, ксёндз.
Дарафей. О, урэшце. А чаму?
Iля. Бо ніколі не жэніцца. А весялей за ўсіх поп... Вось як я. Ён рана ўстае і, не еўшы, пяе. Малебен трэба служыць нашча.
Дарафей. Ну, а дурней за ўсіх хто?
У гэты момант адзін са служак, пракраўшыся за спінамі, кінуў у шалаш паходню. За рогатам гэтага не заўважыў ніхто, акрамя Багусі. Яна кінулася да падпальшчыка, схапіла яго за глотку. Дарафей моцна штурхнуў яе, і яна ўпала.
Дарафей (узняў доўбню). Ды што там?! Душы схізму ў імя бога. Бі!
Але тут, нібы скінуўшы здранцвенне, адным скачком дагнаў яго Вольха. Выдзер доўбню, аперазаў па спіне, узняў грамілу ў паветра.
Вольха. Не! Гэта мы вас – бі! Дзяўчат нашых ганьбіць? Людзі – на іх!
Віцьбічы рынулі наперад. У святле палаючага шалаша закіпела лютая бойка.
(Вольха, усё яшчэ матляючы Дарафея, крычыць.) Каб мірам, любоўю прыйшлі – ніхто б, ніколі нас ад вас не адвёў... Н'a табе!.. Хіба шыбеніцай, плахай!.. На!.. Але сілай віцьбічаў, але сілай нас – хрэн возьмеш! Зубы зломіш, поп! (Шваркнуў ім аб зямлю.)
Дарафей ляжыць, аглушаны.
(Вольха кінуўся да Багусі, узняў.) Птушачка мая белая. Як ён цябе? Дзе ён цябе? Божа мой, божа, руку на кабету! Што з табой? Дзе баліць?
Багуся. Нічога. Цяпер ужо нічога. Ён не прыбіў цябе?
Варту, між тым, пагналі. Народ збіраецца на паляну.
Пасіёра (ціха). Ну,
Вольха. За веру забіць чалавека? Быці – як яны?
Iля. Думаеце, толькі вера? Каб гэта, то яшчэ палова бяды. Унь Сцяпан часцей царкву мінае, чым карчму. Не толькі вера. Праўдзівей, не столькі вера. Справа на тое пайшла, ці быць, ці заставацца нам у векі вякоў – і давеку – тым, чым мы ёсць. I пра гэта вы і думайце перш за ўсё.
Пасіёра. І ў знак роты, прысягі, што будзем стаяць, як адзін, – кідайце ўсе шапкі ў купу.
Абдзярыха. Хустку здзерці, з босай галавой пайсці – горай ужо для бабы ганьбы, здаецца, і няма. Але ёсць, ёсць, дзеткі, горшая ганьба. Бабы, кідай хусткі!
Людзі моўчкі кідаюць у купу шапкі і хусткі.
Пасіёра. Званар Янка Гужнішчаў, ты тут?
Званар. Тут.
Пасіёра. Абыдзеш усіх сваіх. Заўтра якое?
Званар. Года ад нараджэння Хрыстова тысяча шэсцьсот дваццаць трэцяга. Месяца лістапада – дванаццатага. Дзень святога Іаана Літасцівага.
Пасіёра. Ну, літасці ім не будзе. А ў католікаў хто?
Званар. Ды яно, здаецца, Тэадора-пакутніка.
Пасіёра. Гэта ўжо лепей. Звані заўтра па-каталіцку.
Званар. Калі?
Пасіёра. А сёмай гадзіне раніцы ўдарыш у ратушны звон.
Званар. Што ж, званіў па ўсіх. Нават па мёртвых. А гэта што? Гэта звон вясёлы. Як на вялікдзень. Заўтра мая вялікая Юлляна пакажа гораду медную глотку. I вялікая Вольга. I вялікі Альгерд. А я іх толькі гэтак па баках: “Ну, мае званочкі, ну, маленькія, пастарайцеся для слаўнага места”.
Мамка. Ну добра, ну як шляхтай навакольнай падступяць – хай. Усе на муры выйдзем. А як вялікае войска?
Неша. Да Масквы па дапамогу.
Пасіёра. Думаў. Не паспеюць.
Вольха. Самім ім кепска. Казакаў на дапамогу трэба прасіць..
Галасы. Казакаў! Казакаў!
Ропат. Бурмістры хай едуць. Каб, у выпадку чаго, не пала на горад кара.
Аршанец. А спраўляцца мы будзем. Мы, якіх тут і ў твар не ведаюць.
Пасіёра. Ідзі, званар. Яны чулі маленні Віцебска. Хай пачуюць Віцебскі набат.
Дзея другая
Карціна чацвёртая
Ноч на 12 лістапада 1623 года. Пакой у палатах Кунцэвіча. Скупа гарыць некалькі свечак. У пакоі Кунцэвіч і Палікар.