Чтение онлайн

на главную

Жанры

Аскепкі вялікага малюнку

Алесь Аркуш

Шрифт:

16 траўня на паседжаньні ТМЛ разглядалі мае вершы. На пачатку адбылася гутарка з Анатолем Вярцінскім, тагачасным рэдактарам тыднёвіка «ЛіМ». «ЛіМ» тады дэманстраваў нечуваны дэмакратызм і сьмеласьць. «Тутэйшаўцы» атаясамлялі гэта выключна са сьмеласьцю й сумленнасьцю рэдактара. Сам Вярцінскі казаў, што дэмакратызацыі галоўнага воргану СП спрыяюць найперш павевы часу, маўляў, ягонай заслугі, як рэдактара, тут няшмат. Вярцінскі прапанаваў «тутэйшаўцам» падрыхтаваць старонку ў тыднёвіку.

Памятаю, перад тым, як мяне пачалі разглядаць, Глёбус сказаў: «Ня бойся, сядай побач, калі што - абаронім». Я сеў на вольнае крэсла поруч зь ім. Больш за ўсё мне дасталося за мінімалістычные вэрлібры, маўляў, яны не паэтычныя - гэта сухая канстатацыя рэчаіснасьці, без «мастацкай апрацоўкі». Як і абяцаў, Глёбус пачаў бараніць, ваяўніча паглядаючы на апанэнтаў з-пад насупленага брыва. Падтрымаў і Кавалёў. Абмеркаваньне скончылася неяк вяла й пасьпешліва.

На паседжаньні прагучала абвестка, што сябрам ТМЛ трэба падрыхтаваць адмысловыя тэчкі з дакумэнтамі: заява, анкета

і г.д. Усё як у СП.

На паседжаньні 22 траўня я здаў сваю тэчку. Ня памятаю хто, ці не Янушкевіч, зрабіў спавешчаньне на тэму гісторыі адраджэньня: «Наша Ніва», браты Луцкевічы, Жылуновіч, 20-я гады, рэпрэсіі, гулаг. Адкрыцьцё Курапатаў было наперадзе. У гэты дзень разглядалі апавяданьні Андрэя Федарэнкі. Федарэнку падтрымліваў Сыс, Глёбус скрытыкаваў хлопца ўшчэнт.

Апошні раз я прысутнічаў на паседжаньні ТМЛ 29 траўня. Разглядалі апавяданьне Глёбуса, вершы Людкі Сільновай і хоку Міраслава Шайбака. Чамусьці я «незалюбіў» Мірыкавы трохрадкоўі, і сказаў, што не ўяўляю паэтычны зборнік толькі з хоку, маўляў, гэта будзе аднастайна й сумна.

Вось тагачасныя мае развагі, выкладзеныя ў лісьце да Галубовіча за 30.05.87: «29 траўня было апошняе паседжаньне Таварыства перад летнімі вакацыямі. Пасьля яго багата набегла думак - і ўсе як хмары.

Непакоіць ваяўнічасьць, зь якой прапіхваюць сваю «гарадзкую хвалю» Глёбус і К°. Я прыхільна да яго стаўлюся - і як да творцы, і як да чалавека. Але ўзьнікае небясьпека... Няхай сабе працавалі ў гэтай хвалі Глёбус, Сьцяпан ды Клімковіч. А то зьбіраецца «гайня». Моладзь - як матылькі. Бо рэкляма ў іх гучная і нават (паўтаруся) ваяўнічая.

Я прадбачу, што хутка будзе багата гвалту наконт усяго гэтага ў крытыцы. А гэта зноў рэкляма.

Я супраць «групаўшчыны» - аднак нічога не застаецца, як уздымаць іншую «хвалю». Гэта будзе ня цяжка - яна ўжо існуе (Мінкін, Сыс, Сокалаў...) Толькі яе неяк трэба абгрунтаваць тэарэтычна - як у «г.х.» Ад гэтага залежыць (магчыма, я перабольшваю) далейшае разьвіцьцё беларускай літаратуры.

Аднак ніякіх боек. Нават падтрымаць адна адну. Сумленнае спаборніцтва. Час разьбярэцца...»

Гэты мой юначы, наіўны ліст, пасьля прачытаньня яго сёньняшнімі вачыма, зьдзівіў мяне неверагодна. Атрымліваецца, ужо тады я думаў пра Таварыства Вольных Літаратараў. Дзіўна тое, што менавіта Галубовіч, атрымальнік гэтага ліста, напісаў у часопісе «Крыніца», што ТВЛ паўстала з-за крыўды Аркуша, якога не прынялі ў СП.

Сьмерць «Тутэйшых» імкліва набліжалася. Сама форма дзейнасьці літаб'яднаньня сябе вычарпала. Ну, абмеркавалі творчасьць усіх сваіх сяброў. А што далей? Далей было два варыянты: або пачаць змагацца са старэйшымі пісьменьнікамі за часопісную «плошчу» і пазыцыі ў тэмпляне выдавецтва «Мастацкая літаратура», або заняцца палітыкай. Па гэтым пытаньні зноў адбыўся раскол: частка пачала ствараць «кантору» - з сакратарамі, намесьнікамі і намесьнікамі намесьнікаў, другая частка, разам з чальцамі «Талакі», пайшла на мітынгі. Любая «кантора» павінна мець свой статут. Вось радкі з праекту «Статута Таварыства Маладых Літаратараў»: «Таварыства ўтворана з ініцыятывы маладых творцаў у адпаведнасьці з пастановаю ЦК КПСС «Аб рабоце з творчай моладзьдзю» і дзейнічае пры Саюзе пісьменьнікаў БССР, каардынуючы сваю дзейнасьць з адпаведнымі ворганамі СП. (...) Таварыства мае права рэкамэндаваць сваіх членаў для ўступленьня ў Саюз пісьменьнікаў БССР і іхнія кнігі для выданьня. (...) Правадзейным членам Таварыства (з правам вырашальнага голасу) можа быць любы, хто мае ня меньш за 2 літаратурныя публікацыі ў рэспубліканскім друку. (...) Прыём у члены ТМЛ праводзіцца Радай ТМЛ на падставе пісьмовае заявы. Апроч заявы аўтар прадстаўляе Радзе публікацыі або рукапісы літаратурных твораў. Пытаньне аб прыёме ў ТМЛ вырашаецца Радай у адкрытым галасаваньні. Члены ТМЛ атрымліваюць членскія білеты. (...) Члены ТМЛ могуць быць выключаны з Таварыства рашэньнем Рады ТМЛ. Падставай для выключэньня ёсць дзейнасьць або ўчынкі, несумяшчальныя з прынцыпамі і задачамі, сфармуляванымі ў Статуце ТМЛ. (...) У пэрыяд паміж зьездамі кіраўніцтва Таварыствам належыць Радзе Таварыства маладых літаратараў». Ня ведаю, хто аўтар гэтага дакумэнта, але пра «Тутэйшых» у ім ужо ні слова.

Другая частка «Тутэйшых» занялася палітыкай. А якая палітыка без партыйнага друку?! З гэтае нагоды быў заснаваны бюлетэнь «Кантроль». Калі верыць зьвесткам з кнігі «Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі (1971-1990)» (Менск, БГАКЦ, 1998), выдавалі пэрыёдык Сяргей Дубавец і Алесь Бяляцкі. Першы нумар «Кантроля» (выйшаў прыканцы 1988 г.) пачынаецца вялікім артыкулам «Дзяды былі за намі», у якім падрабязна апавядаецца пра ўсе акалічнасьці, зьвязаныя са славутымі Дзядамі 30 кастрычніка 1988 г., якія былі жорстка разагнаныя менскай міліцыяй. Як сьведчыць бюлетэнь, Дзяды-88 ад пачатку рыхтаваліся «Тутэйшымі». Заяўку ў Цэнтральны райвыканкам Менску падавалі Алесь Бяляцкі і Анатоль Сыс. Дазволу апазыцыянэры на правядзеньне Дня памяці продкаў не атрымалі. Вось як ананімны аўтар артыкулу апісвае тыя падзеі: «Яшчэ да пачатку Дзядоў пачаўся «хапун». Людзі ў цывільным тыцкалі пальцам у мастакоў М.Купаву і А.Марачкіна. Была спроба затрымаць старшыню Мартыралёгу Беларусі З.Пазьняка. Ратуючы яго, «заляцелі» адразу аж трое «Тутэйшых»: В.Мартыненка, А.Дэбіш, А.Бяляцкі. Іх забралі, затое Пазьняка народ адбіў. А.Бяляцкага «апрацавалі» сьлезацечным газам з 10 сантымэтраў аэразолем проста ў вочы. Ужо на Курапатах, куды дабралася некалькі групаў, правёў Дзяды тутэйшавец І.Бабкоў, пасьля чаго яго таксама пасадзілі

ў машыну. А.Сыс вырваўся з-пад кантролю і прыбег з працы, калі ўсе ўжо разыходзіліся. Астатнія «Тутэйшыя» хадзілі, рассыпаныя між народу. Бачылі, як у прастору паміж міліцыянтамі і народам нехта кінуў плястмасавую цацку-аўтамат: «Страляйце!» Бачылі, як курсанты, счапіўшыся і ціснучы людзей, білі дзяўчынак чаравікамі па лытках, а тыя крычалі. Бачылі, як у ланцугу з плястыкавымі шчытамі і каскамі нехта пасклізнуўся і чалавек пяць, як даміно, паваліліся адзін на аднога. Скандавалі разам з народам: «Ван-дэ-я! Ста-лі-ні-сты!» (...)

Тых жа, каго затрымалі, павезьлі ў міліцыю, склалі пратаколы. Бяляцкаму напісалі: «Выкрикивал антисоветские лозунги». Потым зразумелі, што перабралі, пратакол перапісаўся, і зноў пад подпісам сьведкаў пайшла стандартная фармулёўка: «Участие в митинге», за якую Бяляцкі атрымаў у судзе 200 рублёў кары. Пакаралі і І.Бабкова. Судзьдзя Менскага раёну Мышкавец павучаў яго, што ён ня мае права меркаваць пра Сталіна, а калі даведаўся, што І.Бабкоў антысталініст, уляпіў яму ўсе 200 р.»

Ёсьць у «Кантроле №1» і пра літаратуру: «Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» зьвярнуліся да ЦК ЛКСМ Беларусі і Саюза Пісьменьнікаў Беларусі з заявай наступнага зьместу:

«15 мая 1988 года на гадавой нарадзе Таварыства маладых літаратараў пры СП БССР мы - «Тутэйшыя» - прыйшлі да высновы, што нам патрэбны яшчэ адзін - свой - маладзёвы літаратурна-публіцыстычны часопіс. Чаму? Бо часопіс «Маладосьць», ворган ЦК ЛКСМБ і Саюза Пісьменьнікаў БССР разьлічаны пераважна на 30-40-гадовых. Збольшага, там друкуюцца людзі сярэдняга веку з поглядамі і псыхалёгіяй свайго пакаленьня».

Пра гадавую нараду «Тутэйшых» гутарка будзе ісьці ніжэй. Зараз працытуем яшчэ адно цікавае паведамленьне з жыцьця тутэйшаўцаў: «Яшчэ ўвесну сябры «Тутэйшых» А.Сыс, А.Мінкін, А.Глобус былі рэкамэндаваныя ў Саюз Пісьменьнікаў Беларусі. Усе трое пасьпяхова прайшлі абмеркаваньне на сэкцыі паэзіі СП. 17 лістапада адбылося тайнае галасаваньне прыймовае камісіі. Пераадолеў гэты бар'ер толькі А.Сыс. «Тутэйшыя» зьвярнуліся ў Прэзыдыюм СП з прапановаю перагледзець вырак камісіі. Пра кампэтэнтнасьць цяперашняга яе складу гаворыць тое, што ў СП разам з Сысам трапілі З.Марозаў, А.Камароўскі, К.Жук. Знаёмая пазыцыя апаратнага чыноўніка - новы работнік не павінен быць больш здольным і разумным, чым я, бо інакш ён можа адціснуць мяне ад карыта. І вось, у асобе Марозава, Камароўскага і Жука прыходзіць у літаратуру ня заўтрашні, а ўчорашні яе дзень». Такім чынам, у СП падаліся амаль усе лідэры «Тутэйшых». Ім Таварыства маладых літаратараў ужо не было патрэбнае. СП заставаўся адзіным легітымным шляхам у вялікую літаратуру. Альтэрнатыўны шлях нават не разглядаўся.

Бюлетэнь «Кантроль №2» (1.89) атрымаўся зусім не цікавым. Нумар сьведчыў аб хуткім заняпадзе Таварыства. «У канцы сьнежня прайшла вечарына «Тутэйшых» на філфаку БДУ. Слабая арганізацыя яе прывяла да сумнай колькаснай раўнавагі тых, хто выступаў, і тых, хто слухаў». Аднак «Тутэйшыя» працягвалі змагацца з «прыкарытнікамі». Хто гэта такія, тлумачылася наступным чынам: «ПРЫКАРЫТНІКІ. Так назвала літаратурная моладзь банду літаратурных дыназаўраў, акапаўшыхся ў Саюзе Пісьменьнікаў БССР, якія памагалі калянізатарам душыць Беларускую культуру і нішчыць Беларускую мову, ды галасілі ў сваіх творах нібы пра «росквіт» гэтай забіванай культуры, ды вясёлае жыцьцё падняволенага народу пад управай Крамлёўскіх стаўленікаў. Міхаіл Мінскі (пражывае ў СССР) апавядае аб тым, як жыў адзін з гэтых верных слугаў панявольніка - «беларускі пісьменьнік» Пятрусь Броўка: «Дом быў стараветны, з высачэзнымі столямі, з мармуровымі сходамі... На першым паверсе быў дзіцячы садок, другі паверх займаў вялікі паэт Пятрусь Броўка, на трэцім паверсе жыў акадэмік Мацэпура, а апошні займаў архітэктар і прафэсар Чантурыя... Кожнаму прыпадала па паверху, пакояў гэтак на 10-12... Стукаю да Петруся Броўкі. Адчыніла мне пакаёўка з чэпчыкам на валасах і павяла да памяшканьня. На ўсім шляху тоўстыя кілімы, гэткія хіба да рэвалюцыі тут ляжалі. Прывяла да вітальнага пакою і пасадзіла ў крэсла... У дзіцячым садку скардзіліся: яны ня могуць праводзіць музычную гадзіну, таму што паэт Броўка думае сваю вялікую думу і не дазваляе пяяць і граць на піяніне, таму што музыка адганяе ягоную музу... Броўка меў і некалькі дачаў, аўтар апісвае ягоныя ходаньні, каб адстаяць свае дачы, калі адну ў яго хацелі забраць. Так выглядалі і выглядаюць гэтыя так званыя «народныя паэты», верныя паслугачы Маскоўскага рэжыму. За верную працу калянізатар умее шчодра плаціць!» Кватэры, дачы й ганарары «прыкарытнікаў» не давалі спакою тутэйшаўцам. Але на іх долю гэтых шчадротаў ужо не хапіла. Як «чорная хмара», насоўваліся часы «перабудовы».

1988 год стаўся лебядзінай песьняй «Тутэйшых». Нават наладжаная гадавая нарада Таварыства не прынесла якіх-кольвечы вынікаў.

3-га траўня ў Наваполацку я атрымаў паштоўку ад Бяляцкага з наступным паведамленьнем: «Шаноўны Алесь! Мабыць табе У.Арлоў трохі нешта гаварыў, але я яшчэ хачу больш дакладна перадаць. 15 траўня (мая), у нядзелю, у 11.00, у Доме Літаратараў будзе праходзіць рэспубліканская нарада «Тутэйшых». Вырашылі праводзіць іх раз у год-два, каб спыніцца, паразважаць, паглядзець назад і падумаць аб будучым. Абавязкова прыяжджайце зь Сержуком, вазьміце Бурдыку, калі ён ня супраць. Праезд будзе аплочаны ў два бакі адразу ж. Трэба нам усім хоць зрэдку зьбірацца. Будзем мы тут прыймаць дэклярацыі, пастановы (наконт школак, мовы і г.д.), можа і ў вас ёсьць канструктыўныя ідэі - падумайце, калі ласка. Увечары будзе вечарына. Чакаем. Алесь Бяляцкі. Запрашаем гасьцей з Эстоніі, Латвіі, Літвы».

Поделиться:
Популярные книги

Идеальный мир для Лекаря 4

Сапфир Олег
4. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 4

Товарищ "Чума" 5

lanpirot
5. Товарищ "Чума"
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Товарищ Чума 5

Лютая

Шёпот Светлана Богдановна
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.40
рейтинг книги
Лютая

Газлайтер. Том 4

Володин Григорий
4. История Телепата
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 4

Хозяйка дома в «Гиблых Пределах»

Нова Юлия
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.75
рейтинг книги
Хозяйка дома в «Гиблых Пределах»

Красноармеец

Поселягин Владимир Геннадьевич
1. Красноармеец
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
4.60
рейтинг книги
Красноармеец

Новый Рал 3

Северный Лис
3. Рал!
Фантастика:
попаданцы
5.88
рейтинг книги
Новый Рал 3

Неудержимый. Книга XIV

Боярский Андрей
14. Неудержимый
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга XIV

Три `Д` для миллиардера. Свадебный салон

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
короткие любовные романы
7.14
рейтинг книги
Три `Д` для миллиардера. Свадебный салон

Наследник

Майерс Александр
3. Династия
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Наследник

Кодекс Крови. Книга II

Борзых М.
2. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга II

Гардемарин Ее Величества. Инкарнация

Уленгов Юрий
1. Гардемарин ее величества
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
альтернативная история
аниме
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Гардемарин Ее Величества. Инкарнация

(Не)свободные, или Фиктивная жена драконьего военачальника

Найт Алекс
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
(Не)свободные, или Фиктивная жена драконьего военачальника

Мифы Древней Греции

Грейвз Роберт Ранке
Большие книги
Старинная литература:
мифы. легенды. эпос
9.00
рейтинг книги
Мифы Древней Греции