БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
Апрача таго, быў абмежаваны гандаль раздробны прыежджых купцоў. Так, прыкладам, сукно можна было прадаваць толькі цэлымі штукамі, соль — мяшкамі, сякеры і нажы — тузінамі, віно, піва і іншае пітво — бочкамі, зялеза, волава, медзь і мосяж — цэнтнарамі, мушкатовы квет і мушкатовыя гарэхі, цытворны корань, гвазьдзікі, шафран ды іншыя пернасьці — фунтамі Гэтаксама купляць тавары дазволена толькі ў большай колькасьці: воск па 20 фунтаў, кажухі па 40 штук, вавёркі, гарнастаі, тхары, норкі па 250 шт., пагаш і дзёгаць — цэлымі тонамі. Такім парадкам было разьмежаваньне між гандлярамі краёвымі і замежнымі гуртавікамі. Гандаль, як бачым, у Беларусі ў сівой мінуласьці стаўлены быў адразу на здаровы шлях як у сэнсе гаспадарчым, так і палітычным. Гандлёвыя-ж умовы не звычайна цікавыя, далёкабачныя і, ня гледзячы на тое што яны пісаліся
VIII
Культура і асьвета.— Значэньне хрысьціянства.— Усходні абрад.— Пісьменнасьць. Мова.— Прадслава (Эўфрасіня) Полацкая.— Клімант Смаляціч.— Кірыла Тураўскі.— Помнікі старадаўнай пісьменнасьці.
Гандлёвыя сувязі Беларусі з Бізантыяй, а таксама з Скандынавіяй і Нямеччынай вельмі моцна прычыніліся да разьвіцьця культуры і асьветы. Бо купцы, прыяжджаючы на Беларусь, прывозілі ня толькі свае тавары, але і весткі аб тым, як жывуць, чым займаюцца, што робяць людзі ў іншых краёх Бізантыйскіх і Заходня-Эўрапейскіх, дзе культура была больш разьвітай, чымся на ўсходзе Эўропы. Найбольш, аднак, прычынілася да разьвіцьця культуры хрысьціянства, якое на Беларусь прыйшло ў X стагодзьдзі з Бізантыі ва ўсходнім грэцкім абрадзе і прынесла з сабою пісьменства, кніжкі і асьвету. Праўда, кніжкі хрысьціянскія, рэлігійныя, былі пісаныя ў царкоўна-славянскай (старабаўгарскай) мове, але пасьля людзі, пазнаўшы пісьменнасьць, пачалі пісаць арыгінальнай народнай беларускай мовай. Асьвета насіла таксама вылучна царкоўны характар і, як усюды першапачатна, пашыралася праз манастыры, дзе манахі перапісвалі кнігі і вучылі пісьменнасьці іншых. Манастыры-ж пераважна будаваліся ў гарадох. Будавалі іх, а таксама і цэрквы, князі, што выпісвалі на Беларусь духоўных і манахаў з іншых краёў, абдараючы іх вялікімі абшарамі зямлі за тое, каб яны за іх маліліся і навучалі набожнасьці ды паслухмянасьці народ
Дзякуючы гэтаму культурныя цэнтры пераважна паўставалі ў гарадох і пры манастырох.Такім вялікім культурным і асьветным цэнтрам стаўся перш за ўсё Полацк, дзе манастыры, а пры іх і школы засноўвала княгіня Прадслава-Эўфрасіня — унучка Усяслава Чарадзея. Яна сама вельмі любіла чытаць і з вялікай стараннасьцю перапісвала кнігі, заахвочваючы да гэтага іншых манашак і манахаў. Яе манастыр стаўся цэнтрам, з якога кнігі разыходзіліся ва ўсе бакі.
Радзілася Прадслава ў 1102 годзе. Жыцьцё сваё прысьвяціла яна культурнай і рэлігійнай працы. Пад старасьць Эўфрасіня з сваёй сястрой і братам Давідам паехала ў Ерузалім, а па дарозе адведала Канстантынопаль. Будучы ў Ерузаліме, яна захварэла і пасьля 24 дзён памёрла 23 траўня 1173 году. Цела яе было перавезенае ў Кіеў, а ў 1910 годзе — у родны Полацк. Княгіню Эўфрасіню Полацкую царква за вялікія яе заслугі на рэлігійнай І культурнай ніве залічыла ў лік сьвятых.
Другім вельмі важным культурным і асьветным беларускім цэнтрам быў Смаленск, дзе таксама былі манастыры, школы і дзе праводзілася перапісваньне кніг. Там вельмі праславіўся культурнай і асьветнай працай Клім Смаляціч, які, між іншым, ад 1147 году да 1154 году быў Кіеўскім мітрапалітам.Клім Смаляціч, як на той час, быў чалавекам высока вучоным, філёзафам. Ён шмат пісаў, рабіў пераклады, меў у сябе кнігі Сьвятога Пісьма, а таксама грэцкія сьвецкія кнігі. Апрача яго ў Смаленску былі іншыя выдатныя культурный дзеячы, як Аўраам Смаленскі (памёр у 1221 годзе), вучань Кліма Смаляціча. Ён вучыў чытаць кнігі сьвятыя І разумець іх, а таксама апісваў розныя падарожжы.
Шкада адно, што блізу ўсе творы гэных культурнікаў і пісьменьнікаў, а ў ліку іх і Смаленскі летапіс загінулі.
Вялікімі культурнікамі ў Смаленску былі князі Расьціслаў і Раман Расьціславіч. Раман зьбіраў кнігі, арганізаваў школы і выпісваў вучоных з іншых краёў. Ён шмат грошай выдаў на куплю кніг і арганізацыю школаў. Расьціслаў залажыў у Смаленску ў ?ERROR?ЗО г. акадэмію.
Чарнігаў таксама меў ужо ў XII стагодзьдзі сваіх культурнікаў і пісьменьнікаў. Адным з іх быў Даніла Паломнік, які ў 1115 годзе падарожнічаў ў Ерузалім і апісаў гэтае падарожжа. Ён пісаў яшчэ лягенды і розныя рэлігійныя творы.
Вялікую культурную ролю ў гісторыі Беларусі адыграў і Тураў, дзе жыў і працаваў таленавіты пісьменьнік і казаньнік Кірыла Тураўскі. Радзіўся ён каля 1130 году, а памёр "у 1182 годзе. Кірыла паходзіў з Тураўскіх мяшчанаў і быў у Тураве за епіскапа.
Побач з рэлігійнай літаратурай паўставала і сьвецкая беларуская літаратура. Тварыліся песьні, казкі і паэмы, як паэма «Слова аб палку Ігаравым», якая захавалася да нашых часоў і ў якой апісаны войны Усяслава Чарадзея і Ізяслава Васількавіча, а таксама — паход Ноўгарад-Северскага князя Ігара на полаўцаў у 1185 годзе. Гэты твор напісаны ў Севершчыне, якая ўваходзіць у этнаграфічныя беларускія землі.
Помнікамі старадаўнага сьвецкага беларускага пісьменства зьяўляюцца і гандлёвыя ўмовы, што рабілі полацкія, смаленскія і віцебскія князі з немцамі і іншымі народамі.Аб вышыні культурнага разьвіцьця на Беларусі сьведчыць і тое, што ўжо ў XI ст. існавалі самастойныя епіскопіі ў Полацку і Тураве (1005 г.), а ў 1137 г. паўстала такая-ж епіскопія і ў Смаленску.
IX
Сацыяльныя дачыненьні ў Беларусі. — Пашырэньне ўладаньняў мечаносцаў. — Выкарыстоўваньне аўкштотцаў і жмудзінаў. — Заняпад Полаччыны, Смаленску і Турава. — Крыжаносцы. Беларуска -жмудзінска-аўкштоцкія дачыненьні.
Князі на Беларусі хоць і былі залежныя ад веча, аднак мелі вялікую ўладу. Дзякуючы гэтаму яны першым чынам пашыралі свае земляўладаньні, адначасна надзяляючы зямлёю і лясамі сваіх бліжэйшых і далейшых ваякаў (дружыньнікаў), духоўнікаў і манастыры. Такім парадкам штораз больш нарастала розных багачоў ды магнатаў. У сувязі з гэтым сяляне, якія дасюль былі вольнымі і князём плацілі толькі даніну, часта пападалі яшчэ пад уладу духоўнікаў ці заслужаных ваякаў і мусілі спаўняць дадаткова павіннасьці таму, пад чыёй уладай знаходзіліся. Гэта ўжо бязумоўна ўводзіла некаторы падзел і пакрыўджаньне часткі жыхарства, што, ясна, адмоўна адбівалася на нутраных дачыненьнях краіны.Звонку на беларускае гаспадарства рабілі наступ хрысьціянскія рыцары заходняга лацінскага абраду, якія аселі з згоды беларускіх князёў у Прыбалтыцы і ў форме місыянэрскае арганізацыі мечаносцаў, штораз больш пашыралі свае ўладаньні на землі, падпарадкаваныя Полаччыне. Так. прыкладам, у 1207 годзе яны заваладалі Кукейносам, а ў 1215 годзе Герсыкам. Гэтыя абодвы гарады ляжалі на заходняй Дзьвіне і належалі да Полацкага княства. Супраціўляючыся рыцарам, полацкія князі шукалі сабе саюзьнікаў сярод аўкштотцаў і жмудзінаў, якія часта былі залежнымі ад полацкіх князёў і плацілі ім даніну. Яны, аднак, ня толькі дапамагалі Полаччыне, але часамі, выкарыстоўваючы аслабленьне палачанаў, урываліся ў беларускія княствы і рабавалі іх. 3 прычыны наступу мечаносцаў і нападаў жмудзінаў на беларусаў значэньне Полаччыны, Смаленску, Турава ды іншых беларускіх цэнтраў панізілася.
Аўкштотцы і жмудзіны былі заходнімі суседзямі Беларуси Яны не станавілі сабою аднаго палітычна цэлага народу, а дзяліліся на шмат дробных пляменных групаў. Шмат з іх, як ужо гаварылася, было нават падпарадкавана беларускім князем, што аселі там і плацілі даніну Полацку. Жмудзіны і аўкштотцы жылі ў пагансьцьве, адсталасьці, і гэта зьяўлялася прычынай частых наездаў(рэйзаў) на іх другога місыянэрскага закону крыжаносцаў. Крыжаносцы, заняўшы, на захад ад Жмудзі, прускія землі, хацелі ахрысьціць жмудзінаў і аўкштотцаў. Жмудзіны і аўкштотцы, ня маючы большай сілы, прымушаны былі шукаць сабе саюзьнікаў сярод беларусаў.
Закон крыжаносцаў называўся гэтак дзеля таго, што ягоныя сябры насілі на сваіх плашчох вялікі знак крыжа і пад гэтым знакам змагаліся за пашырэньне хрысьціянства, падобна, як іншы хрысьціянскі місыянэрскі закон мечаносцаў называўся гэтак дзеля таго, што ягоныя сябры насілі крыжы і мячы і змагаліся таксама за пашырэньне навукі Хрыста.
Закон крыжаносцаў, ці, як яго іначай называлі, Тэўтонскі Закон, паўстаў пераважна з нямецкіх рыцараў у Палестыне ў часе крыжовых паходаў супроць ворагаў хрысьціянства, а ў Прусіі апынуўся на просьбу мазавецкага князя Канрада ў 1231 г. На князя Канрада і ягоныя землі нападалі паганскія плямёны прусаў і ён запрасіў крыжаносцаў на помач у барацьбе з імі. Мечаносцы і крыжаносцы спачатку дзеілі паасобку, а пазьней, у 1237 г., аб'ядналіся і свае місыянэрскія і ваенныя выступленьні арганізавалі салідарна.