Беларусізацыя пад №...
Шрифт:
Тут і народ падтрымаў загадчыка ды насеўся на мастака:
— Слушна! Які ён мастак, калі няздатны без чаргі піва сербануць?
— Дрэнь ты, — кажуць, — а не мастак!
— А яшчэ й культурны!
— Пінская варона!
Зьбянтэжаны мастак сігануў із сталоўкі. Відаць, пабег із скаргаю да вышэйшых інстанцыяў. Сьледам выйшлі й мы:
— Ну, як, — пытаецца Супрынайц, — спадабалася табе? Як харчы?
— Што-ж, — кажу, — харч? Дармо. Ведама, па такіх харчох жыць будзеш, але… Ну а сталоўка — таксама акурат ранейшае грамадзкае харчаваньне: і людзі тыя, і парадкі тыя. Адно, — кажу, — добра — вясёла, бы ў цырку.
Калі мы разьвіталіся і я пайшоў дахаты, то праз усю дарогу думаў пра культуру.
12 лістапада. Зноў пішуць — хутка пойдуць трамваі. Цікавая рэч — чалавечая натура. Як прачытаў першы раз — паверыў, прачытаў другі раз — ужо вера ўдвая паменшылася. А што будзе, як трэці раз прачытаю?
13 лістапада. Нагляд устанавіў, што Разак шукае пакупніка на крамніну. Сяньня прасачылі, што зь ягонага двара зноў выехала хурманка. Цяпер няма сумліву — Яська збывае лішкі. На нашай вуліцы агульны спалох. Што рабіць зь лішкамі?
14 лістапада. Ад сацыялізму да сьпірытызму — адзін крок. Учора я ў гэтым сам пераканаўся. Наязноў прычапіўся, каб пайсьці зь ім да нейкай Ніны Васільеўны, што сьпірытычныя сэансы выдае.
— Хоць ты, — кажа, — ні ў якое таямніцтва ня верыш, але ў Ніны Васільеўны твой нігілізм разьляціцца ў друзачкі.
Пайшлі. Дарогаю Наязноў апавядаў, хто такая Ніна Васільеўна. За бальшавікамі яна лічылася недзе «па асьветніцкай лініі», выступала на ўсіх сходах і ўсё крычэла: «Камунізм! Сацыялізм! Мы — бальшавікі!». А была яна беспартыйнай бальшавічкай, мужык-жа ейны быў парцейны бальшавік. Цяпер ён у ролі бравага камісара недзе люта змагаецца на ўсіх франтох, ну, а бабе, натуральна, карціць даведацца, ці хутка ён вернецца дзеля пакаёвага змаганьня. Вось яна й рынулася ў сьпірытызму, каб хоць дух які дарадзіў ёй у гэтай самотнай справе.
Мы прыйшлі якраз у пару. Выклікалі духа Аляксея, але дух нешта зацяло — ён чамусьці не адгукаўся на выклік: ці то ён дзе па малой справе адхінуўся, ці можа яму кумпанія ня спадабалася. Бо кумпанія, трэба сказаць, была несамавітая: сама Ніна Васільеўна, асоба ўжо ладна пацёртая, ейная прыяцелька, нейкая абскубаная істота, адзін былы камуніст, з абвіслым чэравам, і яшчэ нейкі стары хрэн. Калі ня лічыць мяне й Наязнова, дык зусім зразумела, што ад такой кумпаніі які хочаш дух нос адверне. З гэтае, мабыць, прычыны й другі й трэці дух не адгукаліся. Нарэшце выклікалі нейкага духа Макса. Той, праўда, адразу пачаў круціць сподачкам. Напачатку ён настукаў, што мужык Ніны Васільеўны вернецца праз два тыдні сам, бязь ейных клопатаў. Пасьля адказаў, што вайна скончыцца праз тры тыдні. А якая-ж улада будзе, запыталіся ў яго ўсе, наша ці не? Ты, дух, скажы толькі адно слова — так ці не. І дух адказаў «так». Тут жанкі запляскалі ў далоні, а былы камуніст пагладзіў сваё чэрава.
Я, ведама, не даў гэтаму веры, але на ўсялякі выпадак занатаваў у дзёньніку: вайна скончыцца трэцяга сьнежня.
Калі варочаліся з Наязновым дахаты, то я спытаўся: ці можна гэта з навуковага гледзішча пагадзіць такія дзьве рэчы, як марксызм і сьпірытызм. Ён адказаў, што калі ўжыць дыялектычны мэтад, дык, бязумоўна, можна пагадзіць якія хочаш рэчы. Хоць ён і прафэсар, але тут, як мне здаецца, збрахаў.
17 лістапада. Назіраньні апэрацыяў Разака пакуль што не далі ніякіх станоўкіх вынікаў. Зноў вывезены машына мэблі й воз мяхоў. Што ў мяхох — не ўстаноўлена.
19 лістапада. А ў беларусаў няма адзінага фронту. Сяньня
25 лістапада. Меў сустрэчу з прадстаўніком аграрыяў. Да Рыгора прышкандыбала аж з-пад Чэрвеня ягоная цётка. Ну, ведама, мы ўсе сабраліся да Рыгора, бо кажнаму цікава даведацца, што на сьвеце дзеецца. Сядзімо й слухаем, як цётка лепартуе:
— А дзетачкі мае, — казала яна, — ня бачыла я гораду два гады, каб яго й век ня бачыць. Ледзь ня здурэла. Прывезьлі гэта мяне тыя хлопцы, што на тракце пасадзілі ў машыну, ды ссунулі прост у руіны.
— Ну, — кажуць, — цётка, табе направа, а нам налева. Дыбай да свайго Рыгора.
Сказалі гэтак і паехалі. А я стаю, як дурная. Зірнула направа — пустка. Зірнула налева — пустка. Зірнула сьпераду — дзірка. А гораду няма. Села гэта я на каменьне дый плачу. Ажна тут нейкі добры чалавек трапіўся:
— Чаго, — кажа, — цётка, вільгаць пушчаеш? Паводле якога здарэньня?
Ну я яму й выклала як сьлед: ехала, маўляў, у Менск, да Рыгора, а трапіла сама ня ведаю куды.
— Дык, — кажа, — гэта-ж і ёсьць Менск, а сядзіш ты, цётка, на самай Ляхаўцы.
І ськіраваў мяне, дзякаваць, куды трэба.
Мы ўсе надта сьмяяліся, як гэта цётка гораду не пазнала? Але Сымон давёў, што такія здарэньні могуць быць:
— Гэта, — казаў, - ня дзіва, што цётка гораду не пазнала. Мой прыяцель Юрэц Бладук, дык той аднойчы хаты роднае не пазнаў, а й выпіўшы быў ня надта. Прыйшоў гэта ён аднойчы ўвечары дахаты й пытае: «А венікі сьвежыя ё?». І пачаў распранацца. Ськінуў гэта ён, выбачайце, усё й палез на сьцяну з гальнём, які яму добры сынок падсунуў. «Ну, — кажа, — і напаруся сяньня». Ускочыла жонка ў хату, а ён, выбачайце, зусім голы лезе на сьцяну ды гальнём сябе па бакох хвошча. «Паддай, — крычыць, — пары». Дзецям, ведама, пацеха, а жонка абурылася: «Ты гэта што? Зваржяцеў? Сорам згубіў?». А ён сваё: «Дырэктар, — крычыць, — давай сюды дырэктара! Гэта што за непарадкі! Чаму, — крычыць, — бабы ў мужчынскай лазьні?». Ледзь яго ўгаманілі, што гэта ня лазьня, а свая хата. Дык вось якія здарэньні бываюць. А гораду не пазнаць — гэта глупства, заўсёды можна.
Пакуль мы слухалі апавяданьне Сымона, Згржэмбіцкі меў інтэрвію з чэрвеньскай цёткай у пытаньні тамтэйшых коштаў. Выявілася, што яйкі — 30, сала — 40, а попыт ёсьць на дрожджы й соль.
29 лістапада. Нешта недзе дзеецца, а што — невядома. І чуткі пайшлі нейкія, надта сакрэтныя. Рыгорава жонка прысягалася, што сама на рынку чула, як казалі пра тры самалёты і адну бомбу. Дзюркаў знаёмы пад сакрэтам паведаміў, што на фронце заламаліся, але хто — яшчэ не даведаўся. Аднак казаў, трэба чакаць вялікіх падзеяў. Наязноў таксама ходзіць вельмі таямніча й нічога не гаворыць. Відаць, нешта й ён чуў. Каб мяне гэта надта турбавала, дык не, але ўсё-ж цікава ведаць, зь якога боку вецер дзьме.
2 сьнежня. Апанас Дзюрка набыў капялюш. «Годзе, — казаў, - у носе калупаць, пара й з новай Эўропай вітацца». Праўда, капялюш несамавіты, нібы стары грыб сядзіць на ім. Але Дзюрка надта ганарыцца.
— Цяпер я сьмела, — кажа, — магу да Эўропы далучацца, і ніхто мяне не затрымае. А йзноў-жа, — кажа, — годзі нам памыі на галаву лілі, пара й рот разявіць.
А Сымону не падабаецца такое пераабсталяваньне Дзюркі.
— Ат, — кажа, — дармо, хоць ты й пад капялюшом ходзіш, а ўсё роўна дурань. Хіба твая галава пад капялюх выструганая? Ёю палі забіваць і то вялікі гонар.