Драбы (на белорусском языке)
Шрифт:
Баярын гнеўна зiрнуў на Войта й адказаў:
– Лука Рацiшчэў! Баярын Пасол ад Гасудара Маскоўскага да Князя Лiтоўскага!
– Ну што-ж, Баярын, калi ня хочаш размаўляць, кланяцца ня будзем!
– i войт накiраваўся да стала, грымнуўшы на хаду: Гей! Захарэ! Кварту з грыбамi!
Бачачы, як безцырымонна захоўваецца Войт, Баярын прамовiў:
– За такую абразу, буду жалiцца самаму Князю й прасiць адпаведнае кары, бо халопу не належна сядзець у прысутнасьцi Баярына!
– Хто халоп?
– прашыпеў праз зубы, устаючы, Войт.
– Я халоп?... Ня будзь ты, Баярын, паслом, пазваў-бы я цябе на ўтаптаную зямлю, пеша цi конна! I мусiў-бы ты, Баярын, станавiцца, бо абразiў ты Драба Лiтоўскага!
– Тут Войт шырака разхiнуў кажух, i атарапелы
Пётра Ларывонавiч двумя каўткамi асушыў кварту гарэлкi, прыкусiў квашаным грыбам i выйшаў з карчмы, моцна ляснуўшы дзьвярыма.
Баярын з падзiву аж раскрыў рот. Ён нiколi ня мог сабе ўявiць, што пад гэтакiм звычайным кажухом мог хавацца залаты рыцарскi пас - адзнака шляхетнасьцi й адвагi.
– Ваша Сьветласьць, бацюхна Баярын, ня гневайся, ласкава прашу... Пётра Ларывонавiч пашумеў, а потым сам шкадаваць будзе, - замiтусiўся наўкола госьця карчмар.
– Ён у нас лагодны чалавек, дарма што Войт. Ня гневайся, бацюхна... Ласкава прашу...
– Зь якога роду Войт вашы? Баярскага цi паспалiтага?
– пацiкавiўся Баярын, ведаючы, што ў Лiтве Драбам можа стаць звычайны сялянiн, маючы розум, адвагу ды сiлу.
– Рыцарскага, бацюхна, рыцарскага! Яго пакойны бацька, Ларывон Кiрмунтавiч, яшчэ зь Вялiкiм Князем Альгердам на Маскву хадзiў. А пазьней загiнуў ад Караля Ягайлы Альгердавiча за тое, што Вялiкага Князя Кейстута любiў i, жыцьця не шкадуючы, баранiў. Ларывон Кiрмунтавiч тады й галаву палажыў, калi Кароль загадаў задушыць Вялiкага Князя Кейстута ў Крэве. Людзi кажуць, што, як даведаўся ён аб забойстве тым, дык ухапiў меч i дзесяць найлепшых польскiх рыцараў пасёк, да Караля прабiваючыся. На сьмерць пацяў... Апавядаюць, што злы дух у яго ўсялiўся, нiкога ня слухаў i нiчога не разумеў, толькi пенай пырскаў на ўсе бакi, аж пакуль яму галаву зьнесьлi.
– Ага, разумею, - перабiў Баярын.
– За гэта й карыстаецца ваш Войт ласкай Князя Вiтаўта?
– Ня толькi за гэта, бацюхна Баярын, ня толькi. Як забiлi пакойнага Ларывона Кiрмунтавiча, паслаў Кароль дружыну на Сокалаў, вотчыну Ларывона Кiрмунтавiча, i спалiлi гэты самы Сокалаў дашчэнту, а людзей перабiлi да аднаго. Пётра Ларывонавiч, Войт нашы, у той час на Крыжакоў паходам пайшоўшы быў. У тым пажары Сокалаўскiм, згарэла й жонка Пётры Ларывонавiча з двума дзеткамi. Ад таго часу ён i не паказваўся болей у свой Сокалаў, хаця на вайне багатую здабычу здабыў. Па загаду Вялiкага Князя Вiтаўта, Сокалаў адбудавалi, новымi людзьмi засялiлi, але Пётра Ларывонавiч ня хоча туды ехаць, а ўсё з Дружынай Князевай заставаўся, аж пакуль дастаў пасаду Войта тутэйшага...
Выслухаўшы ўважна апавяданьне карчмара, Баярын гукнуў:
– Грыгорый! Нясi паперу й пёры!
Немалады ўжо дзяк, увесь у чорным, з рэдкай казьлiнай бародкай i васковым колерам твару, сухi як жордка, мiгам зьляцеў зь цёплай печы i, ўсеўшыся за стол, падрыхтаваўся пiсаць.
Баярын, трохi памаўчаўшы, паважна пачаў дыктаваць:
"У градзе Шумiлаве жывуць рускiя людзi й веру рускую спаведуюць. Войт мясцовы Пётр, сын Ларыонаў, iз Сокалава, бедствiя вялiкiя пацярпеў ад Караля Польскага i веры Рымскай, i ненавiсьць пiтае да iх прэвялiкую. Гасудару-ж Маскоўскаму жадае многiя лета здравiя i сiлы. Людзi тут у дастатку жывуць вялiкiм, на войны й разрухi ня гледзячы. З чужаземцамi ласкавыя, а да людзей Маскоўскiх брацкую прыязьнь адчуваюць i Гасудара Вялiкага Князя Русi Маскоўскай паўсякчас вялiчаюць ды Гасударом называюць, як i ў iншых гарадах i мястэчках Русi Лiтоўскай. Храмы Божыя веры рускай ва ўсiх гарадах i мястэчках пабудаваныя i вялiкай ласкай i пашанай люду паспалiтага карыстаюцца, вiдаць з таго, што Прэасьвяшчэньнейшы Ўладыка, Мiтрапалiт Маскоўскi i ўсяе Русi Фоцiй, працу i стараньне прэвялiкiя палажыўшы..."
Захар Кузьмiч, сагнуўшыся ў пачцiвым паклоне, слухаў дыктоўку Баярына й у знак згоды лiсьлiва кiваў галавой. Дачакаўшыся нарэшце канца й сагнуўшыся яшчэ болей, ён спытаў:
– Бацюхна Баярын,
Было ўжо блiзка поўдня, калi Баярын Лука Рацiшчэў, са сваiм пачотам, выехаў з Шумiлiна ў напрамку на Полацак. Сьнег пачаў таяць. З-пад конскiх капытоў ён фантанамi вылятаў, перамешаны з вадой.
Па ўезьдзе ў лес, сыры вецер, дзьмуўшы ў полi, не адчуваўся амаль зусiм. Добра адпачнуўшыя конi йшлi лёккай рысьсю, напiнаючы павады. Баярын, пакачваючыся ў сядле, пачаў пакрыху драмаць. Трапляючыяся па дарозе сяляне скiдалi шапкi й доўга глядзелi ўсьлед, дзiвячыся небываламу ўбраньню й зброi гасьцёў у высокiх вастраканцовых шоламах. Круглыя шчыты з завiлiстым узорам выклiкалi яшчэ большае зьдзiўленьне:
– Цi то чалавек, цi то мангол? Не разьбярэш...
Недалёка ад Залесься ўвагу Баярына прыцягнула вялiкая купа людзей, сабраных на ўзбочыне дарогi. Пад'ехаўшы блiжэй, ён пабачыў, што гэтыя людзi слухаюць сьляпога старца-гусьляра. Памiж стаўпiўшыхся сялян Баярын заўважыў два рыцарскiх панцыры, выблiскваючых i паграмыхваючых ад кожнага руху iхных уласьнiкаў - маладых Драбаў. Абодва старалiся як мага меней варушыцца. Паськiдаўшы шоламы й затаiўшы подых, яны ўсёй сваёй iстотай прыслухвалiся да голасу гусьляра. Прыпынiў каня й Баярын, зацiкаўлены даляцеўшымi да яго вуха словамi:
... Сабралась Арда непамерная,
I Лiтву ваяваць пачала
Вёскi палiць яна Праваслаўныя,
I катуе людзей без канца...
Пад'ехаўшы пачот Баярына таксама застыў нерухома, прыслуханы да старога, але моцнага голасу сьляпца-гусьляра. А дзед сьпяваў, перабiраючы сухiмi зморшчанымi пальцамi лады на гусьлях:
Зараптаў Народ, затрывожыўся,
I да Князя паслаў хадакоў:
Затрымай Арду, Князь Кейстутавiч
I пазбаў Твой Народ ад злыднёў.
Пераслухаўшы ад Краiны паслоў,
Князь маланкамi блiснуў вачэй,
Загрымеў мячом, толькi рэха пайшло
I па ўсёй аддалося Лiтве.
Адгукнуўся ўраз селянiн ад ральлi,
А купец свой пакiнуў бязьмен,
Мех кавальскi замоўк - каваль шолам надзеў,
На чале Ваявода стаў гневен.
Загуло па Лiтве, полк за полкам iдзе,
Усё на сустрач Кульгаваму Хану.
Дзень i ноч латы блiшчуць, мячы мiгацяць,
На пагiбель-ганьбу бусурману.
Натоўп навокал гусьляра паступова нарастаў. Людзi, затаiўшы подых, прыслухвалiся да сьпеву, i, мiмаволi забываючыся пра ўсё, пераносiлiся думкамi туды, куды iх накiроўваў голас старога. Баярын асьцярожна, каб ня перашкаджаць сьпеву, прыпадняў кальчужную сетку над вухам, каб ясьней было чуваць. А гусьляр сьпяваў:
Напаткаў Князь Арду пры рацэ.
А рака празывалася Ворскла.
Загрымелi сякеры, мячы...
I татары завылi як воўкi.
Ураз паняў Бусурманскi Ўладыка,
Што зьмяце яго Вiтаўт зь зямлi
Разатрэ, разьмяве пад капытам,
Быццам шчура-гадзюку ў баi.
Шле ганца ён на ратнае поле
Свой наказ перадаць-завязьцi:
Коль ня выстаяць, выйсьцi iз бою,
I разсыпацца ўраз па сьцяпi!...
Баярын ужо, здавалася, ня чуў сьпеву гусьляра, яго думкi ляцелi дзесь далёка-далёка над стэпамi Палтаўшчыны: "...Вось дружыны Вiтаўта пераходзяць Ворсклу. Полк за палком, з фырканьнем i пляскам выбiраюцца на супрацьлежны бераг: Лiтоўцы, Жамойты, Палякi, Крыжакi, i йзноў Лiтоўцы, Лiтоўцы... Татары шматтысячнай масай навальваюцца на не пасьпеўшых разгарнуцца ў баявы парадак Драбаў. Але разьлiк Вiтаўта апраўдаўся: лёккая коньнiца Манголаў не магла выстаяць супраць сталёвых панцыраў i цяжкiх сякер. Татары кiдаюцца хто куды, i вось, здаецца, перамога Лiтвы... Але татары не бягуць, а толькi мяняюць спосаб вядзеньня бою. Яны не падпускаюць блiзка да сябе, засыпаюць хмарамi стрэлаў, i на сваiх хутканогiх канях унiкаюць рукапашнай сечы... Лiтоўскiя шэрагi вачавiдку радзеюць: падаюць Драбы, падаюць Князi, падаюць Рыцары й Воi, Жамойцкiя, Польскiя, Нямецкiя, да яжоў падобныя ад натыканых стрэлаў. Вось падае Андрэй, Князь Полацкi, са стралой у перносьсi...