Драбы (на белорусском языке)
Шрифт:
– Памiнаючы Слуцак, мы спынiлiся ў паселiшчы Абiдзямля, каб пераначаваць i пакармiць конi. У карчме Яснавяльможны пан Станiслаў сустрэў нейкага лацiнскага купца, каторы ехаў у тым самым накiрунку, што й мы - на Ворсклу. Пана Ваяводу зацiкавiла, што гэты купец ехаў сам, безь нiякага тавару, добра ўзброены й вельмi сьпяшаўся. Пан Ваявода стаў уважней прыглядацца да яго й заўважыў у купца на руцэ персьцень з падвойным крыжам, як на шчытах у дружыньнiкаў Лiтоўскiх. Тады, пан Ваявода загадаў схапiць купца й выпытаць, хто ён такi. Купец стаў баранiцца, але нас было болей, i нарэшце купец такi ўпаў, цяжка пасечаны. Як мы каля яго нi бiлiся, што яму нi рабiлi, нiчога не сказаў перад сьмерцю. Абшукаўшы яго, знайшлi
– тут пан Януш выцягнуў мiзэрыкордыю i, падважыўшы ёю сталёвы набедраньнiк, выцягнуў адтуль невялiкi кавалак паперы й паклаў на стол перад Каралём. Усе зь цiкавасьцю нахiлiлiся над паперкай, толькi ксёндз застаўся сядзець непарушна. Ваявода Пашкевiч прачытаў лiст i зiрнуў на Караля. У лiсьце значылася:
"Гаспадару.
Кароль вядзе перамовы з крыжакамi аб усуненьнi Вашай Высокасьцi, карыстаючыся з Вашай адсутнасьцi й будучай немачы пасьля сутычкi з Ханам.
Млынар"
Пан Януш выцягнуў дзесь з-пад панцыра персьцень зь Ярылавым Крыжам i таксама паклаў перад Каралём.
Асьцярожна, двума пальцамi, Ягайла падняў персьцень. Разгледзеў яго i раптам павярнуўся да пана Януша:
– У грамаце разумееш?
– Не, Ваша Каралеўская Мосьць!
– Ведаеш, што тут напiсана?
– Не! Ваша Каралеўская Мосьць!
...Запаветныя дзьверы йзноў адчынiлiся, i адтуль, горда падняўшы галаву, выйшаў пан Януш. На шыi ў яго цьмяна, але прываблiва, паблiскваў залаты ланцуг. Нi на каго нават не зьвярнуўшы ўвагу, пан Януш накiраваўся да выхаду.
Пераганяючы яго й ласкава ўсьмiхаючыся, да выхадных дзьвярэй кiнуўся пан з Чэрвiцы й, шырака iх разчынiўшы, нiзка пакланiўся:
– Маё нiжэйшае ўшанаваньне, Яснавяльможнаму пану Рыцару зь Езёрска!
– Мае Чэрвiцы, пся маць... але дарую iх табе!
– горда кiнуў пан Януш, нават не зiрнуўшы на прынiжанага валадара злашчасных Чэрвiц.
У гэты самы дзень, пан Януш выехаў з Кракава назад у Лiтву.
5. НА ПЕРАВОЗЕ
Разпырскваючы вадкае балота, па шляху на Тураў рысьсю пасоўваўся невялiкi аддзел коньнiкаў, закутых у жалеза. На чале аддзелу ехаў Рыцар з залатымi шпорамi й арлiным крылом на шоламе. Да шышака адразу-ж пад крылом прымацована едвабная рукавiчка, прышпiленая Дамай сэрца, паннай Карусяй Хадкевiчоўнай. Рукавiчка намокла й згубiла вобраз чароўнай ручкi... Але ня гэта зараз займае думкi шляхетнага Рыцара. Рукавiчка высахне, але вось да Турава трэба дабрацца сёньня. А цi будзе яшчэ паромшчык на Прыпяцi ў гэтакую пару? Рыцар паддае шпорамi, i яго шэры ў яблыкi конь пераходзiць на галёп. Адстаўшы на некалькi крокаў пачот - таксама паддае ходу. Чмякае балота, бразгае зброя, храпцяць конi. Калышуцца тонкiя доўгiя дзiды. Шырокiя плашчы коньнiкаў i пакрывалы мiгочуць шматколерным ураганам.
Да Прыпяцi яшчэ далёка, а з коней ужо камякамi ляцiць шум. Ад пачоту аддзяляецца коньнiк у чорнай расе, але зь мячом пры баку, i, параўнаўшыся з Рыцарам, прамаўляе:
– Сыне мой, цi не пара даць коням перадыхнуць? Цiшэй едзеш, далей будзеш, як кажуць старыя людзi...
– Ад таго мейсца, куды едзеш...
– бурчыць незадаволена Рыцар у адказ, але пачынае патрыху стрымлiваць бег каня.
– Вам бы ўсiм толькi перадыхаць ды адпачываць...
Празь некаторы час едуць моўчкi, прыслухваючыся да прадвячэрняе цiшынi. Рыцар шчыльней абгортваецца зьвiльгатнелым плашчом, падтыкае яго за каленi й стульвае мацней да шыi.
З далячынi даносiцца яшчэ няясны, але зразумелы шорах. Рыцар iзноў паддае шпорамi, i ўся кавалькада на поўным скаку, выносiцца на бераг магутнае Прыпяцi. Адлiваючы колерамi сталi, паўнаводная рака спакойна й упэўнена плыве на ўсход. Густыя непраходныя лясы, поўныя дзiчыны, шчыльна абступiлi яе берагi. Неабсяжныя абшары балот разьлеглiся наўкола. Дзе нi дзе, у гэтым "Гэрадотавым
На правым беразе ракi праз шэры паўзмрок, ледзь блiскае асьветленае лучынай акенца ў хаце перавожчыка.
– Гэ-э-э-эй! На пераво-о-зе!
– гукае адзiн з коньнiкаў.
Нiхто не адзываецца. Конi ўзбуджана фыркаюць, стараючыся дабрацца да вады, i коньнiкам каштуе вялiкага высiлку, каб утрымаць iх. Нарэшце знаходзяць звон, прывешаны да галiны старое карчакаватае бярэзiны, i праз раку нясуцца поўныя загаднага прызыву, гукi...
* * *
Мiж тым, у хаце перавожчыка сабралася ўся сям'я. Перавожчык Мацей Вадзянiк, празваны так за вялiкае сяброўства з вадой - паром ягоны працаваў у часы найбольшых разьлiваў i нiколi ня быў сарваны. Рыба, як здавалася, сама йшла яму ў рукi, плаваў сам як рыба, i сыноў навучыў. Меў ужо за семдзесят гадоў, але сiлай i здароўем мог паганарыцца перад кожным. Сыны яго: Якуб, Кiрыла й Марко не адставалi ад бацькi нi ў сiле, нi ў здароўi, нi ў спрыце. Мацi iх, Грыпiна, была з роду Клубоўскiх, а ў гэтым родзе, як ведама, не было такога, каторы сам на сам не завалiў-бы мядзьведзя.
Павячэраўшы пасьля праведных трудоў на пароме й пры гаспадарцы, уся сям'я ўважна слухала, як бацька пры сьвятле лучыны, па складах чытаў Эвангельле. Якуб, Кiрыла й Марко чытаць ня ўмелi i з захапленьнем прыглядалiся да вуснаў бацькi, каторы, не сьпяшаючыся й водзячы пальцам па радкох стара-славянскага пiсьма, вымаўляў:
"...I скажа Цар iм у адказ: запраўду кажу вам: тое, што вы зрабiлi аднаму з гэтых меншых братоў Маiх, вы зрабiлi Мне. Тады скажа i тым, што налева: iдзiце ад мяне праклятыя ў вагонь вечны, прыгатаваны чарту i анёлам ягоным. Бо я хацеў есьцi, i вы не далi Мне; прагнуў, i вы не напаiлi Мяне; быў у дарозе, i вы не прынялi Мяне; быў нагi, i не адзелi Мяне; быў хворы i ў вязьнiцы, i не даведалiся Мяне. Тады i яны скажуць Яму ў адказ: Госпадзе! Калi мы бачылi Цябе галодным, цi прагнучым, цi ў дарозе, цi нагiм, цi хворым, цi ў вязьнiцы i не паслужылi Табе? Тады скажа iм у адказ: сапраўды кажу вам: як вы не зрабiлi гэта аднаму з гэтых меншых, то не зрабiлi Мне. I пойдуць гэтыя на муку вечную, а праведнiкi ў жыцьцё вечнае..." - Мацей замоўк i прыслухаўся. Знадворку несьлiся прызыўныя гукi звону.
– Бач, яшчэ нехта едзе!
– зьдзiвiўся ён.
– У гэтакую пару толькi на пячы сядзець, а не па лесу бадзяцца.
Але нiчога ня зробiш, людзi чакаюць, i ўся сям'я Вадзянiка, апранаючыся на хаду, рушыла да ракi.
– Эк, як разьнесла маладзiцу!
– прамовiў Мацей, акiнуўшы вокам паўнаводную Прыпяць.
– З дапамогай Божай, як-небудзь малым паромам i перавязём - адказаў Якуб, стараючыся праз змрок разглядзець супрацьлежны бераг.
Перахрысьцiўшыся, Мацей, Кiрыла й Марко скочылi на хiсткi памост парому. Грыпiна й Якуб узялiся за корбу. Корба зарыпела, застагнала, i паром паволi адчалiў ад берагу ды паступова разтаў у цемры. Тоўсты прасмолены канат нацягнуўся, як струна. Вада з шумам i булькатам абмывала тоўстыя палi прычалу. Грыпiна й Якуб з усiх сiлаў паварачвалi драўлянае кола корбы, каторае праз просты блёк на другiм беразе, цягнула паром. Нарэшце корба стала...
Пачулася конскае йржаньне, галасы людзей, i ўмоўны сьвiст Мацея. Закруцiлi корбу ў адваротны бок. На гэты раз праца iшла лякчэй - нехта застаўся на тым беразе й дапамагае.
– Яшчэ раз прыйдзецца, - заўважыла Грыпiна.
– А можа й ня раз...
– дадаў Якуб, налягаючы на корбу.
Паром iшоў усё лякчэй i лякчэй. Прайшоўшы самую быстрыню й не адчуваючы ўжо моцнага напору вады, ён хутка наблiжаўся да берагу.
– Гэ-гэ-гэй!
– даляцеў голас Мацея - Павальней! Павальней!