Драбы (на белорусском языке)
Шрифт:
Ваявода й Васiль, схапiўшыся за мячы, як былi ў кашулях, выскачылi з хаты. Гоман, у якiм адчувалася нестрыманая прага помсты, наблiжаўся:
– ...Вяроўку!... На першы сук!...
Усё насельнiцтва ляснога паселiшча павысыпала з халупаў, i бегма, старыя й малыя, кiнулiся на крык. Ваявода запытальна зiрнуў на Васiля, той пацiснуў плячыма й уголас дадаў:
– Зараз даведаемся.
З кустоў вывалiла гаманяшчая й равушчая юрба людзей i накiравалася да Васiлёвай буды. Людзi размахвалi рукамi, сякерамi, дубiнамi. Ваявода ня мог дачакацца - калi яны ўжо наблiзяцца. Ён заўважыў, што людзi кагосьцi цi вядуць, цi цягнуць.
– Цiха! Што сталася?
– закрычаў Васiль, калi разьюшаная юрба наблiзiлася
– Бачыце, якi ў нас госьць?... Гаспадарскi Ваявода!
Людзi змоўклi й паскiдалi шапкi. Уперад выступiў той самы дзяцюк, што ночай пiльнаваў Ваяводу.
– Ваявода, глядзi што мы злавiлi!
– i ён пацягнуў за вяроўку, каторую трымаў у руках. Людзi заварушылiся, прапускаючы кагось наперад. Перад вачамi Фёдара зьявiўся малады татарын з накiнутай на шыю пятлёй. Рукi палоннага скручаны матузамi за сьпiнай, але ён трымае сябе як належыцца мужчыне й вою. Яго вузкiя раскосыя вочы неспакойна перабягаюць з Ваяводы на Васiля, i назад. Нарэшце, ён такi выбраў Ваяводу, i нешта залапатаў. Але хутка зразумеў, што яго не разумеюць, i змоўк. Прымружыўшы вочы, стаяў, нешта надумваючыся, i час ад часу паводзiў плячыма, намагаючыся аслабiць сьцiскаючую шыю пятлю.
Натоўп пачаў нецярплiва варушыцца. Пачулiся йзноў выгукi:
– На асiну нехрыста паганага!... Загадвай, Ваявода! Мы яго хутка!... З намi яны ня дужа гутараць, прывяжуць да конскага хваста, i канец!... Давай, Ваявода!...
Фёдар тым часам моўчкi прыглядаўся да палоннага, каторы ўпарта нешта абдумваў: вопратка досыць прыгожая й дабраякасная, пас ды похвы ад кiнжалаў i шаблi ўпрыгожаны срэбнай насечкай, вельмi тонкай i мудрагелiстай. Саф'янавыя боты з гострымi й загнутымi ўверх насамi вышыты срэбрам - усё гаворыць аб радавiтасьцi й дастатку.
Гуд у натоўпе ўзрос у суцэльны роў, калi з кустоў выйшлi чатыры дзядзькi, нясучы на самаробных ношах зьнятага з дубу вешальнiка.
– Цiха!
– злосна гукнуў Васiль, i зь нерашучасьцю зьвярнуўся да Ваяводы: Дык што зь iм зробiм? Хiба, напраўду, адправiм яго да прашчураў?...
– Гэта мы заўсёды пасьпеем зрабiць. Я хачу пагутарыць зь iм.
Ношы паднесьлi да Ваяводы й асьцярожна апусьцiлi на мокрую траву. Запанавала гнятучая цiшыня. Толькi лес шумеў ды дробна шархацеў дождж. Цяжка дыхаючы, людзi паглядалi то на Фёдара, то на татарына, то на нябожчыка...
Татарын некалькi разоў азiрнуўся наўкола i, раптам шырака раскрыўшы вочы, нешта йзноў залапатаў з выразам бязкрайнага жаху й крыўды. Ён зразумеў, што яго абвiнавачваюць у забойстве гэтага чалавека, але, згадаўшы, што яго не разумеюць, упаў на каленi перад ношамi й тры разы iм пакланiўся, кратаючы iх iлбом. Потым, не падымаючыся з каленаў, павярнуўся да Ваяводы, прыклаўся лбом да яго бота й адмоўна затрусiў галавой.
– Дзе вы яго злавiлi?
– зьдзiўлена спытаў Фёдар.
– Ды яно, калi па праўдзе казаць, дык i лавiць ня трэба было, - загутарылi наперабой дзяцюкi, што хадзiлi да дубу.
– Як мы сталi наблiжацца да дуба таго, што павешаны на iм вiсеў, а гэты злазiць адтуль. З гальля, знацца. Як убачыў нас, дык адразу за шаблю ўхапiўся ды за нажы свае, але потым спалохаўся й пакiдаў усё на зямлю. Ну мы яго й зьвязалi...
– А зараз разьвяжыце!
– перабiў Ваявода.
Натоўп прыцiх, зьдзiўлена пераглядаючыся. Але нiхто не варухнуўся, каб выканаць загад.
– Я кажу разьвязаць яго!
– паўтарыў спакойна Ваявода.
Нiхто не зварухнуўся.
– Так, так. А Васiль казаў мне, што хочаце, каб узяў вас з сабой да Вялiкага Князя. Добрыя, казаў, дружыньнiкi будуць.
– Фёдар абвёў паглядам прыцiхлую гурму.
– Дайце сюды яго зброю!
Са звонам пад ногi Ваяводы, звалiлiся крывая шабля й два кiнжалы. Татарын зьдзiўлена назiраў за Фёдарам, каторы моўчкi, але рашуча падняў адзiн зь кiнжалаў, паспрабаваў пальцам лязо, i
Натоўп нерухома прыглядаўся да незразумелых паводзiн Ваяводы, ня ведаючы, чым вытлумачыць гэтакую лiтасьць. Ён-жа сам толькi-што вырваўся са стралой у баку ад гэтых самых татараў. Адзiны чалавек, каторы зразумеў Ваяводу, быў Васiль, i таму, не хiстаючыся, перарэзаў матузы.
Зрабiўшы Васiлю знак адыйсьцi ўбок, Фёдар цiха прамовiў яму некалькi слоў i накiраваўся ў хату. Васiль, вярнуўшыся да ношаў, загадаў:
– Нябожчыка - абмыць i пахаваць! Татарына каб ня сьмелi зачапiць!... Ваявода бярэ яго з сабой. Я еду таксама...
Па натоўпу прайшоў гул :
– А як мы?... Мы таксама хочам да Вялiкага Князя!...
– Можаце й вы, але ня з намi! Ваявода кажа, што лепей ехаць самаму, чым зь непаслухмянай бандай баягузаў.
Натоўп загудзеў, закалыхаўся. Пачулiся абураныя выгукi:
– Хто банда баягузаў?... Мы да Гаспадара хочам!... Мы не баягузы!... Якiм правам...
– Вы банда! Вы баягузы!
– гнеўна ўскрыкнуў Васiль, рубец на яго шчацэ аж пабарвавеў.
– Абяззброеннага чалавека маглi зьвязаць! А калi Ваявода загадаў разьвязаць, дык нi адзiн нават не варухнуўся, не адважыўся! А зброю не маглi па людзкi падаць? К нагам пакiдалi? Ганьба!... А зараз пытаецеся, якiм правам? Быдла! Такiм правам, што ня хоча пэцкацца! Зразумелi?!
– i, падняўшы ляжачую на траве зброю, ён, не аглядаючыся, пайшоў у сваю хату, клiкнуўшы знакам татарына. Прыцiхлыя людзi праважалi iх вачамi, аж покуль яны не схавалiся за дзьвярыма...
* * *
Знакамi, рухамi, маляваньнем на зямляной падлозе, Ваявода даведаўся ад татарына наступную гiстрыю: "Бацьку Кiрым Бея прывязалi да хваста дзiкага каня й пусьцiлi ў стэп - за тое, што, як думаў Хан, ён утаiў вялiкую частку падатку, узятага з Маскоўскiх Князёў. Усе багацьцi й маёмасьць па праву спадчыны, мусiлi-б перайсьцi яму, Кiрым Бею, але Хан Эдыгэй забраў усё: i коней, i наложнiц, i скарбы. Яго-ж самаго выслаў на гранiцу Княства Маскоўскага ваяваць Лiтву - гэта значыць, на сьмерць. Кiрым Бей затаiў у сэрцы ненавiсьць да Хана. Скардзiўся самаму Тымуру Кульгаваму, але не дапамагло. Тады рашыўся, i пры першай нагодзе адстаў ад свайго аддзелу, каторы ўглыбiўся ў пошуках здабычы на землi Лiтоўскiя, i схаваўся на гэтым дубе. За гэтыя два днi нiчога ня еў, бо да ўцечкi не рыхтаваўся, усё неяк сталася само па сабе. Бачыў, як учора купа ўзброенных людзей, на чале якiх быў рыцар з залатымi шпорамi й арлiным крылом на шоламе, падвезьлi да дуба памiраючага чалавека, усяго ў крывi. Загачылi яго гакам за рабрыну i, падвесiўшы на сук, выстралiлi ў яго два разы з татарскага луку. Добра, што надвор'е было пахмурнае, i яго не заўважылi памiж карчакаватым гальлём. А трапiць да гэтых зьвяроў-людзей баяўся. Бачыў таксама, як учора пад вечар Ваявода ўходзiў ад пагонi. Добра ведаў, што ў лесе жывуць людзi, але й да iх выходзiць таксама баяўся, змушаны быў гэта зрабiць сёньня, бо голад прымусiў..."
Знадворку пачуўся гоман. Васiль нехаця падняўся й выйшаў з хаты. Перад дзьвярыма талпiлася юрба людзей, вiнавата перамiнаючыся з нагi на нагу.
– Чаго яшчэ трэба?
– гукнуў Васiль, упiраючы рукi ў бокi й з выклiкам паглядаючы на сабраных.
– Можа, прасiцца прыйшлi? Цi дамагацца?
– Ня гневайся, Васiль, i Яго Сьветласьцi Ваяводзе пакланiся за нас, выступiў уперад стары Кандрат Тур.
– Недакумекалi мы сваiм простым розумам, што й да чаго. Але Гасподзь Бог знаў, каго Ваяводай зрабiць i розумам ясным надзялiць, а каго ў мужыках пакiнуць гной калупаць...