Гронкі гневу
Шрифт:
У мяне тут вось запісана — трыста дванаццаць фунтаў.
Усё правільна.
Глянь, ён мне і слова не сказаў! Няйначай, вага ў яго фальшывая. Што ж, дзянёк выдаўся ўдачны.
Кажуць, сюды едзе яшчэ тысяча чалавек. Заўтра за кожны рад будуць біцца. Выхопліваць каробачкі адзін у аднаго з-пад рук.
Патрабуюцца зборшчыкі. Чым больш зборшчыкаў, тым хутчэй у бавоўнаачышчальную машыну.
А зараз дамоў, у палявы лагер.
Божа мой, на вячэру ў нас сёння будзе бакавіна! Мы зарабілі на бакавіну! Вазьмі малога за руку, бачыш, як
Раздзел дваццаць восьмы
Таварныя вагоны, іх было дванаццаць, стаялі без колаў на невялікай паляне каля рэчкі, выстраіўшыся ў два рады, па шэсць у кожным, тарцамі адзін да аднаго. Ад вялікіх рассоўных дзвярэй ішлі ўніз сходкі — шчыты, збітыя з дошак. Нядрэннае жыллё — дахі не працякаюць, скразнякоў няма, і размясціліся тут дваццаць чатыры сям'і — па адной у кожнай палове вагона. Вокнаў не было, але шырокія дзверы стаялі расчыненыя. У некаторых вагонах паловы аддзяляліся адна ад адной брызентавым полагам, у астатніх мяжу адзначала лінія дзвярэй.
Джоўдаў пасялілі ў палове аднаго з крайніх вагонаў. Нехта з ранейшых жыхароў прыладзіў тут да газавага бітона пячную трубу і вывеў яе вонкі праз дзірку ў сценцы. У канцах вагона было цёмна нават пры адчыненых дзвярах, хоць яны і былі шырокія. Маці павесіла брызент пасярэдзіне вагона.
— Тут добра, — сказала яна. — Лепш нідзе не было, калі не лічыць урадавага лагера.
Кожны вечар яна раскладала на падлозе матрацы і кожную раніцу згортвала іх зноў. Кожны дзень яны ішлі на поле збіраць бавоўну, і кожны вечар у іх было мяса на вячэру. Аднае суботы яны з'ездзілі ў Туларэ і купілі там жалезную печку, новыя кабінезоны Элу, бацьку, Уінфілду і дзядзьку Джону і сукенку мацеры, а яе святочную сукенку аддалі Ружы Сарона.
— Яна так распаўнела, — сказала маці. — Купіць ёй новае — дарэмна грошы траціць.
Джоўдам пашчасціла. Яны прыехалі сюды ў час і паспелі заняць месца ў вагоне. Уся паляна была цяпер застаўлена палаткамі тых, хто прыехаў пазней, а тыя, хто жыў у вагонах, лічыліся старажыламі і ў нейкай ступені мясцовай арыстакратыяй.
Міма паляны цякла вузкая рэчка, то вынікаючы з вербняку, то зноў хаваючыся ў ім. Ад кожнага вагона да яе збягала добра ўтаптаная дарожка. Між вагонаў былі працягнуты вяроўкі, і кожны дзень на іх сушылася бялізна.
Аднойчы вечарам Джоўды вярталіся з поля, несучы пад пахай складзеныя баваўняныя мяшкі. Па дарозе зайшлі ў краму каля скрыжавання дарог. У краме было шмат пакупнікоў.
— Ну, колькі сёння?
— Зарабілі някепска. Тры даляры з паловай. Даўжэй бы тут затрымацца. З малых добрыя зборшчыкі выйдуць. Маці сшыла ім кожнаму па мяшэчку. Вялікія ім цягаць не пад сілу. Набяруць у свае і высыпаюць у нашы. Са старых кашуль сшыла. Добра працуюць — стараюцца.
Маці падышла
— Я ўзяла б свіных адбіўных, — сказала яна. — Па чым яны?
— Трыццаць цэнтаў фунт, мэм.
— Дайце тры фунты. І яшчэ супавага мяса які-небудзь добры кавалак. Заўтра дачка мая зварыць. І бутэльку малака ёй. Яна страшэнна яго любіць. Чакае дзіцяці. Медсястра сказала ёй больш малака піць. Так, што яшчэ?.. Не, бульба ў нас ёсць.
З бляшанкай сіропу ў руцэ да яе падышоў бацька.
— Возьмем гэта, — сказаў ён. — Да аладак.
Маці нахмурылася:
— Ага, так, што ж… бяры. Вось яшчэ гэта палічыце. Так… лярду ў нас хопіць.
Падышла Руці з двума вялікімі пачкамі сухога таннага печыва — у запытальным позірку туга, і ад таго, ці кіўне маці галавой, ці адмоўна пакруціць ёю, туга гэтая магла перарасці ў роспач ці змяніцца радасным узрушэннем.
— Ма? — Руці падняла абодва пачкі, паказваючы іх і зверху і знізу, каб яны і маці спадабаліся.
— Пакладзі на месца…
У вачах у Руці затрымцела роспач. Бацька сказаў:
— Яны ўсяго па пяць цэнтаў. Малыя сёння добра папрацавалі.
— Што ж, — сказала маці, і ў вачах у Руці засвяцілася радасць, — добра.
Руці павярнулася і кінулася да выхаду. Па дарозе яна схапіла Ўінфілда і пацягнула яго на двор, у вячэрняе сутонне.
Дзядзька Джон памацаў пальцамі парусінавыя пальчаткі з нашыўкамі з жоўтай скуры на далонях, прымерыў іх, зняў і паклаў на месца. Потым спакваля наблізіўся да паліц са спіртным і паглыбіўся ў вывучэнне этыкетак на бутэльках. Маці заўважыла гэта.
— Бацька, — сказала яна і крутнула галавой у бок дзядзькі Джона.
Бацька няспешна падышоў да яго.
— Што, Джон, у горле перасохла?
— Ды не.
— Пацярпі да канца збору. Тады хоць бочкамі пі.
— А мне не к спеху, — сказаў дзядзька Джон. — Працую старанна, сплю добра. Сны мяне не мучаюць.
— Я бачу, ты вачэй не можаш адвесці ад бутэлек.
— Я іх амаль не заўважаю. Дзіўная рэч — хочацца ўсё ўсялякае купіць. Нават такое, што мне і не трэба. Вось, напрыклад, бяспечную брытву. Ці вунь тыя пальчаткі. Усё вельмі таннае.
— Бавоўну ж у пальчатках не збіраюць.
— Ведаю. Бяспечная брытва мне таксама без патрэбы. Але тут усё так выстаўлена, што, трэба табе ці не трэба, а так і падмывае купіць.
Маці крыкнула ім:
— Пайшлі. Цяпер у нас усё ёсць. — У руках у яе была сумка. Дзядзька Джон і бацька ўзялі кожны па пакунку. За дзвярамі іх чакалі Руці і Ўінфілд — вочы выпучаныя, твары ўспухлі ад набітага за абедзве шчакі печыва.
— Ну вось, цяпер вячэраць не будуць, — сказала маці.
Да лагера сыходзіўся народ. У палатках загарэліся ліхтары. З пячных труб валіў дым. Джоўды падняліся па сходках у вагон і прайшлі ў сваю палову. Каля печкі, у якой ужо гарэў агонь, сядзела на скрынцы Ружа Сарона. Жалезныя сценкі печкі распаліліся дачырвана.