Крытыка
Шрифт:
Яшчэ адной якасцю паэта ёсць — трывалая і дыхтоўная, моцная народная стыхія. Я пазнаю гэтыя радкі нават у перакладзе: па тыпова беларускай, вясковай пяшчоце і мяккасці, па адной гэтай падзяцы:
…Дзякуй, яблынька, дзякуй, белая, За казку…Гэта тая дабрата і ласкавасць супакутавання, якая пераварочвае душу, калі бачыш аднаногага салдата ў лазні, які не пусціў з сабою на паліцу хромавую нагу. Гэта дабрата да тых, хто ў небыцці, але гэта яшчэ і дабрата трывогі, папярэджання, мужнасці, як у
Народная стыхія паэтава яшчэ і ў спеўнасці. Не ў той, што нараджае шлягеры, а ў той, што бярэ інструментоўку народнага — "Шчыравала пчала" — і надае ўсяму гэтаму сучасны змест. І гэта больш сучасна, чым вольны верш, які кананізавалі некаторыя з нашых паэтаў.
Вершы "Калі б так проста кахалася", "Я не ведаю дзень той", "Прадвесне", "На Начы", "Чырвоныя ветры" — сучасныя.
І шмат яшчэ чаго з народнай стыхіі ёсць у творчасці В. Зуёнка. Гэта і гонар чалавека, які "жыве сяўбой, бярэ сяўбой". І страсная любоў да роднай прыроды, уменне пісаць аб ёй так, што верш хвалюе, як яна сама. Вось выезд восені:
Лейцы верасень сплёў з павуціны, Пугу звіў кастрычнік з пянькі, Лістапад лiсця ў воз падкiнуў, — Паганяй! Нацянькі! Едзе восень, глядзіць задаволена, Як ляцяць ад яе і бягуць, Як чарот ліхаманіць ад золі, Як iрве з багнiшча нагу — Уцякаць сабраўся мачэўнік… Ды не ўцёк — падвялі карані. Едзе восень — па пнях, па карчэўю… Едзе восень на рабым кані.Гэта сарказм і іронія ("Каменная філасофія", "Стары цецярук"). І цудоўная лірыка разлукі і кахання, то гарачая, то празрыстая і чыстая снегавой беллю ("Ля далёкіх паўстанкаў"). І тое ж язычаскае "Нахіляўся, як дзікі лясун", — з такой нечаканай і таму поўнай чароўнасці празаічнай канцоўкай.
Чалавек, які сказаў, што кнігаўкі — трыццатае калена марскіх чаек і — рыдаюць, бо трызняць аб назаўсёды страчаным моры, гэты чалавек — паэт. Ён паэт, бо сказаў пра зялёную поўню, што праз тыдзень выйдзе над лесам, што хмарка і верабей б'юць крыламі, купаючыся ў лужыне.
Але нават каб нічога не было напісана, акрамя верша "Тры вышыні, тры сілы знаю ў лесе", — аднаго з найлепшых за апошнія гады, пра які гаварыць і гаварыць бы асобна — хапіла б і яго. Філасофія, глыбіня, сіла высакароднага сімвалу. Верш, над якім думаць і думаць, перажываць і перажываць. Верш з соснамі, рабрыстымі, як здані, да падсочкі, з
Хацелася б напаследак пажадаць маладому аўтару доўгага шчаслівага, добрага шляху. Каб яго крэсіва заўжды высякала, распальвала сапраўдны, святы агонь паэзіі.
Слова ад аўтара
Той, хто чытаў мой раман "Каласы пад сярпом тваім", памятае, вядома, галоўнага героя рамана князя Алеся Загорскага, князя паходжаннем, селяніна выхаваннем, дэмакрата перакананнямі. Памятае блізнюкоў-братоў Кагутоў, названых братоў героя, "дзядзьку" (і старэйшага сябра) Халімона Кірдуна і іншых, пра якіх аповесць толькі ўпамінае.
Як яна ўвогуле ўзнікла, аповесць "Зброя"? Як вы памятаеце, першыя дзве кнігі рамана канчаюцца "на парозе" паўстання 1863 — 64 гадоў, заключную фазу якога ўзначаліў на Беларусі і ў Літве сябра Алесеў Кастусь Каліноўскі.
Вядома, што трэба для кожнай рэвалюцыі. Перш за ўсё ўмовы, калі большай частцы грамадства робіцца немагчыма існаваць так, як раней, немагчыма цярпець далей сацыяльны і нацыянальны прыгнёт. Умовы, пры якіх меншасць забылася на справядлівасць і штохвілінна папіхае нагамі гонар Чалавека, які працуе, корміць, думае (а з такіх заўсёды складаецца большасць усякага грамадства, калі гэта не грамадства разбойніцкае, якое здабывае сабе хлеб не плугам, а доўбняй; бывалі ў гісторыі такія).
Па-другое, патрэбна думка аб нясцерпнасці свайго становішча і аб тым, як гэта становішча змяніць. Думка, якую ўспрыняла як сваю большая ці меншая частка Грамадства. Таго, вядома, якое сумленна зарабляе свой хлеб штодзённы — усё адно, арэ яно зямлю ці мудрыць яно над формуламі.
Ёсць думка — знойдзецца і трэцяе, рукі, якія разбураць састарэлы, не адпаведны часу, закасцянелы панцыр, што перашкаджае росту.
Але нават калі ёсць усе прадумовы — яны так і могуць застацца прадумовамі, калі рукі не ўзброены.
Могуць, што праўда, прайграць і ўзброеныя рукі, як прайграла, па розных прычынах, паўстанне 1863 — 64 гадоў, але ўзброеныя рукі паўстання прынамсі прымусілі гаварыць пра сябе. Прымусілі нашчадкаў памятаць, паважаць памяць паўстання, рабіць з яго ўрокаў свае высновы (І Інтэрнацыянал і ўсё, што з яго наследавала і сталася, работа многіх і многіх дзеячаў, філосафаў, паэтаў).
І мы не можам у гэтым выпадку цытаваць горкае двухрадкоўе:
Мяцеж не можа скончыцца удачай…
У выпадку такім ўсе звуць яго іначай.
Таму што — ну, так! — для аляксандраў і мураўёвых задушанае паўстанне было мяцяжом, але для нашых сучаснікаў яно Рэвалюцыя, што йдзе ў славе сваёй. І салдаты яе заўсёда застаюцца для нас прыкладам. А дасягальным ці недасягальным — гэта ўжо залежыць не ад іх, а ад яго, цябе, мяне. Ад кожнай асобы, якая разумее, што на яе глядзяць не толькі вочы сучасніка, але і іхнія, даўно ўжо мёртвыя і вечна жывыя вочы.
Як нарадзілася аповесць? Шчыра кажучы, нечакана, і таму я павінен сказаць пра гэта некалькі слоў. Спачатку павінен быў быць невялікі раздзел трэцяй кнігі рамана. Менавіта аб тым, як пэўная колькасць рук атрымала зброю. І раптам, як гэта часта бывае, героі пачалі сваволіць, выломлівацца са свайго асяроддзя, а значыць, і з тканіны рамана.