Ля аднаго вогнішча
Шрифт:
Гэтыя радкі Еўдакіі Лось чамусьці заўсёды выклікаюць у памяці першую сустрэчу з ёю.
Улетку 1962 года прыехаў я ў Мінск паступаць у аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. Сустрэў мяне, навічка, мой даўні старэйшы сябар, былы выкладчык Брэсцкага педінстытута, дзе я некалі, да прызыву ў армію, вучыўся, Іван Клімавіч Германовіч. Стаім мы з ім ля будынка Акадэміі, пад знакамітымі калонамі, размаўляем, раптам, бачу, падыходзіць да нас прыгожая светлавалосая маладая жанчына, вітаецца з Іванам. Аказваецца, яны даўнія прыяцелі, разам вучыліся — на пачатку 50-х гадоў — у Мінскім педагагічным інстытуце. Знаёмімся — Еўдакія Лось. «Дык вось яна якая, Еўдакія Лось!» Адразу ўспомнілася яе першая кніжка — «Сакавік», што выйшла ў 1958 годзе, якую мы, тады яшчэ студэнты, з захапленнем
Дык вось яна — жывая паэтэса, вершы якой так своеасабліва адкрылі нам прыгажосць жыцця, хараство і непаўторнасць гэтага цудоўнага свету, у якім наканавана чалавеку жыць…
Звярнулі ўвагу тонкія, адухоўленыя рысы яе твару, прыгожая постаць. Падумалася: вось такой і павінна быць паэтэса.
Цікавая, таленавітая моладзь расце, — гаварыла яна пра сваіх равеснікаў, аднагодкаў, пра сваё пакаленне — Уладзіміра Караткевіча, Міколу Арочку, Ніла Гілевіча, Уладзіміра Нядзведскага, Алега Дойку, Рыгора Барадуліна і іншых. — Добрыя яны і розныя, а, паглядзіце — крытыка іх не разумее!
— Адвыкла, відаць, наша крытыка ад сапраўднай паэзіі,— зазначыў Іван Клімавіч, — рыторыка для яе бліжэй…
— Напісаў Уладзімір Караткевіч цудоўны верш «Заяц варыць піва». «Новый мир» нават надрукаваў — у Аляксандра Трыфанавіча Твардоўскага густ выдатны! А крытык узяў і збэсціў верш…
Абараняла Караткевіча Еўдакія Лось! І выказвала пры гэтым тонкае адчуванне і разуменне яго паэзіі:
«У. Караткевіч — вельмі арыгінальны, разнабаковай творчай культуры чалавек. Але напамінак аб гэтым паэце вымушае кінуць і папрок крытыцы. Караткевіча крытыкавалі ў некаторых выпадках якраз за тое, што ў яго ёсць, арыентуючы быць такім, якім ён не можа і не хоча быць. А вось гэтага, на нашу думку, трэба пазбягаць, калі сур’ёзна клапаціцца пра выхаванне паэтычнай індывідуальнасці» («Літаратура і мастацтва», 1960, 23 студзеня).
У ёй жыло прыроджанае пачуццё справядлівасці.
— Новае ў літаратуры абавязкова праб’е сабе дарогу… — спрабаваў гаварыць Іван Клімавіч.
— Праб’е то праб’е, але маладую паэтычную індывідуальнасць трэба падтрымліваць, маладыя патрабуюць асаблівай увагі. Гэта — маё перакананне, — Еўдакія Якаўлеўна гаварыла страсна, з запалам. — Дзе тут у вас Каваленка, мне трэба яго бачыць, — раптам запытала яна пра вядомага ўжо тады маладога крытыка Віктара Каваленку, аднаго з прыхільнікаў новай літаратурнай генерацыі, які неаднаразова і слушна пісаў пра вершы Еўдакіі Лось. — А ты, значыцца, навуцы хочаш дапамагчы? — звярнулася яна да мяне, — што ж, давай, пасабляй, працы шмат.
І пайшла.
— Баец наша Дуся! — пракаменціраваў усё Іван Клімавіч.
Еўдакія Якаўлеўна таксама была з тых, чыё дзяцінства адабрала вайна і хто мужнеў у цяжкія пасляваенныя гады. Пра гэта расказвалі вершы: суровае дзяцінства, трагедыя вайны, цяжкасці пасляваеннай пары…
Вы не бачылі вёсак, якія не ўсталі з вайны? Па ўсёй Беларусі, па ўсёй Беларусі яны…А вось у іншым інтанацыйным ключы:
Снегу, снегу — не праехаць, Снегу, снегу — не прайсці! Хоць бы стомленай, у сне хоць Да Лучосы дабрысці… Ад Лучосы можна босай Да зажуранай Дзвіны — Да маёй праставалосай, Ад рыданняў безгалосай, Сэрцам выклятай вайны…У такіх выпадках неяк няёмка гаварыць пра майстэрства, хаця кожнаму відаць, што гэта «праставалосая вайна» напісана выдатным майстрам: у двух словах перададзена ой як шмат! У лірыкі свае спецыфічныя магчымасці паказу жыцця, якое яна адлюстроўвае найбольш
З першых крокаў ёй спадарожнічала разнастайнасць тэм, матываў, настрояў, якая адпавядала шматстайнасці жыцця, яго шырокім абсягам. «Клічуць дарогі дальнія, клічуць дарогі блізкія, клічуць асфальтам люстраным, прасёлачнаю смугой» — тут была ўнутраная праўда і настрой. Сёння яна ў заводской кузні, заўтра — на сустрэчы з дзецьмі ў школе-інтэрнаце, паслязаўтра сэрца пакліча яе на братаву магілу ў Фэстаў, што пад Кіевам.
Першая кніга называлася «Сакавік» — у месяцы сакавіку паэтэса нарадзілася, нават у гэтай акалічнасці, у гэтым супадзенні адбілася ўнутраная, душэўная ўстаноўка на непрыдуманае, перажытае, сваё. На гэта яе натхніў і Пётр Усцінавіч Броўка, калі ў канцы саракавых гадоў, ці не ў сорак восьмым нават, наведаў Глыбокае, дзе, сустракаючыся з выбаршчыкамі, спаткаў маладую паэтэсу — студэнтку Глыбоцкага педвучылішча Дусю Лось, паслухаў яе вершы, паверыў у яе творчыя сілы і падтрымаў. І Еўдакія Якаўлеўна засталася на ўсё жыццё ўдзячнай яму за гэта, вучылася ў яго зацікаўленаму і добраму погляду на жыццё…
Шчырасць, асабовасць, аўтабіяграфічнасць — тэматычныя і стылёвыя рысы многіх, найбольш удалых вершаў паэтэсы — складалі жыццёвую сілу і моц яе таленту. Нездарма ж ёй асабліва, на маю думку, удаваліся вершы, прысвечаныя сыну, родным — «сынок, сынок, бялюткі бацянок!..» Адна з першых удач Е. Лось — верш «Маці» (зборнік «Сакавік»): «Дзякуй, маці, што мне падарыла ты любоў да зямлі маёй роднай, дзе ўсміхаецца сонца так міла, дзе бягуць хвалі рэк мнагаводных…» Нямала прачулых радкоў прысвечана сёстрам, бацьку, сыну…
…З доўгіх дошак труну майстравалі, Брус дубовы часалі на крыж, На пясчаным пагорку хавалі… Тата, тата, як спіш ты, што сніш? Я стаю ля сасны на каленях, Ціха вецер калыша траву… Нібы рукі твае, праменні Мякка гладзяць маю галаву…Ёй помніцца бацькава пяшчота: «Дуня, ягадка мая!..»
Цудоўныя радкі, поўныя любві і ласкі, прысвяціла яна сёстрам — Мані і Марусі:
Вербы, абпаленыя перуном, Вокал старога сяла — стаўкі… Зляпілі гняздзечка над школьным акном Дзве белагрудыя ластаўкі: Віць-віць-віць… Перад кастрычнікам золкім, глухім Птушак пацягне ў вырай. Гняздо ж застанецца… І ўспомніцца ім Радзіма з песенькай шчырай: Віць-віць-віць, Жыць-жыць-жыць!Уся інтанацыя, стылістыка, пачуццё такту, сардэчнасці — у духу непаўторнай творчай індывідуальнасці Еўдакіі Лось…
Непаўторнасць… З гэтым паняццем, з гэтай якасцю, з гэтай праблемай мы абавязкова сустракаемся, калі гаворка заходзіць пра сапраўдную паэзію, пра сапраўдны талент. Непаўторнасць — хаця ўсе пішуць быццам бы пра адно і тое ж: адзіная тэма, адзіны прадмет паэзіі (лірычнай у асаблівасці) — чалавек, ягонае ўнутранае жыццё ў яго агульным значэнні для ўсіх. Аднак агульнае, такім чынам, праламляецца праз індывідуальнае. На гэтым і грунтаваўся поспех «Сакавіка» і наступных кніг: паэтэса даверылася свайму ўнутранаму жыццю, пісала аб асабіста пералітым, адчутым. За радком стаяла праўда. Разам з тым яе паэзія не стала вузкім самавыражэннем аўтара. Душэўны свет паэтэсы быў раскрыты для чалавечых радасцей і трывог, для ўсяго, што адбывалася навокал.