Падарожжа ў XIX стагоддзе
Шрифт:
Патрабуючы, каб паміж мастацтвам і жыццём заўсёды былі дзейсныя, актыўныя адносіны, Каратынскі піша: «Канцэнтруючы ў сабе калектыўныя погляды грамадства на будучыню, у імя яе мастак мас права патрабаваць грамадскай рэформы там, дзе ён бачыць, што пэўныя адзінкі шкодзяць (калі так сказаць) інтарэсам будучыні, і мае права распараджацца ўсімі сродкамі заахвочвання і адштурхоўвання, абы толькі дзеля дасягнення сваёй высакароднай мэты не апускаўся да карыкатуры. Высакародная мэта з'яўляецца праўдзівай, а што праўдзівае, тое і прыгожае ў мастацкім сэнсе...» Хаця Каратынскі не ўжывае слоў «ідэйнасць», «рэалістычнасць», але, па сутнасці, змагаецца за іх. Погляды паэта на прыгожае ў мастацтве носяць на сабе адбітак эстэтыкі
А як тонка Каратынскі выказаў, наперакор цэнзуры, свае адмоўныя адносіны да тагачаснай рэчаіснасці! Вось ён заклікае збіраць фальклор, народныя песні, бо яны ўсё больш знікаюць «з-за адсутнасці пагодлівай хвіліны да спявання». Прыведзеныя словы набраны іншым шрыфтам, і таму чытач спыняў на іх увагу. Спыняў — і добра разумеў, што хацеў сказаць аўтар. Або вось яшчэ прыклад. Каратынскі асуджае паноў, якія ведаюць аб селяніне толькі тое, што ён «павінен на нас працаваць». Словы «на нас» зноў выдзелены. Яны сведчаць, што паэт разумеў сутнасць тагачасных класавых узаемаадносін у вёсцы.
Не варта падрабязна спыняцца на наступнай кнізе Каратынскага — «Выпіў Куба да Якуба» (Вільня, 1859), бо, як прызнаецца ў прадмове сам аўтар, у ёй няма паэзіі, а ёсць толькі дыдактычная проза, зарыфмаваная з мэтай адвучыць сялян ад п'янства. Трэба, аднак, падкрэсліць, што, у адрозненне ад Чачота і Дуніна-Марцінкевіча, якія вялі барацьбу з п'янствам у маральным плане, Каратынскі ўскрывае сацыяльныя прычыны гэтай з'явы. У кнізе недвухсэнсава гаворыцца, што нельга вылечыць народ ад п'янства і «маральнага здранцвення», пакуль ён знаходзіцца ў выключнай цемры і «матэрыяльнай беднасці».
Пяру В. Каратынскага належыць некалькі літаратуразнаўчых і гістарычных прац, якія спачатку друкаваліся ў перыёдыцы, а пасля выходзілі асобнымі выданнямі: «Некалькі падрабязнасцей аб сям'і, месцы нараджэння і маладосці Адама Міцкевіча» (Вільня, 1861), «Саламон Рысінскі» (Вільня, 1863), «Духоўнікі» (Варша,ва, 1866), «Цёлэк» (Варшава, 1867). У першай з іх, абапіраючыся на метрычныя запісы і іншыя крыніцы, аўтар сцвярджае (і досыць пераканаўча), што Міцкевіч нарадзіўся не ў Завоссі, а ў Навагрудку. Вельмі цікавая для беларускага чытача брашура «Саламон Рысінскі». У ёй даследуецца творчасць забытага пісьменніка XVII стагоддзя, які збіраў у Беларусі народныя прыказкі і ў 1618 годзе выдаў іх у друкарні Пятра Кміты ў мястэчку Любча над Нёманам. Каратынскі піша, што большасць прыведзеных прыказак «жыве да гэтага часу ў вуснах наднёманскага люду, у беларускай мове. Больш таго, у кнізе значная колькасць прыказак, якія ў аддаленых ваколіцах невядомы». Апошнія дзве працы Каратынскага сведчаць аб матэрыялістычных поглядах аўтара. Ён выступае супраць ідэалістаў, якія спрабавалі па-свойму растлумачыць доследы польскага оптыка XIII стагоддзя па прозвішчу Цёлэк, выкрывае модных тады спірытуалістаў.
Пераехаўшы пасля паражэння паўстання 1863 года ў Варшаву, Каратынскі амаль 30 год актыўна супрацоўнічаў у «Газэце варшавскей», многа пісаў для часопісаў «Тыгоднік ілюстрованы» і «Тыгоднік повшэхны». На іх старонках пісьменнік змясціў багата нарысаў і ўспамінаў аб грамадскім і культурным жыцці ў Літве і Беларусі напярэдадні паўстання 1863 года. Вялікую паслугу славянскім літаратурам аказаў Каратынскі, выдаючы ў 1872 годзе дзесяцітомны збор твораў свайго настаўніка Уладзіслава Сыракомлі, запаветам якога ён застаўся верны на ўсё жыццё.
Памёр Вінцэсь Каратынскі 7 лютага 1891 года. Польскі друк адгукнуўся на смерць шматлікімі некралогамі, у якіх адзначалася і роля нябожчыка ў развіцці беларускай літаратуры.
У адрозненне ад Уладзіслава Сыракомлі і Вінцэся Каратынскага, пра беларускую спадчыну іх сучасніка і сябра Адама Плуга
Але нават у тым выпадку, калі б Адам Плуг наогул не пісаў па-беларуску, яго імя ўсё роўна варта нашай памяці, бо ён нарадзіўся на беларускай зямлі, узнімаў у польскай літаратуры беларускую тэматыку, папулярызаваў здабыткі маладой беларускай літаратуры і сябраваў з яе вядучым прадстаўніком Дуніным-Марцінкевічам.
Упершыню Плуг і Дунін-Марцінкевіч сустрэліся, відаць, у 1856 годзе, калі першы з іх прыязджаў у Мінск і Слуцк з Украіны, дзе працаваў настаўнікам. Тады ж Плуг пабываў у гасцінным доме беларускага паэта. У выніку з'явіўся верш «Да В. Марцінкевіча, аўтара твораў на беларускай гаворцы», дзе госць высока ацаніў імкненне гаспадара стварыць на «сялянскай» мове прафесіянальную літаратуру (верш цытуецца ва ўласным падрадковым перакладзе):
Зачараваны сардэчнасцю ў тваёй цнатлівай хаце, Я, літвін, падарожнік з падольскіх палёў, Сэрцам адплачваю табе, браце-літвіне, За добрае слова, за хлеб і соль. Я для цябе — Плуг нібы, ты ж — ратай правы, Ты сееш зерне па сялянскай мове, Дзе з цягам часу над травой і пустазеллем Узрастуць цудоўныя плады ўраджаю. У канцы верша аўтар жадае Дуніну-Марцінкевічу: Няхай твой пасеў збродзіць у сто разоў, Няхай накорміць народ духоўным хлебам.Цікава, што гэты верш упершыню ўбачыў свет тут жа, у Мінску, — у зборніку «Голас з Літвы», які выйшаў у кнігарні братоў Бейліных у 1859 годзе. У зборнік уключаны таксама адзін з першых перакладаў з беларускай на польскую мову — «Верш Вінцэнта Марцінкевіча да Апалінарыя Концкага, Манюшкі і Германа, перакладзены з беларускага дыялекту» (у арыгінале твор называецца крыху інакш: сярод гасцей замест Германа названы Сыракомля).
Аб паездцы ў Мінск Плуг расказаў па старонках варшаўскага часопіса «Крошка вядомосьці краёвых і загранічных» у карэспандэнцыі «Пісьмо Адама Плуга да Фелікса Пяткевіча», змешчанай пад рубрыкай «Рознае» ў № 265 і 267 за 1858 год. У гэтай карэспандэнцыі Плуг услед за Сыракомлем абараняе Дуніна-Марцінкевіча ад нападак сенатара Скібіцкага, які са старонак польскага выдання «Газэта варшавска» (№ 138 ад 19 мая 1856 года) папракаў аўтара «Гапона» за тое, што ён сваімі дыялектызмамі «псуе» польскую мову. «Шаноўны апанент забыў,— усклікае А. Плуг,— што, хоць і няўдзячнай з'яўляецца гаворка, на якой піша пан Марцінкевіч, яна ўсё ж перадае думкі шматтысячнага народа, значная частка якога сёння ўмее чытаць...» Аўтар карэспандэнцыі не сумняваецца, што творы Дуніна-Марцінкевіча спадабаюцца сялянам, акажуць уплыў на іх культурнае развіццё, на «паляпшэнне народных нораваў». Плуг дае свайму сябру парады, каб ён пісаў не толькі вершам, але і прозай, пазбягаў вульгарызмаў, больш клапаціўся пра рытміку радка.
Жыццёвы і творчы шлях Адама Плуга цесна звязаны з беларускай зямлёй і беларускім народам. Пісьменнік нарадзіўся ў 1823 (па іншых крыніцах — у 1824) годзе ў засценку Замосце ля Грэска. Сваё першае апавяданне «Пра тое, як людзі час марнуюць» («Падарожжа маёй думкі па вуліцах малога мястэчка») ён напісаў у 1842 годзе, будучы яшчэ вучнем Слуцкай гімназіі. Гэта — вострая сатыра на мяшчанства, на шляхту з навакольных засценкаў. Малады аўтар асудзіў п'янства і паразітызм местачковай «арыстакратыі», якая закрывала вочы на сялянскую галечу.