Падарожжа ў XIX стагоддзе
Шрифт:
Смерць «вясковага лірніка» балючым рэхам адбілася па ўсёй Беларусі, па ўсёй Расійскай імперыі. Так, «Иллюстрированная газета» ў 38 нумары за 1862 год змясціла некралог з партрэтам паэта і высока ацаніла яго творчасць: «Верш яго гучны, мяккі і адначасова моцны; нават дробныя творы вызначаюцца праўдзівасцю, прастатой і сардэчным пачуццём і моцнае робяць уражанне». Як паведамляў «Кур'ер віленьскі», усюды рабіліся грашовыя зборы ў карысць шматлікай сям'і нябожчыка. Некаторыя спісы ахвяраванняў кранаюнь да глыбіні сэрца. Напрыклад, з Пастаў паступіў такі спіс: «Франусь Гінко, вучань каваля, сірата, — 5 кап., Ганна Шэйма, кухарка, — 5 кап., Луцыя Мацкевіч, удава, рэкрутка, — 6 кап.». У тых жа Паставах адбылася жалобная цырымонія. У час яе на катафалку стаяў абвіты лаўрам партрэт Сыракомлі, а побач ляжалі перакуленая чарніліца, адкрытая кніга і чысты ліст паперы. У жалобных маніфестацыях у Мінску ўдзельнічалі звыш 600 гімназістаў, дэмакратычна настроеная інтэлігенцыя.
Ушанаванне
Пры жыцці Сыракомля марыў, каб яго песня не засталася без рэха. Што ж, мара паэта збылася. Яго творы выдаюцца сёння не толькі ў народнай Польшчы, але і на роднай беларускай зямлі, якую ён хацеў бачыць свабоднай і шчаслівай. Удзячныя нашчадкі памятаюць імя таго, хто быў на Парнасе прадстаўніком і абаронцам запрыгоненых сялян. Беларускія пісьменнікі ніколі не аддзялялі і не аддзяляюць гэтае імя ад беларускага пісьменства. Своеасаблівым наследаваннем «Вясковаму лірніку» Сыракомлі з'яўляецца аднайменны верш Янкі Лучыны. Яму ж належаць і першыя пераклады твораў свайго папярэдніка і настаўніка. Пачуццё павагі і любві да таленавітага земляка добра выказаў Янка Купала. У верасні 1912 года, калі адзначалася 50-годдзе з дня смерці Сыракомлі, разам з групай віленскіх літаратараў ён наведаў Барэйкаўшчыну, дзе захаваўся зроблены з жорнаў рабочы стол былога гаспадара. Купала сабраў букет палявых красак, звіў з іх гірлянду і ўквеціў гэты стол, за якім нарадзіўся не адзін натхнёны радок. А затым прачытаў свой новы верш «Лірнік вясковы». У запушчаным садзе ўзнёсла гучалі радкі:
Час патрапіць усё пакрышыць, адалеці, Путы нават змарнеюць у плесні,— Покі ж будзе душа хоць адна жыць на свеце, Будуць жыці і лірнікаў песні. Будзеш жыць! Будуць векі ісці за вякамі,— Не забудуцца дум тваіх словы, Як і слоў беларускіх, жывучы між намі, Не забыўся ты, лірнік вясковы.«З часовага ты вылузаўся даўно... — нібы працягваючы эстафету, звяртаецца сёння да Уладзіслава Сыракомлі Янка Брыль.— Ты жывеш сваім несмяротным, хвалюеш і радуеш».
Лепшыя традыцыі Уладзіслава Сыракомлі працягваў і развіваў яго бліжэйшы паплечнік, вучань і асабісты сакратар Вінцэсь Каратынскі. У адрозненне ад свайго настаўніка і іншых тагачасных беларуска-польскіх пісьменнікаў, ён паходзіў не са шляхты, а з беднай сялянскай сям'і, што наклала выразны адбітак на яго грамадска-палітычныя погляды.
У жнівеньскім нумары польскага часопіса «Літва і Русь» за 1912 год ёсць нататка нейкага І. О. (магчыма, Яна Обста), дзе гаворыцца пра абставіны, пры якіх Каратынскі трапіў у дом «вясковага лірніка»: «Вінцусь, па мянушцы Кароткі (малы), пасвіў гусей у Сыракомлі. Аднойчы Паўліна, жонка Сыракомлі, убачыла ў яго торбе лемантар, пасля чаго яго сталі вучыць. «Малы Вінцусь», або «Вінцук Кароткі», пад іменем Вінцэнта Каратынскага заняў пачэснае месца ў нашай (польскай.— А. М.) літаратуры як аўтар кніг «Чым хата багата...», «Выпіў Куба да Якуба», «Таміла», а таксама многіх публіцыстычных прац і «лятучых» вершаў (часткова на беларускай гаворцы)». Пра свайго гадаванца, працягвае І. О., Сыракомля не забываў і пасля. Даведаўшыся аднойчы, што той застаўся без работы, запрасіў яго ў Барэйкаўшчыну дзеля дапамогі па гаспадарцы.
Аднак да нататкі І. О. трэба падысці крытычна. Як бачна з успамінаў сына паэта, Бруна Каратынскага, гэта прозвішча не звязана са словам «кароткі». Этымалагічна яно паходзіць ад беларускага сялянскага прозвішча Каратай, якое мелі продкі паэта. Выклікае сумненне і тое, што Каратынскі трапіў у дом Сыракомлі маленькім пастушком. Хутчэй за ўсё, першую сустрэчу абодвух паэтаў трэба датаваць 1851 годам. Якраз тады Сыракомля шукаў сабе памочніка для перапісвання завершаных твораў.
Вінцэсь Каратынскі нарадзіўся 15 жніўня 1831 года ў вёсцы Селішча Турэцкай воласці Навагрудскага павета. Сын аднаго з самых бедных сялян у ваколіцы, ён з цяжкасцю атрымаў нязначную адукацыю і нейкі час працаваў на Навагрудчыне хатнім настаўнікам («дарэктарам»).
У друку імя Каратынскага ўпершыню сустракаецца ў сярэдзіне 50-х гадоў. На старонках газеты «Кур'ер віленскі» і часопіса «Тэка віленьска» з'яўляюцца цыклы яго польскіх вершаў, а таксама публіцыстычныя артыкулы, пераклады з рускай, чэшскай (перакладчык
Да нас дайшлі лічаныя беларускія творы Каратынскага. Гэта — вершы «Уставайма, браццы, да дзела, да дзела!» і «Туга на чужой старане», вершаваны запіс у альбоме А. Вярыгі-Дарэўскага. Каратынскаму некаторыя даследчыкі прыпісваюць таксама аўтарства «Гутаркі старога дзеда», якая двойчы, у 1861 і 1862 гадах, ананімна выдавалася асобнай брашурай у беластоцкай друкарні Шварцэ.
Трэба адзначыць, што беларускіх вершаў Каратынскі напісаў значна больш. У 1857 годзе ён хацеў уключыць іх у польскі зборнік «Чым хата багата, тым рада», але паслухаў Сыракомлю і адклаў для сумеснага беларускага зборніка, які, на жаль, ніколі не ўбачыў свету. Вядома, што ў 1912 годзе гэтыя вершы яшчэ захоўваліся ў нашчадкаў паэта ў Варшаве. Аднак, па меркаванню польскага даследчыка М. Канапацкага, усе рукапісы загінулі ў час апошняй сусветнай вайны.
З названых беларускіх твораў Каратынскага найбольшую мастацкую каштоўнасць мае элегія «Туга на чужой старане», напісаная ў 1864 годзе, а затым пакладзеная на музыку жыхаром Навагрудчыны В. Клімовічам. Элегія кранае глыбінёй патрыятычных пачуццяў, якія перададзены ў форме, блізкай да беларускіх народных песень:
Ой, саколка, ой, галубка! Не пытайся — не, Што мне тошна, мая любка, У гэтай старане... Я ж зямліцу меў радную, Быў слабодзен сам! Ох, ці днюю, ці начую,— Я ўсё там ды там! Там гукнеш ў сардэчным краю — Разлягнецца свет. Тут гукаю, прамаўляю — Адгалоску нет... Там палосы сенажаці Красны, як нідзе; Стануць птушкі прыпяваць У сэрцы аж гудзе. Там дзяўчаткі на вячоркі Словейкам радным Кажуць казкі, прыгаворкі, Душа ліпнець к ім.На наш погляд, «Тугу на чужой старане» неабавязкова звязваць з нейкім канкрэтным момантам у біяграфіі аўтара. У 1864 годзе, пасля паражэння паўстання, у сібірскую ссылку адпраўляліся тысячы і тысячы патрыётаў. І магчыма, словы жальбы-тугі па роднай «зямельцы» паэт укладвае ў вусны аднаго з іх. Ва ўсякім выпадку, прытоены напамін аб трагічных падзеях 1863 года чуецца ў наступных радках элегіі:
Ах, цяпер жа, ой, палеткі Роднага сяла Не пазналі б тае кветкі, Што там зацвіла! Паглядаю праз аконца — Чоран цэлы свет; Усім людзям свеціць сонца, Мне прасвету нет. Бо за мною, прада мною Поўна божых сёл,— Усе ў грамадзе ды з раднёю, Я адзін, як кол. Адарвалі сіраціну Ад сваёй зямлі. Даўшы розум, хараміну, Шчасця не далі...Тая ж любоў да беларускай зямліцы гучыць у вершы, упісаным у «Альбом» Вярыгі-Дарэўскага 23 кастрычніка 1858 года. Прыехаўшы ў Вільню, беларуска-польскі пісьменнік Арцём Вярыга-Дарэўскі заклікаў тады да кансалідацыі ўсіх дэмакратычных сіл. Вінцэсь Каратынскі горача падтрымлівае віцебскага госця:
Далібог то, Арцім, Што прыплыў ты к сваім! І зямля тут твая, І народ, як сям'я. Ён з табою з вякоў Адно цела і кроў; Хоць няма каліты, Да гамоніць, як ты; Роўна з песні твае Думу-думку снуе, І не то абы з рук,— Чалавек — не Пінчук. Аўтар верыць, што Вярыга-Дарэўскі складзе песні Аб суддзях, што як змей, Аб слабодзе людзей, Аб дабры, што бог дасць, Як адрыне напасць!