Падарожжа ў XIX стагоддзе
Шрифт:
Мемуары Ф. Шаблоўская даюць багаты матэрыял для характарыстыкі нораваў, якія панавалі ў Мінскай гімназіі сто гадоў таму назад. Ва ўспамінах гаворыцца пра яе лепшых настаўнікаў (так, рускую літаратуру тады выкладаў Далматаў, рускую мову — Васільеў, польскую вядомы філолаг Чапялінскі). Мемуарыст дае цікавыя карціны грамадскага і культурнага жыцця ў Мінску ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Горад, нягледзячы на саракатысячнае насельніцтва, нагадваў хутчэй вёску. Пра каналізацыю нават і не марылі. На вуліцах стаялі бяздонныя лужыны. А калі ўспыхвала халера, бяднейшая жыхары паміралі сотнямі — такі дрэнны быў санітарны стан горада. Зімовымі вечарамі на вуліцах паяўляліся ваўкі. Соннае жыццё правінцыяльнага Мінска парушалася толькі мо такімі «падзеямі», як вяселле аднаго са Свентажэцкіх, які для вясельнага картэжу
Успаміны Ф. Шаблоўскага з'яўляюцца цікавым дакументам эпохі, бо праліваюць святло на стан адукацыі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ў Беларусі наогул і ў Мінскай гімназіі ў прыватнасці.
Выпускніком Мінскай гімназіі быў таксама вядомы польскі гісторык Тадэвуш Корзан. Яго мемуары выдадзены ў Кракаве крыху пад іранічным загалоўкам «Мой дагістарычны дзённік».
Тадэвуш Корзан нарадзіўся ў 1839 годзе ў Мінску, тут правёў дзяцінства і юнацтва. Першы раздзел «Майго дагістарычнага дзённіка» (дарэчы, надрукаваны ў 1908 годзе ў «Мінскім календары») называецца: «Мінск у сярэдзіне XIX стагоддзя». Аўтар расказвае аб паўсядзённым жыцці мінчан, аб культурных падзеях у горадзе.
Як і Ф. Шаблоўскі, Т. Корзан вобразна апісвае норавы, якія панавалі ў Мінскай гімназіі. За самую нязначную віну вучняў ставілі на калені, за больш буйную, напрыклад за чытанне нелегальных вершаў,— секлі публічна розгамі. Аднойчы даведзены да адчаю вучань парэзаў партрэт цара Мікалая І. «Дзяржаўнага злачынца» тут жа здалі ў салдаты... Хаця выкладанне ў гімназіі вялося на даволі высокім узроўні, але казённая праграма задавальняла далёка не ўсіх вучняў. Многія з іх, у тым ліку і аўтар успамінаў, бралі яшчэ прыватныя ўрокі ў вядомага педагога і паэта І. Легатовіча, карысталіся паслугамі бібліятэкі, арганізаванай мовазнаўцам Ф. Чапялінскім. Гімназісты часта наведвалі спектаклі мясцовага тэатра (аўтар успамінае аб пастаноўцы «Марыі Тудар» В. Гюго). Моладзь, як правіла, была «асвоеная з беларускай мовай» — у кнізе прыводзіцца нямала беларускіх прыказак у арыгінальным гучанні.
Цікава склаўся лёс Т. Корзана пасля заканчэння Мінскай гімназіі. У 1855 годзе будучы гісторык паступіў у Маскоўскі універсітэт, дзе звязаўся з нелегальнымі студэнцкімі арганізацыямі. У Маскве Корзан пазнаёміўся з Борзабагатым, які ў 1863 годзе кіраваў паўстаннем на Навагрудчыне, філолагам Я. Карловічам. Пасля заканчэння універсітэта — выкладчыцкая работа ў Коўне, удзел у патрыятычных маніфестацыях. З Коўна Т. Корзан пісаў карэспандэнцыі ў герцэнаўскі «Колокол». А затым — арышт і ссылка ў Арэнбургскую губерню. Менавіта ў ссылцы наш зямляк пачаў сістэматычна займацца гісторыяй старажытнага свету і сярэдневякоўя.
Мне было вядома, што ў альманаху «Памяці Адама Міцкевіча», выдадзеным у 1890 годзе рэдакцыяй пецярбургскага часопіса «Край», друкаваўся артыкул Аляксандра Ельскага «Адам Міцкевіч у Беларусі». Аднак пошукі ў бібліятэках і антыкварыятах не давалі жаданага выніку: занадта мізэрным быў тыраж выдання. І вось аказалася, што кніга ёсць зусім побач — у аддзеле замежнай літаратуры нашай рэспубліканскай бібліятэкі імя У. І. Леніна.
Альманах «Памяці Адама Міцкевіча», у які ўвайшлі многія матэрыялы, надрукаваныя раней у «Краі», з'яўляўся безганарарным выданнем. Увесь даход ад яго быў прызначаны на перавоз цела геніяльнага польскага паэта з Парыжа ў Кракаў. З артыкуламі аб міжнародным значэнні творчасці Міцкевіча выступілі аўтары з Францыі і Англіі, Германіі і Даніі. Аб сувязях паэта з рускай літаратурай пісаў Л. Палонскі, з украінскай — І. Франко, літоўскай — Будрыс.
Аб тым уплыве, які
Побач з А. Ельскім у альманаху выступілі і іншыя аўтары з Беларусі — Ю. Такажэвіч-Годзі (парыжскі выдавец польска-літоўска-беларускай газеты «Змова»), І. Дамейка, А. Марбург і інш. У кнізе прыведзены аўтографы многіх міцкевічаўскіх твораў і розных дакументаў.
Паколькі гутарка зайшла пра А. Міцкевіча, нельга не адзначыць яшчэ адзін своеасаблівы альманах, прысвечаны яго памяці. Гэта — двухтомная «Юбілейная кніга на ўшанаванне сотай гадавіны нараджэння Адама Міцкевіча», выдадзеная ў 1898 годзе ў Варшаве. Адзін экземпляр гэтай кнігі, якая даўно стала бібліяграфічнай рэдкасцю, захоўваецца ў бібліятэцы Вільнюскага універсітэта.
Большасць матэрыялаў «Юбілейнай кнігі» мае прамое або ўскоснае дачыненне да Беларусі, да гісторыі яе народа і культуры. Двухтомнік адкрываецца прадмовай Адама Плуга, які быў ініцыятарам выдання. У якасці сваіх бліжэйшых памочнікаў Плуг называе імёны А. Ельскага і Я. Карловіча.
Укладальнікаў зборніка цікавіла не толькі асоба А. Міцкевіча, але і яго беларускае акружэнне, у прыватнасці Я. Чачот. Раней мы ведалі Чачота пераважна як фалькларыста і аўтара беларускіх і польскіх вершаў. У альманаху ж змешчаны ўрывак з празаічнага твора гэтага пісьменніка — сатырычнага рамана «Жмудзь і Літва (г. зн. Беларусь.— А. М.) у карыкатуры». У рамане, які, на жаль, захаваўся толькі часткова, высмейваецца паразітызм польскай шляхты.
І ўсё ж увагу беларускага чытача «Юбілейнай кнігі» ў першую чаргу прывабіць пісьмо А. Рыпінскага да А. Плуга, датаванае 1883 годам. Выказаўшы свае адносіны да даследаванняў Падбярэскага, Барташэвіча і Мэхэжынскага, якія ў той або іншай ступені цікавіліся беларускай літаратурай, Рыпінскі паведамляе, што ён таксама прыступіў да напісання гісторыі беларускага пісьменства і ўжо закончыў біяграфіі Я. Баршчэўскага, Г. Марцінкевіча, Т. Лады-Заблоцкага і інш. Аўтар «Беларусі» тут жа называе імёны 55 беларускіх і польскіх пісьменнікаў, якія, на яго думку, павінны ўвайсці ў гэтую гісторыю. Некаторыя з названых імён (Г. Шапялевіч, А. Магучы, Г. Корсак) сёння зусім забыты.
Тры артыкулы для юбілейнага выдання даслаў з Замосця А. Ельскі. Ён апісаў некаторыя асабістыя рэчы А. Міцкевіча, якія знаходзіліся ў яго калекцыях, расказаў аб сваім падарожжы ў Навагрудак і Нясвіж. У сваю чаргу аб літаратурнай і збіральніцкай дзейнасці А. Ельскага расказала Аляксандра Глогер. Сваімі ўражаннямі аб вандроўцы па Слонімшчыне і сустрэчах з беларускімі сялянамі, аб пошуках старажытных рукапісаў падзяліўся вядомы фалькларыст М. Федароўскі.
Цяжка нават пералічыць усе цікавыя матэрыялы «Юбілейнай кнігі». Тут і вершы В. Каратынскага, і адпраўленае з Мінска пісьмо пляменніцы А. Міцкевіча Марыі Свянціцкай, і «Думка пад берагамі Прыпяці, якую спявае палескі бард 23 кастрычніка 1824 года» Фелікса Кулакоўскага, і ўспаміны аб прабыванні ў Крошыне А. Адынца і І. Дамейкі. Мастацтвазнаўцу прывабяць «Нарысы па гісторыі музыкі ў Літве» А. Мілера, гісторыка — даследаванні Э. Паўловіча і Э. Кулакоўская аб мінулым Навагрудскага і Лідскага паветаў, аматараў прыроды — пісьмо С. Кавалеўскага ў абарону беларускіх лясоў. «Юбілейная кніга» — прыкметны факт у гісторыі беларускай культуры.