Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Падарожжа ў XIX стагоддзе

Мальдзіс Адам

Шрифт:

У запісной кніжцы пакінулі аўтографы ўдзельнікі паўстання 1863 года, якія адбывалі пакаранне ў магілёўскай турме. Вось некалькі запісаў: «Аляксей Вайніловіч, вучань з Магілёўскай губерні, прыгавораны да вечнай ссылкі ў Сібір», «Уладзіслаў Корбут — родам з Мінска», «Гордан Пароскі — вучань Слуцкай гімназіі», «Альфрэд Завада, з Гродзенскай губерні, Шчучын, да катаргі на 8 год», «Эдвард Матушэвіч, фартэпіянны майстар з Мінскай губерні і павета». Сярод вязняў — многа студэнтаў Маскоўскага універсітэта і Горы-Горацкага земляробчага інстытута. Запісная кніжка пацвярджае вывад гісторыкаў А. Смірнова і Г. Кісялёва аб тым, што на Магілёўшчыне (у атрадах Звярждоўскага) у паўстанні 1863 года ўдзельнічалі пераважна разначынцы, дробная шляхта. Сяляне тут яшчэ верылі «добраму цару», пад уплывам царскіх

чыноўнікаў глядзелі на паўстанне 1863 года як па панскую «інтрыгу» і таму часта выдавалі паўстанцаў. Пра гэта сведчыць і знойдзеная кніжка. На 15-й старонцы яе намаляваны селянін. Пад малюнкам — подпіс на беларускай мове: «Звяжы пана — грошы будуць!» Тут жа змешчаны сатырычны верш аб тым, як магілёўскаму губернатару Беклямішаву ўдалося перацягнуць на свой бок сялян і разам з імі звязаць паўстанцаў. У кніжцы цытуюцца найбольш папулярныя паўстанцкія песні, верш У. Сыракомлі «Лялька».

Знойдзеная ў Варшаве запісная кніжка цікава яшчэ і тым, што ў ёй многа гаворыцца пра Тамаша Грыневіча. Усім у памяці раман У. Караткевіча «Нельга забыць». Асабліва ўсхваляваў чытачоў подзвіг аднаго з герояў рамана, Усяслава Грынкевіча, расстралянага за ўдзел у паўстанні, і подзвіг яго жонкі, якая спяшалася прывезці вестку аб «памілаванні» і спазнілася на некалькі трагічных мінут. І вось з запісной кніжкі бачна, што ва Усяслава Грынкевіча ёсць рэальны прататып — Тамаш Грыневіч, расстраляны ў Рагачове адначасова з двума братамі — афіцэрамі Манцэвічамі. Пад датай 1 чэрвеня 1863 года ў запісной кніжцы ёсць верш Грыневіча «Песня прыгаворанага да смерці паляка». Аўтар верыць, што справа свабоды не загіне, «пакуль жыве славянскае племя». Дзеля вызвалення трэба паказваць народу прыклады гераізму і самаахвярнасці. Перамога не прыйдзе сама сабой: «Полымя раптам не ўспыхвае — яно пачынаецца з іскры». А далей ідзе верш, прысвечаны ўдаве Грыневіча, той самай, якая спазнілася на некалькі мінут. Невядомы аўтар захапляецца яе мужнасцю, якая, на яго думку, будзе па-сапраўднаму ацэнена і ўзнагароджана толькі тады, калі краіна вызваліцца з няволі. У. Караткевіч, зразумела, не чытаў гэтых вершаў, не ведаў пра існаванне запісной кніжкі, але, як мастак, пранік у дух тагачасных падзей і таму застаўся верны гістарычнай праўдзе.

У ПОШУКАХ БАГУШЭВІЧАЎСКАЙ ШКАТУЛКІ

Імя выдатнага паэта Францішка Багушэвіча (1840-1900) добра вядома ўсяму беларускаму народу. Лепшыя вершы палымянага дэмакрата, напісаныя гадоў 80-90 таму назад, і сёння хвалююць, кранаюць сэрцы чытачоў шчырай любоўю да свайго народа і нянавісцю да яго ворагаў. Паэт непахісна верыў, што раней ці пазней абяздолены беларускі мужык зажыве вольна і шчасна.

Францішак Багушэвіч пісаў у цяжкі час, калі царскія ўлады ўсяляк забаранялі беларускае друкаванае слова. Свае зборнікі «Дудка беларуская», «Смык беларускі» і апавяданне «Тралялёначка» паэт выдаў за межамі Расійскай імперыі, хаваючыся пад псеўданімамі Мацей Бурачок і Сымон Рэўка з-пад Барысава. На «Дудцы беларускай» значыцца, што яна надрукавана ў кракаўскай друкарні У. Л. Анчыца; на «Смыку беларускім» — што яго выдаў у Познані Р. Нікульскі.

Аднак далёка не ўсё напісанае Багушэвічам убачыла свет і дайшло да нашых дзён. У некралогах, прысвечаных смерці паэта, гаворыцца, што ён выдаў (або падрыхтаваў да друку) зборнік «Скрыпка беларуская». На жаль, самыя старанныя пошукі зборніка не далі пакуль што вынікаў. Загінулі таксама апавяданні Багушэвіча, яго перапіска з многімі выдатнымі сучаснікамі, у тым ліку пісьмы ад Элізы Ажэшкі. Праўда, часам даследчыкам удаецца адкапаць сеё-тое са спадчыны пісьменніка. Напрыклад, нядаўна Г. Кісялёў знайшоў у Вільнюсе яго пісьмы да польскага вучонага-філолага Яна Карловіча. Але гэта — толькі кропля ў моры таго, што трэба адшукаць. Калі б сёння ў рукі літаратуразнаўцаў трапіў асабісты архіў Багушэвіча, мы разгадалі б не адну творчую таямніцу і ўзбагацілі б гісторыю беларускай літаратуры XIX стагоддзя новымі цікавымі старонкамі.

Дзе ж шукаць гэты архіў? У Кушлянах, дзе Багушэвіч правёў апошнія гады жыцця, не засталося нічога. Мясцовыя старажылы сцвярджаюць, што драўляную шкатулку, у якую паэт складваў свае

рукапісы і карэспандэнцыю, у 1946 годзе хтосьці з унучак вывез у Польшчу. Апрача таго, у Кракаве і Познані сярод папераў Анчыцаў і Нікульскага магла аказацца запаветная «Скрыпка беларуская», маглі захавацца аўтографы «Дудкі беларускай» і «Смыка беларускага». Значыць, трэба ехаць у Польшчу...

Пошукі ў Кракаве прынеслі адны расчараванні. Супрацоўнікі бібліятэкі Ягелонскага універсітэта дапамаглі мне ўстанавіць, што архіў Анчыцаў пакуль што не трапіў у дзяржаўныя сховішчы. Але яшчэ жыве ўнучка У. Анчыца. Можа, паперы -засталіся ў яе?

— Не,— адказвае Зоф'я Тржэбіцкая.— Папераў майго дзядулі ў мяне няма. Яны ўсе засталіся ў будынку друкарні па Звежынецкай вуліцы. Калісьці яна належала майму дзеду, а цяпер — дзяржаве. Пагаварыце з дырэктарам.

— На жаль, нічым не магу вам дапамагчы,— разводзіць рукамі дырэктар друкарні.— На паддашку сапраўды захоўваецца частка архіва Анчыцаў. Але паперы яшчэ не ўпарадкаваны. Апрача таго, тут знаходзіцца архіў толькі ад 1901 года, калі друкарня пераехала на Звежыкецкую з Сенатарскай. Вас жа цікавіць пачатак 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Не ўяўляю, што сталася з архівам друкарні па Сенатарскай. Можа, што памятае сябар Анчыцаў, уладальнік букіністычнага магазіна на Шчэпаньскай плошчы Мар'ян Кржыжаноўскі? Калісьці ён сам быў кнігавыдаўцом.

— Так, памятаю,— старэчым шэптам паведамляе гаспадар магазіна.— Памятаю, што Анчыц выдаваў нейкі зборнічак на беларускай мове. Але калі яго перапраўлялі нелегальна праз граніцу з Расіяй, увесь тыраж канфіскавалі і спалілі. Так, магчыма, зборнік называўся «Скрыпачка». А што датычыцца архіва друкарні па Сенатарскай — нічога не памятаю. Стары Анчыц наогул не паважаў паперы, усю дакументацыю трымаў у кішэні. А ўрэшце, спытайцеся ў майго сябра і равесніка Казімежа Віткевіча. Вось яго адрас.

— Сёння ўжо цяжка ўзнавіць гэта ў памяці,— сказаў прафесар Віткевіч.— Калі з часам успомню што — напішу вам.

Такім чынам, кола замкнулася. Не ўдалося таксама знайсці нейкія сляды прабывання Багушэвіча ў Кракаве на IV з'ездзе польскіх прыродазнаўцаў. Не ўдалося высветліць, што сабой уяўлялі унікальныя рэчы, якія, па словах Н. Роўбы, беларускі паэт ахвяраваў Нацыянальнаму музею ў Кракаве. Заставалася адзіная надзея на Познань, дзе ў 1894 годзе нехта Р. Нікульскі «сваім коштам» выдаў зборнік «Смык беларускі».

У Познані мяне сардэчна сустрэлі прафесар М. Вайцяхоўская і намеснік дырэктара бібліятэкі Познанскага універсітэта М. Паўлікоўскі. Яны ахвотна і зацікаўлена дапамагалі ў пошуках. Ды ўсё дарэмна. Праўда, пры пошуках высветліліся немалаважныя акалічнасці. Аказалася, што ў канцы XIX стагоддзя такога шрыфту, якім набраны «Смык беларускі», не было ні ў адной познанскай друкарні. Ніякіх слядоў ад зборніка не захавалася ў актах гарадскога паліцай-прэзідыума, дзе абавязкова рэгістравалася кожнае выданне (пры ліберальнай прускай цэнзуры адпадала патрэба друкаваць зборнік нелегальна). Урэшце, польскім спецыялістам, а М. Паўлікоўскі ўзначальвае познанскую рэдакцыю «Слоўніка людзей польскай кнігі», зусім невядома прозвішча Р. Нікульскага. Значыць?..

— Значыць,— падхопліваюць маю думку субяседнікі,— «Смык беларускі» друкаваўся не ў Познані. Звярніце яшчэ ўвагу: у нашай бібліятэцы няма ніводнага экземпляра гэтай кнігі, у той час як у варшаўскіх і кракаўскіх бібліятэках ёсць па некалькі экземпляраў. Гэта таксама важкі аргумент.

— Калі б кніга выдавалася ў нас,— гаворыць у заключэнне М. Вайцяхоўская,— то прозвішча выдаўца напэўна змянілі б у адпаведнасці з польскімі нормамі на «Мікульскі». Відаць, Познань указалі для таго, каб заблытаць царскую цэнзуру і жандараў.

Што ж, вывад зусім лагічны, хоць і несуцяшальны. «Смык беларускі» маглі аддрукаваць, скажам, ва Усходняй Прусіі, у Тыльзіце, дзе тады выдавалася не адна беларуская кніга. Але дзе ўзяць доказы?! Эх, каб знайшлася таямнічая багушэвічаўская шкатулка... Трэба хутчэй ехаць у Ольштын, дзе павінна жыць адна з трох унучак паэта, Канстанцыя Пшэднікоўская. Нягледзячы па нядзельны дзень, міліцыя дапамагае мне ўстанавіць адрас. З хваляваннем еду на ўказаную вуліцу — а там выяўляецца, што Канстанцыя Пшэднікоўская пераехала ўжо ў Сопат. Працягваць жа пошукі перашкаджае план камандзіроўкі...

Поделиться:
Популярные книги

На границе империй. Том 4

INDIGO
4. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
6.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 4

Сами мы не местные

Жукова Юлия Борисовна
2. Замуж с осложнениями
Фантастика:
юмористическая фантастика
космическая фантастика
9.35
рейтинг книги
Сами мы не местные

На границе империй. Том 10. Часть 6

INDIGO
Вселенная EVE Online
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 10. Часть 6

Я не Монте-Кристо

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
5.57
рейтинг книги
Я не Монте-Кристо

Боярышня Евдокия 4

Меллер Юлия Викторовна
4. Боярышня
Фантастика:
альтернативная история
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Боярышня Евдокия 4

Кровь и Пламя

Михайлов Дем Алексеевич
7. Изгой
Фантастика:
фэнтези
8.95
рейтинг книги
Кровь и Пламя

Кротовский, не начинайте

Парсиев Дмитрий
2. РОС: Изнанка Империи
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Кротовский, не начинайте

Пробуждение. Пятый пояс

Игнатов Михаил Павлович
15. Путь
Фантастика:
фэнтези
уся
5.00
рейтинг книги
Пробуждение. Пятый пояс

Сердце Дракона. нейросеть в мире боевых искусств (главы 1-650)

Клеванский Кирилл Сергеевич
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
боевая фантастика
7.51
рейтинг книги
Сердце Дракона. нейросеть в мире боевых искусств (главы 1-650)

Отморозок 2

Поповский Андрей Владимирович
2. Отморозок
Фантастика:
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Отморозок 2

Кодекс Крови. Книга II

Борзых М.
2. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга II

Шайтан Иван 2

Тен Эдуард
2. Шайтан Иван
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Шайтан Иван 2

Тайны затерянных звезд. Том 2

Лекс Эл
2. Тайны затерянных звезд
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
космоопера
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Тайны затерянных звезд. Том 2

Возвышение Меркурия. Книга 16

Кронос Александр
16. Меркурий
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 16