Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу…
Шрифт:
Калі Лена піскнула і моцна ўчапілася за Пятра, ён сам спужаўся, хоць выгляду не падаў.
— Што гэта? Што гэта такое? — выглядвала дзяўчына з-за хлопцавага пляча, узіраючыся на нешта цёмнае і валасатае, што ляжала пад калодай і сілілася ўстаць на карачкі.
— Гэта не «што», гэта — хто! — адказаў Пятро, уважліва разглядаючы нешта падобнае хутчэй на малпу, чым на чалавека. Святла поўні не хапала, каб можна было добра разгледзець істоту, таму хлопец адважыўся і падышоў бліжэй.
— Не падыходзь, Пецечка, яшчэ кінецца…
— Не кінецца, ён ледзь варушыцца… Слухай, хадзі сюды…
— Што? — баязліва падступалася дзяўчына.
— А той самы манах, пра якога Савіцкі расказваў.
— Што-о?
— Падыходзь, не бойся. Ён ледзь жывы. Уга… Увесь слізкі ад мёду.
Некалькі хвілін Лена ніяк не магла адважыцца падступіцца бліжэй. Пятро тым часам дзейнічаў: адсунуў знойдзеную істоту ад дрэва, распрастаў яе, ацёр ад мёду рот і нос, і нават паспрабаваў зрабіць штучнае дыханне.
— Ён што, дыхае? — стала ўзірацца Лена ў стварэнне, якое, — хто б мог паверыць? — на яе вачах выпала з дубовага дупла.
— Здаецца, дыхае, — адказаў Пятро. — І сэрца стукае.
— І сэрца стукае?
— Калі жывы, чаму ж не будзе стукаць. Трэба людзей паклікаць. На, пакратай яго — не рукі, а адныя косткі. Усох. Рэбры як у школьнага шкілета. Слухай, Лена, ушчыкні мяне. Я не веру сваім вачам!
— А я сваім веру?
— Кгдзе аз есм? — пачуўся невыразны шэпт, які, сумненняў не магло быць, сыходзіў менавіта ад чорнага, усохлага, як вэнджаны лешч, але ўсё-ткі чалавека, і чалавека жывога.
— Гэта ён, ён шэпча! Гісторык меў рацыю! Ён прадбачыў падзеі пра гэтага манаха, наш Савіцкі — вяшчун, празарлівец, а ты не верыла, — разгарачана прашаптаў Пятро. — А я верыў!
— Трэба бегчы па людзей, выклікаць «хуткую», — замітусілася Лена. — Яму трэба… кропельніцу.
— Кгдзе мой кій? — раптам даволі выразна прамармытаў манах. — Мой посах…
— Посах? Недзе ў дупле, а дзе ж яму быць. Ты ж з дупла? — гучна, схіліўшыся над манахам, прамовіў Пятро.
— Вочы, ай, мае ж вочачкі… Як ў мяне баляць вочы! Я не магу бачыць. Я нічога не бачу… Вады, дайце мне вады! — прастагнаў манах і паднёс аслабелую руку да вуснаў. — Кгэта што, крывя?
— Мёд!
— Дайце папіць, вады дайце… У мяне язык у роце сухі, як трэска…
Лена ў адзін міг збегала на падворак да Колбаў, было чуваць, як яна выкруціла калаўротам вядро вады, неўзабаве прынесла цэлы трохлітровы слоік.
Манаху далі напіцца, крыху абмылі. Ён пажвавеў, заварушыўся, павярнуўся ў бок ракі, з цяжкасцю стаў на калені і стаў нешта шаптаць, час ад часу кланяючыся і дакранаючыся лобам да зямлі.
— Моліцца, — ціха сказала Лена. — А ледзь не голы, адзенне на ім распаўзаецца. Сатлела.
— Угу, — мыркнуў Пятрук. — Дзе ж не сатлее. Гэтулькі гадоў праляжаць. Бачыш, які я кій ягоны знайшоў… Ён з дупла тырчэў. Пэўна, гэты во згубіў. З рук выпусціў…
Але Лена не паспела глянуць на хлопцаву знаходку, бо манах раптам заплакаў. З яго вачэй не цяклі слёзы, бо ён сам быў яшчэ сухі, усё адно як егіпецкая мумія. Адзіная вільгаць, якая была ў ім — гэта вільгаць вачэй, бо яны блішчэлі ў святле поўні месяца.
— Хвала… Хвала Табе, — гучна вымавіў праз сухія, даўкія рыданні манах, — Кгоспадзе Ісусе Хрысце, Сыне Божы, Ратавацель мой, упаванне маё,
І манах працягнуў да серабрыстай поўні худыя, як два кіі, рукі.
Лена з крыкам кінулася ў бок сяла.
— Людзі, людзі! — крычала дзяўчына. — Манах з дуба выпаў!
Яна бегла, крычала і не азіралася. Яна баялася азірнуцца — да яе нарэшце дайшло, што здарылася.
На крык Лены ёй насустрач ад вясковага клуба прыйшлі хлопцы. Гэта былі і Леніны аднагодкі, і хлопцы з меншых, і зусім малыя, якіх не пускалі ў клуб на танцы, або яны яшчэ самі не адважваліся туды заходзіць.
Юнакі і хлапчукі не беглі, а проста ішлі, нават уразвалачку. Палкія і блытаныя тлумачэнні ўсхваляванай дзяўчыны прывялі да нечаканага для яе выніку. Замест таго, каб кінуцца следам за ёю, як яна прасіла, амаль усе схапіліся за жываты і сталі рагатаць. І так рагатаць, што аж поўзаць.
— Манах?! У чырвоных штанах? — перапытвалі хлопцы і зноў заходзіліся ад рогату.
— Я на свае вочы бачыла, — пераконвала Лена недавяркаў, — ён там ляжыць: чорны і страшны.
— Увесь у валасах, — перапытвалі малыя, — манах у мадняцкіх штанах. Гэта дзіва? Гэта тое дзіва, што гісторык вам расказваў?
— Ідзёмце, ідзёмце за мной, прашу вас… — ледзь не ўкленчвала дзяўчына.
Ёй ніхто не верыў. Сама атмасфера таго вечара не дазваляла і старэйшым хлопцам, і падшыванцам паверыць у цуд: ужо колькі яны адзін аднаго падманвалі розной лухтой, кляліся і бажыліся страшнымі клятвамі, прыдумляючы розную лухту, што ўжо зняверыліся да бясконцасці. І тут ім прапануюць чарговы падман, як казалі — падколку. Была ў той час такая мода, калі хто-небудзь выдумляў якое несусвецце, і так мондра і ўмела пераказваў-пераконваў сяброў, што тыя верылі. А як выкрываўся падман — падымалі на смех. Падняць на смех было адной з любімых забаў. Адзін з малых ці не ўчора павёў старэйшых есці вінаград, які выспеў на гародзе ў адной цёткі. Паверылі, схадзілі, але знайшлі толькі зялёную завязь. І гэта толькі адзін прыклад, самы прыстойны.
— Ды ну цябе, з тваім манахам, — не вытрымаў урэшце смеху Ленін аднакласнік Міхась Сінчук. — Ідзём лепш танцаваць. А то вы ўсё са сваім Пятром па завуголлях аціраецеся.
— Тады я пайду дзяўчат паклічу, — рашуча сказала Лена і накіравалася ў клуб. Нікога са сваіх сябровак, якія маглі б паслухацца, яна там не знайшла. Дзяўчына ў роспачы выскачыла з будынка клуба. Няўжо будзіць каго з дарослых?
— Ну пайшлі, сходзім, — урэшце злітасцівіўся Міхась. — А то, бачу, аж счарнела, бедачына.
За імі ўвязаліся яшчэ пару малых.
Ён адчуваў сябе жывым, і гэта было галоўным. Дзе ён быў, у якім месцы знаходзіўся, сярод якіх людзей ён апынуўся, ён яшчэ не азадачваўся, гэта яму яшчэ не прыходзіла ў галаву. Тое, што былі яшчэ, аказваецца, людзі акрамя яго, моцна яго ўразіла. Яго здзівіў сам факт існавання іншых чалавекаў. У сваім бяспамяцтве, бясконцым летаргічным сне ён забыў пра саму магчымасць іх існавання! Ён нават не дапускаў у думках, што іншыя людзі маглі быць. І думка, што могуць на свеце існаваць яшчэ такія істоты, як ён сам, што яны могуць адчуваць тое самае, што і ён, была радаснай і салодкай.