Пастка для пярэваратня
Шрифт:
Хочуць жыўцом засмажыць. Загінем! Дык гэта не людзі. Гэта старажытныя інквізітары. Нават горшыя за іх.
— Хлопчыкі, выбачайце, што так выйшла, — крыкнуў Мірон Казіміравіч. — Мне трэба правесці эксперымент.
— Выпусціце-э!.. — галёкнуў я.
— Не магу-у!.. Я вучоны. Тэорыя без практыкі нішто. Вам у школе казалі. Павінны зразумець мяне-э…
Пад нагамі затрашчаў жоўты парашок. Дало ў нос гарэлым. Жоўтае полымя абхапіла мяне. Здалося, што тлее кашуля.
— Ма-ма-а! — галёкнуў я.
— Тэорыя без практыкі нішто-о!.. Веру, што будзеце ў казцы! Начамі не спаў!
— А-а-а!.. —
— Хлопчыкі-і!.. Тэорыя без практыкі нішто-о!.. Я адчуў, што кудысьці лячу. Перад вачыма затрапятаўся тонкакрылы матылёк.
Частка другая
Не чуць і не бачыць
Кроў на бохане хлеба
Мне здавалася, што лячу ў паднябессі. Паволі, нібы бусел, які лунае, распрастаўшы крылы. Маімі крыламі былі рукі. Я час ад часу ўзмахваў імі, рассякаючы пругкае паветра. А пада мною — зямля. Без канца, без краю. Пагоркі, лясы, азярынкі…
Добра, слаўна на душы. Над самай галавой белая хмарка. Белая-белая, нібы вата. Плыве… Карціць дакрануцца, дацягнуцца да яе хоць кончыкамі пальцаў. Хмарка плыве, адплывае, узнімаецца вышэй. Так хочацца дакрануцца! Я падскочыў, ды раптам крык: «Ігна-а-т…» Хмарка ўздрыганулася, напалоханая, і — вышэй, вышэй… Ужо не дастаць, не дацягнуцца. Хто ж яе напалохаў? Хмарка, не ўцякай, пачакай. Чаму ты такая баязлівая?
«Ігна-а-т…» — зноў крык. Хмарка, охнуўшы, быццам жывая, па-чалавечы, растала знічкаю.
Хто ж крычыць, хто кліча мяне? Няўжо хмарка? Няўжо вярнулася?
«Ігна-а-т…» — прагучала каля самага вуха.
Гэта ж Пятрусь кліча. Схіліўся нада мною.
— Пятрусь, — ледзь чутна прамовіў я.
— Спіш. Мелодыі выводзіш. Ды яшчэ охкаеш, — сказаў ён.
Выходзіць, не ляцеў я. Прыснілася. А хацелася дакрануцца да хмаркі.
На душы стала так, што хоць плач. І я заплакаў бы, калі б не Пятрусь.
— Ігнат, уставай, — сказаў ён.
Я ўстаў. З вышыні сонца льецца, свеціць. А вакол лес. Дзе ж мы? Чаму спаў?
— Ігнат, мы не ў бутлях! Радуйся!
Пра якія бутлі ён кажа? А-а, пра тыя, што ў скляпенні. Мірон Казіміравіч… Ландыш… Жоўты парашок… Жоўтае полымя… Здалося, што зноў абхапіла… Я міжволі закрыў твар рукамі.
— Не бойся, — прагаварыў Пятрусь. — Мы не ў бутлях. Тут няма Мірона Казіміравіча і Ландыша.
Сапраўды, няма. Сапраўды, мы не ў бутлях. Пад нагамі трава. Бяжы куды хочаш. Галёкай як зможаш. І я, радуючыся, галёкнуў:
— Ура-а!.. Вырваліся!.. Мой сябар апусціў вочы.
— Вядома, вырваліся. Але ж куды заляцелі?
Я зірнуў на яго. Няўжо з тых праклятых бутляў вырваліся, нібы ядры з даўніх гармат, і аж у казку заляцелі? З агню ды ў полымя?
— Дзе мы? — пытаюся. Пятрусь пераступіў з нагі на нагу.
— Не ведаю. Я спаў, спаў. Пасля сонейка прыгрэла. Прачнуўся. Бачу, што ты спіш. Ну і давай будзіць.
— Мы не каля сваёй вёскі?
— Не. Зараз пакажу незвычайны слуп. Ідзі за мною.
Мы з Петрусём прайшлі метраў дзесяць, мінулі густыя кусты, і я ўбачыў жытнёвае поле (каласкі тут
— Прачытаў? — спытаўся Пятрусь. — Дабегаліся.
Няўжо сапраўды ў казцы? Не верыцца. Казка ж — фантазія. Яе людзі прыдумалі. Яна не на яве, а ў думках.
— У казках асілкі, якія дубы карчуюць. А гэта нехта проста так напісаў,— кажу Петрусю.
— Зараз убачыш і асілка, і Бабу Ягу, і Цмока — пудзіла паганае, — сказаў Пятрусь.
— Куды ж нам ісці? — прамовіў я. Мой сябар развёў рукамі.
— Хто яго ведае. Направа пойдзеш — сумленне страціш, налева — гонар, проста — можаш не вярнуцца. Куды ні кінь, усюды клін.
Што скажаш? Моцна нас заклінавала. Тры дарогі, а не на адну не ступіш. Раней, дома, як было? Куды глянуў, туды і пайшоў. Раней… Быццам сто гадоў мінула. Па якой жа дарозе пайсці? Направа? Не. Калі сумленне страціш, то ні за якія грошы не купіш.
Прыйшло на памяць, як расказваў бацька пра цётку Вольку, якая жыла ў нашай вёсцы. У яе два сыны і муж з вайны не вярнуліся. Згінулі, нібы ў пекле. Нават вестачкі ад іх не атрымала. Усе вочы праплакала, чакаючы. І вось прыйшлі ў вёску дзве незнаёмыя жанчыны, адразу да яе накіраваліся. Яна з імі сваёю бядою падзялілася. «Муж твой загінуў,— сказалі яны. — А сынкі жывыя. Варажбіткі мы. Ведаем. Калі пройдзеш праз чатыры масты, то абавязкова вернуцца». Паверыла цётка Волька, выправілася ў дарогу, іх у хаце пакінуўшы. Сказалі, што будуць чакаць тут, каб разам яе сыночкаў сустрэць, каб разам парадавацца. Нялёгка знайсці ў ваколіцы аж чатыры масты. Усё ж знайшла цётка Волька, праз усе прайшла. Вярнулася дамоў — няма дарагіх госцейкаў. З куфра ўсё да ніткі выграблі, нібы мышы галодныя.
Ні разу не бачыў я цётку Вольку, бо памерла незадоўга пасля таго, а ўсё роўна, бы жывая, стаіць перад вачыма. Чамусьці маленькая, згорбленая, бездапаможная.
Не, няма як ісці направа. Налева? Гонар страціць? Без гонару чалавек не чалавек.
— Давай проста, — прапанаваў я Петрусю. — Тут напісана, што можаш не вярнуцца. Але ж можаш і вярнуцца. Паспрабуем?
Пятрусь усміхнуўся.
— Мы не пойдзем уперад. Пойдзем назад. Так, можна назад. Як я сам не здагадаўся? Нам жа ўсё роўна, куды ісці. Абы да людзей. З людзьмі не страшна. Яны дапамогуць, скажуць, дзе мы знаходзімся. Калі сапраўды ў казцы, то нешта параяць. Не адзін Мірон Казіміравіч разумнік.
«І-і-і… І-і-і…» — прарэзліва данеслася з-за кустоў, з-за дарогі, якая вяла направа, праз жытнёвае поле. Здавалася: кагосьці, прывязаўшы, жыўцом рэжуць.
— Што гэта? — запытаў я.
— Н-не в-ведаю, — зніякавеў Пятрусь.
А з-за кустоў зноў данеслася: «І-і-і… І-і-і…» Хацелася затуліць вушы, хацелася кінуцца на злом галавы, каб толькі не чуць гэтага.
— Можа, міліцыянер у свісток свішча? Можа, тут такія свісткі? — у роспачы прамовіў я.
— У казках няма міліцыянераў,— сказаў Пятрусь. — У казках могуць быць стражнікі.