Пастка для пярэваратня
Шрифт:
Пятрусь паказвае фокус
Казімір Міронавіч прайшоўся туды-сюды і, стаўшы перад намі, сказаў:
— Зрабіце так, каб я здзівіўся.
Заданне дык заданне! Нялёгка здзівіць ведзьмака. Што мы ўмеем? Праз галаву кульнуцца? Пеўнем пракукарэкаць?
— Справа швах. Прападзём як рудыя мышы, — шапнуў я Петрусю.
— Не вешай галаву.
Няўжо Пятрусь нешта прыдумаў? Каб толькі не выйшла ў яго, як з вужом ці з казкай пра гультая, якога чорт у мядзведзя перавярнуў.
— Пятрусь…
— Шэпчуцца.
Ну й малекула-калекула! Чэша языком, свой хлеб адрабляе. Брахаць — не цэпам махаць.
— Казімір Міронавіч, шэпчуцца. Нашэпчуць яны нам. Трэба сагнуць у казіны рог.
— Няхай крыху пашэпчуцца. Пачакаю, — прагаварыў вядзьмак.
Пятрусь узяў мяне за руку, адвёў убок.
— Ігнат, я такое прыдумаў! Такое… Памятаеш легенду пра Фалеса Мілецкага?
Вядома, гэтую легенду я добра запомніў. Яе расказаў нам класны настаўнік Рыгор Іванавіч, калі хадзілі з ім на экскурсію. Тады мы спыніліся на пагорку, каб адпачыць. Унізе вёсачка. Размясцілася ў нізіне, як у сподачку. Правады высакавольтнай лініі да яе цягнуцца. Здаецца, Пятрусь запытаў у Рыгора Іванавіча, што азначае слова «электрычнасць».
— Калісьці ў Старажытнай Грэцыі людзі бурштын за ягоную прыгажосць назвалі электронам — сонечным каменем. А пазней ад слова «электрон» пайшло новае — «электрычнасць», — сказаў Рыгор Іванавіч.
У той раз мы даведаліся ад яго, што бурштын прыцягвае да сябе розныя прадметы, электрызуецца, што ўпершыню гэтую незвычайную з'яву вывучыў вядомы філосаф старажытнасці Фалес Мілецкі.
Вось якую легенду пра старажытнага філосафа пачулі мы ад свайго настаўніка. Дачка Фалеса Мілецкага прала воўну бурштынавым верацяном. Яно ўпала ў ваду. Дзяўчына дастала яго з вады і стала абціраць сваім шарсцяным хітонам. Да верацяна прыліпла некалькі шарсцінак. «Прыліплі таму, што верацяно мокрае», — падумала дзяўчына і пачала выціраць яго яшчэ хутчэй. А шарсцінкі ўсё роўна наліпаюць. Пабегла яна да бацькі, расказала яму пра гэта. Фалес Мілецкі зразумеў, што шарсцінкі прыліплі да верацяна з-за бурштыну, з якога зроблена верацяно. Ён накупіў розных вырабаў з бурштыну і пачаў націраць іх шарсцяной тканінай. Бурштын прыцягваў лёгкія рэчы так, як магніт прыцягвае жалеза.
Я моўчкі глядзеў на Петруся. Чаму ён запытаў, ці памятаю легенду пра Фалеса Мілецкага? Няўжо хоча расказаць яе Казіміру Міронавічу? Гэтым не здзівіш.
— Нашапталіся? — звярнуўся да нас вядзьмак.
— Яшчэ крышку дазвольце, — сказаў Пятрусь.
— Калі вельмі хочацца, то пашапчыцеся.
— Нейкі добранькі стаў,— прашаптаў Пятрусь. Ага, не крычыць, не зыркае злосна вачыма.
Магчыма, у нейкі час дабрыня да яго прыходзіць. Есць жа людзі, на якіх раптоўна находзіць злосць. Могуць ні з таго ні з сяго насварыцца, накрычаць. А ён ні з таго ні з сяго падабрэў.
— Чым хочаш здзівіць гэтага злыдня? Легендай? — запытаў я ў Петруся.
Пятрусь дастаў з кішэні невялікую кардонную скрыначку, адчыніў. У скрыначцы ляжала выразаная з фальгі фігурка чалавека, вельмі падобная на Бураціна. Відаць, не адну гадзіну Пятрусь
— Бачыш майго Бураціна? — прагаварыў Пятрусь.
— Бачу, — кажу.
— На галаве ў яго я іголкай пракалоў дзірачку і прывязаў шаўковую нітку. Бачыш?
— Бачу. Вочы не на патыліцы.
— Пад гэтым Бураціна яшчэ адзін ляжыць. Зараз пабачыш фокус. Я яшчэ дома хацеў паказаць табе яго, ды забыўся.
— Хопіць шаптацца, — не выцерпеў вядзьмак. Канешне, мне вельмі хацелася даведацца, які фокус Пятрусь збіраецца паказаць, ды Палын тут як тут.
— Нашапталіся? Усё роўна Казімір Міронавіч у казіны рог сагне. Здавайцеся.
— Дзядзька, не дуры галаву, — не вытрываў я.
— Сагне-э… — скрывіўся Палын.
Цягне жылы. Не чалавек, а ліпучка. Даўся ў знакі.
Мы з Петрусём падышлі да ведзьмака.
— Чым здзівіце? — запытаў ён.
Пятрусь дастаў са скрыначкі Бураціна, выразанага з фальгі, прывязаў нітку да галінкі, павесіўшы на яе свайго незвычайнага чалавечка. Пасля выняў з кішэні пластмасавую расчоску, кавалачак шаўковай тканіны, пацёр расчоску аб тканіну і паднёс да Бураціна. Бураціна імгненна развёў рукі.
— Рукамі махае! — адскочыў Палын.
Пятрусь, усміхнуўшыся, дакрануўся да Бураціна пальцам. Рукі ў незвычайнага чалавечка апусціліся.
— Ух ты! — усклікнуў Палын.
Мой сябар стаяў і ўсміхаўся, радуючыся. Відаць, зусім забыўся, дзе ён і хто з ім.
Я нарэшце здагадаўся, чаму нагадаў легенду пра Фалеса Мілецкага. Ён, можна сказаць, паўтарыў вопыт славутага філосафа. Вядома, ні Казімір Міронавіч, ні Палын не ведалі, што Пятрусь наэлектрызаваў расчоску, калі пацёр яе аб шаўковую тканіну. Расчоска, як кажуць фізікі, стала наэлектрызаваным целам. Калі гэтае наэлектрызаванае цела ён паднёс да чалавечка, то чалавечак узняў рукі, паказваючы імі на электрычны зарад.
— Паўтары, — папрасіў Петруся Палын. Пятрусь зноў дакрануўся наэлектрызаванай расчоскай да Бураціна. Зноў той імгненна развёў рукі.
— І цяпер рукамі махае! — на ўсё горла закрычаў Палын.
— Зараз у неба паляціць. Як птушка, — кажу.
— Няўжо? — вырвалася ў Казіміра Міронавіча.
— Здзівіліся вы? — пытаюся ў яго. Вядзьмак засоп носам.
— Не.
— Непрыгожа хлусіць. Зараз не так здзіўлю. — Пятрусь зняў з куста Бураціна і дастаў са скрыначкі другога, у якога была толькі адна рука, выразаная з тонкай папяроснай паперы. Яе мой сябар, як відаць, яшчэ дома прычапіў да пляча чалавечка.
— Аднарукі чалавечак! — загарлапаніў Палын. — Зараз выцягне аднаногага. Канец свету!
— Маўчы, — са злосцю сказаў вядзьмак.
— Маўчу. Міленькі, родненькі, маўчу, — залекацеў Палын.
Пятрусь прывязаў аднарукага чалавечка да галінкі, паднёс да яго расчоску. Чалавечак узняў угору руку, нібы салдат, які аддае чэсць.
Казімір Міронавіч выцягнуў губы дудачкай.
— О-о-о!..
— Зноў вы здзівіліся, — сказаў я.
— Іх папяровыя чалавечкі слухаюцца, — тоненька завыў Палын. — Каленкі трасуцца.