Пастка для пярэваратня
Шрифт:
Я зірнуў на яго. І праўда, трасуцца калені. А нядаўна, калі мы дрыжалі, радаваўся. Няхай цяпер бокам вылазіць. Не ўсё кату масленіца.
Казімір Міронавіч тупнуў нагою.
— Маўчы.
— Бу-ду-ду… Буду маўчаць. Ч-чорт пацягнуў за язык. — Палын адбегся, сеў, пазіраючы здалёку, нібы пабіты сабака.
А я, каб яшчэ болей яго напалохаць, патрос кулаком.
Казімір Міронавіч злуецца
Пятрусь
— Казімір Міронавіч, якое трэцяе заданне? — звярнуўся да ведзьмака.
— Трэцяе заданне вы мне дайце. Каб я з ім не справіўся.
Такога я не чакаў. Хітруе вядзьмак. Нешта прыдумаў. Зарэжа без нажа.
Я зірнуў на Петруся. І ён на мяне пазірае, бы пытаецца: што рабіць?
— Казімір Міронавіч, дазвольце пашаптацца, — кажу.
— Не дазваляйце! — галёкнуў Палын. — Трэба ў казіны рог сагнуць, каб не было ім як дыхнуць.
— Дазваляю, — сказаў вядзьмак. Мы з Петрусём адышліся ўбок.
— Нядобра ў мяне на душы, — прызнаўся Пятрусь.
Баіцца мой сябар, хоць і знаку не падае. Што ж рабіць? Якое заданне даць ведзьмаку? Сказаць, каб вырваў хвойку з карэннямі і на трэскі пасек? А калі зможа пасячы? Невядома, на што ён здатны. З намі вунь як зрабіў.
— Ігнат, што ты прыдумаў? — парушыў маўчанне Пятрусь.
— Няхай камара зловіць і праездзе на ім, як на кані. Каб аж пыл курэў.
Пятрусь задумаўся.
— Не, — кажа нарэшце. — Што, калі загіпнатызуе нас? Што, калі нам здасца, што на камару едзе? Будзем ківаць галовамі. Маўляў, так, хутка скачаце.
— Няхай сваю чорную кнігу парве і па ветры развее.
— Не, — зноў не пагадзіўся Пятрусь. — Іншае заданне дадзім. Ён мяркуе, што немаведама што прыдумаем, а мы яго здзівім так, як нас здзівіў.
— Чым здзівім? Пятрусь усміхнуўся.
— Кот — ток. Скумекаў?
Так, я скумекаў. А вядзьмак, думалася мне, не скумекае. Правільна кажа Пятрусь. Не спадзяецца ён, што дадзім такое простае заданне.
Мы падышлі да ведзьмака.
— Нашапталіся? Якое ж ваша заданне? Давайце. У мяне рукі так і свярбяць, — прыжмурыўся ён.
— Рукамі не трэба рабіць. Галавою папрацуйце. — Пятрусь выламаў з альшыны дубец, прысеў і напісаў на пяску: «Ток з'еў рыс».
— Што гэта? — запытаў Казімір Міронавіч.
— Сказ. Прачытайце яго.
— Бязглуздзіца, а не сказ.
— Не. Каб прачытаць, трэба паварушыць галавою.
Вядзьмак, сагнуўшыся, стаў хутка-хутка перабіраць губамі, як заяц, які дарваўся да капусты. «Хацеў нас у казіны рог сагнуць, а цяпер сам сагнуўся. Гніся. Ніжэй гніся», — цешыўся я.
— Бязглуздзіца, — прамармытаў вядзьмак. — З'еў рыс… Ток… Бязглуздзіца.
— Уважліва чытайце, — прамовіў Пятрусь.
— А я як чытаю? Я навучыўся чытаць яшчэ тады, калі ты пяшком пад стол хадзіў.
Пятрусь сказаў, як настаўнік вучню:
— Старанна чытайце. Вядзьмак разагнуўся.
— Ток… Чаму?
Карцела сказаць яму «таму, што канчаецца на «у», ды Палын раптам галёкнуў:
— Казімір Міронавіч, бягу-у!.. На дапамогу бягу-у!..
Не вытрываў. Хочацца выслужыцца яму.
— Што? Дзе? — прыбег Палын. Вядзьмак тыцнуў пальцам:
— Прачытай, што тут напісана. Палын укленчыў, прачытаў уголас:
— Ток з'еў рыс.
— Тут не так напісана, — сказаў Пятрусь.
— Чаму не так? Ток з'еў рыс.
— Няма сэнсу. Трэба прачытаць так, каб быў сэнс.
— Сам прачытай.
— Я прачытаю. А вось вы з Казімірам Міронавічам не прачытаеце.
— Як прачытаць? — перапыніў гаворку вядзьмак.
— Першае і трэцяе словы трэба чытаць наадварот.
— Задам наперад? Як рак ходзіць? — усклікнуў Палын.
Пятрусь усміхнуўся.
— Як рак.
— Кот з'еў сыр. Казімір Міронавіч, я прачытаў. Ура-а!.. — узрадаваўся Палын.
— Сціхні, казёл, — паморшчыўся вядзьмак.
— З трыма заданнямі мы справіліся. Адпусціце нас, — прагаварыў Пятрусь.
Што ж скажа вядзьмак? Павінен адпусціць. У казках, як пішуць, розныя нячысцікі ад свайго слова не адмаўляліся, хоць і зубамі скрыгаталі.
Я памкнуўся наперад.
— Цяпер адпусціце?
— І ні цяпер, і ні ў чацвер.
— Вы абяцалі,— прамовіў Пятрусь.
— Абяцаная шапка вушэй не нагрэе, — крыкнуў Палын. — У казіны рог вас.
Не адпускае. А мы так стараліся. Што ж ён за чалавек? Не, ён не чалавек. Ён нейкая каменная глыба. Нездарма брат па душы Мірону Казіміравічу. Не ведалі, што такія людзі страчаюцца. Чаму нам у школе не казалі? Расказвалі пра электрычнасць, пра птушак, пра звяроў, нават пра дажджавога чарвяка і інфузорыю туфельку. А пра тое, што ёсць не людзі, а каменныя глыбы, не расказвалі. Колькі ж іх, такіх? Ці шмат? Ці былі яны раней? Мабыць, былі. Нездарма з даўніны прыйшло: у яго зімою і снегу не выпрасіш. Альбо іншае, але падобнае: не дасць вады напіцца. Што ж рабіць? Загубяць яны нас. І ўвесь свет загубяць. Хітрыя. Як на падбор. Усміхаюцца, а за пазухай камень трымаюць.
— Вы абяцалі! — усклікнуў Пятрусь. Вядзьмак зарагатаў. Ягоны рогат — гы-гы-гы — працінаў да пят, як працінае мароз. Здавалася, нейкая дагістарычная істота ці то крычыць, ці то плача. Нават Палын угнуў галаву ў плечы.
— Дзядзька… — пачаў я. Сам не ведаю, як павярнуўся язык ведзьмака дзядзькам назваць.
— Дзядзька? Дурненькія… Адпусціць… Гы-гы-гы… Адпусціць… — Казімір Міронавіч перастаў смяяцца, уперыўся вачыма. — Хіба я выклікаў вас для таго, каб адпусціць?
— Навошта мы вам? — запытаў Пятрусь.