Пляц Волі
Шрифт:
А потым тупат конскі пачуў, і падумаў яшчэ горка: «Як атрымалася гадка… Знойдуць раніцай — палічаць, што і я рабаваў касцёл. Згарэў бы ён з гэтым горадам…»
А далей штось уваччу ўспыхнула балюча — і ўсё.
Ад Слуцка да Семежава — з дваццаць пяць кіламетраў. Па дарозе ў аўтобусе разгаварыўся з хлопцам-суседам. Сам случак, з Грэзаку. Вучыцца на філфаку. Вершы піша!
– А вы з эміграцыі? — зусім нечакана агаломшыў малады зямляк і цёзка.
– Па чым пазнаў?
– Ды гаворыце крыху не так… Інаогул загадкавыя некія…
І
«Збег, і нават не падзякаваў і дому, і саду, і ваколіцы, і небу за дзесяцігоддзі жыцця…»
Аціхлае Семежава.
Лісце на некаторых дрэвах трымалася яшчэ наўздзіў моцна. Ці не праз тое, што ўсё лета і частку восені лілі дажджы, а цяпло ўсталявалася толькі ў верасні? Гэта Алесь паспеў яму расказаць, а яшчэ і аб тым, што бульба на Случчыне ўжо трэці год вымакае…
Другая палова дня — змрочная, хмарная. Крыху марозна зноў стала. Мерзлі рукі, але пакідаць дыпламат у аўтобусе, каб займець мажлівасць схаваць рукі ў кішэні плашча, Алесь Хведаравіч не захацеў. У яго, як і ў дзеда калісь, усёчасна мерзлі рукі. Помніцца, і летам той па звычцы далоні да грубкі туліў — пагрэць хацеў. І злаваў нават на гэта. А бацька пра сэрца яму тады штось казаў… Вось і ён узгадаў колькі гадоў таму тыя бацькавы словы: як занепакоіла сэрца — і рукі сталі стыць… І пакутаваў, пісаць не мог. Ні прымочкі, ні масажы, ні лекі не дапамагалі.
А тут нечакана і снег зацерушыў. На ўзгорак за вёскай мільёны белых матылёў пачало садзіцца, на траву, яшчэ там-сям зеленаватую. І пакуль гуртам менчукі крыж за вёскаю ўсталёўвалі, пабялела ўсё навокал, і неба пасвятлела, павышэла. І здалося, што на ўзгорку хтось проста мяхі мучныя выбіў — вось пыл белы і асеў на зямлю… І на дрэвы як ваціны хтось накідаў. А лісце трымалася, — і змарожанае, і снегам мокрым абцяжаранае, — трымалася да апошняга — не раўнуючы, як успаміны ягоныя…
Іхняму ўсвачанаму на восень вяселлю заспяваць-загуляць не было суджана. На пачатку верасня захварэла на моцную жаўтуху Люда. У бальніцу да яе не пускалі, лісты да яе праз бацьку перадаваў. А якія былі лісты! Вось бы хоць адзін адшукаць — аскепак кахання іхняга, упаэчаных пачуццяў… А сясцёркі йнакш не называлі пры бацьку Люду, як «нявестачка ваша»…
Адлежвалася Люда доўга. Дачуўшыся аб арганізацыі Слуцкага палка, з сястрою (ужо як дома была) надумала сцяг вышыць. З якім гонарам Алесь з Лістападам перадавалі яго першаму камандзіру палка! Пасярод залацістага поля — чырвоны шчыт з белаю «Пагоняй», па краях сцяга — надпіс:
«ПЕРШЫ СЛУЦКІ ПОЛК СТРАЛЬЦОЎ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ».
Пад гэты сцяг у Семежава і сабраўся Слуцкі полк. Узначаліў яго капітан Анцыповіч. Апошнія часткі пакідалі Слуцак 24 лістапада. І Стаўка, і Рада таксама прыехалі ў Семежава. За тры дні ў «Слуцкае войска» запісалася каля дзвюх тысячаў добраахвотнікаў, а люд усё збіраўся й збіраўся — хто верхам на сваім кані, хто на падводзе, хто — пешшу прыходзіў, каторыя стрэльбы мелі — дома іх не пакінулі… З хатулямі, па зімоваму апранутыя — у доўгіх кажухах, у цёплых паддзёўках. Пачалі фармаваць і кавалерыйскі
Збірацца пад Семежавам збройныя часткі пачалі яшчэ з сярэдзіны кастрычніка. Першыя аддзелы сыходзіліся ў Грозаве, дзе мабілізацыю абвясціў прапаршчык Пётра Бабарэка (родам са Старыцы, што непадалёк ад Грозава). За тыдзень сабралася амаль пяцьсот чалавек. Раніцай 10 кастрычніка выйшлі па загадзе з Грозава. Па дарозе да іх далучыліся паўтары сотні стральцоў з Грэскае воласці, сабраных афіцэрам царскага войска Міколам Віткам з вёскі Праходы. Начавалі ў Цімкавічах. Разышліся па хатах, па сенавалах — балазе йшчэ не дужа холадна было. Жылка з стрыечным братам (іхняе Падлессе за дзесяць кіламетраў ад Грозава ляжала), забраўшы дзядзькаву-бацькаву стрэльбу — адну на дваіх — таксама на мабілізацыю збеглі. Падчас запісу пазнаёміліся з Юркам Харытончыкам — іхнім аднагодкам. Разам трымацца дамовіліся (а стрэльба адна на траіх стала). Разам і ў цімкавіцкай хаце спаць палеглі — у гаспадароў Раманоўскіх. Павячэралі, што было: бульбы з груздамі смажанымі, а як спаць клаліся, у пакой да іх гаспадароў хлопец зайшоў, Мікола. Пра падзеі распытваў, лоб свой высокі моршчыў. Нейкую тужлівую зайздрасць у ягоных вачах лавілі госці, напятую турботу… І паснулі разам на падлозе, на матрацах разасланых…
«Ну і пераплёў сваім вязьмом год той жыціны-жыцці людскія! — дзівіўся Алесь. — Цяжка ж, пэўна, бачыць было Міколу Раманоўскаму, як аднагодкі ягоныя з ягонай хаты ваяваць ішлі, шчымліва таго ранку выпраўляць было іх, — а самому дома заставацца. Пагаварыць жа ён, Мікола Раманоўскі — Кузьма Чорны — з Жылкам ужо толькі праз шэсць гадоў зможа — у Менску, і разам літаратурнае згуртаванне «Узвышша» апекаваць стануць… І Адам Бабарэка з імі будзе. А вось тады… Але ж ці разыходзіліся шляхі іхнія? Не. Не! І былы настаўнік, сакратар валаснога рэўкома ў Цімкавічах, а затым справавод Слуцкага вайсковага камісарыяту — Кузьма Чорны папярэджваў «ухіленцаў» ад мабілізацыі ў Чырвонае войска пра карныя аблавы! І гэта ж ён выратаваў два дзесяткі параненых пад Цімкавічамі слуцакоў, сярод іх — і бацьку Алесевага, начальніка брыгаднага шпіталя, які не пакінуў параненых!.. Чырвоная конніца нечакана з тылу наляцела, і шпіталь, што на ўскрайку Цімкавіч месціўся, адбіла ад асноўных палкавых сілаў. А Чорны-Раманоўскі параненых лесам на колішнія касавіцы перавёў. У стагах нязвезеных і перахаваліся, пакуль Цімкавічы зноў ад бальшавікоў не адбілі… А з Жылкам не пайшоў тады ў Семежава — ці не таму, што цяжкія ўзгадкі пад ногі кідаліся, дарогу засцілі? Бацькі ж ягоныя ў маёнтку Боркі (пад Грэскам) парабкавалі, і не ў каго-небудзь, а ў Вайніловіча, у Слуцкім доме якога і Нацыянальны Камітэт, і Рада месціліся… І на палякаў, да ўсяго, крыўда закіпала — гэта ж яны Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю закрылі, у якую з такімі высілкамі ён быў паступіў… А цяпер іх вінтоўку — як чуў — браць? І Чорны тады дарогаю Ігнатоўскага і Бабарэкі пайсці вырашыў.»
Далейшы запіс у Слуцкую брыгаду вымушаны былі перапыніць: не хапала ўсім зброі («вольных» налічвалася каля трохсот вінтовак і два кулямёты, ды ўсе былі няспраўнымі).
І здарылася нечаканае… На семежаўскі мабілізацыйны пункт прыйшоў Міця Буба, паспакайнелы, рашучы (пра гэта пазней Васіль Русак, на той час куратар вербунковага адзьдзела, расказваў).
– Пішыце мяне ў войска!
– А што ты ў ім рабіць хочаш?
– Злыдняў біць!
– Якіх?
– Каторыя старца Вярхоўскага застрэлілі…
– А пра тое, што ў Семежаве запіс праводзіцца, ад каго дачуўся?
– У абвестцы ў Слуцку прачытаў.
– Дык ты й чытаць навучыўся?
– Старац Вярхоўскі літары паказаў… Яшчэ мы з ім разам прошчу аднаўлялі…
Зірнуў Русак на ягоныя магутныя далоні-капачы і ўраз ажывіўся.
– Пачакай крышку, братачка, — і да камандзіра палка пабег. Вярнуўся ўзрушаным, радасным, абняў Міцю і выпаліў: — Слухай, даручана нам майстэрню па наладзе сапсаванай зброі закласці… Ці возьмешся?
– Чаму б не.