Пляц Волі
Шрифт:
Даходзілі жорсткія весткі і з Расіі. Цывільным асобам забаранялася карыстаца чыгункай (маглі бесперашкодна пераязджаць адно вайскоўцы ці чыгуначнікі — па службовых патрэбах). Жахлівыя навіны перадавалі паланёныя чырвонаармейцы і польская выведка: бальшавікі мабілізавалі дзесяць тысячаў дзяцей (сярод іх і сірот, «беспризорников») капаць акопы перад Петраградам. У самой «калысцы рэвалюцыі» за адмову ісці на фронт у апошні час бальшавікі расстралялі семсот сорак рабочых (з іх дзвесце дванаццаць з Пуцілаўскіх фабрык).
Палонныя сведчылі і аб тым, што ў першыя шэрагі Чырвонай арміі ставіліся рабочыя,
У паўночнай частцы Каспійскага мора бальшавікі затрымалі параход, на якім быў генерал Алмазаў — ад Дзянікіна плыў з весткамі да Калчака. Афіцэры знішчылі ўсе дакумэнты, а генерал паспеў застрэліцца.
У Гданьску апусцілі якары тры амерыканскія тарпеданосцы…
Не аціхалі баі і на Палессі. Бальшавікам ледзь не штодня падыходзіла дапамога — піцерскія матросы ці кітайскія атрады, ды ўсё ж часткі польскага генерала Лістоўскага занялі Лунінец, важны чыгуначны пункт.
Пранук з Альшаншчыны
Як і заўсёды зранку — Езавітаў пісаў, калі лёгка скрыпнулі прыступкі і некалькі разоў бадзёра азваўся званочак над дзвярыма.
– Заходзьце. — Езавітаў адклаў асадку. Дзверы расчыніліся.
– То заходзь, калі пускаюць… — па голасе пазнаў Смоліча. Першым нясмела пераступіў парог хлопец гадоў дваццаці, у саматканых кашулі і нагавіцах, узварушыў копку валасоў; з-пад выцвілых за паўлета броў Езавітава пачалі вывучаць блакітныя вочы. — Смялей, смялей, — падштурхнуў хлопца Смоліч, прычыніў дзверы. — Дабрыдзень гаспадару. Нешта не відно цябе апошнім часам стала… Што новага маеш?
Госці прыселі на канапу.
– Дык усе ж навіны ў вас, больш таго — і моладзь! — Езавітаў ужо ведаў, што з 26 ліпеня запрацавалі Беларускія настаўніцкія курсы (напачатку меліся адкрыцца ў Горадні, ды ўсё ж іх перанеслі ў Вільню). Выкладалі ж на курсах беларускую мову Янка Станкевіч, беларускую літаратуру Максім Гарэцкі, гісторыю Беларусі Міхаіл Кахановіч, педагогіку Браніслаў Тарашкевіч. Аркадзь Смоліч вучыў геаграфіі…
– Яно то так. Толькі ж гэтая моладзь ужо і нас павучыць можа. З адным з іх я вось і хачу цябе пазнаёміць — Пранук Баброўскі, паспеў і ліха сербануць, і выявіцца… у Вільні нядаўна. Мы яго захацелі на курсы ўладкаваць, а ён… — Смоліч зірнуў на Пранука, усміхнуўся. — Ды не чырваней ты, я ж кепскага не кажу… Ён, значыць: «Вучыцца не хачу, хачу палякаў ваяваць!»
Езавітаў здзівіўся, наструніўся:
– Хай Пранук сам раскажа, можа ўсё ж ён больш пра сябе знае… — і незаўважна для хлопца падміргнуў Смолічу.
– Яшчэ вясной бацька ўзяў ад пані Важынскай у маёнтку Укропішкі адзінаццаць мархоў зямлі, - Прануку, па ўсім, і самому карцела выказацца. — Прыкупілі сямян і засеялі мы з ім той надзел. А летам пані Важынская памерла, маёнтак перайшоў да ейнай дачкі Радзевічовай. У канцы чэрвеня з'явіўся ва Укропішкі пан Францішак Перапечка і, выдаючы сябе ўласнікам маёнтка, зажадаў змены варункаў арэнды… Каб заместа грошай яму аддалі траціну ўраджаю! Бацька падаў у суд у Ашмяны…
– Дык Укропішкі — на Ашмяншчыне? — перапыніў Езавітаў.
– Так… Значыць, затым пачалі мы, не зважаючы на грозьбы Перапечкі, убіраць поле. А тут ён, Перапечка, заявіўся,
«А калі і цяпер не скорышся, — прыкрыкнуў, - то — або штраф у дзесяць тысёнц марак, або тры месяцы турмы!»
Пад прымусам бацька падпісаў умову Перапечкі, а ўжо дома склаў ліст да камісара Віленскага вокруга пана Недзялкоўскага…
– Аркадзь, а ці не той гэта інжынер Перапечка, каторы з ксяндзом Гурскім ездзіў «дэлегацыяй» ад усяго павета да Пілсудскага — прасіць далучэння да Польшчы? — падзівіўся Езавітаў.
– Той! Ды ў Бэльвэдэры тады мала верылі ў тое, што іхні голас быў голасам усяго Ашмянскага павета… Але ж ты, Пранук, не дагаварыў галоўнага!
– А што дагаворваць… — хлопец спахмурнеў. — Сустрэў затым я тога Перапечку… А ён крывіцца: «Ну што, падцерлі вам нос?» Тут я й не стрываў…
– Ну…
– Ну і смэльнуў гаду ў нос…
– Вось, — бухнуў Смоліч, — а затым збег. Мы яго на курсы, каб прыхаваць, а ён: «У войска хачу!»
Езавітаў уздыхнуў, задумаўся.
– А бацьку кінуў жандарам?
– Не, — з-пад ілба зірнуў Пранук. — Ён да сваякоў у суседні павет падаўся, і рэчаў крыху перавёз.
– А маці?
– Маці два гады як памерла…
– Што ж, сябрук Пранук, давядзецца табе ўсё ж колькі часу дзядзьку Аркадзя на лекцыях паслухаць… Так спакайней. А затым, калі хочаш, пераправім цябе ў Рыгу ці Коўну. Пажыць гэты час можаш і ў мяне, месца хопіць…
Падмацаваныя рэзервовымі аддзеламі, палякі зноў прарвалі фронт і з 4 на 5 жніўня занялі Слуцак. Адбіўшы некалькі контратак, захапілі Клецк, Нясвіж і Мір. Атакі распачаліся ў накірунку Койданава і Менска, які высланая на Смалявічы кавалерыя адрэзала ад Барысава. Пасля шостай гадзіны раніцы 8 жніўня ў пятніцу злучэнні Чырвонай арміі пачалі адступленне, а ў дзесяць вечара польскія жаўнеры ўвайшлі ў Менск…
…А справы на беларускім нацыянальным фронце не абнадзейвалі: Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Горадзеншчыны ахапіў крызіс. Яе сябры пачалі прапаведаваць адрозныя ідэі наконт будучыні беларускай дзяржавы. 16 ліпеня старшыня рады Дуж-Душэўскі склаў свае паўнамоцтвы. За старшыню прэзідыум рады абраў кандыдата філалогіі Браніслава Тарашкевіча (праз некаторы час выбары мусіў пацвердзіць агульны сход рады).
Браніслаў Тарашкевіч з дэлегацыяй выехаў у Варшаву — на перамовы з польскім урадам. Галоўным клопатам дэлегацыі мелася стаць пытанне аб стварэнні беларускага войска.
Тарашкевіч перадаў Пілсудскаму заяву:
«<…>Асновай нашай працы ёсьць утварэньне незалежнай і непадзельнай Беларускай Дзяржавы. <…> Беларускі народ… мае права існаваць самастойна, і <…> не зрэалізаваць ідэю незалежнасьці беларускага народу было б гістарычнай абмылкай, якую людзі ў будучыні быць можа былі б прымушаны адкупіць ракой крыві. <…> Мы верым, што <…> нашы братнія народы пададуць рукі, каб разам памагаць сабе і згодна жыць у будучыні».