Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
А. А.: І колькі ты ляжаў у шпіталі?
В. Б.: Тры месяцы.
А. А.: Дзе?
В. Б.: Спярша ў Александрыі, пасля пад Знаменкай, яшчэ пад нейкаю станцыяй. Шпіталь перамяшчаўся…
А. А.: Па-мойму, пра шпітальнае жыццё ты яшчэ нічога не пісаў.
В. Б.: Можа, напішу калі. Разумееш, вайна — скрозь чалавечае няшчасце, а шчасце, як вядома, дужа адносная рэч. У параўнанні з перадавой кожны шпіталь можа здацца курортам. Мяне прывезлі ў Александрыю, шпіталь там у цэнтры горада, здаецца, у будынку школы. Памылі ў лазні, пражарылі вашывую вопратку, далі чыстую бялізну. Параненых шмат, месцаў, як усюды, не хапае. Нават афіцэры ляжаць па два ў ложку. Памятаю, маім суседам быў лейтэнант-танкіст са знакамітым прозвішчам Варашылаў. (З Варашылавым ляжаў, казаў пасля.) Той шпіталь належаў пятай танкавай арміі, таму пераважна тут былі танкісты — параненыя, абгарэлыя, розныя. Абгарэлыя асабліва страшныя. Абпалы дужа балючыя і доўга не гояцца. Людзі пакутуюць, часта нервуюцца і лаюцца. З сёстрамі,
Афіцэраў усё ж імкнуліся размеркаваць па якіх-небудзь будынках, салдат жа клалі звычайна ў апусцелых за вайну калгасных аборах, кароўніках ці свінарніках. Трохі вычышчалі гной, слалі салому, якую накрывалі зверху ўніверсальнай салдацкай апраткай — плашч-палаткамі. Укрываліся кожны сваім шынялём ці ватоўкай, спалі нераспранутыя. Зімой на праходзе ставілі жалезную грубку-бочку, якую палілі круглыя суткі. Вакол месцілася 2–3 сотні параненых.
Як пачала паджываць нага, стаў я выходзіць у горад. Недалёка быў рынак, дзе прадавалі семкі, махорку, малако, гарачую бульбачку, яшчэ нешта. Але тут аказалася, што ў мяне няма разліковай кніжкі, таму мне нельга плаціць зарплату. Увогуле зразумела, бо тую кніжку я ніколі не атрымліваў, на перадавой навошта мне былі грошы? Затое ў мяне, апроч шынелка, была аўчынная камізэлька, якую я і загнаў, купіў бутлю бураковай самагонкі. Пасля на той жа рынак аднёс цёплыя ватныя штаны — блізілася вясна, таяў снег. Рана мая то гаілася, то давала рэцыдыў, разы два на тыдзень рабілі перавязкі. Са сваёй дывізіяй не меў ніякай сувязі, нікога адтуль не паступала, і не дзіва: то быў шпіталь іншай арміі. Але за тым, што рабілася на фронце, увогуле сачылі, кожны дзень прывозілі параненых, тыя расказвалі. Асаблівы наплыў быў, як пачаўся наступ на поўдзень, як фарсіравалі Буг. Неўзабаве шпіталь перамясцілі трохі на поўнач, пад Знаменку. Зноў — у калгасную абору, афіцэраў — у будынак сельскае школкі. Там пачалі выдаваць лёгкі духмяны табак, і я прывучыўся курыць. Мне ішоў дваццаты год, а я яшчэ не пачынаў курыць — ганьба для савецкага афіцэра, як пасміхаліся старыя курцы.
Нарэшце пад чарговае перамяшчэнне шпіталя выпісалі. З яшчэ адным выздаравелым-параненым, танкістам, малодшым лейтэнантам Тавакіным атрымалі прадпісанне ў аддзел кадраў 5-й танкавай арміі. Ішлі пехатой за фронтам, які пачаў наступ. Ад сяла да сяла, кожны раз начуючы, дзе заставала ноч, там жа і кормячыся. Тагачасныя ўкраінскія сёлы, двойчы абрабаваныя — калектывізацыяй і вайной — былі не багацейшыя за беларускія. Праўда, можа, не так пабураныя — там не было «партызанкі». Звычайна, як мы паяўляліся на парозе, цётка пачынала бедаваць: ай, чым жа я вас нагадую, у мяне ж фасоля ды бараболя. Нам добра была і фасоля з бараболяй. Калі-нікалі, праўда, перападала і шклянка самагонкі — смярдзючай і мутнай буракоўкі. Але і таму мы былі радыя. Усюды па дарогах і сёлах пыталіся мы з Тавакіным пра свае часці, і аднойчы мой танкіст нешта надыбаў, напаў на след свайго танкавага корпуса. Але мне туды было неяк, я ж не танкіст, і я прадаўжаў пошукі адзін. Вясна ўжо была ў разгары, снег на Украіне той год растаяў яшчэ ў лютым. Дарогі былі жахлівыя, суцэльная гразь. Клейкі ўкраінскі чарназём адрываў падэшвы, і мае кірзачы ашчэрылі зубы. Скрозь войскі, войскі… Адны калоны ішлі на поўнач, іншыя на захад ці на поўдзень — не зразумець. Аднойчы сеў на ўзбочыну перадыхнуць, гляджу, як брыдзе пяхота, за ёй пайшлі перадкі з гарматамі. І раптам бачу на адным знаёмы вусаты твар — то ж старшы лейтэнант, узводны, з якім я расстаўся ў ноч свайго ранення. Я да яго — куды і адкуль, як тут апынуўся? Як апынуўся? — кажа: а я нікуды і не выбываў, толькі перайшоў у батарэю. Але ж дзе наша дывізія? — пытаюся я. А во яна, кажа, перакідваюць на іншы участак. Я падзівіўся: перада мной прайшоў мой полк і — ніводнага знаёмага твару? А старшы лейтэнант кажа: і не ўбачыш знаёмых, нікога няма. А наогул навошта табе вяртацца ў гэтую дывізію, якая надта ж невязучая, заўжды яе б’юць. Пашукай чаго іншага. (Наіўны чалавек — ён меркаваў, што дзесьці ёсць дывізіі «вязучыя».) Але тады я яму паверыў і зрабіў так, як ён раіў.
Праз дзень у нейкім ацалелым маёнтку напаткаў штаб 4-й гвардзейскай арміі, прад’явіў свае дакументы, запоўніў патрэбныя анкеты і атрымаў накіраванне ў 252-ю СД. Амаль шчаслівы выйшаў на вуліцу. Вакол было ціха, на фронце ішла перадыслакацыя, толькі ў адным баку нешта надта падазрона грукоча, бы таўкачамі б’юць у зямную ступу. Пытаюся ў сустрэтага афіцэра: можа, ведае, дзе шукаць 252-ю СД? Той уважліва паглядзеў на мяне і паказвае рукой туды, дзе грукоча. Кіруй, кажа, на тыя грымоты, не заблудзішся.
Праз дзень я ўжо трываў бязлітасную агнявую калатнечу, ад якой грунтоўна адвык за тры шпітальныя месяцы. Трудна было зноў прывыкаць, асабліва як неўзабаве на нас наваліліся нямецкія танкі.
Аднойчы, пры перамене пазіцый, наляцела шасцёра «юнкерсаў», якія канчаткова дабілі батарэю, і мы засталіся без гармат.
А. А.: Давай расказвай.
В. Б.: Дык вось засталіся без гармат, дванаццаць салдатаў, я і камандзір батарэі — капітан. Салдатаў аддалі ў батальёны на папаўненне, а мы сядзім на КП за узгоркам. У мяне настрой горш не прыдумаеш — толькі прыйшоў у «вязучую» дывізію, і на табе — зноў разгром. Але капітан не сумуе: ён атрымаў новае прызначэнне — начальнікам артылерыі суседняга палка. Трэба сказаць, што начальнік артылерыі — гэта не камандзір батарэі, гэта бяры вышэй, і рызыка мінімальная — жыць будзеш. Вось ён дастаў фляжку са спіртам, мы трохі выпілі. Капітан чакае канавода з канём, якіх ужо паслалі па яго з новае службы. А во і канавод, вядзе на повадзе ладнага коніка для новага начарта. Мы развітваемся: ну, Быкаў, жадаю табе дажыць да пабеды. Ты дык, можа, і дажывеш, думаю я, а мне… З ціхай зайздрасцю я праводзіў яго. Наш КП, можа, за кіламетр ад пярэдняга краю, але за пагорачкам. А яму трэба ехаць у тыл, але таксама цераз пагорачак, дарэчы ўвесь раскапаны міннымі выбухамі. Але ёсць і другая дарожка — у аб’езд, па лагчынцы. Вось, гляджу, мой капітан даскакаў да гэтай развілкі, трохі прымарудзіў, мабыць, рашаючы, куды скіраваць. І скіраваў напрасткі, цераз пагорак. Дужа порстка паехаў. І вось ён выскоквае на пагорак, і тут міны — бах, бах! Ён хутчэй. А міны зноў бах, бах, бах! І ўсё там завалакло дымам ды пылам. А як тое воблака здзьмула ветрам, гляджу, конь бяжыць з пагорка, повад цягнецца, а седака няма. Канавод вярнуўся адзін. А ўвечары выцягнулі забітага капітана. Во такі ён, вайсковы лёс: парадаваўся перад сваёй пагібеллю.
А. А.: А як цябе ў палон ледзь не ўзялі?
В. Б.: Ну, гэта на тым самым месцы. Дзе мы сталі ў абарону. Пад Унгенамі — ёсць такая памежная станцыя перад Румыніяй, дзе цяпер мытнікі шмон робяць. Калісьці мы яе бралі. Здавалі таксама. Гэта перад якой — «Праклятая вышыня». Ну дык паколькі я без гармат, паслалі мяне на ПНП (перадавы назіральны пункт) камандзіра палка дзяжурыць ноччу. Камандзір палка на сваім КП спіць ноччу (отдыхает, на уставном языке), а мы павінны не спаць, глядзець і слухаць. У маім распараджэнні разведчык і тэлефаніст. Увогуле ПНП — гэта земляная шчыліна, трохі прыкрытая жэрдкамі з плашч-палаткай наверсе. А на перадавой усталявалася некаторае зацішша, асабліва ўначы. Перад намі трошкі ўбаку на нейтралцы месціцца невялічкае малдаўскае сяльцо, хат, можа, 10–15. Людзі адтуль, канешне, уцяклі ў тыл, хто ж уседзіць там пад абстрэлам. Некалькі хат там згарэла, а рэшта пакуль стаіць. І вось мой разведчык надыбаў там ноччу нейкага дзядзьку, які застаўся пільнаваць хату. Ну і, канешне, у яго ёсць некалькі курыц і віно. І вось мы з ім аднойчы… Камандзір палка калі пазвоніць ноччу гадзін у дванаццаць, а так спіць. За гэты час мы…
А. А.: Курэй памацаць рашылі?
В. Б.: Пачалі наведвацца туды. Тэлефаніст застаецца, а мы ідзем, тым болей блізка, можа, якіх метраў сто ўніз па схіле.
Дзядзька зловіць нам курачку, абскубе, зварыць (уначы дыму не відно), ну віна прынясе гарлачык. Мы самі паямо ў цяпле і тэлефаністу прыхопім у кацялочку. У полі халадзіна, а ў хаце добра. Вырашылі, што можна і кімарнуць з гадзіну ў цяпле. Так мы там пасвіліся. Не сказаць, што часта, але разы чатыры хадзілі. І вось аднойчы яшчэ курачка не зварылася, што такое?.. Страляніна, выбухі гранат, нейкія крыкі… Ну мы, канешне, кулём на гароды… Побач нехта яшчэ бяжыць, страляюць з аўтаматаў, нічога не разабраць у цемры. Прыбеглі на ПНП, а там тэлефаніст ужо адбіваецца, камандзір палка крычыць у трубку: што адбываецца, дзе Быкаў? У сяле ўжо гараць хаты, страляніна, праўда, сціхла. Я пачаў апраўдвацца: хадзіў высвятляць, што там здарылася. А здарылася тое, як пасля высветлілася, што туды хадзілі не толькі мы з разведчыкам, але хадзіў і камандзір батальёна з начальнікам штаба, да таго ж хадзілі і немцы таксама.
А. А.: Пажывіцца.
В. Б.: Мабыць. Дык вось тыя самыя пехацінцы…
А. А.: Не падзялілі курачку з немцамі?
В. Б.: Сутыкнуліся з немцамі, якія наладзілі там засаду.
Пабілі нашых, начальніка штаба ўзялі ў палон. А нам усё ж пашчасціла. Пасля пачалося расследаванне. СМЕРШ займаўся, але неяк абышлося. Ні я, ні разведчык, ні тэлефаніст не выдалі нашыя паходы па начах, а так ведаеш, што магло быць?
А. А.: І не столькі за ваша жыццё, колькі за тое, што кантакт мог быць.
В. Б.: Хадзілі, сустракаліся з немцамі…
А. А.: Гэта ж мы ўжо наступаем, 44-ы год. І ўсё роўна баяліся кантакту? Думалі, што вы пабяжыце туды. Дарэчы, вось у «Мёртвым не баліць» ёсць Каця на мінным полі. Таксама ты…
В. Б.: Такіх я ведаў.
А. А.: Вельмі рэальны вобраз.
В. Б.: Санінструктаркі такія былі. Бабы, дзеўкі. Былі розныя, канешне. На перадавой звычайна сустракаліся тыя, што непатрэбныя былі ў тылах. А прыгажэйшыя, маладзейшыя, канешне, заставаліся ў штабах, на розных пасадах. Хоць па штату і лічыліся санінструктарамі, сувязісткамі, снайперамі, але жылі пры начальстве. Кожны маёр, палкоўнік, само сабой — генерал меў сабе ППЖ, і тое было як бы ўзаконена. Рэдка якая маладая і прыгожая апыналася ў батальёне, не кажучы ўжо пра роту. І яны не былі дурніцамі, не дужа ірваліся на перадавую. Па дарозе ў дывізію я спаткаў дзяўчыну, старшыну ці сяржанта па званні, якую таксама накіроўвалі ў нашу часць. Прыгожая дзяўчына, маладая, здаецца, вострая на язык. Яна ішла ў дывізійны батальён сувязі, але я падумаў, што наўрад ці затрымаецца ў тым батальёне. Якраз пра тое мы тады і гаварылі, і яна так калюча адказвала. Потым я пайшоў далей, у полк, батальён, а дзяўчына засталася ў штабе дывізіі. Праз нейкі час я сустракаю яе ўжо ў нашым палку, пытаюся: чаго гэта вы тут? А яна кажа: перавялі.