Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Шрифт:
Трохі яшчэ прайшоўшы па канцы агародаў, ён набрыў на нейкую сажалку з абтаптанымі жывёлай берагамі, здаецца, тут быў выган, ва ўсякім разе збажына тут канчалася. I праўда, за парослым альшынамі раўком, відаць было, пасьвіўся невялічкі статак — некалькі кароў хадзілі па сенажаці, збоч сноўдала жаночая постаць. Здаля былі чутныя абураныя покрыкі на кароў, якія, падобна, нахабна мкнуліся да жытнога. Мабыць, варта было туды падысці, падумаў Агрызкаў, мяняючы накірунак — ад вёскі ў поле.
Дзеля таго, каб патрапіць да статка, трэба было пералезьці равок, па крутаватым схіле якога трушком збег Агрызкаў. А як вылез на той бок раўка, адразу
— Прывет, парань! — дружалюбна, амаль радасна сказаў Агрызкаў. — Не палохайся, я — партызан. Цябе як зваць?
— Косця, — разгублена прамовіў падлетак.
Косця тым ранкам устаў рана, пабудзіла маці, — падышла радоўка на пасту. Праўда, прачнуўся не адразу, і маці аж тройчы гукала яго з варотцаў у паветку, дзе ён спаў на сене. А як прачнуўся, кароў ужо выганялі, іхняя Красоля, падоеная, стаяла на падворку. Косця ўзяў з-пад страхі раменную пужку і, як быў, босы, у адной кашулі, пагнаў карову на выган.
Радоўка яму сёньня выпала з бабай Аўгустай, старой, але рухавай кабетай, якая, аднак, заўсёды дужа крычала-сварылася на неслухмяных кароў ды і на свайго памочніка-падпаска. Падпасак, ведама ж, быў у бабы Аўгусты на пабягунстве — то ідзі адвярні тую, то не пушчай гэтую. Ды чаго марудзіш, не бяжыш, малады ж яшчэ, бяжы скарэй!.. Не любіў Косця пасьвіць кароў з бабай Аўгустай, ды так выходзіла, што менавіта з ёй часцей за ўсё і выпадала.
Сама найгорш было пасьвіць каля жытнога, куды цераз узьмежак увесь час наравілі ўлезьці каровы. Тут Косця крыху пабегаў за ранак, пакуль згаладнелыя за ноч каровы трохі пад’елі, паспакайнелі, і ён нарэшце аддыхаўся якраз на жытнёвай мяжы.
Косця пасьвіў кароў, бегаў за імі, ляскаючы па касцістых азадках кароткай пужкай, але думкамі быў далёка ад гэтых кароў і гэтага поля. Болей за ўсё на свеце Косця любіў чытаць кніжкі — дзіцячыя, прыгодніцкія ці не надта цікавыя з класікі — абы-якія, каб толькі чытаць. Да вайны ён перачытаў, мусіць, усё, што было ў дзьвюх шафах школьнай бібліятэкі, але цяпер бібліятэкі ня стала, як і самой школы, што згарэла ў першую ваенную. восень. Другую зіму Косця не вучыўся, што трэба было, рабіў дома, памагаў па гаспадарцы маці. Апроч яго ды маці, болей працаўнікоў у іх не было — Віцька яшчэ малы, а бацька… Бацьку як змабілізавалі зімой у паход па зброю, дык і прапаў. Можа, застаўся на фронце і цяпер недзе ваюе ў Чырвонай Арміі. А можа, дзе ўжо загінуў па шляху да фронту. Сусед Казлюкевіч прыплёўся па вясне з адною рукою на перавязі, казаў, што шмат іх пагінула ў Віцебскіх варотах, дзе немцы наладзілі пастку і білі з кулямётаў на лёдзе возера. Там шмат паклалі іх, бяззбройных партызанаў, што мкпулі па той бок фронту, — па зброю і боепрыпасы, якія меліся прынесці ў нямецкі тыл. Ды рэдка каму пашчасціла прынесці хоць сваю галаву. Як таму ж Казлюкевічу.
З кніжкамі цяпер была поўная нявыкрутка, чытаць не стала чаго. А дзе ў каго захавалася якая кніжка, дык курцы падралі на цыгаркі. Скурылі і ўсе падручнікі, што ў каго з дзяцей засталіся ад даваеннай школы. Добра, што ў Косці курыць не было каму, і ён свае схаваў у паддашшы. Усё ж, думаў, вайна скончыцца, і ён пойдзе ў шосты клас. Калі б не вайна, скончыў бы ўжо восьмы. Тым часам падрасце Віцька які будзе адбываць надакучныя радоўкі, а яму хопіць і дарослай
I раптам на жытнёвай мяжы ля куста алешніку ён згледзеў чалавека, апранутага быццам ў вайсковае, нават з аўтаматам у руцэ. Здалося на момант — там недзе і бацька, — можа, далей у кустоўі і вось-вось пакажацца з-за алешынаў. Але то не бацька — бацькі там не было.
— Гэта… Падыдзі сюды, — кіўнуў галавой вайсковец. Азірнуўшыся на кароў, Косця нерашуча пайшоў за кусты, мусіць, каб ня бачна было ад вёскі.
— Пасвіш? — няпэўна запытаўся Агрызкаў, мусіць, каб пачаць размову.
— Ну.
— То якая дзярэўня? — кіўнуў ён на вёску.
— То Скрыпачы.
— Харошая назва. А дзе Багавізна, знаеш?
— Багавізна? Ды там, — махнуў рукой Косця ў бок лесу, і Агрызкаў раптам спахмурнеў, падумаўшы, ці не туды гэты хлопец паказвае, адкуль яны ішлі ноч. Але што ж тады атрымліваецца? Кепска атрымліваецца. Ды тут ужо хай разбіраецца камандзір, які іх вядзе.
— Ты гэта… Прайдзі са мной. Тут недалёка.
Косця заклапочана азірнуўся на кароў, здаецца, усе былі трохі зводдаль ад жыта, і ён памалу пайшоў за Агрызкавым, якога адразу ж прызнаў за партызана. Усё чакаў, што той скажа штось важнае ці, можа, нават каго пакажа. Але нейкі час Агрызкаў вёў яго краем жытнёвай нівы, як зразумеў хлопец, да недалёкага бярэзніку. У нядужа рослых жытніх калівах ззаду заставаўся прыкметны след, і Косця трохі сумеўся — усё ж нягожа было таптаць чужое жыта, за гэта яго маглі палаяць у вёсцы.
Як толькі яны падышлі да крайніх бярозак, Косця ўбачыў у доле яшчэ двух вайскоўцаў у зялёным убранні. Бацькі там не было.
— Вот дзярэўня Скрыпачы — паведаміў Агрызкаў, і Гусакоў незадаволена насупіў лахматыя бровы.
— А гэта хто?
— Пастух.
Хвіліну Гусакоў насцярожана моўчкі сядзеў у доле.
— Дзе Багавізна — знаеш? Урочышча Багавізна?
— Знаю, — не адразу сціпла адказаў хлопец.
— Хай пакажа, у якім баку, — запрапанаваў Агрызкаў. — Ну, там, — зноў паказаў Косця ў бок лесу.
— Ці бачылі? — зазначыў Агрызкаў. — Што ж тады атрымліваецца, камандзір?
— Ярунда атрымліваецца, — абвясціў Гусакоў. — Калі гэтаму верыць.
— Але ж няльзя і ня верыць! Куды ж далей топаць?
Косця тым часам маўчаў, ды і што было гаварыць? Хто ў іх не ведаў, дзе і ў якім баку Багавізна, куды бабы ўлетку хадзілі на ягады, а ўвосень збіралі грыбы. Неяк перад вайной на канікулах Косця вазіў туды бацьку падшытыя гумай валёнкі, калі той з калгаснай брыгадай рабіў на лесанарыхтоўцы. Праўда, то было ўзімку, ехалі на санях праз балота, якое месцамі кепска ўмерзла, і яны каля рэчкі-балацявінкі нават уваліліся з коньмі ў багну, ледзьве выбраліся. Добра, тады з ім быў дзед Багацёнак, той ведаў на балоце ўсе летнія і зімовыя сцежкі. Дзед памёр на пачатку вайны.
— Во хлопец правядзе, — прапанаваў Агрызкаў. — А то самім глядзі, каб зноў куды не ўлезьці.
Гусакоў штосці напружана думаў, выпрабавальна-сурова ўзіраючыся ў хлопца.
— Правядзеш да Багавізны, — ні то папытаўся, ні то загадаў камандзір. Косцю на момант зрабілася горача. Ён адчуў, як штось у ягоным жыцьці можа крута зьмяніцца, але яшчэ не разумеў у які бок — горшы ці лепшы. Найперш ён адчуў, што ўсё тое дужа не ўпару: ён жа — на пасце, а там каровы, з якімі засталася адна Аўгуста. Мабыць, яна ўжо там сварыцца на ўсё поле.