Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Шрифт:
— Я гэта — кароў пасу, — нясмела заўважыў ён да камандзіра, якога ўжо вызначыў пэўна ў гэтым чалавеку пры партупеі, з наганам на баку. Камандзір, аднак, ягоныя словы пакінуў без увагі. Борзда ўстаўшы на ногі, ён ужо вешаў на сябе рыштунак — зялёны рэчавы мяшок, кірзовую палявую сумку. Тое ж самае рабілі і два яго спадарожнікі — маладзейшы, што прывёў яго сюды, і старэйшы, нават зусім стараваты дзядзька з тугой брызентавай сумкай, на баку якой шырока чырванеўся крыж. Санітар, значыцца, зразумеў Косця.
— Твой бацька дзе? — ссоўваючы наперад кабуру з рэвальверам, папытаўся Гусакоў. — Ці няма бацькі?
— У парцізанах, — ціха сказаў Косця, не ведаючы, ці казаць ім праўду пра бацьку, ці не. Але пра бацьку гэтыя болей не пыталіся, і ён змоўчаў.
— Паліцыі ў вас многа?
— Дык
— Добра, — нарэшце пагадзіўся Гусакоў. — Тады шагам марш!
— Але ж каровы, — нерашуча прыпыніўся Косця.
— Абыдуцца без цябе каровы! — рашуча зазначыў камандзір. — Ты — вядзі. У якім напраўленні?
Ды во праз лес…
Яшчэ не ўсё разумеючы, Косця пайшоў па мяжы ў бок лесу. На хаду азірнуўся, але адсюль ягонага статку не было відаць. Непатрэбную цяпер пужку сунуў пад травяны ўзьмежак, і хлопцу зрабілася дужа не па сабе — мусіць, рабіць так было нельга. Але ж то — савецкія партызаны, ім жа трэба было памагчы, мабыць жа, справа ў іх адказная і сакрэтная. Інакш бы яны не сталі да яго звяртацца, знайшлі б каго іншага. Ужо ён не мог ад таго адмовіцца — іхняя справа, напэўна ж, важней за ягоную пасту. Можа, не разбягуцца каровы, Аўгуста неяк управіцца…
Неўзабаве яны ўвайшлі ў лес, дзе можна было ісці дарогай, але Косця збочыў на ўтаптаную між ляшчынніку сцежку і павёў партызанаў наўпрост. Ззаду за ім, не адстаючы, хутка крочыў камандзір Гусакоў, крыху зводдаль Агрызкаў. Апошнім не надта ўпраўна тупаў з немалым грузам на плячах і ў сумцы фельчар Тумаш.
Мясціна на хвойным грудку была даволі прыгожая. Узьнёслыя сосны ўгары, бухматыя зараснікі ляшчынніку ўнізе і на схілах раўка, дзе, пэўна ж, журчэў ручаёк і бруіла крынічка, выклікалі амаль замілаванне ў душы фельчара Тумаша. Ад пачатку вайны ён ня бачыў гэткага хараства, сярод якога некалі нарадзіўся і жыў, а ваяваць яму давялося на поўдні, на гарачыні, сярод пяску, пылу без жаднага ценю ў стэпавым бязлессі. Летні ранак увабраўся ў самую сілу, ды ў лесе не было горача, з раўка веяла прахалодай. I ўсё ж Тумаш спацеў, спацелі спіна пад нялёгкаю ношай, лоб пад пілоткай. Адно плячо млела ад почапкі санітарнай сумкі, а другое ад рамяня вінтоўкі СВТ. Як фельчару і малодшаму лейтэнанту яму ыалежала мець пісталет ТТ ці наган, ды ў шпіталі перад адпраўкай, мабыць, не знайшлося пісталета, узброілі самазараднай вінтоўкай — не мог жа ён выпраўляцца ў тыл да ворага без аніякай зброі. Праўда, у дадатак да немалое колькасці медыкаментаў у сумцы яму наклалі ў рэчмяшок яшчэ чатыры пачкі толавых брыкетаў і дванаццаць ручных гранат-лімонак — на падарунак партызанам. Падарунак — то добра, думаў фельчар, толькі вось блудзіць з ім па беларускім лесе — малая прыемнасць. Зрэшты, добра яшчэ, што ім пашчасціла з прызямленнем уначы, а то калі б патрапілі ў бой, глядзі, узляцеў бы Тумаш высока ў неба. З такім выбуховым грузам тое было зусім верагодна.
Увогуле ён меў поўнае права быць незадаволеным, калі не абураным найперш працэдурай свайго прызначэньня ў партызаны. Хто і дзе прызначыў яго ў тыл да ворага, Тумаш не ведаў і цяпер, мабыць, ужо не ўведае ніколі. Усё ж раней ён ваяваў у танкавым корпусе, цягаў танкістаў з падбітых танкаў, пакуль не падпалілі самога. Абпаленыя рукі і твар і праз дзесяць месяцаў пасля таго памятнага ранку пад Калітвой смылелі і гарэлі — часам зусім невыносна, асабліва на сонцы. Хоць і даўно ўсё зажыло, нарасла тоненькая скура, сцягнулася, зморшчылася, брывоў ня стала зусім, а вушныя ракавіны зрабіліся маленькія. Скукожыліся, як казала хірург Міціна, што ў маскоўскім шпіталі лячыла ягоныя апёкі. А як падлячыла, Тумаша прызначылі памагаць у ардынатуры — за брата міласэрнасці. Што ж, справа была знаёмая, Тумаш не наракаў на новую службу і не ірваўся на фронт, як некаторыя маладыя. Ён лічыў, што сваё адваяваў, — за восем месяцаў хапіла яму пад завязку.
Ды во раптам спахапіліся — заседзеўся ў тыле. Надвячоркам выхаднога дня прыбегла камісарка шпіталю — хутка, тэрмінова атрымаць зброю, боезапас і — на аэрадром. Праз дваццаць хвілінаў — машына. Без разгавораў. Ён ужо ведаў, што ў войску ўсё — «без разгавораў» і ўвогуле быў заўсёды гатовы да найгоршага ва ўласным
Канешне, не праз дваццаць хвілінаў, а гадзіны праз тры ён быў гатовы, атрымаў што было трэба і нават трохі счакаў ля прахадной, прыехаў грузавік поўны вайсковага люду. Узлезці ў высокі кузаў з яго немалым грузам на спіне было цяжкавата, але хтось падаў руку, і ён узабраўся. А трохі агледзеўся, аж здзівіўся — куды гэта трапіў? Скрозь маладыя дзявочыя твары пад новымі пілотачкамі, рыштунак на вузкіх плечуках, рэчмяшкі. I хто такія? — падзівіўся ў думках Тумаш, спярша падумаўшы — медыцына. Аказалася — не медыцына, а сувязь: радысткі, тэлефаністкі… Але куды? I хіба яго, фельчара, таксама з імі? Ды — там скажуць.
Невядома, што сказалі тым маўклівым дзяўчаткам, якіх грузавік павёз далей, а яго ссадзілі на паваротцы ў аэрапорт. Ужо вечарэла, горад застаўся ззаду, на ўзлётным полі раўлі маторы цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў, і яго прывялі ў часовы брызентавы закутак, дзе немалады лейтэнант у лётнай фуражцы гэпнуў перад ім аграмадны ранец: «Снаражайся!» — «Што гэта?» — здзівіўся Тумаш. «Як што? Парашут. Ці ты ня бачыў?»
Ён сапраўды першы раз у жыцці бачыў гэткую грувасткую штуковіну і няўцямна ўзяў яе ў рукі — цяжкаватая падла! Але што з ёй рабіць? «Як што? Ну і дзівак, не выпіў, а жартуе, — хіхікнуў лейтэнайт. — Ці без парашута скокнеш? Але ж, мабыць, высока».
Зусім зніякавеўшы, Тумаш узяў яшчэ і гэтую напханую чымсьці торбу, ня ведаючы, куды яе прыладзіць на сябе. Спіна ў яго была ўсяго адна і на ёй ужо грувасціўся цяжэнны рэчмяшок з толам і гранатамі, плячо ціснула не меней цяжкая санітарная сумка, на другім вісела зусім ня лёгенькая СВТ. Куды было надзяваць парашут? Тут да яго падышоў баец без пагонаў, — то быў Агрызкаў. Гэты, відаць, меў нейкі парашутны вопыт і, дазнаўшыся, што яны ляцяць разам, памог фельшару нагрузіць на сябе увесь яго рыштунак, ад якога Тумаш зрабіўся падобны да шматгорбага вярблюда. «Што, першы раз?» — папытаўся Агрызкаў і, атрымаўшы збянтэжаны адказ, толькі і вымавіў: «Да-а-а…»
Гэта яго шматзначнае «да-а-а» болей чым што іншае ўразіла, дык, мабыць жа, давядзецца ляцець. А ён у сваім жыцці ні разу не толькі не скакаў з парашутам, але і не сядзеў у самалёце. Нямала наездзіўся на фурманках і конна, калі пасвіў у дзяцінстве коней, пасля на аўтамабілях (вядома, у кузаве), наездзіўся на брані танкаў. Але не ў самалёце.
Аднак жа давялося.
У вялікай брызентавай палатцы пры святле сіняй лямпачкі іх пачалі ладкаваць па камандах.
Тады ўжо ля іх з Агрызкавым паявіўся гэты рашучы камапдзір Гусакоў, які з паперкай у руках адшукаў іх у гурце іншых і сказаў трымацца яго, не адставаць. Яны і трымаліся. Тоўпіліся ў палатцы, затым ля самалёту ў дальнім канцы аэрадрома, пры пасадцы — ля кароценькага дзюралевага трапа. У самалёце селі двума радкамі, чалавек васемнаццаць парашутыстаў, усе маўчалі. I Тумаш таксама маўчаў — што і каму ён мог сказаць? Абвясціць, што не ўмее скакаць з парашутам, але тое, мабыць, палічылі б за сімуляцыю, за няўклюдны намер выкруціцца ад небяспечнага задання. На тое ў Тумаша не ставала адвагі, і ён рашыў: як усе, так і ён. А калі разаб’ецца, дык, мабыць, тое яму і наканавана. Не згарэў на зямлі, дык загіне ў паветры. Ды і хіба разбіцца аб зямлю горш, чым згарэць у танку? Ці быць на шмаццё расшкуматаным артылерыйскім снарадам? Мабыць, адна халера. Да пагібелі ён даўно быў гатовы.
Але спачатку яму давялося нямала адпакутаваць з іншай прычыны.
Як яны падняліся ў паветра, Тумаш аберуч ухапіўся за берагі металічнае лаўкі і ўжо не выпускаў яе да канца палёту. Увесь гэты бляшаны самалёт трэсла, бы малярыйніка ў ліхаманцы. А пасля пачало яшчэ і кідаць угару і ўніз, сюды і туды праз усё неба. Тумаш думаў, званітуе, і з усяе сілы стрымліваў знаёмыя прыступы, бо было сорамна як доктару калі б першы не ўтрымаўся. Іншыя, як ён бачыў, пачуваліся не лепей, але маўчалі, трывалі. Ну дык і ён трываў. Палёт іх доўжыўся, здавалася, бясконца, некаторыя ўрэшце і званітавалі. I калі над кабінай пілотаў замільгала лямпачка, людзі бы нават з палёгкай заварушыліся, сцяміўшы, што пакуты канчаюцца. Затое пачаліся іншыя. Для Тумаша дык пэўна яшчэ куды горшыя.