Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Быкаў Васіль

Шрифт:

Косця не адказаў, толькі насупіўся з непрыемнасці ад камандзіравага дакору.

У хмызняковым гушчары яны натрапілі на зарасьнікі спелага малінніку — буйныя сакаўныя ягады вінаграднымі гронкамі звісалі з галінастых, у рост чалавека сцяблін. Шкада, не было калі іх збіраць, толькі на хаду, адбіваючыся ад камароў, яны паспыталі па колькі ягадзінаў. У лесе надвячоркам камары бы азвярэлі і, здавалася, за кожным кустом толькі і чакалі людзей. Хмары іх віліся над галовамі, кусалі лоб, твар, рукі, лезлі нават у нос і вочы — быццам згаладнеўшы, прагнулі чалавечай крыві. Косця, можа, прывыкшы, не надта на іх зважаў, затое астатнія адбіваліся ад іх аберуч, — то адной, то другой рукою. Хлопцу зрабілася крыўдна найперш на самога сябе, бо сапраўды ён неяк перастаў пазнаваць мясцовасць і часам блытаўся, у якім накірунку трэба ісці. Іншая справа — па дарозе, той шлях ён памятаў добра. Але ж камандзір сказаў, што па дарозе нельга, і ён бадай што пакутна перажываў недасканаласць уласнай памяці. Хіба пайсці ў вёску і папытацца? Але ці пусцяць аднаго

ў вёску?

Пакуль, аднак, яго спадарожнікі маўчалі, упарта прабіраючыся праз хмызняк, маўчаў і Косця. Пасля камарынага гушчару пайшлі расцяробы і пералескі, тут хадакам стала лягчэй, можна было ісці шпарчэй. Часам ім траплялі лапікі сенажацяў, на якіх трава была скошана і сена звезена. Але тут Косцю стала балюча нагам, асабліва на рэштках дуддзя пад кустоўем. Хутка ён пракалоў ступню да крыві і прыкметна кульгаў. Ды камандзір не заўважыў таго, і хлопец не стаў яму гаварыць. Ён усё думаў пра Багавізну. Кепска, што давялося з’ездзіць туды ўсяго аднойчы і то зімовай парой. Зімой там, напэўна, усё выглядала інакш, чым улетку, і ён не надта запомніў драбніцы дарогі. Тады, седзячы ў санях, ён увесь час слухаў дзеда Багацёнка, які апавядаў пра тое, як быў малады і служыў у пана за фурмана, які злы і нядобры быў пан і якая добрая маладая пані. У яе з фурманам усталявалася нават штосьці накшталт таемнага каханьня, але не такое, каб давяло да чагось брыдкага, а далікатнае і дужа жаласлівае. Яна шкадавала фурмана, у якога якраз перад тым памерла маладая жонка, і ён быў у скрусе. Пан на пачатку той, мікалаеўскай вайны загінуў у Галіччыне, а пані пасля рэвалюцыі з’ехала ў Варшаву. Болей яе фурман не спатыкаў і дагэтуль шкадуе яе. «А як звалі тую пані?» — папытаўся Косця. «Звалі пані Анэля», — сказаў дзед Багацёнак. «Анэля, Анэля», — ангельскім голасам гучала ў хлапечай душы тое імя, і Косцю здалося, што і ён кахае добрую маладую пані. Але тое ён зразумеў пасля, праз колькі гадоў, а тады ягоным клопатам было завезці бацьку валёнкі. На дальніх лесараспрацоўках бацька працаваў у чунях — вераўчаных лапцях; накладваў для цеплыні сена, закручваў анучы і так ішоў з мужчынамі ў лес. Адзіныя ў хаце лапленыя валёнкі пакінуў сыну хадзіць у школу, — казаў, што яму яны непатрэбны, бо іх штодня трэба сушыць, а сушыць там няма дзе. Мусіць, аднак, бацька казаў няпраўду, іншыя ж мужчыны недзе сушылі свой абутак. Тым не менш Косця палову зімы прахадзіў у школу ў бацькавых валёнках, аж пакуль з гораду не прыехала да іх добрая цётка Наста, якая прывезла гамашы. Гамашы былі ня новыя, але сталі ўжо цеснаватыя яе пляменніку, і дужа прыдаліся Косцю. Валёнкі ж яны з маці вырашылі адвезці бацьку, во ён і павёз іх у Багавізну. Дзед Багацёнак якраз ехаў на станцыю і паварочваў, не даязджаючы да лесанарыхтовак. Якіх пару кіламетраў Косця пратупаў пешкі па саннай дарозе.

Цяпер пра дарогу не было ў каго папытацца — дзед памёр, а бацька немаведама дзе.

Патроху адбіваючыся ад камароў, Косця прыстала брыў у хмызняку і ўсё думаў: а ці туды ідзе? Некалі чытаў у кніжках, што ў пэўных выпадках можна арыентавацца па сонцу, але не разумеў як. Бо ж сонца не стаіць на месцы, увесь час рухаецца ў небе і ўжо ніяк не паказвае, у якім баку Багавізна. З дому дык накірунак на яе быў пэўны — праз лес, на Барсукі, затым па дарозе ля возера, праз расцяробы і Вялікае балота. Там усё было зразумела, а тут усё зблыталася. Можа, толькі інтуітыўна ён адчуваў, у які бок трэба рухацца, але пэўнасці ў тым ніякай не меў і пачаў асцерагацца, каб ягоную няпэўнасць не заўважыў камандзір, бо што тады будзе? Косцю было сорамна перад гэтымі партызанамі, прысланымі, як ён ужо зразумеў, з самай Масквы. Ён дужа хацеў ім услужыць, бо бачыў, як яны знемаглі са сваімі грузнаватымі валізамі, і гатоў быў пасабіць што несці. Але яму нічога не давалі. Ён быў бы рады, калі б далі хоць патрымаць вінтоўку ці аўтамат. Гэтую вінтоўку, званую СВТ, Косця бачыў упершыню. Звычайныя вінтоўкі ён ужо трымаў раней, ведаў, як зараджаць і як з іх страляць, а гэтую — не. Новая, значыць, зброя ў Чырвонай Арміі. Не тое, што ў партызанаў — куртатыя нямецкія аўтаматы, як у братоў Яхрэмавых, — ці далёка яны страляюць? Мінулай зімой браты прыязджалі ў вёску нарыхтоўваць для партызанаў прадукты. Прывязаўшы да саней трох кароў, павялі іх на Востраў Барок, у свой партызанскі штаб. Таксама дзесьці на Багавізне.

Ужо на зьмярканні яны набрылі ў кустоўі на ледзьве прыкметную ў травяным доле дарожку і пайшлі па ёй. Дарожка была закінутая; даўно не езджаная і пакручастая, але, здалося, вяла ў здатным для іх накірунку. Праз хуткі час і зусім сцямнела. Навакольны хмызняк самкнуўся ў суцэльным змроку начы, нават зблізку нічога не стала відаць. Дарогу можна было хіба мацаць нагамі, але ў травяністым доле тое было няпроста, і Косця наперадзе замарудзіў хаду. Тады камандзір ззаду ціха гукнуў: стой! Хлопец прыпыніўся, прыпыніўся і камандзір. З прыцемак да іх падышоў і стаў побач Агрызкаў. Яны трохі счакалі Тумаша, які, нарэшце прыплёўшыся, стомлена-раздражнёна загаманіў:

— I колькі можна брысці? Усё без прывалу… Ці мы ад каго ўцякаем, ці каго даганяем… Дзіўна нават…

— Ладна, — сказаў камандзір. — Адыдземся ў старонку. На пару гадзін. Усё роўна ўжо…

Што ўсё роўна, ён не сказаў, сышоў з дарогі ў кусты, пралез праз нейкае рагатае голле і першы апусціўся, дзе стаў, — на росны травяны дол.

— Сядайма ўсе.

Яны адразу пасядалі, дзе хто прыпыніўся, пазнімалі ношкі, вольна

выцягнулі натруджаныя ногі. Сядзелі моўчкі, міжволі прыслухоўваючыся да стоеных гукаў начы. Недзе з перапынкамі, але настойліва вёў сваю песню турок. Лясное наваколле і ўначы жыло мноствам праяваў-гукаў, якіх тут вынікала, можа, нават больш, чым удзень. Ці тыя гукі цяпер рабіліся болей чутныя, таго Агрызкаў зразумець не мог. Ён першы раз начаваў у лесе і не мог заглушыць у сабе агіднага адчування страхавітасці, амаль боязі начнога лесу. Ведаў, дарма ноччу намагацца што ўбачыць — убачыць у цемры амаль немагчыма нічога, а што разгледзіш, усё фальшыва-прывіднае. Мабыць, уначы кожны куст загадкавы, кожная пляма зводдаль тоіць падазроны знак. Болей пэўна ўначы служыць слых, які таксама часцяком памылковы. Яшчэ звечара як яны ішлі, дзесь убаку вуркала нейкая птушка, ці не балотны бугай? Трохі пераставала, бы задумвалася, а пасля пачынала зноў. Ці, можа, то была ўжо іншая птушка, — таго гарадскі жыхар Агрызкаў сцяміць не мог. I ў кустах паблізу пачулася нейкае кэшканне — можа, зайца, а можа, якой соннай птахі?

Але ўжо наўрад ці чалавека, як уначы можа здацца. Наогул тут чалавекам не пахне, думаў Агрызкаў, мабыць, яны ўлезлі ў такую глушэчу, што навакол толькі кусты ды балоты. I ніводнай вёскі. Малайцы партызаны, ведаюць, дзе трэба партызаніць. Дарма Гусакоў тузаецца ды залішне асцерагаецца. Хіба што адчувае? А можа, у камандзіра якое іншае заданне, апроч тых яго брандзэлак-узнагарод?

Пакуль, аднак, вялікіх складанасцяў старшына Агрызкаў не бачыў. Праўда, партызанаў яны не спаткалі, але не спаткалі і немцаў або паліцаяў. Вакол быццам мірная, як да вайны, зямля. На нівах каласуе жыта, сяляне нарыхтоўваюць сена. Ведама, усім трэба есці. Але ж дзе ўсенародная барацьба з акупантамі?

Паводле дакументаў вайсковае службы Агрызкаў значыўся ў якасці разведчыка-дыверсанта і быў уведзены ў адпаведны штат адпаведнай сакрэтнай службы. Аднак з самага пачатку вайны тая ягоная служба склалася так, што ён не меў ніякіх адносінаў ні да разведкі, ні да дыверсіяў, бо рабіў адмысловым кухарам трэцяга разраду.

Тое ягонае кухарства пачалося калісьці неспадзявана, амаль знянацку. Яшчэ перад вайной па сканчэнні школы ці не ўсе ягоныя сябры паступілі ў лётныя вайсковыя вучэльні. Лёша Агрызкаў таксама падаў дакументы на лётчыка і нават паўгода рыхтаваўся — скакаў з парашутам з вышкі на гарадскім стадыёне. Экзамены ў вучэльню не былі цяжкія, экзаменатары асабліва не прыдзіраліся па навуках, але Агрызкава забракавала медкамісія — падвялі ногі. Ён нават не ведаў, што ў яго плоская ступня, заўжды хадзіў і бегаў нармальна. Аказалася, з такой хваробай у авіяцыю нельга. Ён спрабаваў спрачацца, у авіяцыі, маўляў, не ў пяхоце, хадзіць не трэба. Але тыя, у белых халатах, былі няўмольныя — не паложана і ўсё. З вялікай крыўдай Лёшка Агрызкаў вярнуўся дамоў. Маці, у якой ён быў адзіны, затое любімы сынок, надзіва, не бедавала і хутка ўладкавала яго ў кулінарны тэхнікум, што мясціўся ў ладным дамку на суседняй вуліцы. Праз два гады Лёшка атрымаў дыплом кулінара-кухара трэцяга разраду. Якраз пачалася вайна.

Як усчалі мабілізоўваць моладзь, што не служыла кадравай, ён зноў заявіў у ваенкамаце, што хоча ў лётныя часці. Але ў яго запыталіся пра адукацыю і, пачуўшы пра кулінарны тэхнікум, пераглянуліся. Сказалі заўтра зайсці на трэці паверх да палкоўніка-ваенкама. Той палкоўнік адразу ж даў накіраванне ў штаб акругі, дзе яго сустрэлі ў шырокім кабінеце, павялі на нейкія склады, абмундзіравалі ў новенькае і аформілі ў нейкі дыверсійны аддзел. Напачатку ён быў азадачаны, калі не збянтэжаны. Але замест нямецкага тылу яго прывезлі на прыгожае лецішча па Мажайскай шашы, дзе ён стаў гаспадаром невялічкай кухні вялікага начальніка, стараватага генерала ў сіняй фуражцы, якога ўбачыў, аднак, толькі праз месяц.

Праца на кухні была даволі нудотная, ніякіх яго кулінарных ведаў там не патрабавалася. Ягоная кухарская навука была адкінутая, ён цалкам апынуўся ў падпарадкаванні генералавай жонкі Матруны Іванаўны. Тая лепей за яго ведала, як смажыць катлеты, адбіваць біфштэксы і варыць боршч. Нічога іншага і не патрабавалася. Мабыць, генерал быў задаволены тым, да чаго прывык, і ягоны шэф-кухар дакладна выконваў усе патрабаванні гаспадыні — наконт солі, перцу, і без усялякіх там выкрутасаў. Увогуле Аляксею Агрызкаву неўзабаве тая кухня нямала надакучыла, і аднойчы ён папрасіў генерала адправіць яго на фронт. Ды генерал ціхім голасам паабяцаў адправіць яго ў штрафную роту, калі ён не пакіне праяўляць свавольствы ў часе вайны. Агрызкаў палічыў сваю вайсковую кар’еру канчаткова збэшчанай і кожны дзень думаў, як уматаць з таго прасмярдзелага смажанінай і цыбуляй лецішча.

Так доўжылася год ці болей. Неяк узімку генерал аб’явіў, што трэба падрыхтаваць банкет у вузкім коле з радаснай нагоды атрымання ім на пагоны яшчэ адной зоркі. Агрызкаву, каб было ўпраўней, далі памочніцу — прыгожанькую вяртлявую Анечку, якая на другі ж дзень амаль выжыла з кухні і яго і старую генеральшу — так ліха і весела ўпраўлялася з каструлямі і патэльнямі, пякла-смажыла і з адмысловым густам сервіравала стол. Для сервіроўкі прывезлі аднекуль фанерную скрыню парцаляны і крышталю, якія Анечка тонкімі пальчыкамі да вечара расстаўляла-перастаўляла на даўгім пад белым абрусам стале. Як там балявалі басавітыя генералы і палкоўнікі, Агрызкаў не бачыў — шчыраваў з брудным посудам, затое Анечку разы тры, бы актрысу на біс, звалі ў залю. Пілі за яе здароўе і прыгажосць. Піла і яна. Але трошкі. Яна была дзяўчына разумная і не дазволіла б сабе напіцца.

Поделиться:
Популярные книги

Рота Его Величества

Дроздов Анатолий Федорович
Новые герои
Фантастика:
боевая фантастика
8.55
рейтинг книги
Рота Его Величества

Адептус Астартес: Омнибус. Том I

Коллектив авторов
Warhammer 40000
Фантастика:
боевая фантастика
4.50
рейтинг книги
Адептус Астартес: Омнибус. Том I

Нападающий

Хуанг Ана
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Нападающий

Вамп

Парсиев Дмитрий
3. История одного эволюционера
Фантастика:
рпг
городское фэнтези
постапокалипсис
5.00
рейтинг книги
Вамп

Бестужев. Служба Государевой Безопасности. Книга вторая

Измайлов Сергей
2. Граф Бестужев
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Бестужев. Служба Государевой Безопасности. Книга вторая

Глинглокский лев. (Трилогия)

Степной Аркадий
90. В одном томе
Фантастика:
фэнтези
9.18
рейтинг книги
Глинглокский лев. (Трилогия)

Надуй щеки! Том 5

Вишневский Сергей Викторович
5. Чеболь за партой
Фантастика:
попаданцы
дорама
7.50
рейтинг книги
Надуй щеки! Том 5

Жандарм 2

Семин Никита
2. Жандарм
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Жандарм 2

Барону наплевать на правила

Ренгач Евгений
7. Закон сильного
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Барону наплевать на правила

На границе империй. Том 5

INDIGO
5. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
7.50
рейтинг книги
На границе империй. Том 5

Имперский Курьер. Том 4

Бо Вова
4. Запечатанный мир
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Имперский Курьер. Том 4

Эволюционер из трущоб. Том 6

Панарин Антон
6. Эволюционер из трущоб
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Эволюционер из трущоб. Том 6

Найти себя. Трилогия

Эс Евгений
Найти себя
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Найти себя. Трилогия

Тайный наследник для миллиардера

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
5.20
рейтинг книги
Тайный наследник для миллиардера