Пугачоўскі цырульнік
Шрифт:
У Лягезах
9.02.2010. Сваёй хаты напачатку мы не мелі і жылі ў бацькавых бацькоў — маіх дзеда Юзі і бабулі Параскі. Дзед працаваў у калгасе, быў адукаваны, любіў пагаварыць. Бабуля была швачкай, і пра яе ведалі далёка ад Пугачоў. Мела нават вучняў. Аднак усё ж мы жылі беднавата, і, калі мне споўнілася восем месяцаў, гадаваць мяне забрала бабуля Ганна (пражыла сто гадоў), маміна мама, у невялікую, усяго 10 хат, вёску Лягезы, ля якой працякае рачулка Яршоўка. У Лягезах, што ў пяці кіламетрах ад Пугачоў, я і гадаваўся да школы. Быў я хлапчуком цікаўным і непаслухмяным. Зімой вечна цягаў за сабой саначкі і збіраў на іх сухое галлё, абламанае з дрэў вятрамі. Цягаў галлё пад хату,
* * *
9.02.2010. З дзядзькам Ванем, які ў вёсцы Русакі працаваў конюхам, я даглядаў коней і нават некалькі разоў хадзіў з ім у начное. Дзядзька мяне любіў, і я яго называў татам, а цётку Алю — мамай. І калі прыйшоў час майго вяртання ў Пугачы (трэба было ісці ў школу), мяне не хацелі аддаваць маім бацькам. Ды і я сам не хацеў некуды з’язджаць з Лягезаў. І цяпер, калі еду з Мінску ў Пугачы каля Лягез, у мяне ад успамінаў на вачах слёзы…
Вяртанне
10.02.2010. Летам 1967 года ў адзін дзень у Лягезах адбыліся два вяселлі — жаніўся мой дзядзька Ваня і выходзіла замуж цётка Аля. Тады ўпершыню я і пазнаёміўся бліжэй са сваёй роднай сястрой Валяй, якая на год маладзейшая за мяне. Мы з ёй адразу пасябравалі, і нібыта не было тых гадоў, калі мы гадаваліся не разам. У Пугачы мяне з поўным мехам цацак праводзілі амаль усе Лягезы, і ўсе плакалі. У той дзень па дарозе дамоў, а ў нас ужо была свая хата, мы трапілі пад вялікую навальніцу. Казалі, што той дождж быў мне на шчасце...
Лабірынты метро
11.02.2010. Часта сніцца адзін і той жа сон, у якім я еду ў метро. Саджуся ў Мінску, а на наступным прыпынку ўжо Масква. Выходжу на нейкай змрочнай станцыі і пераходжу на другую лінію. Еду далей і трапляю ў Тбілісі. Станцыя жоўтарудая, як з гліны. Хачу вярнуцца дамоў і… прачынаюся.
Караткевіч жартуе
11.02.2010. На працу патэлефанавала пажылая жанчына і, прадставіўшыся кінарэжысёрам, папрасіла дазволу проста пагаварыць са мной — ёй раптам успомніўся Уладзімір Караткевіч, з якім яна сябравала, і ёй захацелася пачуць беларускую мову. Гаварылі амаль гадзіну. Яна родам з Украіны. Вучылася ў Маскве, а потым па размеркаванні трапіла ў Мінск. З Уладзімірам Караткевічам пазнаёмілася на кватэры Міхаіла Пташука, якую ён толькі што атрымаў. Мэблі ніякай не было. На газетах сядзелі, і газеты былі сталом. Яна была побач з Караткевічам. Ён увесь час жартаваў. «Вы ведаеце, чаму міліцыянеры па горадзе ходзяць па трох?» — запытаўся Караткевіч. «Не ведаю…» — адказала кінарэжысёрка. «Ходзяць па трох, таму што адзін з іх умее крыху чытаць, другі крыху пісаць, а трэці, каб гэтыя два праклятыя інтэлігенты памяталі, што яны міліцыянеры…»
Зямлячка
13.02.2010. На кніжнай выставе каля нашага стэнда цэлы дзень былі людзі. Адны куплялі кнігі, другія цікавіліся коштам, трэція раілі, што выдаць. Пазнаёміўся з зямлячкай зпад Ракава Галінай Іосіфаўнай. Яна ў свой час вучылася ў Аксакаўшчыне ў тэхнікуме
Лісткі календара
15.02.2010. У мамы ёсць адрыўны каляндар. Яна яго трымае пад падушкай. Кожную раніцу адрывае лісток, які хавае ў кішэню халата. У другой кішэні ў яе ў хустачцы ляжаць грошы. Пераапранаючыся ў новы халат, мама спачатку пераклала грошы, а потым і скамечаныя лісткі календара. Хацеў іх выкінуць у сметніцу, але ўбачыўшы, што на некаторых лістках нешта мамай накрэмзана, пакінуў…
Дзядзька і вандроўкі
16.02.2010. Мой родны дзядзька Славік вельмі любіў геаграфію і ў дванаццаць гадоў, начытаўшыся кніжак, пачаў уцякаць з дому ў вандроўкі. Назад у Пугачы вяртала міліцыя. Бацькі, спадзеючыся задобрыць сына і думаючы, што ён больш пасля гэтага не будзе ўцякаць ад іх, купілі яму ровар. На той час, а гэта былі пяцідзясятыя гады, у нашай вёсцы было толькі два ровары. Славік амаль тыдзень катаўся ў наваколлі і раптам зноў знік. Дамоў міліцыя прывезла хлопца праз месяц — Славік, прадаўшы ровар у Мінску, купіў білет і паехаў у Сібір. Даехаў да Урала…
* * *
16.02.2010. Дзякуючы сваяку Анатолю Блашчытыну (па маці Шніп) працягваю адкрываць для сябе родныя мясціны. Учора даведаўся, што ў васьмі кіламетрах ад маіх Пугачоў нарадзіліся браты Бенядзікт і Уладзіслаў Дыбоўскія. Цяпер буду чакаць вясны, каб з’ездзіць у Адамарын, дзе захаваліся рэшткі маёнтка братоў Дыбоўскіх, маіх землякоўпаўстанцаў…
Мама і «Малочная кароўка»
16.02.2010. Кожны панядзелак маму адведвае мой малодшы брат Вова, прыносячы з сабой торбу ўсялякіх прысмакаў. Учора таксама прыходзіў. Звычайна пасля таго, як сыходзіць Вова, мама прапануе частавацца ўсім прынесеным. На гэты раз, спадзеючыся, што ніхто не заўважыць, яна сабе пад падушку схавала нейкі пакецік. Ноччу я прачнуўся ад шапацення — мама дастала пакецік зпад падушкі і ўсю ноч ела з яго цукеркі. Раніцай у сметніцы з’явілася куча абгортак з надпісам «Малочная кароўка»…
* * *
16.02.2010. Зіма, як патоп. Гляджу ў акно, як у ілюмінатар карабля, які сеў на белыя падводныя рыфы…
Я ўспамінаю…
18.02.2010. Апошнім часам часта ўспамінаю свае Пугачы. І хочацца вярнуцца ў дзяцінства, дзе ў маёй вёсцы амаль кожны месяц нараджаліся дзеці і недзе раз у год, а то і радзей паміралі старыя. І ўся вёска праводзіла іх у апошні шлях. А цяпер… я ўспамінаю свае Пугачы.
У школе
20.02.2010. Сын Максім пайшоў у школу рыхтавацца да ўдзелу ў алімпіядзе па прадмеце «Чалавек і грамадства». Абяцалі за ўдзел дзясятку. А я ў школе хадзіў на канюшню выкідаць гной — ставілі пяцёрку па гісторыі…
Галоўнае — жывыя…
20.02.2010. Напрыканцы сакавіка, калі пачынаў раставаць снег, у нас за Юстынавай гарой у лагчавіне некалькі тыдняў шырокай ракой цякла вада. На школьных вакацыях часта не было чаго рабіць, і я з сябрамі з самага ранку ішоў за Юстынаву гару і пераходзіў на другі бок разводдзя, у лес. Наблукаўшыся па вясновым лесе, пачыналі вяртацца ў вёску — а перайсці ўжо ваду на тым самым месцы было немагчыма. Часам цячэнне нас збівала з ног, і мы падоўгу не маглі вылезці на бераг. І толькі вечарам, калі цячэнне замаруджвалася, дамоў вярталіся мокрыя і галодныя, і самае галоўнае — жывыя…