Пугачоўскі цырульнік
Шрифт:
З жыцця Змітро Віталіна
17.06.2012. Не магу ўстрымацца, каб з кнігі Уладзіміра Лякіна «Тры жыцці Змітро Віталіна» не працытаваць радкі пра жыццё ў 1930 годзе: «Кагосьці ў ЦК ЛКСМБ, а можа быць, і вышэй, асвяціла ідэя стварыць у калгасах адмысловыя камсамольскамоладзевыя брыгады па адкорме свіней, ад якіх, вядома ж, чакалі выдатных вынікаў. Як водзіцца, прынялі адмысловую пастанову і далі распараджэнне «Чырвоназменке» правесці адпаведную агітацыйную працу. Апрануць заклікі і лозунгі ў вершаваную форму даручылі Віталіну. Але замест таго, каб добрасумленна збудаваць чарговую стандартную рыфмаваную
Былі там яшчэ «свінарнікпалац», «свінаматкаўдарніца» і іншыя пасажы, відавочна, недарэчныя на старонках органа ЦК ЛКСМБ. Застаецца загадкай, як гэты верш наогул быў надрукаваны. «Аргвысновы», зразумела, былі зроблены, і на працягу доўгіх месяцаў вершаў Змітро Віталіна камсамольская газета не друкавала».
* * *
18.06.2012. Зранку да мяне на працу прыехала тэлебачанне з просьбай, каб я расказаў пра Веру Вярбу, якой 14 студзеня было 70 гадоў. На шчасце, я з Гертрудай Пятроўна знаёмы, таму гаварыць было лёгка. Праўда, я назваў яе не Гертрудай Пятроўнай, а чамусьці Маркаўнай. Магчыма, таму што з ёй пазнаёміўся яшчэ ў 1980 годзе ў рэдакцыі часопіса «Беларусь», дзе яна працавала ў аддзеле літаратуры, куды я прынёс вершы, і з памяці выветрылася дакладнае імя па бацьку. Вера Вярба запомнілася ў элегантным капелюшы, з такімі ж элегантнымі сумачкай і парасонам. Яна выглядала так, як я ўяўляў і павінна была выглядаць паэтка. Словам, нагаварыў пра Веру Вярбу кучу харошых слоў. Магчыма, яна і пачуе іх, калі глядзіць наша тэлебачанне…
* * *
19.06.2012. На працу патэлефанаваў незнаёмы і папярэдзіў, каб я сёння чакаў яго, бо ён хоча мне паказаць свае геніяльныя творы. Праз некалькі гадзін пасля тэлефанавання прыйшоў незнаёмы гадоў пяцідзясяці і прынёс рукапіс рамана. Гаварылі доўга, на развітанне мужчына сказаў: «Калі не надрукуеце да канца года, я зап’ю і буду піць да таго часу пакуль ці я памру, ці вы надрукуеце мой геніяльны твор!»
* * *
19.06.2012. «Дай ты мне, хлапец, якую-небудзь работу, а то я памру!» — сёння гэтымі словамі сустрэў мяне бацька, калі я вечарам прыйшоў да яго на кватэру…
* * *
21.06.2012. Сумна, як у той дзень, калі мама памерла…
* * *
21.06.2012. Пабыў у бацькі, як у калгасе, які вымер, а ў ім застаўся адзін мой бацька…
* * *
21.06.2012. Яшчэ далёка восень, а лістота ўжо ападае. І ты наступаеш на лістоту, як на дні не табой пражытыя…
* * *
21.06.2012. «А ці пайшла б за мяне замуж Шурка?» — пытаецца бацька. «Якая Шурка?» — «Маміна сястра!» —
* * *
22.06.2012. На аўтобусным прыпынку да мяне падышоў стары невысокі мужчына і прывітаўся. Я адразу ж узгадаў, што гэтага старога недзе бачыў і мы некалі з ім знаёміліся. І каб мужчына не падумаў, што я не пазнаў яго, я запытаўся: «Як вашы справы?» — «Не вельмі. Працую ў газеце. Тыраж дзве тысячы. Нас засталося мала…» — адказаў стары і тут жа наша размова перарвалася, бо якраз падышоў патрэбны аўтобус і мужчына, развітваючыся, дастаў з торбы газету і даў мне. Праз хвіліну я разгарнуў выданне і прачытаў назву «Коммунист Беларуси»…
* * *
24.06.2012. Колькі ні рабі людзям дабро, яны ўсё на цябе глядзяць, як ваўкі на авечку…
* * *
24.06.2012. У Вязынцы каля Музея Янкі Купалы над скошанай травой лётае белы матылёк, як белы верш…
* * *
28.06.2012. Гляджу ў акно, нібы ў ваду, дзе лета цячэ…
* * *
1.07.2012. Высокавысока ў небе самалёт, як мамін срэбны крыжык у вадзе вечнасці…
* * *
6.07.2012. Не бачу лета. Бачу бацьку…
У Вязынцы
8.07.2012. Учора цэлы дзень з Людай правёў у Вязынцы на святкаванні 130годдзя Янкі Купалы. Мора людзей не было, але некалькі тысяч — дакладна. Выступленні адбываліся каля свірна і на вялікай сцэне. На жаль, прадукцыі, прысвечанай юбілею нашага класіка, было малавата. Некаторыя мае знаёмыя скардзіліся, што абвестак пра свята амаль не мелася, таму ехалі наўгад і, прыехаўшы ў дзевяць гадзін раніцы ў Вязынку, затаміліся ў спякоце, чакаючы дванаццаці гадзін, калі афіцыйна пачалося Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі…»
Уладзімір Содаль, як заўсёды, на купалаўскай студні прадаваў кнігі. З намі пагаварыў пра вышыванкі. У Люды ёсць вышыванка. Яе мы купілі больш дваццаці гадоў назад, яшчэ тады, калі паблізу з намі жыў Сяргей НовікПяюн, які нас і натхніў на набыццё святочнай нацыянальнай кашулі…
Вітаўт Мартыненка прадаваў музычныя дыскі. Нам нічога новага купіць не прапанаваў…
Іван Ждановіч, убачыўшы Люду і мяне, загарэўся сфатаграфаваць нас у вобразе княгіні і князя ў стэндзе, зробленым для фатаграфавання Генікам Лойкам…
Выступаў з вялікай сцэны. Даў інтэрв’ю тэлебачанню і радыё…
Пасля выступлення да мяне падышла настаўніца з Івянца і запыталася, ці можам мы з Людай прыехаць да іх у школу і выступіць. Дамовіліся на кастрычнік...
У тры гадзіны пасля выступленняў, як ужо стала традыцыяй, з Анатолем Бутэвічам і Навумам Гальпяровічам пайшлі ў госці на лецішча да Уладзіміра Гілепа. Пакуль мы ішлі, туды пад’ехалі сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч з дачкой Марыяй і Радзім Гарэцкі з жонкай і сябрамі. Шкада, што не было дыктафона, бо вельмі цікава было паслухаць успаміны Міхася Канстанцінавіча пра Янку Купалу і Якуба Коласа, а Радзіма Гаўрылавіча пра бацьку і пра Максіма Гарэцкага…