Пугачоўскі цырульнік
Шрифт:
Суседзі
7.05.2012. Вяртаючыся ад бацькі, трапіў на вочы суседа Дзімы: «Пазыч чырвонец!» І толькі я хацеў зманіць, што грошай няма, як зза куста бэзу выйшаў мой другі сусед, які нядаўна засяліўся ў наш пад’езд, і Дзіма тут жа заявіў: «Знаёмся! Гэта наш паэт Віктар! Жонка ў яго вядомая мастачка!» — «Яна большая за мяне пісьменніца!» — запярэчыў я, але, атрымаўшы ад мяне чырвонец, суседзі далей не захацелі высвятляць хто я і хто мая жонка…
* * *
8.05.2012. У выдавецтва заходзіў празаік Алесь Савіцкі. Бадзёры, энергічны, нягледзячы што яму 87 гадоў. Казаў, што ўсюды пішуць, што ён з 1924 года, але дакладна ён нарадзіўся
Любоў
8.05.2012. Мужчына ўдаўся вельмі раўнівы. Аднойчы, прыраўнаваўшы жонку да вясковых мужыкоў, зрабіў пятлю і сілай стаў прымушаць каханую здзейсніць самагубства. Жанчына ў пятлю сама не палезла і, уцёкшы з дому, заявіла ў міліцыю на мужа. І, калі мужу далі пятнаццаць сутак, жанчына, забраўшы аднаго кабанчыка і пакінуўшы ў хляве другога, перайшла жыць да маці. Вярнуўшыся з пастарунка дамоў, і ўбачыўшы, што застаўся адзін, мужчына так раззлаваўся, што, узяўшы каністру з бензінам, абліў хату, хлеў з кабанчыкам, легкавушку і мінітрактар, і ўсё падпаліў. І калі прыехала пажарная, мужчына з крыкам «Я люблю яе!» і са стрэльбай у руках анікога не дапусціў тушыць пажар. Скончылася ўсё тым, што ўсё згарэла, а мужчыну забралі ў дурдом. Цяпер, падлечаны мужчына, жыве ў сваёй маці, а на пажарышчы расце быльнёг…
* * *
8.05.2012. Хата, спаленая маладым Піліпчыкам, раней належыла Вінцэсю Трацяку. Хата была вялікая і ў ёй, калі мой бацька быў маладым, збіралася моладзь і ладзіла танцы. Танцавалі пад гармонік, скрыпку і бубен. «На бубне іграла баба!» — кажа бацька і ўсміхаецца…
* * *
9.05.2012. Віншую бацьку з Днём Перамогі і чую: «Дзякую, але я не ваяваў!»
* * *
10.05.2012. Узрост ужо такі, што цяпер ідзеш па могілках, як па вясковай вуліцы. З помнікаў, як з акон, глядзяць родныя, сябры, суседзі…
* * *
10.05.2012. Знаёмы расказвае гісторыі пра тое, як у маладыя гады ягоныя аднагодкі аднавяскоўцы пакінулі гэты свет. Слухаю і не вельмі жахаюся, бо падобныя смерці былі і ў маёй вёсцы…
* * *
10.05.2012. Чытаю ў Анатоля Грачанікава:
Нахмурыла хата чало, Цяпер яна нібы чужая. Маё гаманкое сяло Маўкліва мяне сустракае… Як цяжка вяртацца дамоў, Як вусцішна робіцца ў хаце, Калі ты дажыў да грудкоў, Спачылі дзе бацька і маці…Цяпер, пасля смерці мамы, і я ведаю пачуццё, якое прымусіла паэта напісаць гэтыя радкі. На жаль, і самога Анатоля Грачанікава (1938 — 1991) няма сярод нас ужо больш дваццаці гадоў, а сёлета яму 8 верасня было б яшчэ ўсяго 74…
* * *
10.05.2012. Зноў тапалёвы пух! Але ўсё непаўторна ў гэтым свеце, і для мяне сёлетні тапалёвы пух, як лютаўскі снег, калі памерла мама. І гэты снег лётае так, што аж хочацца разбіць неба…
* * *
10.05.2012. Іду
* * *
10.05.2012. У вёсцы дома ўжо была б пасаджана бульба, калі б жыла мама…
* * *
11.05.2012. Упершыню за паўгода жыцця ў Мінску ў чужой кватэры бацька сказаў: «Мне тут добра!» — «Чаму?» — запытаўся я і пачуў: «Накормлены і ніхто не крычыць!»
У чарзе…
12.05.2012. На пошце стаяў мужчына гадоў 70. Стары смярдзеў і смярдзеў так, што паміж ім і астатнімі ў чарзе да касы было метры два. Ён адной рукой трымаў добра паношаныя штаны, бо звальваліся, а другой разлічваўся за камунальныя паслугі. Стары быў абуты ў ірваныя белыя чаравікі на босыя ногі. Расплаціўшыся, ён гучна падзякаваў касіршы і ўсім хто стаяў у чарзе пажадаў добрага здароўя і цярпення. Стары пайшоў, а ў паштовым пакойчыку застаўся ягоны смурод. Маладая жанчына, якая стаяла перада мной, прашаптала: «Відаць, былы інтэлігент…»
* * *
12.05.2012. З Лягез тэлефанавала цётка Стася. Ад яе даведаўся, што 6 мая мамінаму брату Віцю было 79 гадоў. Нядаўна, узлазячы на воз, дзядзька ўпаў і пабіў бок. Адчувае сябе не вельмі, але пасадзілі грады і бульбу. У Лягезах на сённяшні дзень жыве чатыры чалавекі…
* * *
13.05.2012. Наш Максім апошнімі днямі хадзіў на фестываль «Мельніца моды». Учора вечарам былі аб’яўлены вынікі конкурсу, на якім Максімава сяброўка з калекцыяй касцюмаў і сукенак «Шляхам ветру» (дарэчы, так называецца адна з маіх кніг) заняла другое месца, і наш Максім гэтую падзею з сябрамі адзначаў, і ўпершыню дамоў прыйшоў у 6 гадзін раніцы…
* * *
16.05.2012. Добра напісаны раман часцей за ўсё, як збудаваны замак, а напісаны верш часам, як шпакоўня, у якой, бывае, жывуць толькі вераб’і…
* * *
16.05.2012. Учора быў настрой для вершаў і ў мяне атрымаліся вось гэтыя радкі:
За сценкаю смяецца дзеўка маладая, Сама не спіць і не дае табе заснуць У час, калі чаромха з бэзам зацвітае Пад небам, дзе гавораць зоркі пра вясну. І ты не спіш і, гледзячы ў імглу начную, Ты хочаш думаць пра Айчыны сумны лёс, Але ты думаеш пра дзеўку маладую, Што весела смяецца аж да слёз…* * *
17.05.2012. Даведаўшыся, што мы рыхтуем кнігу пра трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя, нам у выдавецтва патэлефанавалі з алімпійскага камітэта Беларусі і, пачуўшы мяне, мой суразмоўца тут жа, выгукнуўшы: «О, вы гаворыце на мове!», працягнуў са мной размову пабеларуску…
* * *
17.05.2012. Прыходзіла Раіса Баравікова з просьбай перапісаць на дыск тэксты яе выдадзеных у нас кніг і асобных публікацый у зборніках: «Хачу, каб, калі што са мной здарыцца, а ў мяне ўжо ўзрост невясёлы, дзецям было меней клопатаў з маімі творамі!»