Пугачоўскі цырульнік
Шрифт:
Дамоў вярнуліся а палове дванаццатай. Сёння ад учарашняга дня яшчэ з нас не сышоў добры святочны настрой…
Паляўнічыя і хлапчук
8.07.2012. Даслухаўшы мой расповед пра тое, як я ў дванаццаць гадоў хадзіў у Вязынку да Янкі Купалы, каб паказаць яму свае вершы, сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч запытаўся пра назву маёй вёскі. «Пугачы!» — адказаў я і нечакана пачуў, што зімой 1968 года Міхась Канстанцінавіч з сябрам, будучы за Ракавам на паляванні, заблудзіліся. Невядома колькі б блукалі паляўнічыя, калі б не напаткалі ў лесе на гары хлапчука з санкамі, які на іх
* * *
9.07.2012. Ад сябра сям’і Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча доктара Саковіча даведаўся, што ў 1981 годзе, калі я праходзіў апошнюю медкамісію ў войска ад Афганістана мяне выратаваў доктар Сяргей Язерскі, які любіў беларускую паэзію і чытаў беларускія часопісы…
* * *
9.07.2012. Гарачыня. І птушкі амаль не спяваюць, і бацька амаль маўчыць…
* * *
10.07.2012. Спякотна. Высока ў небе варона, як муха…
Сашка Балотнік
12.07.2012. На паўзмрочным выдавецкім калідоры да мяне падышоў незнаёмы і, прывітаўшыся, запытаў: «Пазнаеш?» Агледзеўшы мужчыну, я адказаў: «Не!» — «Я ж Сашка Балотнік!» — з усмешкай прамовіў мужчына і яшчэ раз паціснуў мне руку. І я адразу ўзгадаў свайго вясковага сябрука Сашку Балотніка, які пяць гадоў назад памёр, задушыўшыся куском сала. «Ведаеш, я вярнуўся і хачу зноў заняцца музыкай! У нас з табой ёсць цудоўная песня, але яе цяпер ніхто не выканае. Давай напішам што-небудзь новае!» — сказаў Сашка Балотнік і папрасіў нумар майго тэлефона…
* * *
14.07.2012. Памерла Вера Вярба. Узгадалася, што 18 чэрвеня да мяне на працу прыязджала тэлебачанне з просьбай, каб я расказаў пра Веру Пятроўну, якой 14 студзеня было 70 гадоў. Паэтку я ведаў і размаўляў з ёю ў той час, калі яна працавала ў часопісе «Беларусь», таму і расказваў для тэлебачання пра яе, якой яна была 30 гадоў назад. Расказваючы, лавіў сябе на тым, што пра Веру Вярбу гавару ў мінулым часе…
Мінск — Ракаў — Пугачы
15.07.2012. Ездзіў у родныя Пугачы на свята вёскі…
У аўтобусе Мінск — Валожын на вакзале сеў не на сваё, пазначанае ў білеце, месца, бо на ім сядзела дзяўчына і таму на «Каменнай горцы», дзе ў аўтобус зайшлі новыя пасажыры, маладая жанчына папрасіла мяне ўстаць з яе месца. Да Ракава ехаў стоячы, думаючы пра тое, што я ўжо даўно не ездзіў у міжгародніх аўтобусах…
З аўтобуса выйшаў каля Ракаўскіх могілак і пайшоў да мамы. Адчуваў спінай, як услед мне з аўтобуса глядзелі людзі…
Ідучы да мамы ў канец могілак каля агароджы, чытаў на помніках імёны памерлых і лічыў, колькі
Маміны магілка прыбрана. Прыбрана так, як быццам яе прыбірала сама мама…
Расказаў маме ўсё пра бацьку і пра тое, што еду ў Пугачы выступаць на свяце вёскі…
На Ракаўскім аўтавакзале мяне чакала загадчыца Пугачоўскага клуба Наталля Сасноўская з маладой дырэктаркай Пугачоўскай школы Сафронавай Аксанай Віктараўнай, якая ў нашы мясціны трапіла з Гомельшчыны па размеркаванні і цяпер жыве каля Ракава ў Выганічах, з якіх амаль пяць гадоў ездзіць на працу ў Пугачы. Раней яна некалькі гадоў выкладала замежную мову. Усю дарогу да Пугачоў з Наталляй, якая была за рулём, гаварылі пра вёску. Напрыканцы Наталля ўспомніла, што яна са мной адзін раз танцавала ў клубе...
Каля Дома культуры нас чакалі старшыня Залескага сельсавета Арабей Галіна Аляксандраўна і загадчыца бібліятэкі Кавалеўская Наталля Леанідаўна. Я глядзеў на іх і побач з імі бачыў сваю маму…
Бібліятэка пачынаецца са стэнда «Наш зямляк — Віктар Шніп». На ім стаіць мой вялікі партрэт, які тры гады таму намаляваў Алесь Квяткоўскі, і ляжаць кнігі мае і Людмілы Рублеўскай з аўтографамі…
Святкаванне пачалося а палове дванаццатай. Аднавяскоўцаў сабралася вельмі шмат. Мікрафоны стаялі на ганку Дома культуры. Пасля старшыні сельсавета выступаў я. Глядзеў на людзей і сярод іх бачыў маму…
На сённяшні дзень у Пугачах жыве 500 чалавек. З іх 100 дзяцей…
Самая старэйшая жыхарка Пугачоў — Марыя Адамаўна Багіна. Ёй — 88. Самы малы жыхар — Шымель Дзяніс Дзмітравіч, які нарадзіўся 3 ліпеня 2012 года…
На свята з Валожына прыехалі музыкі і выканаўцы песень. Аляксандр Шаўчэнка праспяваў маю «А ў гасцях…»
Пасля свята да мяне падбеглі дзеці, каб разам сфатаграфавацца, а ўсе сваякі сталі мяне клікалі ў госці. Абяцаў, што наступным разам прыеду спецыяльна і ўсіх адведаю…
Дамоў не пайшоў. Там мамы няма…
* * *
16.07.2012. У Дубровах знаходзіцца царква Нараджэння Божай Маці (1897). Да царкоўнага прыхода адносяцца вёскі: Агароднікі, Бортнікі, Будраўшчына, Вуша, Гіравічы, Гойжава, Дубровы, Душкава, Еленка, Кайцяні, Касцюкі, Кашына, Кулакоўшчына, Навасёлкі І, Навасёлкі ІІ, Пазнякі, Пугачы, Раманава, Сцяцкі, Татарскія. А я ўвесь час да сённяшняга дня думаў, што мае Пугачы адносяцца да ракаўскага царкоўнага прыхода...
Прыстойны…
19.07.2012. Званок у дзверы. Адчыняючы, думаю: «Відаць, сусед Дзіма…» Не. Дзве жанчыны. Маладзейшая з паперамі ў руках кажа: «Нам сказалі, што тут жывуць прыстойныя людзі! Падпішыцеся за кандыдата ў дэпутаты!» І давялося мне быць прыстойным чалавекам…
* * *
23.07.2012. Падчас вяртання з Лысай гары на электрычцы «Гарадскія лініі» зарыфмаваліся радкі:
На Лысай гары зноўку попел, як вершы, І сосны наўкол, як калоны ў палацы, Нябёсы трымаюць, дзе дух вершаў грэшны Лятае, нібыта лістоўкі на пляцы, Які апусцеў…