Райскія яблычкі
Шрифт:
За вокнамі забеленыя гарызантальныя краявіды, калісьці мясціны ваенных дзеянняў, баёў паўстанцаў з карным войскам. Акінчыцу не давала спакою старая думка. Купка герояў — наперад, на ворага! Астатнія ў акопах. Акопнікі, носьбіты акопнай праўды, спажыўцы, спавядальнікі. Адседжвацца, адстрэльвацца. Перачакаць. Не кавалерыя, — гусары, кірасіры. Пяхота. Збраяносцы, драбы, падносчыкі ядраў, дастаўшчыкі пораху. А, зрэшты, у выніку — гарматнае мяса. Хто імкнецца не выторквацца. Касінеры. Баёвая маса.
“Возьмем косы і янчаркі, Пачнем гордыя гнуць каркі!..”Гэта Акінчыц вычытаў у хрэстаматыі. Песні жаўнерскія, зрэшты, зазвычай досыць баёвыя. Але іх гэтак мала! Слёзы. Дзякуючы даследчыку, які
Мурынаў яму не хапала. Каму яму? Касцюшку! Ён жа пакінуў грошы, калі ад’язджаў з Амерыкі, на іхні выкуп з нявольніцтва. Карцела ж яму! Не мог глядзець спакойна на людзей у кайданках. Усведамляў, што дапамог здабыць свабоду іхнім рабаўладальнікам. Нябрыдкім, зрэшты, людзям, але якія хацелі свабоды толькі для сябе, свабоды, каб прыгнятаць іншых надалей. Іншае пытанне, што яны мурынаў не лічылі за сабе роўных, нават не хома сапіенс, другім гатункам, пераходным паміж прыматам, малпай і белым чалавекам. Сумнеўна, што сапраўды грошы ягоныя былі выдаткаваны па прызначэнні. Вельмі сумнеўна. Зрэшты, звычайная досыць гісторыя. Адваёўваючы потым незалежнасць, палякі пазбавілі яе касцюшкавых землякоў — нас. Наіўны ён быў, як часта здараецца з беларусамі. Лепей бы выкупіў тых мурынаў ды прывез сюды, меў бы аддзел адданых жаўнераў. Маскалі можа з перапуду яшчэ здаваліся б. Знайшоў каму пакінуць грошы. Ды на іх маглі новых кайданаў нарабіць. У такіх думках Акінчыц задрамаў і апынуўся ў снах. Абудзіўся ўжо ў горадзе, аўтобус дробна трымцеў ля светлафора.
Спыніліся ў месцы ад’езду — на пляцы Касцюшкі. Акінчыц тут жыў у старасвецкай камяніцы, дзе быў Касцюшкавы штаб калісьці. Побач захаваўся былы каралеўскі тэатр, сёння — тэатр марыянетак. Акінчыца часам не пакідала адчуванне, што ён жыве сярод гістарычных дэкарацый. Насупраць на пляцы стаяла пад дахоўкай камяніца з архіўнымі зборамі. Тамака захоўваўся рэдкі дакумент. Аб вызваленні з-пад прыгону сялян, складзены Касцюшкам у швейцарскай старонцы. Рамантык! Вызваліў былых сваіх прыгонных, якія яму ўжо не належалі. Ён жа — выгнанец, эмігрант! Якія могуць быць сяляне? Цікава, ці чулі яны, ці даведаліся, ці атрымалі магчымасць напраўду пацешыцца свабодаю, вызваленнем з-пад прыгнёту? Ва ўсякім разе, дакумент быў перасланы сюды і тут захоўваецца, насупраць акінчыцава дома. Так, а зрабіў Касцюшка гэта перад сваёй смерцю. Цікавае супадзенне: у той жа час у віленскай шляхецкай зборні мясцовыя масоны прапанавалі абмеркаваць магчымасць скасавання прыгнёту. Але Акінчыц не гісторык, яму нічога невядома аб тым, ці напраўду звязаныя гэтыя дзве падзеі. Аднак супадзенне вельмі цікавае.
Дома ён адкаркуе нарэшце пляшку каньяку, дагэтуль недатыкальнаую. Пасля марознага падарожжа напой здаўся глыткамі халоднага агню, які раптам выгравае знутры, робіць зіму надзвычай прыемнай. Акінчыц не ўстрымаўся і ад кавы. Моцны густы водар “Чыба”. Хаця апошнім часам кава таксама магла перашкодзіць яму заснуць. Але пасля марозу, пасля дзённага ўстрымання. А кава з каньяком? Цымус! Паўстанцкая вайна — уцёкі зайца ад паляўнічага, заблытванне слядоў, спробы ашчэрыцца, напалохаць чалавека з ружжом касой-літоўкай. Нават падручнік быў выдадзены — як рыхтаваць косы да бою і як карыстацца імі. Што ж, калі грошы выдаткоўваліся адно на баляванні, на маскарады і феерверкі, зброю замянялі косы. Кавалі, напаліўшы лёзы косаў, распроствалі іхнія пяткі, рабілі па дзве дзіркі для цвікоў. Існавалі баёвыя стандарты: тронак павінен быў мець даўжыню ў чатыры локці — каля двух з паловаю метраў і шырыню ў дзве цалі. Своеасаблівыя смяротнікі. Яны атакавалі бегма калонамі, каб быць крыху менш падступнымі для страляніны, але заставаліся суздром безабароннымі,
Засынаў Акінчыц з прыемнымі думкамі аб тым, што назаўтра ўдасца стрэліць прынамсі ў дзявятку. Апошнім часам не хапала цікавых навін. Нядзельная паездка — лепей не прыдумаць... Абудзіўся дастаткова рана і нечакана зусім лёгка, адчуў прызабытую бадзёрасць. Хуценька пагаліўся, прыгатаваў кавы. Уключыў ранішнія тэленавіны, чаго таксама апошнім часам нейк не рабіў. Што-што-што? Памёр знянацку Мурашка, мясцовы ваявода. Надзвычайная навіна. Не абы-якія дробязі прафесіі — даведацца, удакладніць, перадаць. Пажадана чым хутчэй. Навіны ад журналістаў не залежаць. Толькі ў тым сэнсе — ці ўдасца іх адшукаць, высачыць... Дакладней: не залежаць падзеі, якія трапляюць на першыя старонкі. Няма рэпарцёрскай віны ў тым, што падставай для сенсацый часта бываюць менавіта здарэнні — трагічныя, адмоўныя, жудасныя. Выбух атамнай бомбы, забойства прэзідэнта, путч. Але ж гарачая навіна таксама — параза путчыстаў, абвяшчэнне незалежнасці, забарона кампартыі, замена рыцарскім гербам савецкага з сярпом і молатам. Аднойчы важнага чыноўніка застрэлілі. Які здарыўся пярэпалах! Аб сенсацыі першым паведаміў Акінчыц. Ён адчуваў сябе як мае быць.
Калі ўчора быў марозны сонечны дзень, дык цяпер распачалася зусім найсапраўднейшая зіма, як калісьці. Ужо ўдзень стала замятаць. Акінчыц выйшаў разгледзецца. Сцягі на дахах былі спушчаны да паловы флагштокаў. Нават на крамах хуценька павывешвалі іх з чорнай стужкай, абвясцілі жалобу. Акінчыц купіў сяго-таго да кавы і вярнуўся, каб сесці пісаць. Зрэшты, магчымасці яго былі абмежаваныя. Чыноўнікі даваць інфармацыю даўно баяліся. Газет ў панядзелак няма. Давялося пазычаць у афіцыйных крыніцах. Сухія звесткі, але дакладныя. Амаль. Першае паведамленне: ваявода Мурашка памёр у сваёй кватэры. Але, Акінчыц пярэчыць: у Мурашкі няма кватэры, у сэнсе не было. А дом вялікі ёсць… Што ж, Акінчыц мусіць выбіраць зерне з асцюкоў.
Бляклыя твары чыноўнікаў у кабінетах. Разгублена паўтараюць, што Мурашка да ночы сядзеў на працы, што назаўтра збіраўся таксама раным-рана за кабінетны стол.
Папярэдні дзень Мурашка правёў быццам бы на дачы. Але якое ўзімку можа быць лецішча? Акінчыц даведаецца, што насамрэч адбылося паляванне. Ён піша не адхіляючыся ад асноўнай падзеі, але не можа не думаць, не мець у галаве “бэкграўнда”. Мурашка, маючы вобраз досыць сціплага чыноўніка, атрымаў пляц побач з саборам, каб званы слухаць, дзе будаваць не дазвалялася. Але чамусьці цягнуў, быццам чагосьці баяўся. Цяжкі лёс чыноўніка! Нарэшце адзначыў улазіны, гасцей запрасіў багата. Звінелі келіхі, гучалі тосты за гаспадара, за новы дом, за доўгае жыццё.
Неверагодна, але ваяводам раней быў Астроўскі, кандыдат апазіцыйны на выбарах. Яму аддалі некалі дом забітага начальніка, а нядаўна пачалі цкаваць у афіцыйных рупарах, рукамі Мурашкі высяляць, пацягнуліся суды. Ваявода публічна паабяцаў, што Астроўскі будзе беспрацоўным пакуль ён, Мурашка, кіруе. Сказаў нават, што Астроўскі — ганебная пляма на станоўчым абліччы горада, якую трэба сцерці. Тым часам Мурашку адрэзалі зямлі, рабілі праект, найлепшыя дахоўка і цэгла, вокны, дзверы, сантэхніка, паркет…
Астроўскаму не даравалі таксама, што зрабіў у горадзе пляц Касцюшкі. Калі жывеш у адным месцы гадамі і штодня наперадзе, “на барыкадах”, дык аднойчы раптам пачынаеш разумець, што можаш засесці і напісаць хроніку тутэйшага жыцця. Усё бачанае, чутае, перажытое прысутнічае ў тваёй галаве, заўжды з табою. Для Акінчыца няма ніякай цяжкасці ўзгадваць спадарожныя падзеі звесткі. Хоць зараз можна зрабіць вялікі падрабязны тэкст. Аднак ад яго патрабуюцца навіны, толькі навіны. Не, Астроўскі зусім не ідэальны. Яму прапаноўвалі вуліцу Сувораўскую пераназваць імем Касцюшкі, але не згадзіўся, пабаяўся. А на пляцы напісалі, што — Касцюшкі, толькі якога? Можа, Іван Іваныча — дырэктара рамбыттэхнікі? Так іранізавалі паміж сабою не задаволеныя цалкам патрыёты. Меркаванні гэтыя вярэдзяць Акінчыца, быць простым рамеснікам, абмяжоўвацца толькі думкамі аб ганарары не хочацца. Яго знаёмы гісторык, бачачы на пляцы статую з бародкай, пераскоквае ў думках з жывога Хамурапі на муміі, сфінксы, на Баторыя і помнік, які, на ягоную думку, павінен стаяць на месцы бронзавага ўладальніка бародкі. Гэты горад заражае гістарычнымі рэмінісцэнцыямі.